IPB

Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )

Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2011, Літаратурныя юбілеі
Admin
сообщение 18.7.2011, 15:23
Сообщение #1


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3627
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”У панямонскім небе Цётчынай зорцы не згаснуць”.
3 (15) ліпеня спаўняецца 135 год з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (ЦЁТКІ),
беларускай паэтэсы-рэвалюцыянеркі


(псеўданімы Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Тымчасовы і інш.)
Нарадзілася 3(15).07.1876 у в.Пешчына Лідскага павета (зараз Шчучынскі раён) ў сям'і багатага селяніна, які меў дзвесце дзесяцін зямлі. Хрышчана ў васілішкаўскім касцёле. У сям'і Пашкевічаў было дванаццаць (па іншых звестках, сямнаццаць) дзяцей.
Пасля смерці маці будучая паэтэса гадавалася ў Старым Двары, на дзедавай гаспадарцы. Выхоўвала дзяўчынку пераважна бабка Югася, якая ведала шмат казак і песень. 3 малых гадоў Алаіза цягнулася да кнігі, марыла хутчэй вырвацца з вёскі ў вялікае жыццё.
Алаіза Пашкевіч скончыла прыватную гімназію Прозаравай у Вільні, атрымала пасведчанне хатняй настаўніцы і настаўнічала ў вёсцы. У 1902 г. у Пецярбургу яна экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі і паступіла на курсы П. Лесгафта, дзе рыхтавалі выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі.
Пасля вяртання ў Вільню працавала фельчаркай у псіхіятрычнай лячэбніцы і пад уплывам Ф. Багушэвіча пачала пісаць вершы, - вольналюбівыя, прасякнутыя ідэяй змагання за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць. Рамантычна-сімвалічнай вобразнасцю, алегарычнасцю малюнкаў, пераўвасабленнямі паэзія Цёткі сугучная з масавай рэвалюцыйнай рускай паэзіяй пачатку XX ст.
У маі 1905 была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з'ездзе жанчын у Маскве. З-за удзелу ў рэвалюцыйных маніфестацыях была вымушана эмігрыраваць у канцы 1905г. у Галіцыю, якая тады была часткай Аўстра-Венгерскай імперыі. Жыла спачатку ў Львове, дзе была вольнай слухачкай філасофскага факультэта Львоўскага універсітэта.
У 1906 у Жоўкве каля Львова, у друкарні базыльянскага манастыра, былі надрукаваны два зборнікі яе вершаў — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская».
Некалькі разоў Цётка нелегальна прыязджала ў Вільню і Пецярбург. У Вільні у першым нумары першай беларускай легальнай газеты «Наша доля» было надрукавана яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». У Пецярбургу ў 1906г. у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла яе «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Жывучы на Украіне, Цётка прапагандавала сярод украінскай інтэлігенцыі беларускую літаратуру і культуру.
У 1908-09гг. жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага універсітэта, была членам рэвалюцыйнай арганізацыі універсітэцкай моладзі «Спуйня» («Лучнасць»), дзеля атрымання навуковай ступені выканала навуковую працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польская драматычнай літаратурай». Нейкі час жыла ў Закапана, выязджала ў Германію, Італію, Швецыю.
I душна, i цесна, i сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...
Як птушка на скрыдлах, ляцець бы хацела,
Як хваля па моры, плыла бы да ix!
Ўзьнялася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары бы ветрам сказала я гнаць
Далека, далека, дзе сьняцца мне чары,
Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць,
Дзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе,
Дзе кожна дарога i крыж мяне знае,
Дзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!
Там я нарадзілася й вырасла уволю,
Там першыя словы вучылась казаць.
Затое сягоньня ляцела б стралою
Там зь імі з усімі год Новы спаткаць!
Ой, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім не забыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!
На чужыне. 1909
Змена прозвішча пасля замужжа дала магчымасць вярнуцца на радзіму. Цётка з тэатрам I. Буйніцкага ездзіла і выступала ў розных кутках Беларусі, удзельнічала ў спектаклях «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшка.
У 1912 у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе Цётка арганізавала некалькі тайных беларускіх школ. У 1914 стала заснавальніцай і рэдактарам першага беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» (Мінск), выдала 6 яго нумароў. Для часопіса напісала шэраг апавяданняў, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў.
Падчас Першай сусветнай вайны Цётка працавала ў Вільні сястрой міласэрнасці ў тыфозным салдацкім бараку, пасля аказвала медыцынскую дапамогу землякам, якія гінулі ад эпідэміі тыфу. Аднак, ратуючы іншых, не ўсцераглася сама, захварэла на тыф і ў ноч на 5 лютага 1916 памерла.
У творчай спадчыне Цёткі не толькі паэзія, але і прозы, і публіцыстыка. Яе апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі», «Лішняя», «Зялёнка», «Міхаська», «Асеннія лісты» і інш. вызначаюцца псіхалагізмам, экспрэсіўнасцю.
Для «Першага чытання...» Цётка напісала шэраг апавяданняў для дзяцей — «Сварба», «3 прыску ды ў агонь», «Журавель і Чапля», «Сірата».
Яе артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Да дзяўчатак», «Да школьнай моладзі» ўспрымаюцца як духоўны запавет пісьменніцы беларусам, яе заклік да стараннай і сур'ёзнай вучобы дзеля будучых спраў, карысных для Бацькаўшчыны, яе клопат аб павышэнні культуры сяла, аб паляпшэнні штодзённага побыту народа.
Асобную старонку ў яе публіцыстыцы складаюць дарожныя нататкі, нарысы, напісаныя пад уражаннем падарожжаў у Італію, Фінляндыю, Швецыю, Германію.
Аўтар навукова-папулярных артыкулаў «Газа», «Пералётныя птушкі», «Наша народная песня» і інш.
Яе творы перакладзены на нямецкую, польскую, рускую, украінскую і інш. мовы.


МОЙ САД
Стаіць мой сад пад белым цветам:
Нарцыс — стыдлівых поўны крас,
Звісае бэз ў акно букетам,
Тульпанаў куст расцвіў зараз.

Цвіце ляўкой, ў пуках рабіна;
Вішнёва дрэва ў малацэ;
А там парэчка, там маліна,
А там мой граб малы расце.

Люблю мой сад, як расцвітае,
Як салавей свой трэль вядзе,
Як цвет галінку прыгібае,
Як пчолка мёд адтуль нясе.

Люблю мой сад ў маёвым ранку,
Як тоне ён ў расістай мгле,
Як ліпа шэпчацца пры ганку
I як зязюлька «ку-ку» шле.

Люблю мой сад пад белым цветам,
Люблю, зялёным як стаіць;
Люблю, як грушы спеюць летам
I як работай ён кіпіць.

Люблю мой сад у позну восень,—
Як плод звісае да зямлі,
Як голкі сыплюцца ад сосен,
Як залацяцца сліў лісткі.

Люблю мой сад у крэпку зіму,—
Як у крышталах ўвесь дрыжыць,
Як дзяцел, сеўшы на галіну,
Зімову песню загудзіць.
1905—1906



Помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы) у Шчучыне
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
 
Начать новую тему
Ответов
Admin
сообщение 2.9.2011, 7:51
Сообщение #2


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3627
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Захавальнік і абаронца беларускасці.
30 верасня спаўняецца 80 гадоў Нілу Гілевічу.


Народны паэт Беларусі, заслужаны дзеяч навукі, прафесар, таленавіты лірык, эпік, сатырык, перакладчык, публіцыст, літаратуразнаўца, фалькларыст – усё гэта пра яго.
Адзначаны Ніл Гілевіч шматлікімі айчыннымі і міжнароднымі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, медаль Францыска Скарыны, балгарскі ордэн Кірыла і Мяфодзія 1 ступені, ордэн Югаслаўскай зоркі са стужкай, украінскі ордэн князя Яраслава Мудрага 2-й ступені.
Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). Народны паэт Беларусі (1991). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986).

Радзіма Ніла Сымонавіча – Лагойшчына. Зямля прыгожая і песенная, куток Бацькаўшчыны, маляўнічы і вабны. Тут упершыню будучы паэт глянуў на свет 30 верасня 1931 года. “Родная мая вёска Слабада, - піша ён у аўтабіяграфіі “Трошкі з анкеты і сёе – тое з таго, што ў анкету не лезе”, - у маляўнічай узоркавай мясцовасці. У кніжачцы аднаго краязнаўца 20-х гадоў Лагойшчына называецца “беларускай Швейцарыяй”. Мне зразумела гэтае замілаванне нашымі краявідамі: яны сапраўды надзвычай прыгожыя. Край гэты незвычайна маляўнічы, увесь у пагорках, ярах і лагчынах, у лясах і пералесках, з безліччу крыніц і рачулак. Багаты ён на вусна-паэтычную народную творчасць, на таленавітых самародкаў, а найперш – на дзівосную, яркую, сакавітую, трапную, жывую мову народа”.
“Пашанцавала мне, напэўна, і на радаводныя карані, асабліва па мамінай лініі. Мой дзед Мікалай Давыдавыч быў чалавек унікальны: самаадданы земляроб-хлебароб, выдатны садоўнік, дасведчаны пчаляр, знакаміты галубятнік, непераўзыдзены варажбіт на картах, вядомы ў сваім краі музыка – граў, асабліва ў маладосці, на сотнях вяселляў. У апошні раз – на маім, летам 1957 года, польку і вальс для маладой і маладога. А мова яго! Якая яна была непаўторная, каларытная, метафарычная! Хіба не падарунак лёсу было мне прайсці ў дзяцінстве яго моўную школу?”.
Згадвае Ніл Гілевіч і пра бацькоў: “Бацька мой – перад рэвалюцыяй папоўскі парабак – у 30-я гады працаваў старшынёй сельсавета, пасля ў райвыканкоме, і дадому заглядваў толькі ў выхадныя дні. А сям’я – маці і васьмёра нас, малых, - жыла бязвыезна ў Слабадзе. Амаль увесь клопат аб дзецях і па гаспадарцы клаўся на плечы маці, і патрэбна была менавіта яе нястомнасць і самаахвярнасць, каб дагледзець, абшыць і накарміць такую ватагу”.
Да вайны Ніл Гілевіч скончыў тры класы Слабадской сямігодкі. Пасля вызвалення пайшоў у пяты клас школы, якая была ў суседняй вёсцы Гайна. Любоў да роднай мовы, жаданне авалодаць багацейшымі скарбамі літаратуры і сказаць у ёй сваё паэтычнае слова прывялі будучага пісьменніка у Мінскае педагагічнае вучылішча, якое ён скончыў у 1951 годзе на “выдатна” і ў тым жа годзе без экзаменаў быў прыняты на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. На гэты час ён ужо з’яўляўся членам літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі “Чырвонай змены”, рэгулярна друкаваўся ў рэспубліканскай перыёдыцы. А ў 1954 годзе яго - студэнта-трэцякурсніка прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска. Пасля завяршэння вучобы ва ўніверсітэце (1956 год) была аспірантура, абарона дысертацыі на кафедры беларускай літаратуры. Пачынаючы з 1960 года, Ніл Гілевіч працаваў на кафедры беларускай літаратуры, дзе прайшоў шлях ад выкладчыка да прафесара.
Ніла Гілевіча заслужана называюць абаронцам роднага слова, бо цяжка назваць другога чалавека, хто здолеў бы столькі зрабіць для беларускай мовы.
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, роднае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае “мама”
І цяпер для мяне сама міла гучыць.
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
І буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: “Беларусь, мая Маці – краіна!”
I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр — неўміручы Купала …

Гістарычнае бяспамяцтва, нацыянальны нігілізм, на думку паэта, павінны саступіць месца сапраўднаму патрыятызму, які грунтуецца на адчуванні еднасці з культурай свайго народа, крэўнай сувязі мінулага, сённяшняга і будучага нашай зямлі.
Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, —
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані — з вузлякамі упартасці.
Сокам вотчынных гоняў адроду мы ўспоены,
Сонцам родных нябёс мы з маленства аблашчаны,
Як асілкі-дубы над дняпроўскімі поймамі —
Паяднаныя часам нашчадкі і прашчуры.
Мы на золку далёкім ардзе не скарыліся,
Славай Грунвальда выйшлі ў вялікія ратнікі.
Нас будзіў да святла стук друкарань скарынінскіх.
Да братоў мы гарнуліся сэрцамі братнімі.
Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасці —
Веру-мужнасць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні.
З гнеўнай лірай Кулалы і з эпасам Коласа
Мы спазналі сябе і свой голас узвысілі.
Гэтай повязі кроўнай, якой мы прывязаны
Да бацькоўскай зямлі, не парвуць, не растурзаюць
Аніякія буры-вятры непрыязныя —
Нашы сэрцы ад іх толькі больш загартуюцца!
I як вечна вясне святкаваць тут агледзіны,
Мовай радасці з долам і небам гамонячы, —
Так і нам у вяках тут, з братамі-суседзямі,
Жыць і верыць у лёс незахмарана-сонечны.

Сапраўдны паэт, Ніл Гілевіч стварыў па мастацку бездакорныя вершы не толькі пра першую любоў, але і пра каханне неверагоднай моцы, прыгажосці, кранальнасці, глыбіні, якое перажываюць ужо немаладыя людзі. Вобраз Ніны Іванаўны Гілевіч, жонкі і музы паэта, назаўсёды застаўся ў яго вершах.
Жыць і кахаць, або кахаць і жыць –
Адно і тое ж. Покуль я кахаю –
Я і жыву. І гэты свет прымаю
Таму, што ў сэрцы дзень і ноч гучыць
Мелодыя найпрыгажэйшай песні,
З якой мяне павек не разлучыць.
І пераходзячы быцця мяжу,
Наўрад, наўрад, наўрад ці я скажу:
Бывайце, хмаркі ў роным паднябессі!
Бывайце, птушкі ў росным майскім лесе!
Бывайце, зёлкі-краскі ў лузе веснім! –
Я не паспею гэта ўсё сказаць,
Бо зноў і зноўку буду паўтараць,
Па самае апошняе ўздыханне:
Бывай, бывай, бывай, маё каханне!

Выступаць з вершамі ў друку Ніл Сымонавіч пачаў у 1946 годзе, а ў 1957 годзе выйшаў першы зборнік “Песня ў дарогу” – гэта паэтычны маніфест студэнтаў-рамантыкаў 50-х гадоў. З таго часу і па сённяшні дзень у розных літаратурных жанрах паэтам напісана каля васьмідзесяці кніг.
Кнігі паэзіі "Песня ў дарогу" (1957), "Прадвесне ідзе па зямлі" (1959), "Неспакой" (1961), "Бальшак" (1965), "Перазовы" (1967), "Лісце трыпутніку" (1968), "А дзе ж тая крынічанька" (1972), "Запаветнае" (1975), "Актавы" (1976), "Святлынь" (1984), раман у вершах "Родныя дзеці" (1985), "Як дрэва карэннем" (1986), "Повязь" (1987), «Жыта, сосны й валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994), «…І плямы на табе няма» (2003), «На флейце самоты» (2004).
Зборнікі сатыры і гумару "Званковы валет" (1961), "Да новых венікаў" (1963), "Ці грэх, ці два" (1970), "Як я вучыўся жыць" (1974), "Русалка на Нарачы" (1974), «У добрай згодзе» (1979), "Кантора" (1989), "Дыялог на хаду" (1990).
Зборнікі вершаў і паэм для дзяцей "Сцяжок на мачце" (1959), "Сіні домік, сіні дом" (1961), "Зялёны востраў" (1963), "Дождж-грыбасей" (1966), "Загадкі" (1971), "Калі рана ўстанеш" (1984), "Добры чалавек" (1987), «Мой белы дзень» (1992), «Шчасьлівыя хвіліны» (2001).
Зборнік п'ес "Начлег на буслянцы" (1980), «Выбраныя творы» ў двух тамах (1981), і аповесць "Перажыўшы вайну" (1988).
Ніл Гілевіч – аўтар шматлікіх кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы, укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў "Песні сямі вёсак" (1973), "Песні народных свят і абрадаў" (1974), "Лірычныя песні" (1976), "Лірыка беларускага вяселля" (1979), "Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі" (1983), публіцыст.
Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх і інш.).
Яго ўласны маніфест:
Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай.
Я не нахлебнiк твой. Я на зямлю
Не для таго прыйшоў, каб жменяй поўнай
Уцехi браць. Я - аддаваць люблю.
Тым, што зрабiў, любоў я вымяраю.
I калi мой апошнi час праб'е,
Павiнен ведаць я, што памiраю,
Аддаўшы ўсё да кропелькi - табе.

Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение

Сообщений в этой теме


Тема закрытаНачать новую тему
1 чел. читают эту тему (гостей: 1, скрытых пользователей: 0)
Пользователей: 0

 



Текстовая версия Сейчас: 19.4.2024, 19:26