IPB

Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )

Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2012, Літаратурныя юбілеі
Admin
сообщение 16.1.2012, 11:06
Сообщение #1


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3637
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”Лоцман фантастыкі”
3 студзеня спаўняецца 65 год з дня нараджэння Васіля Гігевіча, пісьменніка.


Празаік Васіль Сямёнавіч Гігевіч нарадзіўся 03.01.1947 г. у вёсцы Жыцькава Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1969 г. скончыў фізічны факультэт Харкаўскага дзяржаўнага універсітэта і паралельна факультэт грамадскіх прафесій па спецыяльнасці журналістыка. Працаваў выкладчыкам фізікі ў Новааляксандраўскай сярэдняй школе Сахноўшчынскага раёна Харкаўскай вобласці. З 1970 г. - карэспандэнт-радыёарганізатар ашмянскай раённай газеты «Красное знамя». У 1970-1977 гг. - інжынер Барысаўскага шклозавода. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1979). З 1979 па 1981 г. быў намеснікам галоўнага рэдактара аб’яднання ”Летапіс” кінастудыі ”Беларусьфільм”, з 1981 г. -літаратурным супрацоўнікам і загадчыкам аддзела прозы часопіса ”Маладосць”, загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса ”Полымя”. Сябра СП СССР з 1977 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1972 г. у часопісе «Полымя». Аўтар зборнікаў прозы «Спелыя яблыкі» (апавяданні, 1976), «Калі ласка, скажы» (аповесць і апавяданні, 1978), «Жыціва» (аповесці, 1980), «Астравы на далёкіх азёрах» (аповесці, апавяданні, 1984), «Доказ ад процілеглага» (раман, 1985), «Мелодыі забытых песень» (аповесці, раман, апавяданні, 1988), «Карабель» (аповесці, раман, 1989), «Марсіянскае падарожжа» (аповесць, раман, 1990). Разам з А.Чарновым напісаў навукова-дакументальную кнігу пра Чарнобыль ”Сталі воды горкімі” (1991).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за аповесць «Жыціва».
Літаратура:
1.Андраюк, С. Клопаты і здабыткі маладой прозы: [В.Гігевіч ”Гісторыя адной душы”] / Серафім Андраюк // А жыццё вышэй за ўсё /Серафім Андраюк.- Мн., 1992.-С.166-169.
2.Гніламёдаў, У. Пісьменнік і навізна жыцця / Уладзімір Гніламёдаў // Як само жыццё / Уладзімір Гніламёдаў.-Мн., 1980.- С.43-68.
3.Локун, В. На шляху да сінтэзу: [пра раман В.Гігевіча ”Доказ ад процілеглага”] / Валянціна Локун // На шляху да сінтэзу.-Мн., 1991.- С.218-223.
4.Верціхоўская, М. Сучасная фантастычнай проза: (на матэрыяле твораў В.Гігевіча і Я.Сіпакова) / М.І. Верцяхоўская // Беларуская мова і літаратура.- 2011.-№6.-С.21-30.
5.Тычко, Г.Ліха павінна быць пераможана ў нас саміх...: аповесць ”Пабакі” Васіля Гігевіча / Галіна Тычко // Роднае слова.-2007.-№1.-С.12-13.
6.Свечнікава, А. Вяртанне да чалавека: антыутопія ”Карабель” Васіля Гігевіча / Алена Свечнікава // Роднае слова.-2005.- №3.- С.22-24.
7.Тычко, Г. У ценю крыжа адзіноты: штрыхі творчасці В.Гігевіча / Галіна Тычко // Роднае слова.-1997.- №1.-С.28-34.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
 
Начать новую тему
Ответов
Admin
сообщение 6.11.2012, 14:38
Сообщение #2


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3637
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”Я – акіяну жытняга Колас”

3 лістапада спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння

народнага паэта Беларусі Якуба Коласа



Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
Ад шолаху начэй,
Ад тысячы ніцей,
3 якіх аснована і выткана жыццё
I злучана быццё і небыццё,—
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
I выхаду шукаў
Адбітак родных з’яў
У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.
I гэты скарб, пазычаны, адбіты,
У сэрцы перажыты
I росамі абмыты
Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,
Для вас, душою чулых,
Як доўг, як дар,
Дае пясняр. Сымон-музыка

Сябра і паплечнік Янкі Купалы – Якуб Колас – паэт, празаік, драматург, крытык, дзіцячы пісьменнік, вучоны, публіцыст – няма, здаецца, у беларускай літаратуры такога жанру, дзе не заззяла б якая-небудзь грань яго шчодрага таленту. Ён больш эпічны, больш зямны, чым Купала. Ён выдатны майстар апавядання, аўтар празрыстых па мове і стылю аповесцей. Якуб Колас заклаў асновы беларускага рамана. Кнігі Якуба Коласа – удумлівы летапіс настрояў і імкненняў людзей, гістарычных падзей.
Жыццё ж так казачна-імкліва,
Паспець за ім так цяжка мне,
Каб на шырокім палатне
Нарысаваць яго завівы,
Адбіць і хвалі пералівы
На самай страшнай вышыне.

Жыццё Якуба Коласа – гэта адна з найцікавейшых старонак у жыцці ўсяго народа, бо лёс песняра неад’емная частка лёсу роднай зямлі.
"Нарадзіўся я ў 1882 годзе 22 кастрычніка (старога стылю) ва ўрочышчы Акінчыцы. Бацькі мае былі малазямельныя сяляне. У Акінчыцах бацька служыў лесніком у князя Радзівіла. Часта прыходзілася бацьку перабірацца з месца на месца – такая была панская воля ляснічага", - пісаў Якуб Колас у Аўтабіяграфіі.
Многія мясціны на Стаўбцоўшчыне служаць добрым правадніком да біяграфіі Якуба Коласа і яго твораў. З даўніх часоў гэты край славіўся маляўнічымі краявідамі, квяцістымі духмянымі лугамі.
Чулая душа хлапчука прагна ўбірала жывыя галасы зямлі, пераплаўляючы шолахі і гукі ў радкі першых вучнёўскіх вершаў.
Свой першы верш ”Вясна” Кастусь Міцкевіч напісаў калі яму было 12 гадоў. "Бацька паслухаў мяне ўважліва, - успамінаў Якуб Колас, - потым запытаў, ці праўда, што напісаў я, і даў рубель гасцінцу…"
Альбуць – гэта не толькі свет дзяцінства і юнацтва. Гэта і творчая калыска паэта. Альбуцкія ўражанні мы знаходзім найперш у паэме "Новая зямля" – шэдэўры Коласавай творчасці. З трыццаці раздзелаў паэмы 24 напоўнены, насычаны альбуцкай сядзібай, яе наваколлем, людзьмі, падзеямі.
Жыццёвыя шляхі-дарогі, сцежкі-пуцявіны прывялі будучага народнага паэта ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. А пасля яе заканчэння мужным змаганне была педагагічная праца ў глухіх палескіх школах, барацьба за навучанне на роднай мове. Пераадольваючы цяжкасці, ён кідаў зярняты народнай праўды ў чулыя душы сялянскіх дзяцей, абуджаў у іх чалавечую годнасць, прадказваў ім вялікую будучыню.
Паэзія Коласа з першых радкоў ішла ад народнага жыцця, ад родных былінак у полі, ад хуткаплыннага Нёмана, ад нізкіх сялянскіх хат, ад нястачы: гора сялянскага. Таму ў радках яго вершаў шапталіся былінкі, грозна ракатаў Нёман. Лес радаваў, цешыў паэта і ў маленстве, і ў сталыя гады…

О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей ў свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць…

Ва ўрочышчы Смольня ў пачатку жніўня 1912 года адбылася першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэта быў пачатак іх вялікага творчага і чалавечага сяброўства.
Нягледзячы на рознае сацыяльнае паходжанне і веравызнанне, іх галасы зліліся ў адну песню-гімн свайму народу, узвышаліся над рэчаіснасцю, як промні святла, прабіваючыся праз цемру і нягоды.
Яны разам адпачывалі, гулялі ў шахматы, радаваліся і хваляваліся. Скарыстоўвалі любую магчымасць, каб падзяліцца ўражаннямі ад перажытага, ад прачытаных твораў, каб дапамагчы добрай парадай. Яны нават прысвячалі адзін аднаму вершы.
У лірычнай спадчыне Якуба Коласа значнае месца займае тэма кахання, хоць твораў на гэтую тэму аўтар напісаў не вельмі багата. Але перш чым перайсці да іх, трэба паказаць, як сам Якуб Колас ацэньваў сваю любоўную лірыку - у прыватнасці вершы пра каханне.
«У 1912 годзе я пазнаёміўся з маладою настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы. Прозвішча яе было Каменская. Так у маё жыццё ўвайшла Марыя Дзмітраўна. Добра было б зірнуць на ўсё, што пісаў у той час ёй і пра яе. Я саромеўся тых вершаў. Завёў нават на іх запісную кніжку і навідавоку не пакідаў, насіў у пільчаку. У друк, вядома, нічога не падаваў, няёмка адбіраць месца ў газеце і час у людзей на сваё, што толькі мне належала. Я дзівіўся, не дабіраў ладу, як гэта можна адважыцца друкаваць вершы пра каханне? Калі ты яго выдумляеш, дык не варта публікаваць няпраўду. А калі пішаш аб тым, што ёсць ці было, - як тады, вывернуўшы наверх усё вядомае аднаму табе і твайму дарагому чалавеку, паглядзець яму ў вочы? Табе давераны сакрэт, ты ўвайшоў як быццам з кімсьці ў змову і раптам распляскаў патайнае ды яшчэ і падпісаўся. Адным словам, нават Марусі трапілі на вока мае вершы значна пазней, калі мы ўжо жылі разам”.

Ці помніш ты, Ганна,
Шчаслівы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?
А Нёман спакойна,
Спакойна дрыжаў,
I месячык ясны
На нас пазіраў.
На жэрдзе мы селі
У мроку маўчком,
I я прытуліўся
К табе плечуком.
Язык мне адняўся,
Я сліну глытаў,
А потым нясмела
Цябе запытаў:
Скажы мне, Ганулька,
Ці любіш мяне?
— Люблю,— ты сказала,
— Аж сэрца мне схне!
I лапці з-за спіны
Мае ты зняла,
Анучы у Нёман
Ты мыць панясла.
Каханне. 1907

Помню, помню тую ночку!
Не забуду я той час.
Пеў салоўка у садочку,
Зор цягнуўся ў небе пас.
Выплыў месяц круглы, поўны,
Падрумянены, як блін.
Церушыўся мрок бязмоўны,
I п'яніў мяне язмін.
I прыйшла ты нечакана,
Сама, строгая, прыйшла!
I са мною аж да рана
Тую ночку правяла.
Загадала першым дзелам
«Рукі ўгору» мне падняць
Ды кішэні аглядзела,
Нават кіцель мусіў зняць.
Распарола мой сяннік ты,
Развярнула мой бярлог,
I лісты мае ад Вікты
Паляцелі за парог.
Праз увесь час з твайго твару
Не знікала строгасць, злосць,
I, сказаўшы мне слоў пару,
Запытала: «Пашпарт ёсць?»
Ты набрала маіх кніжак
Два партфелі і прыпол.
А каб быць знаёмай бліжай,
Напісала пратакол.
Першае спатканне. 1909

Я пайду да яе, да каханай маёй,
Каб ізноў яе голас пачуць.
Няхай думкі мае пабягуць чарадой,
Як чародкамі хмаркі плывуць.
I я волю ім дам, дзе ім люба ляцець,
Як ляталі, бывала, даўней.
Палячу з імі сам, буду песні там пець,
Каб адчуць сваё шчасце паўней.
Не скажу толькі я, што мне люба яна
I як добра мне з ёю пабыць,
Бо каханка мая, мая радасць—сасна,
Што пры лесе, як панна, стаіць.
Маёй каханцы. 1922

У гады Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас быў адарваны ад Беларусі. Ён жыў і працаваў у Ташкенце. Але горача і прызыўна гучала яго слова:
Паўстань, народ, злучы ўсе сілы
Супроць тэўтонскае арды…
А, калі паэт пісаў пра родную Беларусь, акупіраваную ворагам, то голас змагара змяняўся на шчымліва балючы. Яму так хацелася абараніць, абняць, сцішыць боль роднай зямлі:
… О, каб меў такія рукі
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
І сілу даць у барацьбе…
Вайна адабрала ў Якуба Коласа сына Юрку, які загінуў на фронце. Па сутнасці, яна адабрала і адзіную жанчыну, якая ўсё жыццё была ягонай зоркай, натхненнем, спадзяваннем і шчасцем, жонку Марыю Дзмітрыеўну. Яна балюча перажывала страту сына, цяжка захварэла і амаль праз два тыдні пасля заканчэння вайны памерла.
Але для народнага паэта яна засталася самай дарагой, любімай і незабыўнай. Дзе б ні быў пясняр, яна заўсёды была ў яго памяці.
Ты без мяне, а я далёка.
Над стэпам звіс нябёсаў тын,
А снег стэповы слепіць вока,
І сумна мне, бо я адзін.
За час наш доўгі я нямала
Быў у разлуцы і журбе.
Рука мая не ўсё спісала
З таго, што думаў аб табе.
Я знаю – шмат ты мела гора
І горыч дум піла да дна.
І шмат было тваіх дакораў,
Хоць ты ў душы маёй адна.
- Даруй жа мне! – скажу я толькі,
Схіліўшы нізка галаву.-
Забудзь пакуты, гора, болькі –
Табой я жыў, табой жыву.
І блізка ты, і ты далёка.
Над стэпам звіс нябёсаў тын.
Змярцвелы стэп не цешыць вока,
І сумна мне, бо я адзін.

У пасляваенны час Колас заняты плённай творчай працай, выконвае абавязкі віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, шмат увагі ўдзяляе дзецям, моладзі, маладым літаратарам.
Многія беларускія паэты лічылі і лічаць сябе вучнямі Янкі Купалы і Якуба Коласа, выказваюць удзячнасць за песні, што натхнілі іх, за дапамогу.

Мы выляталі з-пад твайго крыла,
Як птушаняты, у палёт свой першы.
І праз гады нас вабіла, вяла
Пявучая і поўная святла
Паэзія і праўда тваіх вершаў.
Няхай нам тых не дасягнуць высот,
Дзе ты лунаў, нібы арол свабодны,
Ты навучыў нас, як любіць народ,
Як з ім ісці плячо ў плячо ўпярод
І як адданым быць краіне роднай! Э. Валасевіч ”Якубу Коласу”

Памёр Якуб Колас 13 жніўня 1956 г. Было жніво… Смерць зрэзала гэты найдаражэйшы Колас роднае зямлі.

Ён з імем нівы нашай паўстае –
Нястомны сейбіт, ад каго пачуты,
І боль, і гнеў, і радасці яе
На свеце ўсюды.
Яго заўжды край родны будзе сніць –
У подзвігу яго натхнёнай музы
Ёсць вера наша горда гаворыць:
- Мы - беларусы!... А. Русецкі

Імкліва бягуць гады. Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці людзей Купала і Колас – выдатныя народныя паэты, без якіх немагчыма ўявіць сабе беларускую літаратуру. Праз іх творы беларускі народ расказаў свету пра сваё жыццё, звычаі, гісторыю, прыроднае багацце, раскрыў свой светапогляд і норавы, прад’явіў неабвержанае мастацка-паэтычнае сведчанне аб сваім існаванні на зямлі.
Янка Купала і Якуб Колас вечна будуць жыць у сэрцы нарадзіўшага іх народа. Жыве і будзе жыць сонечная песня Купалы і Коласа.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение

Сообщений в этой теме
- Admin   Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2012   16.1.2012, 11:06
- - Admin   ”Вам пісьмы пісаць не буду...” 14 студзеня с...   16.1.2012, 11:11
- - Admin   ”Жыццё ў слове...” 14 лютага спаўняецца 7...   7.2.2012, 7:32
- - Admin   “Малюю мілую Радзіму...” 25 лютага спаўняецца 50 г...   7.2.2012, 7:34
- - Admin   “Летапісец сваёй эпохі” 26 лютага спаўняецца 100...   7.2.2012, 7:35
- - Admin   11 сакавіка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэнн...   13.3.2012, 9:10
- - Admin   1 красавіка спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння...   3.4.2012, 8:33
- - Admin   “І ўсе мае дні – Беларусі” 10 мая спаўняецца 70 го...   7.5.2012, 11:28
- - Admin   “Мая душа – скарбонка пачуцця...” 11 мая спаўняецц...   7.5.2012, 11:31
- - Admin   “Остался с нами навсегда” 7 июня исполняется 80 ле...   12.6.2012, 13:21
- - Admin   “Купала – гэта наша ўсё...” 7 ліпеня спаўняецца 13...   30.6.2012, 8:01
- - Admin   "...Вышэй за ўсё і перш за ўсё -- чалавечнасц...   3.8.2012, 13:20
- - Admin   “Паэзія – маё жыццё” 23 жніўня спаўняецца 95 год з...   6.8.2012, 11:47
- - Admin   ”Я сэрцам пісаў сваю кожную песню” 17 верасня спа...   4.9.2012, 13:41
- - Admin   ”З глыбінь мастацкага слова....” 7 кастрычні...   10.10.2012, 8:15
- - Admin   ”Я – акіяну жытняга Колас” 3 ліс...   6.11.2012, 14:38
- - Admin   "Слова кліча - сэнс адгукаецца..." 5 сне...   5.12.2012, 7:41


Ответить в данную темуНачать новую тему
1 чел. читают эту тему (гостей: 1, скрытых пользователей: 0)
Пользователей: 0

 



Текстовая версия Сейчас: 28.4.2024, 21:31