IPB

Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )

Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2011, Літаратурныя юбілеі
Admin
сообщение 10.11.2011, 16:18
Сообщение #1


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3877
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”Шчыры, як на духу”


18 лістапада спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Анатоля Вярцінскага, беларускага паэта, драматурга, публіцыста, крытыка, перакладчыка.


Спачуваю чалавеку,
калі ў яго праразаюцца зубы.
У мяне самога праразаліся зубы,
і хоць я гэта не помню,
але ведаю: балюча было тады.
Спачуваю чалавеку,
калі ён б'ецца над пытаннямі,
калі да яго прыходзяць сумненні,
калі яго спасцігаюць расчараванні.
Я зведаў на ўласным вопыце
і тое, і другое, і трэцяе.
Спачуваю чалавеку,
калі яму крыўдна,
калі гняце яго несправядлівасць.
Несправядлівасць! Я знаю, што гэта такое.
Самая большая рана на маім сэрцы —
гэта тая, якую пакінула несправядлівасць.
Спачуваю чалавеку,
калі ў яго памірае маці,
калі ў яго гора.
У мяне самога памірала маці,
я сам глядзеў у чорную бездань гора.
Спачуваю чалавеку,
калі ён баіцца смерці,
калі ён паміраць не хоча.
Я ж сам смяротны і ведаю:
не так гэта лёгка памерці,
калі над табой такое сіняе-сіняе неба,
калі вакол такая зялёная-зялёная трава.
Спачуваю чалавеку,
і гэта, відаць, натуральна.
Бо хто ж яму паспачувае,
калі не я — такі ж, як ён, чалавек!

На думку самога паэта, асноўнае прызначэнне мастацтва, і ў тым ліку паэзіі, заключаецца ў тым, каб спачуваць, спагадаць чалавеку, быць яго духоўнай апорай.
Анатоль Вярцінскі – паэт на ўсе густы і ўсе настроі. Ён для ўсіх чытачоў разам і для кожнага з нас паасобку. Ён – майстар вельмі далікатнай у лірычнай паэзіі тэмы – жанчына і мужчына.
Твая воля — як воля лёсу.
Ты сустрэла мяне вясной,
павяла мяне за сабой,
павяла,
узвяла да нябёсаў.
Была лёгкасць такая ў кроках,
мае рухі такімі былі,
што не знаў я: іду па аблоках
ці імкліва лячу па зямлі.
Мне шчаслівая зорка міргала,
хітравата падміргвала мне...
А затым ты мяне звяргала,
павяла на зямлю па вясне.
Пазбаўляла крылаў шырокіх:
«Хопіць, мілы, лунаць у аблоках,
пахадзі па зямных шляхах,
пахадзі на ўласных нагах».
I пайшоў я з надзеяй і страхам
тым зямным, тым цярністым шляхам,
мне нялёгка ісці было,
я ў адчаі хмурыў чало.
Сустракаліся лужыны, смецце,
былі ўхабіны і карчы.
Мне хацелася уцячы,
мне хацелася часам смерці.
Ды хацеў я, відаць, замнога.
Ты казала мне строга: «Жыві!
Была воля тваёй любві —
нібы воля лёсу зямнога.
I я не мог пярэчыць...

А вось верш пра каханне і пра жыццё - на ўсе часы:
Мужчына. Жанчына. Чаканне.
Шуканне. Блуканне. Час.
Жанчына. Мужчына. Спатканне.
Вітанне. Пытанне. Адказ.
Мужчына. Жанчына. Дыханне.
Сэрцабіццё. Забыццё.
Жанчына. Мужчына. Каханне.
Мужчына. Жанчына. Жыццё.

Нарадзіўся Анатоль Вярцінскі 18 лістапада 1931г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, у сялянскай сям'і. Рана прыахвоціўся да чытання і перачытаў усе выданні, якія меліся ў вёсцы ў пасляваеннай хаце-чытальні.У вёсцы Камень на Лепельшчыне скончыў сярэднюю школу, а ў 1956г. - аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў у рэдакцыях раённых газет. У 1962 пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь».
Член СП СССР з 1964г. У 1967 - 1982гг. - літкансультант, адказны сакратар праўлення СП БССР. У складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у 1977г. у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1986 – 1990гг. - галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Член Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989г. У 1990 – 1995гг. - дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, член Канстытуцыйнай камісіі ВС БССР.
Дэбютаваў з вершамі ў 1950-я (студэнцкая газета «Беларускі універсітэт», газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг вершаў і паэм «Песня пра хлеб» (1962), «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «Выбранае» (1973), «З'яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979), «Святло зямное» (1981). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980).
Аўтар зборніка літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Высокае неба ідэала» (1980) і кнігі публіцыстычных нататак «Нью-Йоркская сірэна» (1987).
Напісаў п'есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй» (1978, пастаўлена ў 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (1977, пастаўлена ў 1975), «Гефест — друг Праметэя» (1983, пастаўлена ў 1984). У 1983 г. выйшаў зборнік п'ес пад назвай «Дзякуй, вялікі дзякуй».
Пераклаў на беларускую мову п'есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М. Себасцьяна «Безыменная зорка», В. Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам», якія пастаўлены ў тэатрах рэспублікі, а таксама асобныя вершы з класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай, кубінскай паэзіі.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за кнігу «Нью-Йоркская сірэна».
Кружыцца ў скверы кляновае лісце.
Як быццам шукае яно сабе выйсце,
як быццам не можа ніяк змірыцца,
што будзе мець справу яно з зямліцай, -
на сонцы не будзе больш красавацца,
на ветры не будзе больш хвалявацца.
Кружыцца першае лісце кляновае.
Стаіць у скверы ціш вераснёвая.
А ўверсе - воблачка, над скверам сінь...
Вітаю цябе, мой слаўны верасень!
Ты той жа ясны, ледзь-ледзь засмужаны,
ты той жа вясёлы, ледзь-ледзь засмучаны.
Цябе з тваёй кожнаю прыкметаю
я добра помню, добра ведаю.
Дзяцінства ніхто не забудзе ніколі.
А ты быў мне лепшым сябрам па школе.
Хіба не ты, прыветны і сонечны,
ранкам якраз такім, як сённяшні,
для нас адчыняў усе дзверы школьныя,
будзіў званкамі ціш навакольную.
І нечым яшчэ ты запомніўся, верасень.
Ці то цішынёй на азёрным беразе,
ці спелай антонаўкай ды аскомінай,
ці, можа, водарам хлебным з коміна?
Такую прыкмету не забудзеш,
як школьны званок, яе помніць будзеш.
Ціш вераснёвая як нельга лепей
напомніць аб тым, аб бацькоўскім, хлебе.
Напомніць лісце вось гэта кляновае,
Што кружыць, шукае месца новае.
Яно не можа не напомніць,
сэрца ўспамінам не напоўніць. /урывак з паэмы ”Песня пра хлеб”/
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 9.11.2011, 9:16
Сообщение #2


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3877
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



“Вернік і прапаведнік “Светлай будучыні”.
7 лістапада спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарота, беларускага паэта, драматурга, празаіка, рэдактара, грамадскага дзеяча.



Сапраўднае імя: Міхаіл Сымонавіч Кудзелька. Псеўданімы: Максім Бяднейшы; Юрка Куртаты; В.Чарот; Крыптанімы: М.К.; М.К-ка; Ч.М.; М.Ч.; М.Ч-т; Ч-т.),

Міхась Чарот нарадзіўся 7 лістапада 1896г. у мястэчку Рудзенск Ігуменскага павету Мінскай губерніі, ў сялянскай сям'і. Пасільная праца на гаспадарцы ў гады дзяцінства спалучалася для будучага паэта з пачаткамі вучобы: першую адукацыю атрымаў у наёмнага так званага «дарэктара», потым скончыў двухкласную пачатковую школу, а ў 1913г. паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У гады першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск. Тут прайшлі два апошнія гады навучання М. Чарота, калі ён быў ужо не «сваекоштнікам», а за паспяховае навучанне пераведзены у лік стыпендыятаў.
Семінарыю М. Чарот закончыў у 1917г., але настаўнічаць яму не давялося: быў мабілізаваны ў армію. Служыў афіцэрам запаснога палка ў г. Кузнецку, там намагаўся разам з іншымі афіцэрамі-беларусамі стварыць беларускі гурток. Вясною 1918г. М. Чарот вярнуўся у Мінск, пачаў настаўнічаць у беларускай школе, паступіў на вучобу ў педагагічны інстытут. У гэты ж час ён далучыўся да культурна-нацыянальнага жыцця: маючы прыгожы барытон, спяваў у хоры В. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», стаў старшынёй тэатральнага гуртка «Маладзік». Бурныя палітычныя падзеі таго часу не далі магчымасці засяродзіцца на вучобе і настаўніцкай працы. Трэба было бараніць Бацькаўшчыну са зброяй у руках, і М. Чарот у 1919г. спрабуе ўступіць у Беларускае войска, якое стваралася пры Беларускім нацыянальным камітэце, што існаваў як выканаўчы орган Усебеларускага з'езда 1917г. Гэта быў час польскай акупацыі на Беларусі, і М. Чарот быў у шэрагах барацьбітоў за нацыянальнае вызваленне, што ў далейшым знойдзе водгук шмат у якіх яго паэтычных творах.
Друкавацца пачаў у 1918г. У 1919г. член Белнацкама і створанай пры ім Вайсковай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920г. утварылася з членаў "Маладой Беларусі". У 1920г. уступіў у ВКП(б). З 1920г. супрацоўнік, у 1925-1929гг. рэдактар газеты «Савецкая Беларусь». У 1923г. удзельнічаў у стварэнні літаб'яднання «Маладняк», з якога выйшаў у канцы 1927г.. Некаторы час быў членам літаб'яднання "Полымя", потым уступіў у БелАПП. У 1922-1924гг. кандыдат у члены, у 1924-1931гг. член ЦВК БССР. У 1924г. вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі. У 1930-я, да арышту, працаваў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР. Член СП СССР (з 1934г.).
Ягоная чарга сесьці ў “варанок” надышла ў студзені 1937-га. Арыштаваны 24.1.1937 у Мінску па адрасе: вул. Ленінская, д. 35, кв. 1, адначасова выключаны з ВКП(б). Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937г. як «агент польскай разведкі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці.
Разам з яшчэ 21 калегам Міхася Чарота вывелі на расстрэл у ноч з 28 на 29 кастрычніка таго самага чорнага году. Апошні свой твор “Прысяга”, дзе кляўся ў невінаватасці, ён напісаў на сцяне сумна і страшна вядомай “амэрыканкі”, мінскай унутранай турмы НКВД, дзе яго ўбачыў і захаваў у памяці М. Хведаровіч.
З успамінаў Міколы Хведаровіча: «У 1939 годзе я быў пераведзены ў адзіночную камеру. Уважліва аглядзеў сцены, шукаючы надпісаў, і вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкалупаны нечым вострым на сцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маім любімым паэтам і другам Міхасём Чаротам. Гадамі я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы:
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!»
Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8.12.1956г. Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.
Аўтар збонікаў паэзіі «Завіруха» (1922), «Босыя на вогнішчы» (паэма, 1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы, 1926), «Беларусь лапцюжная» (паэма, 1927), «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія, 1927), «Паэмы» (1928), «Сонечны паход» (1929), «У сонечным паходзе» (вершы і паэмы), «Выбраныя вершы і паэмы» (1935), Збору твораў у 3 тамах (1933-1936), у 2 тамах (1958), «Выбраныя вершы і паэма» (1967), «Выбранае» (1982). Выдаў зборнік апавяданняў «Веснаход» (1924) і «Выбраныя апавяданні» (1926).
Апублікаваў п'есы «Мікітаў лапаць» (апублікавана і пастаўлена ў 1923), «Дажынкі» і аднаактоўку «Сон на балоце» (1924), дзіцячыя п'есы «Пастушкі. Данілка і Алеська» (Клімавічы, 1925). Напісаў музычную драму «На Купалле» (адноўлены тэкст апублікаваны ў 1982, пастаўлена ў 1921, кампазітар А. Туранкоў стварыў на тэкст п'есы оперу «Кветка шчасця»).
Па аповесці «Свінапас» стварыў з Ю.Тарычам сцэнарый першага мастацкага фільма «Лясная быль» (пастаўлены ў 1926).

Жывыя акорды
Спакойна спі, пясняр, далёка на чужыне...
Нашто пакінуў край, які быў сэрцу міл?
Ці, можа, ты хацеў, каб на палях краіны
Стаяла менш крыжоў і менш было магіл?
Кахаў ты родны край, дзе цемра, здзек пануе;
З народам плакаў ты, як лепшы яго сын...
Цяпер ты замаўчаў... А ўсё ж акорды чуе
Гаротны люд... Не змоўк іх дзіўны гімн.
Ў акордах чуюцца ўсё сумныя напевы;
Адбітак тваіх дум - у іх можна ўгадаць,
Шмат жальбы ў іх чуваць, і радасці, і гневу.
І звоны ланцугоў нявольніка чуваць.
Ты спевам разбудзіў народ свой напрадвесні,
Якому на алтар свой дыямент прынёс...
Яшчэ акорд не змоўк тваёй прыгожай песні,
Хоць струны абарваў жыцця паганы лёс.
Лье слёзы па табе народ, і гай, і поле
І вераць у прамень, які ты ўсім паслаў...
Акорды будуць жыць - твой дар, паэт, - на волі,
А з імі будзе жыць, хто плакаў і стагнаў...
1920
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 9.11.2011, 9:14
Сообщение #3


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3877
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Пісьменнік – наватар”
20 лістапада спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Міхася Зарэцкага, пісьменніка, дараматурга, перакладчыка, крытыка.
Сапраўднае прозвішча Касянкоў Міхаіл.



“Нарадзіўся я 20 лістапада 1901 года ў с. Высокі Гарадзец, Сенненскага павета, Магілёўскай губерні. Мой бацька — вясковы дзяк, родам з Чавускага павета той жа губерні. Яго жыццё ўяўляе, на мой погляд, даволі цікавую і яркую (для таго часу, праўда, звычайную) карціну. Магчыма, што мой літаратурны шлях у значнай меры вызначан тым уплывам, які з дзяцінства аказаў на мяне бацька — чалавек з глыбока крытычным стаўленнем да жыцця, з вялікім запасам уражанняў і перажыванняў, з характарам, які дзіўна спалучыў у сабе шчырую цягу да людзей і разам з тым — панурасць, хваравітую падазронасць у адносінах да іх.
У дзесяць год я паступіў у Аршанскае духоўнае вучылішча. «Бурса», у якой я вучыўся шэсць гадоў (чатыры — у духоўным вучылішчы і два — у семінарыі), нягледзячы на свой суровы клерыкальны рэжым, а можа і дзякуючы яму, дала мне многа добрых і карысных урокаў. Яна прывучыла мяне да самастойнага крытычнага мыслення (вучоба і афіцыйна сухі ўплыў большасці педагогаў не маглі кіраваць напрамкам маіх дзіцячых «шуканняў»), яна развіла ў мяне інстынкт таварыскасці, імкненне да грамадскасці (агульнажыццё «бурсакоў» да апошняга часу вызначалася сваёй традыцыйнай згуртаванасцю).
Калі пачалася рэвалюцыя, я кінуў семінарыю і паспрабаваў знайсці сабе самастойны занятак. Мне ўдалося ўладкавацца на пасаду перапісчыка ў адну паўвайсковую часць, разам з якой я выехаў у Арлоўскую губерню і пражыў там каля паўгода, пасля чаго мяне скарацілі са службы і я вярнуўся да родных пенатаў. Наступнае маё выступленне на сцэне самастойнага жыцця было ў ролі царкоўнага вартаўніка. Трэба сказаць, што гэта роля мне не вельмі спадабалася, таму што выклікала даволі пагардлівыя, хоць і сяброўскія, адносіны да мяне з боку вакольнага насельніцтва. Царкоўны вартаўнік, як і пастух, самыя неганаровыя асобы ў вёсцы. Аднак выбіраць мне не выпадала, бо не было нічога лепшага, а трэба было жыць. Сям'я мая ў гэты час была ў вельмі благім матэрыяльным становішчы. Абавязкі свае я спаўняў акуратна і заваяваў, мне здаецца, прыхільнасць усіх багамолак прыходу тым, што добра ўдасканаліў сваё майстэрства званіць.
Гзты час не прайшоў для мяне марна, у сэнсе майго развіцця. Доўгія зімнія вечары і ночы, седзячы ў старожцы — мізэрнай чорнай кануры,— я чытаў пры святле лампадкі (газы тады не было) усялякія кнігі, якія толькі ўдавалася знайсці, пачынаючы ад цяжкай мудрагелістасці Шарля Жыда і канчаючы невядома адкуль трапіўшымі абрыўкамі твораў Пшыбышэўскага.
У лютым 1919 года я атрымаў пасаду настаўніка ў адной з вёсак Магілёўшчыны. З гэтага часу пачаўся ў маім жыцці перыяд свядомай грамадскай работы, перыяд паступовага ўрастання ў глыбіню новай савецкай грамадскасці. Праз некаторы час мяне сталі выбіраць на розныя нязначныя савецкія і прафесійныя пасады. Я быў старшынёй валаснога аб'яднання настаўнікаў, загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы і г. д. У 1920 годзе працаваў некаторы час у Магілёве ў якасці пастаяннага члена праўлення работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры (я быў прадстаўніком настаўніцтва павета, абаронцам яго інтарэсаў ад замашак «горада»). У гэтым жа годзе ўдзельнічаў у 2-м Усерасійскім з'ездзе работнікаў асветы, і мяне выбралі там кандыдатам у члены ЦК Саюза, пасля чаго мабілізавалі, і я пачаў новы перыяд свайго жыцця — службу ў Чырвонай Арміі, якая прадаўжалася на працягу шасці год.
Служба ў Чырвонай Арміі адыграла, мне здаецца, рашаючую ролю ў канчатковым фармаванні маёй псіхалогіі. Бясконцыя блуканнi з месца на месца, безліч назіранняў і ўражанняў, блізкае знаёмства з дзесяткамі і сотнямі самых разнастайных чалавечых тыпаў — усё гэта ўзбагаціла мяне невычэрпным запасам матэрыялу, які я выкарыстаў пасля ў цэлым шэрагу сваiх апавяданняў. З другога боку, тая надзвычайная выразнасць сацыяльна-класавых імкненняў, якая ва ўмовах жыцця Чырвонай Арміі даходзіла да рэальна адчувальнай прастаты і канкрэтнасці, садзейнічала канчатковаму засваенню мною ідэй камуністычнай рэвалюцыі і, урэшце, зрабіла мяне камуністам.
Першае апавяданне сваё я напісаў зімой у канцы 1921 года. Мы стаялі ў той час за Полацкам у нейкай беднай глухой вёсачцы. Гэта выйшла даволі нечакана і дзіўна. Праўда, я, будучы ў школе, умеў пісаць добрыя класныя «сачыненні», але думкі стаць пісьменнікам у мяне ніколі не было. Справа пачалася з таго, што я аднойчы ўбачыў вельмі яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала мяне на працягу цэлага месяца. Мне захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і я стаў пісаць. Пісаў я доўга і вельмі старанна, абдумваючы кожную фразу, кожнае слова, закрэсліваючы, перакрэсліваючы і г. д. Працэс пісання мяне дужа хваляваў і ў той жа час падтрымліваў свежасць уражання, якое штурхнула мяне на гэту працу.
Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданне я паслаў у рэдакцыю «Савецкая Беларусь», аднак без усякай сур'ёзнай надзеі на яго надрукаванне. Я вельмі здзівіўся, калі праз некалькі меся цаў выпадкова прыехаў у Мінск і мне ў рэдакцыі прапанавалі атрымаць ганарар за гэтае апавяданне. З той пары я сур'ёзна ўзяўся за гэту справу і пачаў пасылаць адно за другім свае апавяданні ў рэдакцыю названай газеты. Яны друкаваліся ўсе без выключэння. Трэба прызнацца, што ў хуткім часе да чыстых творчых імкненняў прымяшалася і матэрыяльная зацікаўленасць. Тыя капейкі, якія я атрымліваў з рэдакцыі, былі мне амаль неабходны, бо к гэтаму часу я ажаніўся і жыў з жонкай на адным чырвонаармейскім пайку.
З самага пачатку, як я стаў пісаць наогул, я пісаў па-беларуску. Захапленне літаратурнай творчасцю было ў мяне часткай рамантычнага захаплення «беларускасцю», якое заўладала мною, захаплення ідэяй адраджэння нацыянальнай беларускай культуры. Пазней я спрабаваў пісаць і па-руску спецыяльныя, па заказу, «кааператыўныя» апавяданні для віцебскага часопіса «Вестник кооперации», але пісаў іх, прызнаюся, з выключнай мэтаю зарабіць, таму што плаціў гэты часопісік нечувана дорага ў параўнанні з беларускай газетай — дзве капейкі золатам за радок (гэта ў пачатку 1923 года)”.
Адначасова Міхась Зарэцкі вучыўся ў БДУ. З'яўляўся актыўным удзельнікам літаратурна-грамадскага руху. 3 1924г.- член літаратурна-мастацкага аб'яднання «Маладняк». Член КПСС з 1925г. У 1926—27г. рэдагаваў часопіс «Маладняк». 3 1927г. - член літаратурна-мастацкага аб'яднання «Полымя».
У жніўні - кастрычніку 1927г. разам з Ц. Гартным і М. Чаротам наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. Сябраваў з Я. Коласам, Я. Купалам. У 1929г. выключаны з партыі “за праяўленне нацыянал-дэмакратызму”
У 1934г. прымаў удзел у працы Першага Усебеларускага з'езда пісьменнікаў, актыўна выступаў на пленумах, сходах пісьменнікаў. Член СП Беларусі з 1934г. На рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным 15-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі, раман М. Зарэцкага «Вязьмо» быў адзначаны прэміяй як адзін з лепшых твораў на тэму калектывізацыі. Да лістапада 1936г. працаваў у АН БССР.
03.10.1936г. арыштаваны. Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 у 18.30 (пасяджэнне працягвалася 15 хвілін) як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29.10.1937 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1922г. у газеце «Савецкая Беларусь». У 1925г. выйшлі з друку два зборнікі апавяданняў «У віры жыцця» і «Пела вясна». Услед за імі - «Пад сонцам» (1926), «42 дакументы» і «Двое Жвіроўскіх» (1926), «На чыгунцы» (1928), «Ракавыя жаронцы» (1930, уключаны і п'есы «Віхор на балоце» і «Белыя ружы», апавяданне «Бацькаў сын» (1932), аповесць «Голы звер» (1926), раманы «Сцежкі-дарожкі» (1928), «Вязьмо» (1932), кніжкі нарысаў «Падарожжа на новую зямлю» (1929), «Лісты ад знаёмага» (1931). Аўтар п'ес «Сымон Карызна» (1935), «Ная» (1936) і інш., а таксама кінасцэнарыя «Пачатак шчасця». Многія рукапісы Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».
У 1975 г. выдадзены зборнік выбраных апавяданняў «Пачатак шчасця», у 1989-1991гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах. Выступаў і як крытык.
Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Ф.Гладкова (1930), «Прыгода ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака (ч. 1, 1931).
Міхась Зарэцкі адносіцца да ліку той вялікай плеяды беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць доўгія гады знаходзілася пад забаронай або папросту замоўчвалася. І хоць асобныя творы друкаваліся і ў савецкі час, большасць з таго, што складае стрыжань творчай манеры пісьменніка, не было вядома шырокаму колу чытачоў. А між тым пяру Зарэцкага належаць такія выдатныя аповесці і раманы, як "Голы звер", "Вязьмо", "Сцежкі-дарожкі", незакончаны раман "Крывічы". Росквіт таленту празаіка прыйшоўся на часы так званай беларусізацыі і пачатку сталінскага тэрору.

• Два дакументы з асабовай справы Міхася Зарэцкага:
• Секретно
• Справка
• Приговор о расстреле Косенкова-Зарецкого Михаила Ефимовича приведен в исполнение в Минске 29/X–1937. Акт о приведении приговора в исполнение хранится в Особом архиве в спецотделе НКВД СССР, т. 8, лист 155.
Нач. отд. спец. отд. НКВД СССР лейтенант госбезопасности Шевелев.

• 22 октября 1956. Секретно.
• Начальнику Главного управления милиции МВД СССР,
• Начальнику 1 спецотдела МВД СССР,
• Главному военному прокурору.
• «Зарецкий Михаил Ефимович, 1901 г. рождения, был осужден Военной Коллегией Верховного Суда СССР 28 октября 1937 г. и, отбывая наказание, умер 13 июня 1941 г.»
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 6.10.2011, 8:30
Сообщение #4


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3877
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



"Мастак, вучоны, чалавек."
27 кастрычніка спаўняецца 100 год з дня нараджэння Міколы Лобана, беларускага пісьменніка і мовазнаўцы, заслужанага дзеяча культуры БССР.


Мікола (Мікалай Паўлавіч) Лобан нарадзіўся 27 кастрычніка 1911 года ў вёсцы Чаплічы Слуцкага павета, цяпер Слуцкі раён, у сялянскай сям'і.
”Пры знаёмстве з Міколам Лобанам прыемна ўражвалі яго сціпласць, ушэўная далікатнасць і непаказная інтэлігентнасць, хоць Мікалай Паўлавіч, як і пераважная большасць беларускіх пісьменнікаў, не быў патомным інтэлігентам. Ён сам падкрэсліваў, што ягоны бацька - з "мужыкоў, якія, колькі помняць сябе, варочалі зямлю, сеялі ды збіралі. I больш у панскае, чым у сваё гумно". Але ўсё роўна ён, пісьменнікаў бацька, лічыў сялянскую працу самай справядлівай. Маці таксама расла ў вялікай сялянскай сям'і, якая, па словах Міколы Лобана, часта была галоднай, "як усякая сям'я панскага парабка". Матуля пісьменніка ў сталыя гады зарабляла свой кавалак хлеба як ахмістрыня ў памешчыцы. Таму мусіла засвоіць польскую мову, але дома "гаварыла толькі па-беларуску" і здолела выхаваць у сына глыбокую любоў да роднага слова, якую ён пранёс праз усё сваё свядомае жыццё”. /Дз.Бугаёў/
У 1931 Мікола Лобан скончыў 2-гадовыя педагагічныя курсы ў Слуцку, працаваў настаўнікам. У 1939 паступіў на філалагічны факультэт Кіеўскага універсітэта, праз год перавёўся ў БДУ. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Волхаўскім фронце. Быў двойчы паранены, дэмабілізаваны ў 1942. Адзін год выкладаў рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў пасёлку Келераўка (Казахстан), зноў вучыўся ў БДУ, які скончыў у 1945. У 1944-1967 - навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, у 1967-1968 - загадчык рэдакцыі выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя», у 1968-1978 - зноў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа - загадчык сектара, навуковы супрацоўнік. Кандыдат філалагічных навук. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1950).
Дэбютаваў апавяданнем у 1930. Аўтар аповесці «Іркуцянка» (1953).
У трылогіі «На парозе будучыні» (1964), «Гарадок Устронь» (1970), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пачатку ХХ ст. (рэвалюцыя, грамадзянская вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вялікую Айчынную вайну). Паказаў вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сацыяльна-бытавых праявах, перадаў складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, ім створана разгалінаванае, напоўненае ўнутраным драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстана жывая народная мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, характэрны стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль.
Пра культуру мовы пісаў амаль у кожным сваім выступленні, артыкуле, даследаванні. Ён пераконваў, што літаратару ”дадзена права аблюбаваць слова за агароджай літаратурнай мовы... каб гэта слова было неабходным, каб яно запоўніла сабою свабоднае месца ў ”мендзялееўскай табліцы” нашай мовы”.
Працуючы ў супярэчлівы час, Мікола Лобан не мог сфармаваць несупярэчлівыя падыходы да ўкладання слоўнікаў. Так, з аднаго боку, ён разумеў, што ўсе мовы маюць развівацца сваім самабытным шляхам, і ў адным з артыкулаў пісаў пра ”нацыянальную спецыфіку моваў, якая праяўляецца ва ўсім – у лексіцы, фразеалогіі, законах і спосабах словаўтварэння, у пабудове сказа”. З другога боку, бадай, шчыра верыў у тое, што руская мова з’яўляецца ”самай багатай і развітай у свеце”.
Адзін са складальнікаў «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.Р.Суднікам, 1948, 1961, 6-е выданне перапрацаванае і дапоўненае ў 1990), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), кіраваў падрыхтоўкай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977-1984).
Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці. У 1984 выйшла кніга артыкулаў і эсэ «Пяць раніц тыдня». У 1986 — Выбраныя творы ў 3-х тамах.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа за кнігу «Пяць раніц тыдня» (1985, пасмяротна).
Памёр Мікола Лобан 28.12.1984 г.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 2.9.2011, 7:51
Сообщение #5


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3877
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Захавальнік і абаронца беларускасці.
30 верасня спаўняецца 80 гадоў Нілу Гілевічу.


Народны паэт Беларусі, заслужаны дзеяч навукі, прафесар, таленавіты лірык, эпік, сатырык, перакладчык, публіцыст, літаратуразнаўца, фалькларыст – усё гэта пра яго.
Адзначаны Ніл Гілевіч шматлікімі айчыннымі і міжнароднымі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, медаль Францыска Скарыны, балгарскі ордэн Кірыла і Мяфодзія 1 ступені, ордэн Югаслаўскай зоркі са стужкай, украінскі ордэн князя Яраслава Мудрага 2-й ступені.
Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). Народны паэт Беларусі (1991). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986).

Радзіма Ніла Сымонавіча – Лагойшчына. Зямля прыгожая і песенная, куток Бацькаўшчыны, маляўнічы і вабны. Тут упершыню будучы паэт глянуў на свет 30 верасня 1931 года. “Родная мая вёска Слабада, - піша ён у аўтабіяграфіі “Трошкі з анкеты і сёе – тое з таго, што ў анкету не лезе”, - у маляўнічай узоркавай мясцовасці. У кніжачцы аднаго краязнаўца 20-х гадоў Лагойшчына называецца “беларускай Швейцарыяй”. Мне зразумела гэтае замілаванне нашымі краявідамі: яны сапраўды надзвычай прыгожыя. Край гэты незвычайна маляўнічы, увесь у пагорках, ярах і лагчынах, у лясах і пералесках, з безліччу крыніц і рачулак. Багаты ён на вусна-паэтычную народную творчасць, на таленавітых самародкаў, а найперш – на дзівосную, яркую, сакавітую, трапную, жывую мову народа”.
“Пашанцавала мне, напэўна, і на радаводныя карані, асабліва па мамінай лініі. Мой дзед Мікалай Давыдавыч быў чалавек унікальны: самаадданы земляроб-хлебароб, выдатны садоўнік, дасведчаны пчаляр, знакаміты галубятнік, непераўзыдзены варажбіт на картах, вядомы ў сваім краі музыка – граў, асабліва ў маладосці, на сотнях вяселляў. У апошні раз – на маім, летам 1957 года, польку і вальс для маладой і маладога. А мова яго! Якая яна была непаўторная, каларытная, метафарычная! Хіба не падарунак лёсу было мне прайсці ў дзяцінстве яго моўную школу?”.
Згадвае Ніл Гілевіч і пра бацькоў: “Бацька мой – перад рэвалюцыяй папоўскі парабак – у 30-я гады працаваў старшынёй сельсавета, пасля ў райвыканкоме, і дадому заглядваў толькі ў выхадныя дні. А сям’я – маці і васьмёра нас, малых, - жыла бязвыезна ў Слабадзе. Амаль увесь клопат аб дзецях і па гаспадарцы клаўся на плечы маці, і патрэбна была менавіта яе нястомнасць і самаахвярнасць, каб дагледзець, абшыць і накарміць такую ватагу”.
Да вайны Ніл Гілевіч скончыў тры класы Слабадской сямігодкі. Пасля вызвалення пайшоў у пяты клас школы, якая была ў суседняй вёсцы Гайна. Любоў да роднай мовы, жаданне авалодаць багацейшымі скарбамі літаратуры і сказаць у ёй сваё паэтычнае слова прывялі будучага пісьменніка у Мінскае педагагічнае вучылішча, якое ён скончыў у 1951 годзе на “выдатна” і ў тым жа годзе без экзаменаў быў прыняты на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. На гэты час ён ужо з’яўляўся членам літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі “Чырвонай змены”, рэгулярна друкаваўся ў рэспубліканскай перыёдыцы. А ў 1954 годзе яго - студэнта-трэцякурсніка прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска. Пасля завяршэння вучобы ва ўніверсітэце (1956 год) была аспірантура, абарона дысертацыі на кафедры беларускай літаратуры. Пачынаючы з 1960 года, Ніл Гілевіч працаваў на кафедры беларускай літаратуры, дзе прайшоў шлях ад выкладчыка да прафесара.
Ніла Гілевіча заслужана называюць абаронцам роднага слова, бо цяжка назваць другога чалавека, хто здолеў бы столькі зрабіць для беларускай мовы.
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, роднае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае “мама”
І цяпер для мяне сама міла гучыць.
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
І буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: “Беларусь, мая Маці – краіна!”
I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр — неўміручы Купала …

Гістарычнае бяспамяцтва, нацыянальны нігілізм, на думку паэта, павінны саступіць месца сапраўднаму патрыятызму, які грунтуецца на адчуванні еднасці з культурай свайго народа, крэўнай сувязі мінулага, сённяшняга і будучага нашай зямлі.
Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, —
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані — з вузлякамі упартасці.
Сокам вотчынных гоняў адроду мы ўспоены,
Сонцам родных нябёс мы з маленства аблашчаны,
Як асілкі-дубы над дняпроўскімі поймамі —
Паяднаныя часам нашчадкі і прашчуры.
Мы на золку далёкім ардзе не скарыліся,
Славай Грунвальда выйшлі ў вялікія ратнікі.
Нас будзіў да святла стук друкарань скарынінскіх.
Да братоў мы гарнуліся сэрцамі братнімі.
Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасці —
Веру-мужнасць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні.
З гнеўнай лірай Кулалы і з эпасам Коласа
Мы спазналі сябе і свой голас узвысілі.
Гэтай повязі кроўнай, якой мы прывязаны
Да бацькоўскай зямлі, не парвуць, не растурзаюць
Аніякія буры-вятры непрыязныя —
Нашы сэрцы ад іх толькі больш загартуюцца!
I як вечна вясне святкаваць тут агледзіны,
Мовай радасці з долам і небам гамонячы, —
Так і нам у вяках тут, з братамі-суседзямі,
Жыць і верыць у лёс незахмарана-сонечны.

Сапраўдны паэт, Ніл Гілевіч стварыў па мастацку бездакорныя вершы не толькі пра першую любоў, але і пра каханне неверагоднай моцы, прыгажосці, кранальнасці, глыбіні, якое перажываюць ужо немаладыя людзі. Вобраз Ніны Іванаўны Гілевіч, жонкі і музы паэта, назаўсёды застаўся ў яго вершах.
Жыць і кахаць, або кахаць і жыць –
Адно і тое ж. Покуль я кахаю –
Я і жыву. І гэты свет прымаю
Таму, што ў сэрцы дзень і ноч гучыць
Мелодыя найпрыгажэйшай песні,
З якой мяне павек не разлучыць.
І пераходзячы быцця мяжу,
Наўрад, наўрад, наўрад ці я скажу:
Бывайце, хмаркі ў роным паднябессі!
Бывайце, птушкі ў росным майскім лесе!
Бывайце, зёлкі-краскі ў лузе веснім! –
Я не паспею гэта ўсё сказаць,
Бо зноў і зноўку буду паўтараць,
Па самае апошняе ўздыханне:
Бывай, бывай, бывай, маё каханне!

Выступаць з вершамі ў друку Ніл Сымонавіч пачаў у 1946 годзе, а ў 1957 годзе выйшаў першы зборнік “Песня ў дарогу” – гэта паэтычны маніфест студэнтаў-рамантыкаў 50-х гадоў. З таго часу і па сённяшні дзень у розных літаратурных жанрах паэтам напісана каля васьмідзесяці кніг.
Кнігі паэзіі "Песня ў дарогу" (1957), "Прадвесне ідзе па зямлі" (1959), "Неспакой" (1961), "Бальшак" (1965), "Перазовы" (1967), "Лісце трыпутніку" (1968), "А дзе ж тая крынічанька" (1972), "Запаветнае" (1975), "Актавы" (1976), "Святлынь" (1984), раман у вершах "Родныя дзеці" (1985), "Як дрэва карэннем" (1986), "Повязь" (1987), «Жыта, сосны й валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994), «…І плямы на табе няма» (2003), «На флейце самоты» (2004).
Зборнікі сатыры і гумару "Званковы валет" (1961), "Да новых венікаў" (1963), "Ці грэх, ці два" (1970), "Як я вучыўся жыць" (1974), "Русалка на Нарачы" (1974), «У добрай згодзе» (1979), "Кантора" (1989), "Дыялог на хаду" (1990).
Зборнікі вершаў і паэм для дзяцей "Сцяжок на мачце" (1959), "Сіні домік, сіні дом" (1961), "Зялёны востраў" (1963), "Дождж-грыбасей" (1966), "Загадкі" (1971), "Калі рана ўстанеш" (1984), "Добры чалавек" (1987), «Мой белы дзень» (1992), «Шчасьлівыя хвіліны» (2001).
Зборнік п'ес "Начлег на буслянцы" (1980), «Выбраныя творы» ў двух тамах (1981), і аповесць "Перажыўшы вайну" (1988).
Ніл Гілевіч – аўтар шматлікіх кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы, укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў "Песні сямі вёсак" (1973), "Песні народных свят і абрадаў" (1974), "Лірычныя песні" (1976), "Лірыка беларускага вяселля" (1979), "Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі" (1983), публіцыст.
Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх і інш.).
Яго ўласны маніфест:
Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай.
Я не нахлебнiк твой. Я на зямлю
Не для таго прыйшоў, каб жменяй поўнай
Уцехi браць. Я - аддаваць люблю.
Тым, што зрабiў, любоў я вымяраю.
I калi мой апошнi час праб'е,
Павiнен ведаць я, што памiраю,
Аддаўшы ўсё да кропелькi - табе.

Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 5.8.2011, 14:58
Сообщение #6


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3877
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”Я не хачу мяняць свой лёс”.
28 жніўня спаўняецца 75 год Генадзю Бураўкіну,
паэту, публіцысту, перакладчыку, літаратурнаму крытыку,
грамадскаму дзеячу.



Нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. Другую сусветную вайну перажыў на акупаванай тэрыторыі. У 1959 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», на Беларускім радыё, у газеце «Літаратура і мастацтва». З 1968 года – карэспандэнтам «Правды» па БССР, з 1972 года – галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», 1978 - 1990 гг. — старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. З'яўляўся пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН (1990—1994). З 18 сакавіка 1994 года быў намеснікам культуры і друку Рэспублікі Беларусь.
З імем Генадзя Бураўкіна звязаны выдатныя здабыткі беларускай паэзіі, глыбокае веданне жыцця, разуменне душы чалавека працы, захапленне багаццямі роднай мовы. Паэт добра ведае жыцце народа, яго гісторыю і звычаі. Высока цэніць жывое слова, умее паставіць у вершы гэтае слова так, што яно заўсёды гучыць свежа і шчыра.


Малітва
Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут...
Божа,
He дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсе наўкол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем
I цяплом!

Першыя вершы былі надрукаваны ў полацкай абласной газеце ў 1952 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Вершы» (1969), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Вершы пяці кніг» (1976), «Варта вернасці» (1978), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986). Аўтар зборнікаў паэзіі «Узмах крыла» (1995), «Паміж зоркай і свечкай» (2000), кніга «Выбранае» (1998). Вершы канца 20 ст. склалі зборнік паэта «Жураўліная пара» (2004).
Свае лепшыя вершы Генадзь Бураўкін стварыў пра вечны свет кахання, яго загадкавыя таямніцы, пра пакланенне жаночай красе, радасць першага кахання, калі для чалавека неяк нечакана ўсё адкрываецца і ўспрымаецца па новаму: сустрэча з любімым чалавекам, багацце пачуццяў, падкрэсленная беражлівасць да сяброўкі, горыч расставання. Надзвычай багатая і разнастайная інтымная лірыка паэта ўключалася ва ўсе яго зборнікі, але асобна сабраная ў кнігах «Пяшчота» (1985) і «Чытаю тайнапіс вачэй» (2001).
110 вершаў, якія склалі апошнюю кніжку, напісаны ў розныя гады. Але ўсе яны прысвечаны вечна маладому і светламу пачуццю кахання, у вернасці якому шчыра і ўсхвалявана прызнаюцца і наіўны, рамантычны юнак, і сталы сівы мужчына.


Ціхая засень старэнькай альтанкі.
Ціхае шчасце —
Шэпат каханкі.
Ціхія гукі.
Цёплыя рукі.
Лісця чаромхі вячэрняя споведзь.
Вусны дыханне спалохана ловяць.
Сіняя ціша
Зоркі калыша.
Крылаў птушыных апошнія ўзмахі.
Святло патушылі шэрыя гмахі.
Чуеш,
Як б'ецца
Сэрца ля сэрца?..
А я не веру,
Што пайшло каханне
З гадамі маладымі на пачын,
Што нашых вуснаў,
Нашых дум яднанне
Не можа сівізны перамагчы.
Я і цяпер разгадваю,
Як тайны,
Твой кожны дотык,
Кожны позірк твой.
Ад старасці ахоўваю адчайна
Святыя хвілі радасці жывой,
Калі тваё спякотнае дыханне
Сціхае ўранні на маім плячы...
І я не клічу новае каханне.
Мне б тое,
Маладое,
Зберагчы.


Многія з вершаў зборніка пакладзены вядомымі беларускімі кампазітарамі на музыку і сталі папулярнымі песнямі («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва», ”Конь незацугляны”, ”Палавінка мая”і інш.).
У паэта ёсць зборнік песенных тэкстаў «Табе, Беларусь» (1984). «Калыханку» на словы Генадзя Бураўкіна (музыка Васіля Раінчыка) кожны вечар па тэлебачанні пяюць малым Беларусі. Аўтар двух кніг паэзіі для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974) і «Сінія арэлі» (1987), дакументальных аповесцяў «Тры старонкі з легенды» (1971), выступае ў друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Аўтар сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў, двухсерыйнага мастацкага фільма «Полымя» (1974).
Асобная галіна творчай работы паэта – пераклады з найбольш вядомых яму славянскіх моў. – рускай, украінскай, балгарскай і малдаўскай.
Укладальнік кнігі «Наш Быкаў» — першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 18.7.2011, 15:23
Сообщение #1


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3877
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”У панямонскім небе Цётчынай зорцы не згаснуць”.
3 (15) ліпеня спаўняецца 135 год з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (ЦЁТКІ),
беларускай паэтэсы-рэвалюцыянеркі


(псеўданімы Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Тымчасовы і інш.)
Нарадзілася 3(15).07.1876 у в.Пешчына Лідскага павета (зараз Шчучынскі раён) ў сям'і багатага селяніна, які меў дзвесце дзесяцін зямлі. Хрышчана ў васілішкаўскім касцёле. У сям'і Пашкевічаў было дванаццаць (па іншых звестках, сямнаццаць) дзяцей.
Пасля смерці маці будучая паэтэса гадавалася ў Старым Двары, на дзедавай гаспадарцы. Выхоўвала дзяўчынку пераважна бабка Югася, якая ведала шмат казак і песень. 3 малых гадоў Алаіза цягнулася да кнігі, марыла хутчэй вырвацца з вёскі ў вялікае жыццё.
Алаіза Пашкевіч скончыла прыватную гімназію Прозаравай у Вільні, атрымала пасведчанне хатняй настаўніцы і настаўнічала ў вёсцы. У 1902 г. у Пецярбургу яна экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі і паступіла на курсы П. Лесгафта, дзе рыхтавалі выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі.
Пасля вяртання ў Вільню працавала фельчаркай у псіхіятрычнай лячэбніцы і пад уплывам Ф. Багушэвіча пачала пісаць вершы, - вольналюбівыя, прасякнутыя ідэяй змагання за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць. Рамантычна-сімвалічнай вобразнасцю, алегарычнасцю малюнкаў, пераўвасабленнямі паэзія Цёткі сугучная з масавай рэвалюцыйнай рускай паэзіяй пачатку XX ст.
У маі 1905 была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з'ездзе жанчын у Маскве. З-за удзелу ў рэвалюцыйных маніфестацыях была вымушана эмігрыраваць у канцы 1905г. у Галіцыю, якая тады была часткай Аўстра-Венгерскай імперыі. Жыла спачатку ў Львове, дзе была вольнай слухачкай філасофскага факультэта Львоўскага універсітэта.
У 1906 у Жоўкве каля Львова, у друкарні базыльянскага манастыра, былі надрукаваны два зборнікі яе вершаў — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская».
Некалькі разоў Цётка нелегальна прыязджала ў Вільню і Пецярбург. У Вільні у першым нумары першай беларускай легальнай газеты «Наша доля» было надрукавана яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». У Пецярбургу ў 1906г. у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла яе «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Жывучы на Украіне, Цётка прапагандавала сярод украінскай інтэлігенцыі беларускую літаратуру і культуру.
У 1908-09гг. жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага універсітэта, была членам рэвалюцыйнай арганізацыі універсітэцкай моладзі «Спуйня» («Лучнасць»), дзеля атрымання навуковай ступені выканала навуковую працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польская драматычнай літаратурай». Нейкі час жыла ў Закапана, выязджала ў Германію, Італію, Швецыю.
I душна, i цесна, i сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...
Як птушка на скрыдлах, ляцець бы хацела,
Як хваля па моры, плыла бы да ix!
Ўзьнялася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары бы ветрам сказала я гнаць
Далека, далека, дзе сьняцца мне чары,
Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць,
Дзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе,
Дзе кожна дарога i крыж мяне знае,
Дзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!
Там я нарадзілася й вырасла уволю,
Там першыя словы вучылась казаць.
Затое сягоньня ляцела б стралою
Там зь імі з усімі год Новы спаткаць!
Ой, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім не забыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!
На чужыне. 1909
Змена прозвішча пасля замужжа дала магчымасць вярнуцца на радзіму. Цётка з тэатрам I. Буйніцкага ездзіла і выступала ў розных кутках Беларусі, удзельнічала ў спектаклях «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшка.
У 1912 у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе Цётка арганізавала некалькі тайных беларускіх школ. У 1914 стала заснавальніцай і рэдактарам першага беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» (Мінск), выдала 6 яго нумароў. Для часопіса напісала шэраг апавяданняў, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў.
Падчас Першай сусветнай вайны Цётка працавала ў Вільні сястрой міласэрнасці ў тыфозным салдацкім бараку, пасля аказвала медыцынскую дапамогу землякам, якія гінулі ад эпідэміі тыфу. Аднак, ратуючы іншых, не ўсцераглася сама, захварэла на тыф і ў ноч на 5 лютага 1916 памерла.
У творчай спадчыне Цёткі не толькі паэзія, але і прозы, і публіцыстыка. Яе апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі», «Лішняя», «Зялёнка», «Міхаська», «Асеннія лісты» і інш. вызначаюцца псіхалагізмам, экспрэсіўнасцю.
Для «Першага чытання...» Цётка напісала шэраг апавяданняў для дзяцей — «Сварба», «3 прыску ды ў агонь», «Журавель і Чапля», «Сірата».
Яе артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Да дзяўчатак», «Да школьнай моладзі» ўспрымаюцца як духоўны запавет пісьменніцы беларусам, яе заклік да стараннай і сур'ёзнай вучобы дзеля будучых спраў, карысных для Бацькаўшчыны, яе клопат аб павышэнні культуры сяла, аб паляпшэнні штодзённага побыту народа.
Асобную старонку ў яе публіцыстыцы складаюць дарожныя нататкі, нарысы, напісаныя пад уражаннем падарожжаў у Італію, Фінляндыю, Швецыю, Германію.
Аўтар навукова-папулярных артыкулаў «Газа», «Пералётныя птушкі», «Наша народная песня» і інш.
Яе творы перакладзены на нямецкую, польскую, рускую, украінскую і інш. мовы.


МОЙ САД
Стаіць мой сад пад белым цветам:
Нарцыс — стыдлівых поўны крас,
Звісае бэз ў акно букетам,
Тульпанаў куст расцвіў зараз.

Цвіце ляўкой, ў пуках рабіна;
Вішнёва дрэва ў малацэ;
А там парэчка, там маліна,
А там мой граб малы расце.

Люблю мой сад, як расцвітае,
Як салавей свой трэль вядзе,
Як цвет галінку прыгібае,
Як пчолка мёд адтуль нясе.

Люблю мой сад ў маёвым ранку,
Як тоне ён ў расістай мгле,
Як ліпа шэпчацца пры ганку
I як зязюлька «ку-ку» шле.

Люблю мой сад пад белым цветам,
Люблю, зялёным як стаіць;
Люблю, як грушы спеюць летам
I як работай ён кіпіць.

Люблю мой сад у позну восень,—
Як плод звісае да зямлі,
Як голкі сыплюцца ад сосен,
Як залацяцца сліў лісткі.

Люблю мой сад у крэпку зіму,—
Як у крышталах ўвесь дрыжыць,
Як дзяцел, сеўшы на галіну,
Зімову песню загудзіць.
1905—1906



Помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы) у Шчучыне
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
2 страниц V   1 2 >  
Начать новую тему
Ответов (1 - 6)

2 страниц V   1 2 >
Тема закрытаНачать новую тему
1 чел. читают эту тему (гостей: 1, скрытых пользователей: 0)
Пользователей: 0

 



Текстовая версия Сейчас: 9.11.2024, 1:22