Акцыя "Чытаем беларускую кнігу", Літаратурныя юбілеі |
Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )
![]() ![]() |
Акцыя "Чытаем беларускую кнігу", Літаратурныя юбілеі |
![]()
Сообщение
#1
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4216 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
Высокі спеў жаўрука 19 жніўня – 115 гадоў з дня нараджэння Алеся Жаўрука (1910-1942), паэта, ваеннага карэспандэнта. У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з усімі на палях бітваў змагаліся супраць гітлераўскіх захопнікаў і пісьменнікі. Многія з іх не дажылі да Дня Перамогі, аднак пакінулі пасля сябе след, што застанецца навечна. Адным з такіх маладых і таленавітых творцаў быў і паэт Алесь Жаўрук (сапраўднае імя Аляксандр Дзмітрыевіч Сінічкін). Нрадзіўся ён у г.Сянно Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. У хуткім часе сям’я пераехала ў г.Рагачоў Гомельскай вобласці, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага паэта. Ужо з дзяцінства Алесь пачаў цікавіцца літаратурай. У час вучобы ў школе выступаў з чытаннямі на творчых вечарах, пісаў вершы для вучнёўскай насценгазеты, выдаваў рукапісны часопіс з вершамі, кароткімі апавяданнямі, замалёўкамі з жыцця класа і горада. Разам з сябрам, будучым вядомым беларускім паэтам А.Зарыцкім, выпускаў гумарыстычную газету “Смех і слёзы”. Упершыню творы А.Жаўрука былі надрукаваны ў 1926г. у бабруйскай акруговай газеце “Камуніст”, потым з’явіліся ў яе літаратурным дадатку “Вясна” і абласной газеце “Магілёўскі селянін”. У 1927 г. ён паступіў у Рагачоўскі педагагічны тэхнікум, пасля заканчэння якога настаўнічаў у саўгасе “Сосны” на Любаньшчыне. У 1934-1938гг. вучыўся на літаратурным факультэце Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры імя М.Г. Чарнышэўскага. У гэты перыяд плённа працаваў, стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР (1937). Асноўныя тэмы паэзіі – дружба, любоў, родны край, адданасць Радзіме і інш. З друку выйшлі зборнікі вершаў “Ручаіны” (1936) і “Дняпро выходзіць з берагоў” (1938). Найбольш значны твор А. Жаўрука – паэма “Крывёю сэрца” (1937), прысвечаная грамадзянскай вайне ў Іспаніі. Разам з А.Ушаковым напісаў паэмы для дзяцей “Пра майго таварыша” і “Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада” (1939), лібрэта першай беларускай аперэты “Зарэчны барок” (пастаўлена ў 1940г.) З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны паэт апынуўся на фронце. Працаваў у рэдакцыі газеты 62-й арміі “На защиту Родины”, удзельнічаў у абароне Сталінграда. У перапынках паміж баямі пісаў вершы, асноўнымі тэмамі якіх былі барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, помста ворагам, любоў да роднай зямлі і вера ў перамогу (“Аленка”, “Стихи о мести”, “Комсомолец Батин”, “Ружа” і інш.). У жніўні 1942 г. у час бамбёжкі Сталінграда А. Жаўрук быў цяжка паранены і праз некаторы час загінуў пры эвакуацыі шпіталя. У пасляваенныя гады надрукаваны зборнікі паэта “Пра майго катка” (вершы для дзяцей, напісаныя сумесна з А.Ушаковым, 1950 г.), “Выбранае” (1960), “Крывёю сэрца” (1987). У 1964 г. Мінскай тэлестудыяй быў зняты фільм пра А. Жаўрука “Песня и вела и грела”. Яго імем названы вуліцы ў Сянно і Рагачове. Бібліяграфія Варанько, К. Д. Жыццё і творчасць пісьменнікаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны : матэрыял у дапамогу настаўніку / К. Д. Варанько // Беларуская мова і літаратура. Серыя "У дапамогу педагогу" . - 2018. — № 1. — С. 38—41. Камейша, К. Высокі спеў жаўрука : пра паэта А.Жаўрука / К.Камейша // Лiтаратура i мастацтва. — 2010. — 27 жн. — C.1. Стрелец, М. Слово о талантливом белорусском поэте : 19 августа исполняется 110 лет со дня рождения белорусского поэта Александра Дмитриевича Синичкина. Он подписывал свои творения как Алесь Жаврук / Михаил Стрелец // Звязда. - 2020. — 12 жн. — С. 9. |
|
|
![]()
Сообщение
#2
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4216 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
Патрыярх дзіцячай паэзіі 15 ліпеня – 125 гадоў з дня нараджэння У.М. Дубоўкі (1900-1976), паэта, празаіка, перакладчыка. Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка, таленавіты паэт і празаік, публіцыст, крытык, перакладчык і мовазнавец, нарадзіўся ў в. Агароднікі Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці). У беларускай паэзіі імя У.Дубоўкі стала вядомым у 1921 г., калі ў газеце “Савецкая Беларусь” быў апублікаваны яго верш “Сонца Беларусі”. А ўжо праз два гады ў Вільні з’явілася першая кніжка “Строма”, якая выклікала цікавасць чытачоў і крытыкаў. Наступныя зборнікі “Там, дзе кіпарысы” і “Трысцё” (1925), “Credo” (1926) былі надрукаваны ў Мінску, зборнік “Наля” (1927) – у Маскве. Вершы У.Дубоўкі вылучаюцца лірычнасцю, паэтычнай вобразнасцю, арганічнай сувяззю з фальклорам, а таксама патрыятычным пафасам, увагай да гераічных старонак нацыянальнай гісторыі. Свае разважанні над лёсам краіныён працягваў у паэмах “Кругі” (1927), “І пурпурных ветразей узвівы” і “Штурмуйце будучыні аванпосты!” (1929). У іх услаўляецца рэвалюцыя, расказваецца пра індустрыялізацыю, калектывізацыю. У 1958 годзе пачаўся новы перыяд дзейнасці У.Дубоўкі. У гэтым годзе была створана паэма “Перад імем Любові”, у якой апісана мужнасць і самаахвярнасць жанчын, іх нялёгкі лёс у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ваенная тэма працягваецца і ў шэрагу балад і паэме “Беларуская Адрыяна” (1960), дзе былі выкарыстаны эпізоды з біяграфіі А.І.Казей. Асобнай старонкай літаратурнай дзейнасці У.Дубоўкі сталі творы для дзяцей. Пачынаў пісьменнік з казак. Яшчэ ў 1927 г. з’явілася першая – “Залатое дно”, потым – “Музыка-чарадзейнік”(1929). Сюжэты казак У.Дубоўка знаходзіў у працах фалькларыстаў А.Серпужтоўскага, М.Федароўскага, У.Дабравольскага і інш. З высокім майстэрствам ён рабіў іх апрацоўкі і ствараў свой непаўторны казачна-міфалагічны свет ў зборніках “Цудоўная знаходка” (1960), “Кветкі – сонцавы дзеткі” (1963), “Казкі” (1968), “Залатыя зярняты” (1975). Ён з’яўляецца таксама аўтарам навукова-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей “Жоўтая акацыя” (1967), “Ганна Алелька” (1969) і “Як Алік у тайзе заблудзіўся” (1974), якія займальна папулярызуюць даследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. 20 сакавіка 1976 года У.Дубоўка памёр, пахаваны ў Маскве. На шашы Полацк – Вільнюс, насупраць в.Агароднікі, у гонар пісьменніка ўстаноўлены памятны камень. Бібліяграфія 1. 15 ліпеня — 110 гадоў з дня нараджэння У.М.Дубоўкі (1900-1976), пісьменніка, перакладчыка // Новыя кнiгi (дадатак). - 2010. - №4. - C.12-15. 2. Багдановiч, I. Жыццё і творчасць Уладзіміра Дубоўкі / І.Багдановіч // Беларуская мова i лiтаратура. - 2009. - №6. - C.8-13. 3. Багдановiч, I. "Перламутны смутак у імгле..." або Футурыстычная "заумь" Уладзіміра Дубоўкі / Ірына Багдановіч // Роднае слова. - 2006. - №11. - C.23-25. 4. Будовіч, Я. "Жыццё маё — ці васілёк, ці ружа..." / Яна Будовіч // Літаратура і мастацтва. - 2020. — 31 ліп. — С. 11. 5. Грыневіч, Я. І. Уладзімір Дубоўка і беларускі фальклор / Яніна Грыневіч // Роднае слова. - 2023. — № 7. — С. 42—45. |
|
|
![]()
Сообщение
#3
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4216 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
Паэт Купалаўскай школы 25 чэрвеня – 110 гадоў з дня нараджэння П.У. Броўкі (1905-1980), паэта, празаіка, грамадскага дзеяча, народнага паэта Беларусі. Сярод беларускіх пісьменнікаў, якія пакінулі нашчадкам багатую творчую спадчыну і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, пачэснае месца займае Пятрусь (Петр Усцінавіч) Броўка. Ён доўгі час знаходзіўся ў эпіцэнтры літаратурнага жыцця краіны, актыўна ўплаваў на яго не толькі як творца, але і як сапраўдны летапісец-мастак свайго часу. Нарадзіўся П. Броўка на Віцебшчыне ў сялянскай сям’і. У 1931г. скончыў літаратурна-лінгвіністычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1940г. прызначаны галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. З 1941 па 1942гг. працаваў у франтавой газеце “За Савецкую Беларусь”, публікаваўся ў партызанскім друку. З 1948 па 1967 гг. з’яўляўся старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, з 1967 па 1980гг. галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” (зараз носіць яго імя). 1930-я гг. – час інтэнсіўнага таленту пісьменіка. У гэты перыяд з’явіліся зборнікі паэзіі “Прамова фактамі”, “Гады як шторм”, “Цэхавыя будні” і інш. Пятрусь Броўка пісаў пра пачуцці, сяброўства, каханне, радасць працы. Паэта цікавілі падзеі не толькі сучаснага яму жыцця, але і грамадзянскай і Першай сусветнай войнаў. Гэта знайшло адлюстраванне ў паэмах “Праз горы і стэп”, “Шляхамі баравымі” і інш. У гады Вялікай Айчыннай вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэалістычны змест паэзіі П.Броўкі, узмацняецца яго патрыятычнае гучанне. Балючыя, шчымлівыя вершы, балады, паэмы распавядаюць пра Надзю-Надзейку, закатаваную фашыстамі, пра спаленыя вёскі, першыя пасляваенныя барозны і жмені зярнят, што кінулі ў зямлю рукі сейбіта, пра слёзы герояў-франтавікоў, якія засталі папялішчы на месцы родных хат. Тэма вайны раскрыта ў лепшай паэме “Голас сэрца”. Яна прысвечана маці паэта, якая загінула ў Асвенцыме. У літаратурнай спадчыне П. Броўкі акрамя паэтычных ёсць і празаічныя творы. Яго шлях як празаіка пачаўся з ранніх апавяданняў “Сымонава гара”, “Памылка”, “Тры сасны”. У апошнюю кнігу прозы “Разам з камісарам” ўвайшлі аўтабіяграфічныя апавяданні і аповесць “Донька-Даніэль”. Пятрусь Броўка пісаў таксама творы для дзяцей, займаўся мастацкім перакладам, публіцыстыкай, працаваў над лібрэта опер. Урад высока ацаніў творчую і грамадскую дзейасць пісьменніка. У 1972 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. Пісьменнік узнагароджаны шматлікімі медалямі і наградламі. Бібліяграфія: 1. Бадылевіч, К. Гісторыя ў рарытэтных экспанатах Літаратурнага музея Петруся Броўкі / Карына Бадылевіч // Роднае слова. - 2021. — № 7.— C. 21—22, укл. 2. Бровка Петрусь (Петр Устинович), белорусский поэт, общественный деятель // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биограф. справ. / сост. И.Н. Кулан [и др.]; под общ. ред. А.Н. Новикова. — Минск, 2014. — С. 52. 3. Грышчык, Н 10 фактаў пра ПятрусяБроўку / Наста Грышчук // Літаратура і мастацтва. - 2015. — 26 чэрв. — С. 7. 4. Мiшчанчук, М. "На сэрцы шчасця асалода..." : лірыка кахання Петруся Броўкі ; Мікола Мішчанчук // Роднае слова. - 2005. — №6.— C.3—6. 5. Пракаповіч, І Патрыятычны, вызваленчы пафас твораў П.Броўкі ваеннага часу / І.В. Пракаповіч // Беларуская мова і літаратура . - 2015. — №6. — С. 48—52. |
|
|
![]()
Сообщение
#4
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4216 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
Узвіхраны ветразь 6 мая — 120 гадоў з дня нараджэння Ю.П. Гаўрука (1905-1979), паэта, перакладчыка, крытыка. Станаўленне нацыянальнай беларускай школы мастацкага перакладу адбылося ў ХХ ст. Сярод тых, хто стаяў ля яе вытокаў, - таленавіты паэт, крытык, тэатразнавец і фалькларыст Юрый Паўлавіч Гаўрук. Нарадзіўся ён у Слуцку у сям’і рабочага. З ранніх гадоў захапіўся літаратурай. Ён перачытаў амаль усіх рускіх класікаў. Каб авалодаць у арыгінале раманам В.Гюго “Собор Парижской Богоматери”, вывучаў, карыстаючыся слоўнікам, французскую мову, браў прыватныя ўрокі англійскай. У 1922г. Ю. Гаўрук паступіў у Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут у Маскве на інструктарскае аддзяленне па класах крытыкі, фальклору і мастацкага перакладу. З вялікай удзячнасцю ўспамінаў сваіх выкладчыкаў – В. Брусава, М.Эйхенгольца, Ю. Сакалова. Перад студэнтамі часта выступалі С.Ясенін і У. Маякоўскі, якія чыталі свае вершы. У час вучобы Ю. Гаўрук пазнаёміўся і пасябраваў з беларускімі паэтамі М.Чаротам і У.Дубоўкам. Творчую дзейнасць Ю.Гаўрук пачаў са збірання і вывучэння беларускага фальклору. Яшчэ студэнтам, калі прыязджаў на канікулы, запісаў на Случчыне ў 1924г. больш за 1000 народных песень і казак. Аднак найбольш ярка яго талент раскрыўся ў галіне перакладу. Дэбютаваў вершам Г.Гейне “Ткачы” (1925), у якім на беларускай мове дасканала перадаў асаблівасці кампазіцыі твора, форму, рытміку і рыфмоўку. У 1928 годзе выйшаў зборнік “Кветкі з чужых палёў”, дзе былі змешчаны вершы англійскіх, нямецкіх, французскіх і польскіх паэтаў, перакладзеныя Ю.Гаўруком. Шмат працаваў ён і над драматургічнымі творамі. Першым стаў пераклад камедыі У.Шэкспіра “Сон у летнюю ноч” (1925, для Беларускай драматычнай студыі ў Маскве). Пераклады Ю.Гаўрука цікавыя з пункту гледжання перадачы мастацкіх вобразаў, матываў, ідэі і арыгінальнасці твора. Пры гэтым у іх раскрываюцца выяўленчыя магчымасці беларускай мовы. Сапраўднай падзеяй у тэатральным жыцці нашай краіны сталі перакладзеныя Ю.Гаўруком трагедыі У.Шэкспіра “Атэла”, “Гамлет”, “Кароль Лір”, “Антоній і Клеапатра”. Літаратурная спадчына Ю.Гаўрука даволі разнастайная – арыгінальныя вершы, паэмы, апавяданні, нарысы і рэцэнзіі. Ён аўтар кнігі “Вясковыя рыскі” (1926), дзе змешчаны краязнаўчыя нататкі. Пасля смерці пісьменніка яго асноўныя артыкулы па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, а таксама эсэ ўвайшлі ў кнігу “Ступень адказнасці” (1986). Бібліяграфія: 1. Гаўрук, Ю. П. І сонца, і хмары… / Ю.П. Гаўрук // Пра час і пра сябе: аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. – Мінск, 1966. – С. 96-105. 2. Жук, Т. І. Юрка Гаўрук: старонкі жыцця і творчай дзейнасці (па матэрыялах рукапіснага фонду Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН) / Т. І. Жук // Матэрыялы ХІХ Міжнародных краязнаўчых чытанняў, Мінск, 27-28 крас., 2023г. / НББ. – Мінск, 2023. – С. 13-20. 3. Гаравая, І. “Чужыя кветкі” на беларускай глебе: перакладніцкая дзейнасць Юркі Гаўрука / Інга Гаравая // Роднае слова. – 2005. - № 4. - С. 3-5. 4. Садоўская, Л. Юрка Гаўрук, перакладчык і паэт / Л. Садоўская // Бібліятэка прапануе. – 2004. – № 1. – С. 5-6. |
|
|
![]()
Сообщение
#5
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4216 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
З плеяды палымяных патрыётаў : жыццевы і творчы шлях Язэпа Дылы 14 красавіка — 145 гадоў з дня нараджэння Я. Дылы(1880-1973), пісьменніка, тэатразнаўца, грамадскага дзеяча. Беларускі дзяржаўны дзеяч Язеп (Восіп Лявонавіч) Дыла быў не толькі адметным кіраўніком, але і таленавітым пісьменнікам. Стаў вядомым дзякуючы сваёй шматграннай дзейнасці і энцыклапедычнасці ведаў, атрыманых шляхам самаадукацыі. Нарадзіўся Я.Дыла ў сям’і служачага ў Слуцку. Уплыў на фарміраванне яго светапогляду аказала бабуля Дамініка Куляшэвіч, у якой ён выхоўваўся. Ад яе будучы пісьменнік пачуў шмат беларускіх песень, казак і легенд. Не менш значны ўплыў на духоўнае развіццё Я.Дылы аказалі дваюрадны брат Нічыпар Дыла, які любіў паказваць лялечныя спектаклі, а таксама мясцовы настаўнік Альгерд Абуховіч-Бандзінелі. Літаратурную дзейнасць Я.Дыла пачаў яшчэ ў 1909 г. Першыя творы (абразок “Перад раніцаю” і верш “Вечар ясны, ціхі…”) надрукаваны ў 1912 г. у газеце “Наша ніва”, у 1913 г. там жа з’явіўся яго верш “Пад хмурным небам”. У 1918 г. змясціў у газеце “Дзянніца” шэраг публіцыстычных артыкулаў. У перыядычным друку былі апублікаваны таксама апавяданні, рэцэнзіі. Язэп Дыла меў шмат псеўданімаў. Ён — адзін з пачынальнікаў беларускай гістарычнай прозы і драматургіі. У аснове незакончанага рамана “На шляху з варагаў у грэкі” заключана думка пра самабытнасць і дасканаласць дахрысціянскай культуры продкаў беларусаў. Апісваюцца два розныя ўклады жыцця, дзве культуры: славянская (дрыгавіцкая) і ўсходняя (візантыйская). Ён напісаў таксама гістарычную аповесць “Настася Мякота” (1968; пазней мела назву “У імя дзяцей”), якая апавядае пра абарону Слуцка ад татарскага набегу ў ХІІІ ст. Выдаў кнігі для дзяцей “Храбры Юрка” (1934), “Белачка” (1935). Аўтар гістарычных драм “Панскі гайдук” (прысвечана народным паўстанням канца ХVІ ст.), “Юнак з Крошына” (пра Паўлюка Багрыма), “Падуанскі студэнт” (пра Францыску Скарыну) і іншыя. Навуковае значэнне маюць успаміны пісьменніка пра А. Абуховіча, Я.Купалу, Я.Коласа, Ц. Гартнага, Я.Райніса, якіх ён добра ведаў. Рукапісная спадчына Я.Дылы, яго фотаздымкі і іншыя матэрыялы захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. КрапівыНАН Беларусі, Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі. Бібліяграфія 1. Асаёнак, В. Я. 14 красавіка - 140 гадоў з дня нараджэння Я.Дылы (1880 - 1973), пісьменніка, тэатразнаўца, грамадскага дзеяча : бібліяграфічны спіс / склад. В. Я. Асаёнак [і інш.], рэд. К. Д. Варанько // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. - 2020. — № 1. — С. 15—16 (дадатак). 2. Іофе, Э. Р. Язэп Дыла: пісьменнік, які займаў дваццаць сем пасад / Эмануіл Іофе // Полымя. - 2020. — № 4. — С. 108—113. 3. Рублевская, Л. И. Племянник слуцкого батлеечника. Язеп Дыло (1880-1973) / Людмила Рублевская // Рифма ценою в жизнь: эссе по истории белорус. Лит. / Людмила Рублевская. – Минск, 2013. – С. 102–107. |
|
|
![]()
Сообщение
#6
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4216 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
Жыццёвая балада Віктара Шніпа 26 сакавіка — 65 гадоў з дня нараджэння В.А. Шніпа (1960), паэта, празаіка, перакладчыка. Віктар Анатольевіч Шніп нарадзіўся 26 сакавіка 1960 г. у вёсцы Пугачы Валожынскага раёна. Скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1978), Вышэйшыя літаратурныя курсы Літаратурнага інстытута імя М.Горкага ў Маскве (1987). Працаваў у часопісе “Беларусь” (1987-1991), газетах “Наша слова” (1991-1995), і “Літаратура і мастацтва” (1995-2003). У 2003-2008 гг. намеснік галоўнага рэдактара, а з 2008 г. галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1984 г. Лаўрэат прэмій імя Уладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузіі (1987 г., за зборнік “Гронка святла”), літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” (2007 г., за кнігу “Балада камянёў”, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2008 г., за кнігу “Страла кахання, любові крыж”), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2019). Віктар Шніп – з кагорты самых пазнавальных паэтаў Беларусі. Такіх у нас нямнога, чые радкі не зблытаеш з ніякімі іншымі.Кожны ягоны верш – гэта густая повязь радкоў, дзе наступны раскрывае сутнасць, тлумачыць і ўзбагачае радок папярэдні. Часам такія азначэнні бываюць наўпрост парадаксальнымі. Але самае цікавае: многія вершы па сваім сэнсе – плынь, дзе думкі чапляюцца адна за другую, звіваюцца, і табе, чытачу, не даведацца, куды, урэшце, выверне паэт. І пасля ствараецца не столькі знешняя карцінка пабачанага, а жывы асацыятыўны пазл, настрой і ўспрыманне свету. Балада – улюбёны жанр паэта (бадай, не знайсці знакамітую постаць, якую абмінула яго пяро), іх у яго незлічоная колькасць, сур’ёзных, пафасных і парадыйных, хуліганскіх: “Балада Янкі Купалы”, “Балада Рыгора Барадуліна”, “Балада Карліка”, “Балада пустэльніка”, “Балада залатога ланцежка” … Віктар Шніп — з кагорты паэтаў прыкметных. І праз многія гады сваёй творчасці ён застаецца паслядоўным ахоўнікам роднай мовы, роднай беларускай культуры і асветніцтва. І, канешне ж, — народнай культуры, гістарычнай памяці беларусаў. Пацвярджаюць гэтатворы «Сані», «Куфар», «Вядро», «Вячэра», «Кажух», «Кудзеля», «Брук», «Барана»… У зборніках «Шляхам ветру» (1990), «На рэштках Храма» (1994), «Беларускае мора» (2004), «Страла кахання, любові крыж» (2008), «Проза і паэзія агню» (2010), «Першы папяровы снег» (2014), «Тутэйшая туга» (2014) знайшлі выяўленне вечныя тэмы чалавечага быцця і зварот да канкрэтных набалелых пытанняў сучаснасці. Бібліяграфія 1. Адам, М. Неспасціжная веліч травы / Мікола Адам // Полымя. - 2019. — № 2. — С. 170—172. 2. Бельскі, А. І. Балады Віктара Шніпа / Алесь Бельскі // Галасы і вобразы : літ.-крыт артыкулы / А. І. Бельскі. - Мінск, 2008. — С. 175—187. 3. Гниломедов, В. Путем поэта / В. Гниломедов // Нёман. - 2015. — № 2. — С. 188—198. 4. Марціновіч, А Баладны лад / Алесь Марціновіч // Літаратура і мастацтва. - 2016. — 19 лют. — С. 6. |
|
|
![]()
Сообщение
#7
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4216 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
Досвед і мудрасць Івана Навуменкі У сузор'і пісьменнікаў, якія ў сваіх творах адлюстравалі тэму Вялікай Айчыннай вайны, Івану Якаўлевічу Навуменку належыць адно з самых значных месцаў. Гэта ён – усёй духоўнай сутнасцю сваіх герояў – сцвярджаў, што беларуская літаратура пра вайну не ваенная, а антываенная, адна з самых гуманных літаратур свету. Нарадзіўся І. Навуменка ў г. Васілевічы Рэчыцкага раёнаГомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка. У сярэдняй школе ўсе прадметы здольнаму вучню даваліся лёгка, але асабліва ён любіў літаратуру. Зачытваўся творамі Ж.Верна, М.Рыда, А.Дзюма, І.Тургенева, Л.Талстога, захапляўся паэзіяй Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Вершы пачаў пісаць яшчэ ў малодшых класах. Дасылаў іх і шматлікія нататкі ў мясцовую раённую газету. У старэйшых класах спрабаваў друкаваць артыкулы і рэцэнзіі на мастацкія творы. За адзін год экстэрнам здаў экзамены за восьмы і дзевяты класы. Ён марыў сур'ёзна займацца літаратурай, але ўсе планы перакрэсліла вайна. Сямнаццацігадовым юнаком уключыўся І.Навуменка ў барацьбу з акупантамі: прымаў актыўны ўдзел у падпольнай дзейнасці, быў сувязным і партызанам Васілевіцкай брыгады імя П.Панамарэнкі ўваходзіў у армейскую разведвальна-дыверсіённую групу. Разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічаў у вызваленні ад фашыстаў родных мясцін. Закончыў вайну ў Сілезіі. Пачаткам літаратурнай дзейнасці пісьменніка лічыцца 1955 г. У гэты час у часопісе «Маладосць» былі апублікаваны яго першыяапавяданні «Сідар і Гераська» і «Эх, махорачка». З 1957 г. кніга за кнігай пачалі выдавацца зборнікі апавяданняў, навэл і аповесцей – «Семнаццатай вясной» (1957), «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960), «Бульба» (1964), «Таполі юнацтва» (1966, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, 1967), «Пераломны ўзрост» (1986), «Водгулле далёкіх вёснаў» (1989) і інш. У творах адлюстраваны лёс пакалення аднагодкаў аўтара, якое, нягледзячы на цяжкія ваенныя гады і супярэчнасці жыцця, захавала рамантычны, часам летуценны погляд на рэчаіснасць. Найбольш поўна тэма Вялікай Айчыннай вайны раскрыта ў раманах «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973). Аўтар паказаў складаны і супярэчлівы працэс фарміравання волі і характараў маладых людзей, выхаваных у 1930-я гг. у духу патрыятызму, гатовых да подзвігу ў імя Радзімы. У суровыя гады вайны героі твораў І.Навуменкі, праходзячы праз сур'ёзныя выпрабаванні, паказваюць веліч і прыгажосць чалавечага духу. У раманах, створаных у 1970-80-я гг. («Смутак белых начэй», «Летуценнік», «Асеннія мелодыі»), паўстае вобраз беларускага інтэлігента старэйшага пакалення. Сучаснае жыццё з усімі яго канфліктамі, супярэчлівасцямі асэнсоўваецца пісьменнікам у апошнім значным творы – трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яго працягу «Любімы горад» (1999). Больш за 50 гадоў працаваў пісьменнік на ніве роднай літаратуры. Творы І.Навуменкі прасякнуты шчырасцю, праўдзівасцю, глыбокімі пачуццямі. Бібліяграфія: .1. Алейнік, Л. Досвед і мудрасць Івана Навуменкі / Лада Алейнік // Пясочны гадзіннік :літ.-крыт. арт., нарысы, рэц., нататкі / Лада Алейнік. – Мінск, 2010. – С. 77-84. 2. Бугаёў, Д. Я. Шырыня натуры, багацце здзяйсненняў (Іван Навуменка) / Д. Я. Бугаёў // Жыццём ідучы : з гісторыі беларус. літ. і літ. крытыкі / Д. Я. Бугаёў ; БДУ. – Мінск, 2013. – С. 11-17. 3. Грамадчанка, Т. К. Лёс хлопцаў-равеснікаў у ваенных раманах Івана Навуменкі / Т. К. Грамадчанка // Беларуская проза ХХ стагоддзя : постаці, творы, праблемы : дапаможнік / Т. К. Грамадчанка. – Мінск, 2009. – С. 41-46. 4. Тычко, Г.К. Вайна ў жыцці і творчасці Івана Навуменкі / Г.К. Тычко // Беларуская літаратура ХІХ -ХХ стагоддзяў: час і асобы / Г.К. Тычко. – Мінск, 2010. – С. 157-164 |
|
|
![]() ![]() |
Текстовая версия | Сейчас: 2.8.2025, 14:45 |