Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2012, Літаратурныя юбілеі |
Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )
Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2012, Літаратурныя юбілеі |
![]()
Сообщение
#1
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4157 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
”Лоцман фантастыкі” 3 студзеня спаўняецца 65 год з дня нараджэння Васіля Гігевіча, пісьменніка. ![]() Празаік Васіль Сямёнавіч Гігевіч нарадзіўся 03.01.1947 г. у вёсцы Жыцькава Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1969 г. скончыў фізічны факультэт Харкаўскага дзяржаўнага універсітэта і паралельна факультэт грамадскіх прафесій па спецыяльнасці журналістыка. Працаваў выкладчыкам фізікі ў Новааляксандраўскай сярэдняй школе Сахноўшчынскага раёна Харкаўскай вобласці. З 1970 г. - карэспандэнт-радыёарганізатар ашмянскай раённай газеты «Красное знамя». У 1970-1977 гг. - інжынер Барысаўскага шклозавода. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1979). З 1979 па 1981 г. быў намеснікам галоўнага рэдактара аб’яднання ”Летапіс” кінастудыі ”Беларусьфільм”, з 1981 г. -літаратурным супрацоўнікам і загадчыкам аддзела прозы часопіса ”Маладосць”, загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса ”Полымя”. Сябра СП СССР з 1977 г. Першае апавяданне надрукаваў у 1972 г. у часопісе «Полымя». Аўтар зборнікаў прозы «Спелыя яблыкі» (апавяданні, 1976), «Калі ласка, скажы» (аповесць і апавяданні, 1978), «Жыціва» (аповесці, 1980), «Астравы на далёкіх азёрах» (аповесці, апавяданні, 1984), «Доказ ад процілеглага» (раман, 1985), «Мелодыі забытых песень» (аповесці, раман, апавяданні, 1988), «Карабель» (аповесці, раман, 1989), «Марсіянскае падарожжа» (аповесць, раман, 1990). Разам з А.Чарновым напісаў навукова-дакументальную кнігу пра Чарнобыль ”Сталі воды горкімі” (1991). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за аповесць «Жыціва». Літаратура: 1.Андраюк, С. Клопаты і здабыткі маладой прозы: [В.Гігевіч ”Гісторыя адной душы”] / Серафім Андраюк // А жыццё вышэй за ўсё /Серафім Андраюк.- Мн., 1992.-С.166-169. 2.Гніламёдаў, У. Пісьменнік і навізна жыцця / Уладзімір Гніламёдаў // Як само жыццё / Уладзімір Гніламёдаў.-Мн., 1980.- С.43-68. 3.Локун, В. На шляху да сінтэзу: [пра раман В.Гігевіча ”Доказ ад процілеглага”] / Валянціна Локун // На шляху да сінтэзу.-Мн., 1991.- С.218-223. 4.Верціхоўская, М. Сучасная фантастычнай проза: (на матэрыяле твораў В.Гігевіча і Я.Сіпакова) / М.І. Верцяхоўская // Беларуская мова і літаратура.- 2011.-№6.-С.21-30. 5.Тычко, Г.Ліха павінна быць пераможана ў нас саміх...: аповесць ”Пабакі” Васіля Гігевіча / Галіна Тычко // Роднае слова.-2007.-№1.-С.12-13. 6.Свечнікава, А. Вяртанне да чалавека: антыутопія ”Карабель” Васіля Гігевіча / Алена Свечнікава // Роднае слова.-2005.- №3.- С.22-24. 7.Тычко, Г. У ценю крыжа адзіноты: штрыхі творчасці В.Гігевіча / Галіна Тычко // Роднае слова.-1997.- №1.-С.28-34. |
|
|
![]() |
![]()
Сообщение
#2
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4157 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
11 сакавіка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна (11.03.1887-28.07.1920), паэта, празаіка, публіцыста, дзіцячага пісьменніка, драматурга, грамадскага дзеяча ![]() Ідуць сабе гады, ідуць, Бы карагод, бясконца, Што ў небе зорачкі вядуць Ля месяца, ля сонца. Ідуць сабе гады, ідуць - І чалавек за імі. Куды цябе яны вядуць І сьцежкамі якімі? "Няведама мне, скуль усё і што я; Няведама мне сама сьцежка мая, Няведама мне, і куды я іду. Пытаньня не маю, ці што там знайду, Не ведаю жыцьцё, ці шчасьце, ці не, - Пачалося гэта, браток, не на мне". Ідуць гады, ідуць гады, І зь імі ўсё на сьвеце. Сягоньня ты, а йшлі дзяды, А заўтра пойдуць дзеці. Ідуць гады, і ты ідзеш Ўздагонь за імі, зь імі. Нашто, скажы мне, ты жывеш І з думкамі якімі? "З аднэю я думкай у сьвеце жыву, Настаўнікам узяўшы і лес і траву, Крыніцы, і кветкі, і цемру, і сьвет, І месяц, і зоры, і сонца прывет. Прысуджаны шлях свой рабі дарагім, Красуйся на радасьць сябе і другім". Алесь Гарун — адзін з найвыдатнейшых нашых пісьменнікаў пачатку XX стагоддзя. Па таленту ён не ўступае тым, каго мы па праву называем заснавальнікамі сучаснай беларускай літаратуры — Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Максіму Гарэцкаму. Толькі лёс яго склаўся надзвычай трагічна: сам ён на працягу цэлых дзесяці гадоў быў адарваны ад свайго асяроддзя, ад роднай зямлі. Займацца літаратурнай творчасцю мог толькі ў няволі, а пад канец жыцця — ва ўмовах разбуральнай вайны, іншаземных нашэсцяў, пад уладай акупацыйных рэжымаў. Пры жыцці яго праследавала царскае самаўладства, а пасля смерці — бальшавіцкае. 3 канца 20-х гадоў беларускі народ, якому Алесь Гарун прысвяціў усё сваё жыццё, не меў права чытаць яго творы, ведаць пра яго заслугі перад роднай зямлёю. Алесь Гарун (сапраўднае - Аляксандр Прушынскі) нарадзіўся 11 сакавіка 1887 года ў фальварку Новы Двор ля Мінска (паводле іншых крыніц - у Мінску, на Багадзельнай вуліцы). Яго бацька Уладзімір Прушынскі і маці Соф'я Жывіца былі простымі прадстаўнікамі рабочай каталіцкай грамады Мінска. З дзяцінства палюбіў кніжку і ў пяць гадоў умеў чытаць па-руску і па па-польску. У далейшым скончыў мінскія 3-е гарадское прыхадское (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Такой адукацыі было дастаткова, каб пачаць самастойнае працоўнае жыццё. Гарун стаў кваліфікаваным столярам і, пачынаючы з 1902 года, працаваў у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Мінску. З 1904 далучыўся да партыі эсэраў-максімалістаў. Пачаў публікавацца з 1907 у газеце «Наша ніва». Арыштаваны 4 сакавіка 1907 у падпольнай друкарні на вуліцы Шырокай у Мінску, дзе ў той момант друкавалася адозва «Да ўсіх працоўных». У ліпені 1908 Віленскай судовай палатай асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Адбываў ссылку ў Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні — спачатку ў сяле Макараўскім над Ленай, затым у вёсцы Крывая Лука. Займаўся там сталярскімі і цяслярскімі работамі. У 1914 годзе пачаў працаваць на Лене вадалівам, а ў наступным перабраўся на прыіскі ў Бадайбо. У адным з лістоў на волю Алесь Гарун паведамляў: «У гэтым годзе ў Кірэнскі павет Іркуцкай губ. прыйшло 4 партыі, а ў іх многа "палітыкаў". Калі гэта перастануць пхаць сюды народ? I так тутака людзі галадаюць, бо для ўсіх няма работы, дык і не ўсе ўмеюць што рабіць». Самога Алеся Гаруна ратавала тое, што ён да фізічнай работы ўцягнуўся змалку. А яшчэ ж была ў яго і спецыяльнасць столяра, патрэбная ўсюды. Таму ён меў надзейную магчымасць пракарміць сябе. У Сібіры Алесь Гарун пазнаёміўся і пасябраваў з Язэпам Лёсікам, будучым выдатным грамадскім і навуковым дзеячам. Іх абодвух вызваліла з няволі Лютаўская рэвалюцыя. У верасні 1917 года Гарун вярнуўся ў Мінск, дзе адразу ж уключыўся ў ідэйна-палітычную барацьбу. Тут жа шырока разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная творчасць. У кастрычніку 1917 года на III з'ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) — галоўнай палітычнай сілы беларускага народа — Алесь Гарун выбіраецца адным з дванаццаці членаў Цэнтральнага камітэта партыі. Разам з ім былі выбраны такія дзеячы, як Змітро Жьшуновіч (Цішка Гартны), Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Дьша, Аркадзь Смоліч, Сымон Рак-Міхайлоўскі. У снежні таго ж года Алесь Гарун стаў адным з кіраўнікоў I Усебеларускага кангрэса, на які сабраліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, розных беларускіх арганізацый, раскіданых па Расіі. Ён увайшоў у склад Выканаўчага камітэта, выбранага з'ездам, і адказваў там за справы працы. Пасля распаду БСГ Алесь Гарун стаў членам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У перыяд грамадзянскай вайны найбольш выдатныя дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння, у тым ліку і Алесь Гарун, звязвалі свае надзеі з сацыялізмам. Але па прынцыповых пытаннях іх праграма кардынальна адрознівалася ад праграмы бальшавікоў. На свабодзе Алесь Гарун ніколі не спыняў актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці. У 1918 годзе, у час нямецкай акупацыі, ён рэдагаваў газету «Беларускі шлях». У жніўні 1919 года ўзначаліў Часовы беларускі нацыянальны камітэт, які ўключаў радных Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, прадстаўнікоў Культурна-асветнага таварыства, Хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці, Першага таварыства драмы і камедыі, Вучыцельскага беларускага хаўруса і інш. Гэта бьша спроба згуртавання і кансалідацыі ўсіх патрыятычна настроеных нацыянальных сіл, каб дамагчыся іх эфектыўнай дзейнасці ва ўмовах акупацыйных рэжымаў. Алесь Гарун асабіста вітаў Юзэфа Пілсудскага ў Мінску ад імя ўсяго беларускага насельніцтва, і не паскупіўся на паэтычныя вобразы ў сваёй вітальнай прамове: ”Ужо шосты тыдзень, як мы жывем спакойным жыцьцём разьвеяўся чырвоны туман, развеялася відмо галоднай сьмерці. Гэты цуд ёсьць дзелам гераічнага польскага войска, якога вы ёсьць начальнікам. Вітаю Вас ад імя нашых беларускіх дэлегацыяў, прадстаўляючых тутака беларускае насяленьне, выслаўляю гарачую падзяку за звальненьне Менску й Меншчыны ад новага цяжкага нападу маскоўскага імпэрыялізму, які на гэты раз прыбраўся ў бальшавіцкую вопратку. Але плачуць яшчэ маткі ў Віцебску, стогнуць людзі ў Магілёве, маўчыць, бо забаронены, хаўтурны голас зьімшэлых званіцаў Смаленску. Мы верым і спадзяемся, што, разам, з вольнымі Менскам, Вільняй і сівой Гародняй, вольнымі і шчасьлівымі будуць у вольнай і незалежнай Беларускай рэспубліцы нашыя адвечныя астрогі на рубяжох Масквы — Віцебск, Магілёў і стары Смаленск. Гэтага мы спадзяемся, у гэта мы верым, а гэтымі верай і надзеяй адараваў нас братні народ, якога слаўнаму прадстаўніку гатовы мы сказаць на Меншчыне ня толькі нашы сягоньняшняе «дзякуй», але й заўсёды: «Здароў будзь, прыходзь да нас, наш госьцю мілы, суседзе дарагі!» Восенню 1919 года Алесь Гарун стаў членам так званай Беларускай вайсковай камісіі, якая павінна бьша — пры дапамозе польскіх улад — арганізаваць беларускую нацыянальную армію. Аднак ніякае войска, нягледзячы на шматмесячную — знешне вельмі актыўную — дзейнасць і на шматлікія спрыяльныя абставіны, так і не бьшо створана. Польскія ўлады маглі б дазволіць толькі стварыць узброеныя сілы для барацьбы з бальшавікамі, а не для абароны інтарэсаў беларускага народа. А ў беларускіх дзеячаў былі свае планы і намеры. 3 Сібіры Алесь Гарун вярнуўся хворы на сухоты. Хвароба ўсё больш і больш абяссільвала паэта. У ліпені 1920 года яго на насілках унеслі ў санітарны цягнік, які завёз яго ў Кракаў. У гэтым жа месяцы ён і памёр, пражыўшы ўсяго толькі 33 гады. Пахаваны на вайсковых Ракавіцкіх могілках у Кракаве. I толькі амаль праз 70 гадоў пасля смерці, 24 верасня 1988 года, на яго магіле быў адкрыты помнік стараннямі актывістаў Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. Пісаць вершы Гарун пачаў змалку, спачатку на рускай мове, затым — на беларускай. Раннія яго творы да нас не дайшлі. 1905 г. датуецца паэма «Мае коляды», апублікаваная ў Вільні ў 1920 г. пад псеўданімам А. Сумны. Гэта — гісторыя нечаканага абуджэння нацыянальнай свядомасці ў беларускага вясковага хлопчыка, які прыехаў да свайго школьнага сябра і правёў свята ў асяроддзі паноў. У друку дэбютаваў вершам "Маці-Беларусі" ў 1907 г. ("Наша ніва"). Выступаў з публікацыямі вершаў і апавяданняў у газетах "Наша ніва", "Беларус", "Вольная Беларусь". У 1918 г. выйшаў зборнік "Матчын дар". У 1920 г. — зборнік п'ес для дзяцей "Жывыя казкі". Псеўданімы: Алесь Гарун, І. Жывіца, А. Новадворскі, Сальвэсь, А. Сумны Ой, спаліце, перуны, Майго Янку, бо дурны! Назаляе толькі мне, А каб сватацца, дык не! Я казала, дый не раз: Прысылай сватоў да нас; Татка добры, ён аддасць, У пасаг – цялушку дасць. А той Янка, той благі, Ўсё смяецца – «гі-гі-гі!» Да таго ж часамі кпіць: «Ну, чаго табе карціць?» Ой, праліцеся, дажджы, А ты, Яначка, пажджы: Учыню табе бяду, За нікога не пайду! Алесь Гарун быў змагаром супраць несправядлівасці, супраць прыгнёту як нацыянальнага, так і сацыяльнага, супраць хлусні, якім бы мэтам яна ні служьша. Таму ён і пасля сваёй смерці заставаўся небяспечны ўсім тым, хто баяўся праўды, як агню. Амаль цэлых шэсць дзесяцігоддзяў яго імя ганебна выкрэслівалася з гісторыі нашай літаратуры, нашага народа. Ты, мой брат, каго зваць беларусам, Роднай мовы сваёй не цурайся; Як не зрокся яе пад прымусам, Так і вольны цяпер не зракайся. Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце, Гэта скарб нам адзін захаваўся, У сялянскай аграбленай хаце Толькі ён незабраны астаўся. Ў старыну беларус, не надданы, Гаспадарыў, быў сам над сабою I далёка у свеце быў знаны За літоўскай і ляшскай зямлёю. Але час прамінуў, і нядоля На народ, як бы камень, звалілась, Беларуская слава і воля Адышла, адцвіла, закацілась. Не змяняючы шэрай апраткі, Працаваў ты, як вол, гаратліва, А у хаце тваёй недастаткі, А на ніве тваёй неўрадліва. А чаму? Ты не здольны, ці хворы, Ці благі гаспадар, ці п'яніца? Мусіць, не! Бо і іншым у пору У цябе гаспадарыць наўчыцца. Светлы розум твой, брат, але дзетак Ад цябе, як і ўсё, адбіралі I на бацькаўскі родны палетак Працаваць-памагаць не пушчалі. Хто хацеў, той і смеў рабаваці, Без прыпросу з'язджаліся госці — Абдзіраць, аб'ядаць, апіваці І крышыць гаспадарскія косці. Можа б, ты і памёр і загінуў, Каб не вешчая мова Баяна. Хто ж быў добры, яе хоць пакінуў? Як жа так, што яшчэ не забрана? Бо што бачылі госцікі-герцы — І зямлю, і лясы, і кілімы, — Ўсё забралі. А мову у сэрцы, Ў сваім сэрцы хавалі-няслі мы. Дык шануй, беларус, сваю мову — Гэта скарб нам на вечныя годы; За пашану радзімаму слову Ушануюць нас брацця-народы! |
|
|
![]() ![]() |
Текстовая версия | Сейчас: 16.6.2025, 5:25 |