IPB

Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )

16 страниц V  « < 5 6 7 8 9 > »   
Ответить в данную темуНачать новую тему
Акцыя "Чытаем беларускую кнігу", Літаратурныя юбілеі
Admin
сообщение 1.7.2020, 8:35
Сообщение #43


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Зорка – слова жаночага роду!

5 ліпеня – 50 гадоў з дня нараджэння Л. І. Рублеўскай(1965), пісьменніцы
У сучаснай беларускай літаратуры жанчынамі-пісьменніцамі напісана нямала твораў, пазначаных вострай праблематычнасцю, глыбінёй пачуццяў, філасофскімі разважаннямі. Адна з іх – паэтэса, празаік, драматург, крытык Людміла Рублеўская. Яе раманы з’яўляюцца найбольш яркімі ўзорамі новай гістарычнай прозы беларускай літаратуры пачатку ХХІ ст.
Людміла Рублеўская заявіла пра сябе найперш як паэтэса. У 1990 годзе выйшлі паэтычныя зборнікі “Крокі па старых лесвіцах” і “Адукацыя”, якія яскрава раскрываюць выбраны ёй кірунак – шлях гістарычнага, нацыянальна-духоўнага светапазнання. Псіхалагізм, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці, прыхільнасць да гістарычнага рамантызму характэрны для творчасці Л.Рублеўскай. Зборнік “Замак месячнага сяйва” (1992) уражвае сваёй маштабнасцю і глыбінёй мастацкага выяўлення. Паэтэса стварыла цэлую галерэю гістарычных вобразаў славутых людзей Беларусі розных эпох ічасоў (пачынаючы ад ХІ і да ХХ ст.), раскрыўшы духоўны вопыт папярэднікаў, сэнс іх учынкаў і поглядаў. Партрэтна-псіхалагічныя балады “Ефрасіння”, “Балада пра Якуба Венжыка”, “Балада пра нясвіжскага дойліда”, “Балада пра Янку Коклю”, “Балада пра Напалеона Орду” і іншыя напісаны з мэтай знайсці адказ на пытанні сучаснасці.
У пазнейшых зборніках “Балаган”, “Рыцарскія хронікі”, “Над замкавай вежай” гісторыя як бы трансфамуецца, губляе првязку да канкрэтных асоб і набывае больш філасофскі сэнс. Некаторым творма уласцівы былінны стыль, своеасаблівая рытміка верша.
У сучаснай беларускай прозе Л.Рублеўская заняла трывалае месца як майстар гісторыка дэтэктыўных містычных сюжэтаў. У яе раманах “Золата забытых магіл”, “Скокі смерці”, “Забыць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію”, “Сутарэнні Ромула”, “Авантуры мармуровага анёла” і іншых творах гістарычная тэма прасочваецца ад міфалагічнай старажытнасці да ХХст. Проза адметна тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнасцю, лірычнасцю і мяккім гумарам. Па творам “Апошняя з Алелькавічаў” і “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкляра і шпега” зняты фільмы на беларускім тэлебачанні. Сваімі кнігамі пісьменніца сведчыць, што мінулае і сучаснасць здольныя адчуваць узаемны уплыў, а іншыя часавыя каардынаты не перашкаджаюць блізкім па духу людзям разумець адзін аднаго.

Бібліяграфія

Рублеўская Людміла // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / гал. рэд. Г.П.Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2001. – Т. 13. – С. 423.
Рублеўская, Л. І. Па абодва бакі ад Кальварыі / Рублеўская Людміла Іванаўна // З росных сцяжын: аўтабіягр. Пісьменнікаў Беларусі. – Мінск, 2009. – С. 348–358.
Бельскі, А. І. Слова пра Людмілу Рублеўскую / Алесь Бельскі // Галасы і вобразы : літ.-крыт. арт. / Алесь Бельскі. – Мінск, 2008. – С.187–191.
Кабржыцкая, Т. Зорка – слова жаночана роду! : назіранні над асаблівасцямі гіст. прозы Л. Рублеўскай) / Таццяна Кабржыцкая // Полымя. – 2013. – № 7. – С. 128–134.
Русілевіч, В. Кіно з'ехала, а ўспаміны засталіся / В. Русілевіч // Лідская газета. – 2019. – 10 красав. – С. 1; 12.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 1.6.2020, 10:02
Сообщение #44


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Незабыўны Пятрусь Усцінавіч


25 чэрвеня – 115 гадоў з дня нараджэння П.У Броўкі (1905-1980), паэта, празаіка, грамадскага дзеяча, народнага паэта Беларусі.

Сярод беларускіх пісьменнікаў, якія пакінулі нашчадкам багатую творчую спадчыну і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, пачэснае месца займае Пятрусь Броўка. Ён доўгі час знаходзіўся ў эпіцэнтры літаратурнага жыцця краіны, актыўна ўплываў на яго не толькі як творца, але і як сапраўдны летапісец-мастак свайго часу.
Першыя вершы яго былі надрукаваны у 1926 г. пад псеўданімам Юрка Баравы ў газеце “Чырвоная Полаччына” і альманаху “Наддзвінне”. 1930-я гг. – час інтэнсіўнага станаўлення таленту пісьменніка. У гэты перыяд з’явіліся зборнікі паэзіі “Прамова фактамі”, “Гады як шторм”, “Цэхавыя будні”, “Прыход героя” і іншыя. Пятрусь Броўка пісаў пра сяброўства, каханне, радасць працы, узаемаадносіны людзей і іх пачуцці. Паэта цікавілі падзеі не толькі сучаснага яму жыцця, але і грамадзянскай і Першай сусветнай войнаў. Гэта знайшло адлюстраванне ў паэмах “Праз горы і стэп” (1932), “1914” (1935). У зборніках “Вясна Радзімы” (1937), “Шляхамі баравымі” (1940) побач з грамадзянскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка. У гады Вялікай Айчыннай вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэалістычны змест паэзіі П.Броўкі, узмацняецца яе патрыятычнае гучанне. Балючыя, шчымлівыя вершы, балады, паэмы пра Надзю-Надзейку, закатаваную фашыстамі, пра спаленыя вёскі, першыя пасляваенныя барозны і жмені зярнят, што кінулі ў зямлю рукі сейбіта, пра слёзы герояў-франтавікоў, якія засталі папялішчы на месцы родных хат. Тэма вайны раскрыта ў лепшай паэме “Голас сэрца” (1960). Яна прысвечана маці паэта, якая загінула ў Асвенцыме. Многія творы пасляваеннага часу звязаны з франтавой лірыкай, але пафас творчасці П.Броўкі вызначае тэма мірнай працы, якая асабліва ярка раскрыта ў паэме “Хлеб” (1946; Дзяржаўная прэмія СССР, 1947). Працоўны подзвіг народа, барацьба за мір адлюстраваны ў зборніках “У роднай хаце” (1946), “Дарога жыцця” (1950; Дзяржаўная прэмія СССР, 1951) і іншыя. Плённым этапам у творчасці П.Броўкі сталі 1960-70-я гг. У гэты час выйшлі зборнікі “Пахне чабор” (1959), “Далёка ад дому” (1960), “А дні ідуць…” (1962; Ленінская прэмія, 1962) і іншыя.
У літаратурнай спадчыне П.Броўкі акрамя паэтычных ёсць і празаічныя творы. Першым буйным творам стала аповесць “Каландры” (1931). У 1956 г. П.Броўка апублікаваў раман “Калі зліваюцца рэкі” (Літаратурная прэмія імя Я.Коласа, 1959), у якім распавядаецца пра будаўніцтва электрастанцыі на возеры Дрысвяты ў Віцебскай вобласці. У апошнюю кнігу прозы “Разам з камісарам” (1974) увайшлі аўтабіяграфічныя апавяданні і аповесць “Донька-Даніэль”. Пятрусь Броўка пісаў таксама творы для дзяцей, займаўся мастацкім перакладам, публіцыстыкай.
Урад высока ацаніў творчую і грамадскую дзейнасць пісьменніка. У 1966г. П.Броўка быў абраны акадэмікам Акадэміі навук БССР. У 1972 г. атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы, праз тры гады стаў заслужаным дзеячам навукі БССР, у 1976 г. лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР за ўдзел у стварэнні дванаццацітомнай “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі”. Пісьменнік узнагароджаны ардэнамі і медалямі. Імем паэта названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі і іншых гарадах Беларусі.

Бібліяграфія

Броўка Пятрусь // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / гал. рэд. Г.П.Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1996. – Т. 3. – С. 262–263.
Голуб, Т. С. Творчасць Петруся Броўкі ў святле эдыцыйна-тэксталагічных праблем / Т. Голуб // Тэксталогія беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : гісторыя тэксту як шлях да гісторыі літаратуры / Т. Голуб. – Мінск, 2013. – С. 122–128.
Рублевская, Л. И. Поэт и бронза : неизвестный Бровка / Л. Рублевская // Время и бремя архивов и имён : очерки, эссе, пьеса / Л. Рублевская, В. Скалабан. – Минск, 2009. – С.116–123.
25 чэрвеня – 110 гадоў з дня нараджэння П.У.Броўкі (1905 – 1980), паэта, празаіка, грамадскага дзеяча, народнага паэта Беларусі // Новыя кнігі (дадатак). – 2015. – № 2. – С. 14 – 16.
Баўтрэль, I. Паэзія Петруся Броўкі: дарога да майстэрства / І. Баўтрэль // Роднае слова. – 2010. – №6. – C. 8 – 11.
Пракаповіч, І. Патрыятычны, вызваленчы пафас твораў П.Броўкі ваеннага часу / І. В. Пракаповіч // Беларуская мова і літаратура. – 2015. – № 6. – С. 48–52.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 31.3.2020, 15:07
Сообщение #45


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Ведаю як мне жыць


24 красавіка – 100 гадоў з дня нараджэння А.Н. Карпюка (1920 —1992), пісьменніка.
У скарбонку лепшых здабыткаў беларускай літаратуры вылучаюцца творы аднаго з самабытных празаікаў 60-80-х гадоў мінулага стагоддзя Аляксея Нічыпаравіча Карпюка.
Нарадзіўся А.Карпюк у сялянскай сям’і. Яго малой радзімай была вёска Страшава на Беласточчыне. У 1934 годзе хлопец скончыў сямігодку, потым вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні і Навагрудскім педвучылішчы. У гады Вялікай Айчыннай вайны яму давялося прайсці падпольную і партызанскую барацьбу, нямецкі алон, лагер смяротнікаў Штутгаф, уцёкі, франтавыя баі, два цяжкія раненні, інваліднасць.
У літаратуру А. Карпюк прыйшоў адносна позна – пасля трыццаці. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: “Пісанне стала маім лёсам. Я знайшоў спосаб, як найбольш быць карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю як мне жыць!”
Творчую дзейнасць пісьменнік пачаў з бытавых замалёвак, празаічных мініяцюр, змест якіх аўтару падказвала само жыццё. Упершыню ў друку выступіў з аповесцю “У адным інстытуце” (1953). У тым жа годзе апублікавана і апавяданне “Дзве сасны”, якое дало назву першай кнізе (1958). Пасляваенныя гады, нягоды і радасці, цяжкасці і імкненне да лепшага, вучоба і каханне, спрэчкі пра сённешні дзень і балючыя ўспаміны пра дзень мінулы – ўсё гэта склала змест зборніка. У 1959 годзе з’явілася аповесць пра каханне “Данута”, якая прынесла аўтару сапраўдны поспех і шырокую вядомасць. Твор нарадзіўся невыпадкова, увабраўшы ў сябе вельмі многае перажытае самім пісьменнікам, асабліва ў юнацкія гады.
А. Карпюка можна назваць летапісцам Гродзеншчыны. Яго творы – своеасаблівая хроніка гэтага краю, у якой займае сваё месца гістарычная даўніна, барацьба з ворагам, сялянскія тыпы і маральна-бытавыя сцэны сучаснасці. Праз многія апавяданні, аповесці, раманы пісьменніка праходзіць адзін галоўны герой, жыццё якога набліжана да лёсу самаго аўтара – таленавітага, цікавага чалавека. Біяграфія пісьменніка стала часткай яго кніг, асабліва такіх як “Свежая рыба”, “Сучасны канфлікт”, “Карані”.
Значнае месца ў літаратурным набытку А.Карпюка займае публіцыстыка – нарысы “Мая Гродзеншчына”, “Чаго мы варты”, “След на зямлі” і іншыя.
У 1980 годзе А.Карпюк атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі, а за кнігу прозы “Сучасны канфлікт” у 1986 годзе ўзнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя І.Мележа.

Бібліяграфія:

Карпюк Аляксей Нічыпаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / гал. рэд. Г.П.Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1999. – Т. 8. – С. 98.
Бярозка, А. "Сведчу, як на святой споведзі" / А. Бярозка // Роднае слова. –2013. – № 11. – C. 21–24.
Вашкевiч, А. "Больш за ўсё я люблю свабоду..." : гісторыя Аляксея Карпюка / А. Вашкевіч // Дзеяслоў. – 2007. – №4(29). – C. 252–269.
Раманчук, А. Ведаю, як мне жыць : Аляксей Карпюк / Анатоль Раманчук // Гродзенская праўда. – 2005. – 14 крас. – С. 6.
Карпюк, В. Ад по имени Штуттгоф В. Карпюк // Рэспублiка. – 2004. – 26 мая. – С. 7.
Андраюк, С. Напісанае-перажытае : пра творчасць пісьменніка А.Карпюка / Серафим Андраюк // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 9 красавіка. – C. 1.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 3.3.2020, 10:34
Сообщение #46


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Дудка грае – ён жывы


21 сакавіка – 180 гадоў з дня нараджэння Ф.Багушэвіча (1840—1900), пісьменніка, публіцыста, перакладчыка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.
Немагчыма пераацаніць уклад у гісторыю беларускай літаратуры самага яркага нацыянальнага паэта XIX ст., вядомага пад псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава і інш. Яго невялікая, але адметная спадчына сведчыць, што беларуская літаратура была, ёсць і заўсёды будзе мець годны працяг.
Першымі творамі пачынаючага пісьменніка былі журналісцкія допісы, якія ён пасылаў у польскі часопіс “Kraj”. Супрацоўніцтва з гэтым выданнем стала выдатнай школай для Багушэвіча-публіцыста. У 1891 г. у Кракаве пад псеўданімам Мацей Бурачок выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Дудка беларуская”, які адкрыўся, як прынята лічыць, праграмным вершам паэта “Мая дудка”, дзе ішла размова пра характар творчасці, прызначэнне мастацтва і паэта. У яго ўвайшлі творы аб штодзённым побыце сялянства, напоўненыя горкімі скаргамі і прасякнутыя бязвыхаднымі трагічнымі інтанацыямі, а таксама гумарыстычныя вершы. Другі паэтычны зборнік Ф.Багушэвіча “Смык беларускі” быў надрукаваны паэтам пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава ў Познані ў 1894 г. “Смык беларускі” стаў кнігай больш антыпрыгонніцкай, антыпанскай, чым “Дудка беларуская”. Лірычны герой твораў Ф. Багушэвіча – працоўны селянін. Ён не толькі пакутнік, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, якога абдзірае казна, крыўдзіць суд і царскія чыноўнікі, але і праўдашукальнік, асоба з развітым пачуццём чалавечай годнасці. Такім ён паўстае ў вершах “Дурны мужык, як варона”, “Як праўды шукаюць”, “Бог не роўна дзеле”, “Праўда”, “Не цурайся” і інш. Паэма-прытча “Кепска будзе!” – твор, у якім паэт не проста адлюстроўвае неарданарны выпадак з жыцця героя, а ўзнімаецца да абагульнення. У літаратуразнаўстве існуе думка, што герой паэмы Аліндарка – персаніфікаваны вобраз Беларусі. Асаблівую цікавасць выклікаюць прадмовы да абодвух паэтычных зборнікаў, у якіх паэт абараняе сацыяльныя і нацыянальныя правы беларусаў, права на існаванне і развіццё беларускай мовы і культуры. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі”, - заклікае ў прадмове да паэтычнага зборніка “Дудка беларуская” Мацей Бурачок.
Ф.Багушэвіч не толькі ўзбагаціў беларускую літаратуру як паэт, празаік, публіцыст. Ён зрабіў вялікі ўклад у развіццё і станаўленне беларускай літаратурнай мовы. Нягледзячы на тое, што свае творы ён пісаў лацінкай, беларуская мова гучала ў яго натуральна, гнутка, афарыстычна і прыгожа.



Бібліяграфія
Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / гал. рэд. Г.П.Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1996. – Т. 2. – С. 210–211.
Мяснікоў, А. Ф. Францішак Багушэвіч: “Не пакідайце ж мовы нашай…” / Анатоль Мяснікоў // Сто асоб беларускай гісторыі : гіст. партр. / Анатоль Мяснікоў. – Мінск, 2009. – С. 113–116.
Содаль, У. “От быў чалавек…” : асоба Ф. Багушэвіча вачыма сучаснікаў і нашадкаў / Уладзіір Содаль // Роднае слова. – 2001. – № 4. – С. 94–98.
Содаль, У. “Той люд жаве, што свае песні мае…” : песні на вершы Ф.Багушэвіча / Уладзімір Содаль // Роднае слова. – 2007. –№ 3. – С. 87 –88.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 31.1.2020, 14:56
Сообщение #47


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Аб чым шумелі сосны


16 лютага – 90 гадоў з дня нараджэння І.Я.Навуменкі (1925—2006), народнага пісьменніка Беларусі.
У сузор’і пісьменнікаў, якія ў сваіх творах адлюстроўвалі тэму Вялікай Айчыннай вайны, Івану Якаўлевічу Навуменку належыць адно з самых значных месцаў. Гэта ён – усёй духоўнай сутнасцю сваіх герояў – сцвярджаў, што беларуская літаратура пра вайну не ваенная, а антываенная, адна з самых гуманных літаратур свету.
Нарадзіўся Іван Якаўлевіч ў Гомельскай вобласці. У сярэдняй школе ўсе прадметы здольнаму вучню давалася лёгка, але ён асабліва любіў літаратуру. Зачытваўся творамі Ж.Верна, М.Рыда, А.Дзюма, І.Тургенева, захапляўся паэзіяй Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Ён марыў сур’ёзна займацца літаратурай, але ўсе планы перакрэсліла вайна. Сямнаццацігадовым юнаком уключыўся І.Навуменка ў барацьбу з акупантамі: прымаў актыўны ўдзел у падпольнай дзейнасці.
Першыя яго апавяданні “Сідар і Гараська” і “Эх, махорачка” былі апублікаваны ў часопісе “Маладосць” у 1955 годзе. З 1957 года кніга за кнігай пачалі выдавацца зборнікі апавяданняў, навел і аповесцей – “Сямнаццатай вясной”, “Хлопцы-равеснікі”, “Бульба”, “Тая самая зямля”, “Водгулле далёкіх вёснаў” і іншыя. У творах адлюстраваны лёс пакалення аднагодкаў аўтара, якое, нягледзячы на цяжкія ваенныя гады і супярэчнасці жыцця, захавала рамантычны, часам летуценны погляд на рэчаіснасць. Найбольш поўна тэма Вялікай Айчыннай вайны раскрыта ў раманах “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці”. Аўтар паказаў складаны і супярэчлівы працэс фарміравання волі і характараў маладых людзей, выхаваных у 1930-я гг. у духу патрыятызму, гатовых да подзвігу ў імя Радзімы. У суровыя гады вайны героі твораў І.Навуменкі, праходзячы праз сур’ёзныя выпрабаванні, паказваюць веліч і прыгажосць чалавечага духу.
У раманах, створаных у 1970-80-я гг. “Смутак белых начэй”, “Летуценнік”, “Асеннія мелодыі” паўстае вобраз інтэлігента старэйшага пакалення. Сучаснае жыццё з усімі яго канфліктамі, супярэчлівасцямі асэнсоўваецца пісьменнікам у апошнім значным творы – трылогіі “Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва” і яго працягу “Любімы горад”.
Шырока вядомы І.Навуменка і як даследчык у галіне нацыянальнага літаратуразнаўства. Ён аўтар манаграфій “Янка Купала. Духоўны воблік героя”, “Якуб Колас. Духоўны воблік героя” – за абедзве аўтар атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Я.Коласа. За цыкл манаграфій “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, “Змітрок Бядуля”, “Максім Багдановіч”, “Ранні Кузьма Чорны” пісьменнік атрымаў прэмію НАН Беларусі.
Больш за 50 гадоў працаваў пісьменнік на ніве роднай літаратуры. Творы І.Навуменкі прасякнуты шчырасцю, праўдзівасцю, глыбокімі пачуццямі. Яны перакладзены на балгарскую, латышскую, нямецкую, польскую, рускую і іншыя мовы.

Бібліяграфія:

Навуменка Іван Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / гал. рэд. Г.П.Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2000. –Т. 11. – С.111–112.
Тычко, Г. К. Вайна ў жыцці і творчасці Івана Навуменкі / Г. К. Тычко // Беларуская літаратура ХІХ –ХХ стагоддзяў: час і асобы / Г. К. Тычко; М-ва культуры Рэспублікі Беларусь, Беларус. дзярж. ун-т культуры і мастацтваў. – Мінск, 2010. – С. 157–164.
Алейнік, Л. Досвед і мудрсць Івана Навуменкі / Лада Алейнік // Пясочны гадзіннік : літ.-крыт.арт., нарысы, рэц., нататкі. – Мінск, 2010. – С. 77–84.
Васючэнка, П. Салдаты вярнуліся : ваенная проза Івана Навуменкі / П. Васючэнка // Роднае слова. – 2005. – № 1. – C. 6–10.
Мiшчанчук, М. Салдаты самай вялікай вайны : Іван Навуменка; Мікола Мішчанчук // Роднае слова. – 2007. – № 2. – C. 52–58.
Траццяк, З. І. Беларуская ваенная проза ў параўнальна-гістарычным ракурсе : раман "Смутак белых начэй" Івана Навуменкі / Зоя Траццяк // Роднае слова. – 2018. – № 1. – С. 27–31.


Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 9.1.2020, 14:44
Сообщение #48


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Жывыя старонкі гісторыі

1 студзеня – 75 гадоў з дня нараджэння Вольгі Іпатавай, пісьменніцы, перакладчыцы (1945, г.п.Мір, Карэлічскі р-н).
Пачатак жыццёвага шляху Вольгі Іпатавай быў не вельмі спрыяльным для развіцця яе мастацкага таленту. Дзяцінства будучай пісьменніцы пазначана асабістай трагедыяй – у чатырохгадовым узросце яна страціла маці. Пазней, у адным з вершаў Вольга напіша, што першай жыццёвай стратай былі для яе “маміны далоні”, цеплыню і пяшчоту якіх яна паспела адчуць і захаваць у сэрцы на доўгія гады.
Шчаслівая наканаванасць лёсу Вольгі Іпатавай – нарадзіцца, расці, духоўна сталець сярод гістарычных мясцін Беларусі – Міра, Навагрудка, Гродна з іх велічнымі старажытнымі замкамі, якія дыхалі нязведаннай даўніной і незвычайнай таямнічасцю. Менавіта адсюль пачалі развівацца дзіцячыя, юнацкія ўяўленні, паэтычныя фантазіі будучай пісьменніцы пра падзеі, што тут адбываліся, пра людзей, якія будавалі і ўпрыгожвалі гэтыя замкі, хто бараніў ад нападу ворагаў, тварыў гісторыю зямлі, якая стала яе радзімай.
Ужо на раннім этапе ў Іпатавай выспявала задума – даведацца самой і расказаць у сваіх творах пра гісторыю свайго народа. Так быў напісаны цэлы цыкл апавяданняў пад агульнай назвай “Гул далёкіх стагоддзяў”.
Усе гэтыя творы ў жанравым плане ўяўляюць сабой невялікія падзейныя навелы, у аснову якіх пакладзены эпізоды з жыцця вядомых гістарычных асоб: Рагвалода, Усяслава, Давыда Гарадзенскага, раскрываюцца побыт, звычаі, вераванні простых людзей, якія ўсё яшчэ маліліся паганскім багам і жыццё якіх цалкам залежыла ад улады князёў. Гэтыя кнігі атрымалі высокую ацэнку крытыкі.
Адкрыццём для беларускай гістарычнай прозы сталася аповесць “Прадыслава”. Гэты твор прысвечаны Ефрасінні Полацкай – жанчыне-асветніцы, апякунцы нацыі, якая цяпер нябачна прысутнічае ў духоўным свеце беларусаў.
Да актуальных у мінулым і сучасным жыцці беларусаў праблем веравызначэння нацыі пісьменніца звяртаецца ў аповеці “Агонь у жылах крэмяню”, (1989). Аповесць адлюстроўвае тыя моманты ў існаванні Вяікага Княства Літоўскага, калі для яго з боку Рэчы Паспалітай пачала паўставаць небяспека паланізацыі, калі разгарнулі сваю дзейнасць езуіты з мэтай прымусовага акаталічвання насельніцтва.
Другая аповесць “Чорная княгіня” таксама адлюстроўвае падзеі XVI ст. Твор захапляе чытача не толькі рэальна існаваўшымі гістарычнымі фактамі, з’явамі, асобамі, але і амаль дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, незвычайнымі паваротамі лёсу простых людзей, якіх шчаслівы або, наадварот, нешчаслівы выпадак ці злая воля валадароў кідалі ў нязвыклыя ўмовы. Раман “За морам Хвалынскім” – першая ў беларускай літаратуры спроба асэнсаваць духоўны вопыт тых, хто не па сваёй волі вымушаны быў пакідаць сваю Бацькаўшчыну ў самыя розныя часы і сцвярджацца ў чужым свеце, засвойваць непадобныя культуры, традыцыі, мову. Гэты раман вытрымаў шэсць выданняў і ўвайшоў ў школьную праграму.
Усе выданні В. Іпатавай немагчыма пералічыць, але яе гістарычныя раманы вяртаюць нам памяць, гонар і годнасць, выхоўваюць патрыятызм на прыкладзе жыцця і дзейнасці нашых славутых продкаў – герояў, святых людзей, што тварылі нацыянальную гісторыю, якой мы можам па праву ганарыцца.

Бібліяграфія:
1. Савік, Л. С. Вольга Іпатава : н. у 194 / Л. С. Савік // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя / [С.А. Андраюк і інш. ; навук.рэд.: У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук] ; НАН Беларусі, аддз-не гуманіт. навук і мастацтваў, цэнтр даслед. бел. культуры, мовы і літ., філ. "Ін-т мовы і літ. імя Я.Коласа і Я.Купалы". — 2-е выд. — Мінск, 2015. — Т. 4, кн. 3. — С. 643—678.
2. Макмілін, А. Вольга Іпатава / Арнольд Макмілін // Макмілін, А. Пісьменства ў халодным клімаце : беларуская літаратура ад 70-х гг. XX ст. да нашых дзён / Арнольд Макмілін. — Беласток, 2011. — С. 515—522.
3. Супа, В. Тэма ўзаемасувязі Беларусі і Усходу ў гістарычнай прозе Вольгі Іпатавай / Ванда Супа // Беларусь паміж Усходам і Захадам: праблемы міжнац., міжрэлігійн. і міжкультурн. узаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу / [рэд.: У. Конан, А. Мальдзіс, Г. Цыхун]. — Мінск, 1997. — Ч. 2. — С. 213—218.
4. Угрынскі, М. Творца, якая не лічыць гадоў / Міхась Угрынскі ; фота // Наша слова. — 2014. — 24 снеж. — С. 5.
5. Кірушкіна, М. Мастацкія адметнасці гістарычнай прозы Вольгі Іпатавай / Марыя Кірушкіна // Роднае слова. — 2013. — № 7. — С. 26—28.
6. Кошур, С. Пісьменніца са старажытнага Міра // Краязнаўчая газета. — 2010. — № 14. — C. 4; № 15. — С. 4.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 2.12.2019, 8:21
Сообщение #49


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Поле трывогі і роспачы

21 снежня – 85 гадоў з дня нараджэння Івана Чыгрынава (1934 – 1996), народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў – вядомы беларускі пісьменнік, які плённа працаваў у літаратуры 35 год. Дзяцінства яго прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны, якая моцна ўрэзалася ў дзіцячую свядомасць, акрэсліла галоўную сцяжыну на творчым шляху пісьменніка.
Дэбютаваў І.Чыгрынаў у рэспубліканскім друку вершамі ў 1952 годзе. Але сваё сапраўднае прызнанне ён знайшоў у прозе і драматургіі. Першы празаічны твор з’явіўся ў 1958 годзе. Сам І.Чыгрынаў лічыў пачаткам літаратурнай дзейнасці 1961 год, калі было апублікавана апавяданне “Праз гады”. Першая кніга прозы “Птушкі ляцяць на волю” убачыла свет у 1965 годзе. Потым выйшлі кнігі арыгінальных і глыбокіх твораў: “Самы шчаслівы чалавек” (1967), “Ішоў на вайну чалавек” (1973), “Ці бываюць у выраі ластаўкі” (1983) і інш. Апавяданні вызначаюцца рэалістычнасцю, увагай пісьменніка да жыцця простых людзей, разуменнем іх штодзённых клопатаў і турбот, а яшчэ псіхалагічнай насычанасцю, гуманістычнай скіраванасцю, адметнасцю моўнага калатыру. Дзякуючы таленту пісьменніка яны сталі сапраўднымі мастацкімі палотнамі, а лепшыя з іх строгія крытыкі адносяць да залатога фонду беларускай навелістыкі. Спроба пяра ў малым жанры падрыхтавала І.Чыгрынава да напісання рамана. Так з’явіўся твор “Плач перапёлкі” (1970), пазней – “Апраўданне крыві” (1976, за абодва Літаратурная прэмія імя А.Фадзеева,1979), “Свае і чужынцы” (1983), “Вяртанне да віны” (1992) і “Не ўсе мы згінем”(1996), якія звязаны аднымі героямі і месцам дзеяння (вёска Верамейкі, таму называецца “верамейкаўскі цыкл”). У іх адлюстраваны атмасфера ваеннага часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, арганізацыя падполля, зараджэнне партызанскага руху, даследаваны вытокі гераізму і мужнасці беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Іван Чыгрнаў вядомы таксама як кінасцэнарыст і драматург. Ён быў сааўтарам сцэнарыя папулярнага тэлефільма “Руіны страляюць…” (1970, з І.Новікавым). Кінастужка апавядае пра дзейнасць мінскага падполля ў 1941 – 1942 гг. У 1974 г. ён адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. У 1980 годзе на Беларускім тэлебачанні паводле твораў І.Чыгрынава быў пастаўлены тэлеспектакль “Плач перапёлкі”. Апошнім з буйных тэлесерыялаў канца ХХ стагоддзя пра жыццё ў акупацыі і супраціўленне народа ў гады вайны стаў шматсерыйны тэлефільм “Плач перапёлкі” (1991). У ім паказаны першы перыяд вайны не праз буйнамаштабныя падзеі, а праз мноства асабістых лёсаў вяскоўцаў, скрыжаванняў іх біяграфій, паваротаў іх ваенных сцяжынак.
І. Чыгрынавым напісана шмат п’ес. Некаорыя з іх – гэта гістарычны экскурс у памятныя падзеі жыцця беларускага народа. Сівыя часы Рагнеды (“Звон – не малітва”), Крычаўскае паўстанне XVIII ст. (“Следчая справа Вашчылы”) пераклікаюцца з драматычным часамі сталінізму (“Чалавек з мядзвежым тварам”, “Ігракі”), трагедыяй Вялікай Айчыннай вайны (“Свае і чужыя”, “Дзівак”з Ганчарнай вуліцы”), Чарнобыльскай трагедыяй (“Толькі мертвыя не вяртаюцца”). Аналізу стану грамадства пачатку 1990-х гг. прысвечаны п’есы “Суседзі” і “Госці”.
За вялікія заслугі ў развіцці беларускай літаратуры Івану Гаўрылавічу ў 1994 годзе прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі. Літаратурная спадчына І.Чыгрынава не страціла значнасці і ў сённяшні час. Пра гэта сведчыць перавыданне лепшых твораў пісьменніка.

Бібліяграфія:

Чыгрынаў Іван Гаўрыловіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2003. – Т. 17. – С. 296.
Сінькова, Л.Д. Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў, 1934-1996 / Л. Д. Сінькова // Беларуская літаратура ХХ ст. : (біяграфіі, бібліяграфія, літ. крытыка) / навук. рэд. Л. Д. Сінькова. – Мінск, 2008. – С.260—267.
Бугаёў, Д. Чулая душа : творчы партрэт І.Г.Чыгрынава / Д. Бугаёў // Лiтаратура i мастацтва. — 2010. — № 1. — 6 студзеня. — C. 1.
21 снежня - 75 год з дня нараджэння І.Г.Чыгрынава (1934—1996), народнага пісьменніка Беларусі // Новыя кнiгi (дадатак). — 2009. — № 10. — C. 8—12.
Бугаёў, Д. Праўдалюбства сілкавала яго талент : асаблівасці прозы і драматургіі Івана Чыгрынава / Д. Бугаёў // Роднае слова. — 2008. — № 4. — C. 20—22.
Варанько, К. З высокім усведамленнем : Іван Чыгрынаў / К. Варанько // Лiтаратура i мастацтва. — 2004. — 24 снежня. — С. 15.
Грамадчанка, Т. К. Жывая памяць народа : нарыс творчасцi I. Чыгрынава / Т. К. Грамадчанка. — Мінск : Навука i тэхнiка, 1984. — 112 с.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение

16 страниц V  « < 5 6 7 8 9 > » 
Ответить в данную темуНачать новую тему
1 чел. читают эту тему (гостей: 1, скрытых пользователей: 0)
Пользователей: 0

 



Текстовая версия Сейчас: 28.3.2024, 23:30