Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2012, Літаратурныя юбілеі |
Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )
Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2012, Літаратурныя юбілеі |
![]()
Сообщение
#15
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4157 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
"Слова кліча - сэнс адгукаецца..." 5 снежня спаўняецца 65 год з дня нараджэння Алеся Разанава, беларускага пісьменніка і перакладчыка. ![]() Алесь Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і служачых. Бацька — Сцяпан Раазанаў паходзіць з Тамбоўскай вобласці, прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе і застаўся. У 1966 годзе Алесь Разанаў паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. Пасля выключэння з БДУ працягнуў вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, які закончыў у 1970 годзе. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна, з 1972 года ў Мінску — літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» часопіса “Родная прырода”, з 1974 года — рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура», з 1994 года - у часопісе «Крыніца». Пачаў друкавацца ў 1961 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі: «Адраджэньне» (1970) (першапачатковая назва — «Адрачэньне») «Назаўжды» (1974) «Каардынаты быцьця» (1976) «Шлях — 360» (1981) «Вастрыё стралы» (1988) «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992) «Паляванне ў райскай даліне» (1994) «Гліна. Камень. Жалеза» (2000) «Wortdichte» (2003) (па-нямецку) «Кніга ўзнаўленняў» (2005) «Лясная дарога: версэты» (2005) «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць: паэмы» (2006) «Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры» (2007) «Пчала пачала паломнічаць: вершаказы» (2009) «Сума немагчымасцяў: зномы» (2009) «Воплескі даланёю адною: пункціры» (2010) «З апокрыфа ў канон: гутаркі, выступленні, нататкі» (2010) «З: Вяліміра Хлебнікава» (2011) «І потым нанава пачаць: квантэмы, злёсы, вершы» (2011) Творы Алеся Разанава перакладзены больш чым на 20 моў, асобнымi выданнямi выйшлi кнiгi ў Грузii, Германii, Балгарыi, Польшчы. Робіць пераклады з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Сярод іх пераклад п’есы Ўільяма Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (аўт. «Сон у Іванаву ноч» у зборніку «Тры камедыі», Пераклаў на беларускую мову раман Ё. Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы», хоку Мацуа Басё. Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1990) за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы». Алесь Разанаў – паэт-філосаф і словатворца. Ён наватар у галіне вершаскладання: заснаваў і ўвёў новыя формы – квантэмы, пункціры, версэты, вершаказы, зномы. Алесь Разааў не проста гуляе са словамі, зя яго эксперыментам – пэўная філасофія і метафізічны падтэкст. Самая адметная якасць яго паэзіі – інтэлектуалізм. Мастак слова імкнецца акрэсліць “каардынаты быцця”, месца Чалавека ў Сусвеце, знайсці адказы на самыя важныя філасофскія пытанні. З усіх дрэў дуб самы дужы, самы векавечны, самы даўні і самы будучы – ён увасабляе сабою трыяду часу: даўніну, цяпершчыну і будучыню і сваім існаваннем сцвярджае: быў, ёсць, буду. Аб дубе бытуюць паданні, але сам ён не дбае аб тым, каб каму-небудзь падабацца: уся яго турбота – каб і ўлетку, і ўзімку быць сабою самім – дубам. Усё, што робіцца з дуба, усё, што з яго будуецца, мае адменны характар: яно трывалае, яно добрае – яго не паточыць шашаль і ў ім не наробіць гёздаў цвіль. Дуб і падобны да ўсіх іншых дрэў, і адрозніваецца ад іх менавіта сваёй большай драўлянасцю, дрэвавасцю: ён дрэва ў дзве кроці, у два разы, у “дубль”. Дуб – тутэйшае дрэва ведаў: на ім сядзіць вешчая птушка бусел, пад ім – сівы дзед: вясковы буда. /Дуб/ Жалеза ляжыць у зямлі, у залежы, у глыжы, калі ж яго дастаюць на паверхню зямлі, яго ліжа агонь і хрысціць молат, вылуджваючы і выштурхоўваючы яго са стану золаку у стан дня. Жалеза мае мноства характараў, мноства кшталтаў: яно і лязо, яно і лыжка, яно і плуг, яно і жазло, але які кшталт яно мусіць займець, у які характар ужыцца, чый бок узяць – зла ці дабра – залежыць не ад яго. З кім жалеза варагуе, таго яно джаліць, з кім прыязніцца, да таго мае жаль. Джалячы, жалеза цэліцца ў жылу, лечачы, уздзейнічае на кроў і залозы і набліжае чалавека да адказнасці за самога сябе і за ўсіх, і робіць чалавека заложнікам яго ж учынкаў. Калі жалеза разважае пра сваё месца ў жыцці, яго залоціць іржа, калі знаходзіць яго – спаборнічае з бліскавіцай. /Жалеза/ Літаратура: 1. Ярац, В. Беларускі хлеб: [творчасць Алеся Разанава] /В.Ярац // Роднае слова. - 2012. - №4. - C.32-34. 2. Рагатоўская, Н. Тэма бацькаўшчыны ў лірыцы Алеся Разанава / Н.Рагатоўская // Беларуская мова i лiтаратура. - 2012. - №2. - C.42-46. 3. Штейнер, И. Вольные рассуждения по поводу выхода сборника А.Рязанова "З Вяліміра Хлебнікава" И. Штейнер // Неман. - 2011. - №11. - C.203-211. 4. Мяжэвiч, В. Вывучэнне творчасці Алеся Разанава ў школе / В.Мяжэвіч // Беларуская мова i лiтаратура. - 2011. - №7. - C.28-31. 5. Штейнер, И. Криница, из которой пил святой: философская лирика Алеся Рязанова / И.Штейнер // Неман. - 2010. - №8. - C.209-221. 6. Аляшкевiч, Т. Гук і сэнс у паэтычным космасе Алеся Разанава / Т. Аляшкевіч // Роднае слова. - 2010. - №2. - C.122-129. 7. Чарнякевiч, Ц. Воін хавае меч: [творчасць Алеся Разанава] / Ц.Чарнякевіч // Лiтаратура i мастацтва. - 2010. - №4. - 29 студзеня. - C.12. 8. Поўх, I. Тэма паэта і паэзіі ў цыкле "Зномы" Алеся Разанава / І.Поўх // Роднае слова. - 2009. - №9. - C.25-28. 9. Бельскi, А. Беларуская літаратура на сучасным этапе: [у т.л. пра творчасць А.Разанава] / А.Бельскі // Беларуская мова i лiтаратура. - 2009. - №3. - C.6-19 10. Шчур, М. Некласіфікавальны класік: [паэт Алесь Разанаў] / М.Шчур // Лiтаратура i мастацтва. - 2007. - №47. - 7 снежня. - C.1,14 11. Джундова, I. Жыцьцё – вандроўніцтва: [творчасць Алеся Разанава] /І.Джундова // Дзеяслоў. - 2006. - №6(25). - C.295-299. 12. Цiхановiч, Т. "Сцежкі, якія ўва мне...": [пра творчасць Алеся Разанава]/ Т.Ціхановіч // Лiтаратура i мастацтва. - 2006. - №30. - C.6. 13. Лявонава, Е. "Слова кліча - сэнс адгукаецца...": [пра нямецкую кнігу вершасловаў Алеся Разанава] Е.Лявонава // Лiтаратура i мастацтва. - 2004. - 9 красавіка. - C.6 14. Ламека, Н. Зямлі вяртаючы нябёсы...: творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сусветнай культуры / Н.Ламека // Роднае слова. - 2004. - №2. - С.28-31 |
|
|
![]()
Сообщение
#16
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4157 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
”Я – акіяну жытняга Колас” 3 лістапада спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа ![]() Ад роднае зямлі, ад гоману бароў, Ад казак вечароў, Ад песень дудароў, Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей, Ад шолаху начэй, Ад тысячы ніцей, 3 якіх аснована і выткана жыццё I злучана быццё і небыццё,— Збіраўся скарб, струменіўся няспынна, Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў, I выхаду шукаў Адбітак родных з’яў У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных. I гэты скарб, пазычаны, адбіты, У сэрцы перажыты I росамі абмыты Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых, Для вас, душою чулых, Як доўг, як дар, Дае пясняр. Сымон-музыка Сябра і паплечнік Янкі Купалы – Якуб Колас – паэт, празаік, драматург, крытык, дзіцячы пісьменнік, вучоны, публіцыст – няма, здаецца, у беларускай літаратуры такога жанру, дзе не заззяла б якая-небудзь грань яго шчодрага таленту. Ён больш эпічны, больш зямны, чым Купала. Ён выдатны майстар апавядання, аўтар празрыстых па мове і стылю аповесцей. Якуб Колас заклаў асновы беларускага рамана. Кнігі Якуба Коласа – удумлівы летапіс настрояў і імкненняў людзей, гістарычных падзей. Жыццё ж так казачна-імкліва, Паспець за ім так цяжка мне, Каб на шырокім палатне Нарысаваць яго завівы, Адбіць і хвалі пералівы На самай страшнай вышыне. Жыццё Якуба Коласа – гэта адна з найцікавейшых старонак у жыцці ўсяго народа, бо лёс песняра неад’емная частка лёсу роднай зямлі. "Нарадзіўся я ў 1882 годзе 22 кастрычніка (старога стылю) ва ўрочышчы Акінчыцы. Бацькі мае былі малазямельныя сяляне. У Акінчыцах бацька служыў лесніком у князя Радзівіла. Часта прыходзілася бацьку перабірацца з месца на месца – такая была панская воля ляснічага", - пісаў Якуб Колас у Аўтабіяграфіі. Многія мясціны на Стаўбцоўшчыне служаць добрым правадніком да біяграфіі Якуба Коласа і яго твораў. З даўніх часоў гэты край славіўся маляўнічымі краявідамі, квяцістымі духмянымі лугамі. Чулая душа хлапчука прагна ўбірала жывыя галасы зямлі, пераплаўляючы шолахі і гукі ў радкі першых вучнёўскіх вершаў. Свой першы верш ”Вясна” Кастусь Міцкевіч напісаў калі яму было 12 гадоў. "Бацька паслухаў мяне ўважліва, - успамінаў Якуб Колас, - потым запытаў, ці праўда, што напісаў я, і даў рубель гасцінцу…" Альбуць – гэта не толькі свет дзяцінства і юнацтва. Гэта і творчая калыска паэта. Альбуцкія ўражанні мы знаходзім найперш у паэме "Новая зямля" – шэдэўры Коласавай творчасці. З трыццаці раздзелаў паэмы 24 напоўнены, насычаны альбуцкай сядзібай, яе наваколлем, людзьмі, падзеямі. Жыццёвыя шляхі-дарогі, сцежкі-пуцявіны прывялі будучага народнага паэта ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. А пасля яе заканчэння мужным змаганне была педагагічная праца ў глухіх палескіх школах, барацьба за навучанне на роднай мове. Пераадольваючы цяжкасці, ён кідаў зярняты народнай праўды ў чулыя душы сялянскіх дзяцей, абуджаў у іх чалавечую годнасць, прадказваў ім вялікую будучыню. Паэзія Коласа з першых радкоў ішла ад народнага жыцця, ад родных былінак у полі, ад хуткаплыннага Нёмана, ад нізкіх сялянскіх хат, ад нястачы: гора сялянскага. Таму ў радках яго вершаў шапталіся былінкі, грозна ракатаў Нёман. Лес радаваў, цешыў паэта і ў маленстве, і ў сталыя гады… О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! Што мілей ў свеце божым Гэтых светлых берагоў, Дзе бруяцца срэбрам рэчкі, Дзе бары-лясы гудуць, Дзе мядамі пахнуць грэчкі, Нівы гутаркі вядуць… Ва ўрочышчы Смольня ў пачатку жніўня 1912 года адбылася першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэта быў пачатак іх вялікага творчага і чалавечага сяброўства. Нягледзячы на рознае сацыяльнае паходжанне і веравызнанне, іх галасы зліліся ў адну песню-гімн свайму народу, узвышаліся над рэчаіснасцю, як промні святла, прабіваючыся праз цемру і нягоды. Яны разам адпачывалі, гулялі ў шахматы, радаваліся і хваляваліся. Скарыстоўвалі любую магчымасць, каб падзяліцца ўражаннямі ад перажытага, ад прачытаных твораў, каб дапамагчы добрай парадай. Яны нават прысвячалі адзін аднаму вершы. У лірычнай спадчыне Якуба Коласа значнае месца займае тэма кахання, хоць твораў на гэтую тэму аўтар напісаў не вельмі багата. Але перш чым перайсці да іх, трэба паказаць, як сам Якуб Колас ацэньваў сваю любоўную лірыку - у прыватнасці вершы пра каханне. «У 1912 годзе я пазнаёміўся з маладою настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы. Прозвішча яе было Каменская. Так у маё жыццё ўвайшла Марыя Дзмітраўна. Добра было б зірнуць на ўсё, што пісаў у той час ёй і пра яе. Я саромеўся тых вершаў. Завёў нават на іх запісную кніжку і навідавоку не пакідаў, насіў у пільчаку. У друк, вядома, нічога не падаваў, няёмка адбіраць месца ў газеце і час у людзей на сваё, што толькі мне належала. Я дзівіўся, не дабіраў ладу, як гэта можна адважыцца друкаваць вершы пра каханне? Калі ты яго выдумляеш, дык не варта публікаваць няпраўду. А калі пішаш аб тым, што ёсць ці было, - як тады, вывернуўшы наверх усё вядомае аднаму табе і твайму дарагому чалавеку, паглядзець яму ў вочы? Табе давераны сакрэт, ты ўвайшоў як быццам з кімсьці ў змову і раптам распляскаў патайнае ды яшчэ і падпісаўся. Адным словам, нават Марусі трапілі на вока мае вершы значна пазней, калі мы ўжо жылі разам”. Ці помніш ты, Ганна, Шчаслівы мамэнт, Як граў раз на дудцы Нябожчык Вінцэнт? А Нёман спакойна, Спакойна дрыжаў, I месячык ясны На нас пазіраў. На жэрдзе мы селі У мроку маўчком, I я прытуліўся К табе плечуком. Язык мне адняўся, Я сліну глытаў, А потым нясмела Цябе запытаў: Скажы мне, Ганулька, Ці любіш мяне? — Люблю,— ты сказала, — Аж сэрца мне схне! I лапці з-за спіны Мае ты зняла, Анучы у Нёман Ты мыць панясла. Каханне. 1907 Помню, помню тую ночку! Не забуду я той час. Пеў салоўка у садочку, Зор цягнуўся ў небе пас. Выплыў месяц круглы, поўны, Падрумянены, як блін. Церушыўся мрок бязмоўны, I п'яніў мяне язмін. I прыйшла ты нечакана, Сама, строгая, прыйшла! I са мною аж да рана Тую ночку правяла. Загадала першым дзелам «Рукі ўгору» мне падняць Ды кішэні аглядзела, Нават кіцель мусіў зняць. Распарола мой сяннік ты, Развярнула мой бярлог, I лісты мае ад Вікты Паляцелі за парог. Праз увесь час з твайго твару Не знікала строгасць, злосць, I, сказаўшы мне слоў пару, Запытала: «Пашпарт ёсць?» Ты набрала маіх кніжак Два партфелі і прыпол. А каб быць знаёмай бліжай, Напісала пратакол. Першае спатканне. 1909 Я пайду да яе, да каханай маёй, Каб ізноў яе голас пачуць. Няхай думкі мае пабягуць чарадой, Як чародкамі хмаркі плывуць. I я волю ім дам, дзе ім люба ляцець, Як ляталі, бывала, даўней. Палячу з імі сам, буду песні там пець, Каб адчуць сваё шчасце паўней. Не скажу толькі я, што мне люба яна I як добра мне з ёю пабыць, Бо каханка мая, мая радасць—сасна, Што пры лесе, як панна, стаіць. Маёй каханцы. 1922 У гады Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас быў адарваны ад Беларусі. Ён жыў і працаваў у Ташкенце. Але горача і прызыўна гучала яго слова: Паўстань, народ, злучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды… А, калі паэт пісаў пра родную Беларусь, акупіраваную ворагам, то голас змагара змяняўся на шчымліва балючы. Яму так хацелася абараніць, абняць, сцішыць боль роднай зямлі: … О, каб меў такія рукі Зямля, абняў бы я цябе, Каб сцішыць гора тваё, мукі І сілу даць у барацьбе… Вайна адабрала ў Якуба Коласа сына Юрку, які загінуў на фронце. Па сутнасці, яна адабрала і адзіную жанчыну, якая ўсё жыццё была ягонай зоркай, натхненнем, спадзяваннем і шчасцем, жонку Марыю Дзмітрыеўну. Яна балюча перажывала страту сына, цяжка захварэла і амаль праз два тыдні пасля заканчэння вайны памерла. Але для народнага паэта яна засталася самай дарагой, любімай і незабыўнай. Дзе б ні быў пясняр, яна заўсёды была ў яго памяці. Ты без мяне, а я далёка. Над стэпам звіс нябёсаў тын, А снег стэповы слепіць вока, І сумна мне, бо я адзін. За час наш доўгі я нямала Быў у разлуцы і журбе. Рука мая не ўсё спісала З таго, што думаў аб табе. Я знаю – шмат ты мела гора І горыч дум піла да дна. І шмат было тваіх дакораў, Хоць ты ў душы маёй адна. - Даруй жа мне! – скажу я толькі, Схіліўшы нізка галаву.- Забудзь пакуты, гора, болькі – Табой я жыў, табой жыву. І блізка ты, і ты далёка. Над стэпам звіс нябёсаў тын. Змярцвелы стэп не цешыць вока, І сумна мне, бо я адзін. У пасляваенны час Колас заняты плённай творчай працай, выконвае абавязкі віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, шмат увагі ўдзяляе дзецям, моладзі, маладым літаратарам. Многія беларускія паэты лічылі і лічаць сябе вучнямі Янкі Купалы і Якуба Коласа, выказваюць удзячнасць за песні, што натхнілі іх, за дапамогу. Мы выляталі з-пад твайго крыла, Як птушаняты, у палёт свой першы. І праз гады нас вабіла, вяла Пявучая і поўная святла Паэзія і праўда тваіх вершаў. Няхай нам тых не дасягнуць высот, Дзе ты лунаў, нібы арол свабодны, Ты навучыў нас, як любіць народ, Як з ім ісці плячо ў плячо ўпярод І як адданым быць краіне роднай! Э. Валасевіч ”Якубу Коласу” Памёр Якуб Колас 13 жніўня 1956 г. Было жніво… Смерць зрэзала гэты найдаражэйшы Колас роднае зямлі. Ён з імем нівы нашай паўстае – Нястомны сейбіт, ад каго пачуты, І боль, і гнеў, і радасці яе На свеце ўсюды. Яго заўжды край родны будзе сніць – У подзвігу яго натхнёнай музы Ёсць вера наша горда гаворыць: - Мы - беларусы!... А. Русецкі Імкліва бягуць гады. Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці людзей Купала і Колас – выдатныя народныя паэты, без якіх немагчыма ўявіць сабе беларускую літаратуру. Праз іх творы беларускі народ расказаў свету пра сваё жыццё, звычаі, гісторыю, прыроднае багацце, раскрыў свой светапогляд і норавы, прад’явіў неабвержанае мастацка-паэтычнае сведчанне аб сваім існаванні на зямлі. Янка Купала і Якуб Колас вечна будуць жыць у сэрцы нарадзіўшага іх народа. Жыве і будзе жыць сонечная песня Купалы і Коласа. |
|
|
![]()
Сообщение
#17
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4157 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
”З глыбінь мастацкага слова....” 7 кастрычніка спаўняецца 80 год з дня нараджэння Івана Пташнікава, беларускага пісьменніка. ![]() Нарадзіўся 7 кастрычніка 1032 года ў в. Задроздзе Плешчаніцкага р-на (цяпер у Лагойскім р-не) у сялянскай сям'і. Да вайны скончыў 3 класы Задроздзенскай пачатковай школы. Пасля вайны — Крайскую сямігодку (1948), Плешчаніцкую беларускую сярэднюю школу (1951). Працаваў у рэдакцыі плешчаніцкай раённай газеты «Ленінец», настаўнікам Лонваўскай пачатковай школы. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1957). Рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957—1958), рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958—1962), з 1962 — рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». Член СП БССР (з 1959). Дэбютаваў з вершам «На полі родным» у 1952. Першы празаічны твор — аповесць «Чачык» апублікаваў у 1957 (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Зерне падае не на камень» (1959) і «Сцяпан Жыхар са Сцешыц» (1966), аповесцей «Лонва» (1965, 1982), «Тартак» (1968, паводле сцэнарыя аўтара пастаўлены ў 1973 г. аднайменны тэлефільм), «Найдорф» (1976), раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1972), «Алімпіяда» (1985, пастаўлены аднайменны тэлеспектакль, 1989). У 1980 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1990—1992 - Збор твораў у 4 тамах. Многія творы пісьменніка перакладзены на замежныя мовы. Па аповесці «Тартак» на беларускім тэлебачанні ў 1974 пастаўлены аднайменны тэлефільм (сцэнарый аўтара), а ў 1989 па раману «Алімпіяда» — аднайменны тэлеспектакль. Творчая прыхільнасць Івана Пташнікава-празаіка — вясковая тэматыка, веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін. У яго апавяданнях («Алёшка», «Алені», «Бежанка»), аповесці «Лонва» упершыню пачала праяўляцца асаблівая ўвага да ўнутранага стану чалавека, загучаў матыў вайны ў лёсах людзей. Тэма вайны займае ў творчасці пісьменніка значнае месца. Трагедыі спаленых разам з людзьмі вёсак, такіх, як Дальва (аповесць «Тартак», 1968), барацьба партызан і жыхароў акупіраванай Беларусі супраць акупантаў (аповесць «Найдорф», 1976), антываенны пафас многіх апавяданняў сведчаць пра тое, што вайна ў І. Пташнікава свая, перажытая ў дзяцінстве. Яна пакінула ў душы пісьменніка балючы незагоены след. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1984). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф». Літаратура: 1. Андраюк, С. Чалавек на зямлі: нарыс творчасці Івана Пташнікава / С. Андраюк // А жыццё – вышэй за ўсё/ Серафім Андраюк.- Мн., 1992.- С.267-489. 2. Андраюк, С. Чалавек абжывае зямлю: [творчасць І.Пташнікава] /С.Андраюк // Вывяраючы жыццём / Серафім Андраюк.-Мн., 1976.-С.66-107. 3. Андраюк, С. Чалавек абжывае зямлю: [творчасць І.Пташнікава] /С.Андраюк // Пісьменнікі. Кнігі / Серафім Андраюк.-Мн., 1997.-С.154-177. 4. Бярозкін, Р. Выпрабаванне на еднасць з зямлёй: [творчасць І.Пташнікава] / Р.Бярокін // Паэзія – маё жыццё /Рыгор Бярозкін.-Мн., 1989.-С.389-397. 5. Иващенко, В.. Большой мир Мстижей: [роман И.Пташникова] / В. Иващенко // Круги надежды и добра / В. Иващенко.-Мн., 1983.-С.4-32. 6. Марціновіч, А. З Мсціжаў бачны свет: [творчасць І.Пташнікава] / А.Марціновіч // Шляхам праўды / А.Марціновіч.- Мн., 1994.-С.229-251. 7. Мішчанчук, М. Чалавек і прырода: [творчасць І.Пташнікава]/ М,Мішчанчук // Беларуская літаратура на сучасным этапе / Мікола Мішчанчук.-Мн., 1983.-С.42-55. 8. Нуждзіна, Т. Дарога ў сталасць: [творчасць І.Пташнікава] / Т.Нуждзіна // На высокай хвалі.-Мн., 1980.-С.105-135. 9. Шамякіна, Т. Пафас жыццесцвярджэння: [творчасць І.Пташнікава] / Т.Шамякіна // На лініі перасячэння / Т.Шамякіна.- Мн., 1981.-С.33-92. 10. Шупенька, Г. Голасам народа: [творчасць І.Пташнікава] /Г. Шупенька // Галоўнае - талент /Генадзь Шупенька.-Мн., 1987.-С.64-79. 11. Шупенька, Г. Голасам народа: [творчасць І.Пташнікава] /Г. Шупенька // Прага мастацкасці /Генадзь Шупенька.-Мн., 1996.-С.146-158. 12. Андраюк, С. Его судьба и время: [творчество И.Пташникова] С.Андраюк // Неман. - 2009. - №4. - C.162- 173. 13. Бельскi, А. Сучасная беларуская проза: [у т.л. творчасць І.Пташнікава] | А.Бельскі // Беларуская мова i лiтаратура. - 2009. - №4. - C.20-27 14. Жардзецкая, А. Экалагічныя праблемы ў сучаснай беларускай прозе: [на прыкладзе твораў І.Пташнікава, В.Казько і В. Карамазава] / А.Жардзецкая // Роднае слова. - 2008. - №12. - C.28-31 15. Дубоўскi, М. Прастора і шырыня думкі: [творчасць І.Пташнікава] / М.Дубоўскі // Лiтаратура i мастацтва. - 2008. - №18. - 2 мая. - C.12. 16. Андраюк, С. Біяграфія ў трагічным гістарычным кантэксце: [творчасць І.Пташнікава] / С.Андраюк // Полымя. - 2007. - №10. - C.142-154. 17. Прохар, М. Черный круг Чернобыля: [в белорусской литературе, в т.ч. ”Львы” И.Пташникова] / М.Прохар // Неман. - 2007. - №11. - C.164-168. 18. Карпава, Л. Канцэпцыя асобы і часу ў ваеннай прозе Івана Пташнікава: [аповесці ”Тартак” і ”Найдорф”] / Л.Карпава // Роднае слова. - 2007. - №10. - C.4-6. 19. Дудзiнская, Д. Жывая стыхія творчасці / Д.Дудзінская: [творчасць І.Пташнікава] / Д.Дудзінская // Лiтаратура i мастацтва. - 2007. - №41. - C.13. 20. Прохар, М. Экалогія прыроды і экалогія душы: Чарнобыль у творчасці Віктара Казько, Івана Пташнікава і Віктара Карамазава / М. Прохар // Полымя. - 2007. - №4. - C.194-216. 21. Прохар, М. З глыбінь мастацкага слова: [асаблівасці паэтыкі Івана Пташнікава] / М.Прохар // Полымя. - 2006. - №1. - C.223-230. 22. Прохар, М. Мастацтва пейзажу ў творах Івана Пташнікава / М. Прохар // Роднае слова. - 2004. - №4. - С.22-24. 23. Воюш, І. Зварот да гераіні (воблакі васьмідзесятых): Жаночыя вобразы ў творах Васіля Быкава і Івана Пташнікава / І. Воюш // Роднае слова.-2002.-№10.-С.10-11. 24. Грамадчанка, Т. След мудрай чалавечнасці: Вялікая эпічная форма ў творчасці Івана Пташнікава / Т. Грамадчанка // Роднае слова.- 2002.- №10.- С.4-9. 25. Грамадчанка, Т. З любові выспелае слова: Штрыхі да партрэта Івана Пташнікава /Т. Грамадчанка // Роднае слова.-2002.-№9.-С.15-18. |
|
|
![]()
Сообщение
#1
|
|
Активный участник ![]() ![]() ![]() Группа: Главные администраторы Сообщений: 4157 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 ![]() |
”Лоцман фантастыкі” 3 студзеня спаўняецца 65 год з дня нараджэння Васіля Гігевіча, пісьменніка. ![]() Празаік Васіль Сямёнавіч Гігевіч нарадзіўся 03.01.1947 г. у вёсцы Жыцькава Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1969 г. скончыў фізічны факультэт Харкаўскага дзяржаўнага універсітэта і паралельна факультэт грамадскіх прафесій па спецыяльнасці журналістыка. Працаваў выкладчыкам фізікі ў Новааляксандраўскай сярэдняй школе Сахноўшчынскага раёна Харкаўскай вобласці. З 1970 г. - карэспандэнт-радыёарганізатар ашмянскай раённай газеты «Красное знамя». У 1970-1977 гг. - інжынер Барысаўскага шклозавода. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1979). З 1979 па 1981 г. быў намеснікам галоўнага рэдактара аб’яднання ”Летапіс” кінастудыі ”Беларусьфільм”, з 1981 г. -літаратурным супрацоўнікам і загадчыкам аддзела прозы часопіса ”Маладосць”, загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса ”Полымя”. Сябра СП СССР з 1977 г. Першае апавяданне надрукаваў у 1972 г. у часопісе «Полымя». Аўтар зборнікаў прозы «Спелыя яблыкі» (апавяданні, 1976), «Калі ласка, скажы» (аповесць і апавяданні, 1978), «Жыціва» (аповесці, 1980), «Астравы на далёкіх азёрах» (аповесці, апавяданні, 1984), «Доказ ад процілеглага» (раман, 1985), «Мелодыі забытых песень» (аповесці, раман, апавяданні, 1988), «Карабель» (аповесці, раман, 1989), «Марсіянскае падарожжа» (аповесць, раман, 1990). Разам з А.Чарновым напісаў навукова-дакументальную кнігу пра Чарнобыль ”Сталі воды горкімі” (1991). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за аповесць «Жыціва». Літаратура: 1.Андраюк, С. Клопаты і здабыткі маладой прозы: [В.Гігевіч ”Гісторыя адной душы”] / Серафім Андраюк // А жыццё вышэй за ўсё /Серафім Андраюк.- Мн., 1992.-С.166-169. 2.Гніламёдаў, У. Пісьменнік і навізна жыцця / Уладзімір Гніламёдаў // Як само жыццё / Уладзімір Гніламёдаў.-Мн., 1980.- С.43-68. 3.Локун, В. На шляху да сінтэзу: [пра раман В.Гігевіча ”Доказ ад процілеглага”] / Валянціна Локун // На шляху да сінтэзу.-Мн., 1991.- С.218-223. 4.Верціхоўская, М. Сучасная фантастычнай проза: (на матэрыяле твораў В.Гігевіча і Я.Сіпакова) / М.І. Верцяхоўская // Беларуская мова і літаратура.- 2011.-№6.-С.21-30. 5.Тычко, Г.Ліха павінна быць пераможана ў нас саміх...: аповесць ”Пабакі” Васіля Гігевіча / Галіна Тычко // Роднае слова.-2007.-№1.-С.12-13. 6.Свечнікава, А. Вяртанне да чалавека: антыутопія ”Карабель” Васіля Гігевіча / Алена Свечнікава // Роднае слова.-2005.- №3.- С.22-24. 7.Тычко, Г. У ценю крыжа адзіноты: штрыхі творчасці В.Гігевіча / Галіна Тычко // Роднае слова.-1997.- №1.-С.28-34. |
|
|
![]() |
![]() ![]() |
Текстовая версия | Сейчас: 15.6.2025, 13:07 |