IPB

Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )

6 страниц V   1 2 3 > »   
Ответить в данную темуНачать новую тему
Проект "История Лиды в датах"
Admin
сообщение 2.1.2019, 8:39
Сообщение #1


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 1206
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Студзень

495 гадоў таму (1524) у вёсцы Малое Мажэйкава Лідскага павету пабудаваны праваслаўны храм абарончага тыпу.
Заснавальнікам яе быў набожны памешчык Шымка Мацкевіч-Шкленскі, які надзяліў яе дзясятаю капою ад жыта, ячменю і пшаніцы са свайго маёнтка Мажэйкава. Але хутка святыня апынулася ў руках уніятаў. Паны замест ахоўвання і павялічэння дабрабыту абрабавалі царкву. Асабліва абуральнымі былі дзеянні абшарніка пана Кастравіцага… Пачуўшы, што настаяцель Пётр Афанасьевіч знайшоў у дамавіне заснавальніка царквы Шымкі Мацкевіча шмат золата, Кастравіцкі падступіў да святара, жадаючы прысвоіць сабе той уніяцкі скарб. Ды атрымаўшы адмову, пачаў катаваць святарову жонку, якая, паводле адных звестак, ад гэтага і памерла, паводле другіх – была задушана служкаю пана. Гаспадарка святара падверглася рабаванню, а сам няшчасны айцец Пётр не вытрымаў і хутка таксама памёр.
Аднойчы, падчас праезду з Вільні ў Гродна Маламажэйкаўскую царкву заўважыў і пажадаў агледзець імператар Аляксандр Паўлавіч. Пабудова глыбока ўразіла цара сваім маркотным і жабрацкім станам. Аляксандр загадаў неадкладна рамантаваць храм, нагляд жа за гэтым даручыў слонімскаму абшарніку Юндзілу.
У 1863 годзе настаяцелем храма быў прызначаны святар Леў Савіцкі, выпускнік Літоўскай духоўнай семінарыі. Пры ім старадаўняя Маламажэйкаўская царква-крэпасць набыла сучасны прыгожы выгляд, было складзена яе апісанне, надрукаванае ў “Літоўскіх епархіяльных ведамасцях”. А 21 студзеня 1873 года адбылося яе асвячэнне.
Шмат разоў царква-крэпасць была атакавана ворагам. Магчыма, такі будынак і не мог устаяць супраць цяжкай артылерыі, але для войск з лёгкай агнястрэльнай і халоднай зброяй быў непрыступнай перашкодай на шляху. Сцены царквы – не меньш двух метраў таўшчынёй, а вокны – з жалезнымі кратамі. Па кутах будынка – чатыры круглыя вежы, а ўнутры – спіральныя каменныя лесвіцы. Звонку сцены вежаў аздоблены атынкаванымі нішамі, а таксама архітэктурнымі ўпрыгожаннямі ў выглядзе складзеных з цэглы крыжоў. Дарэчы, існуе паданне, што на заходніх вежах у нялепшыя для храма часіны з’яўляліся постаці анёлаў: адзін з трубой, другі з мячом. Уваход у царкву калісь абараняўся цяжкімі жалезнымі дзвярыма, якія апускаліся на ланцугах са сцянной нішы. Гэтыя дзверы не захаваліся.
Прыцягвае ўвагу і саеасаблівая канструкцыя перакрыццяў: спляценні гуртоў і нервюр зорчатых зводаў нібыта ўтвараюць трохвугольнікі і ромбы. Такая сістэма гатычных зводаў сімвалізуе бязгрэшнасць і святасць Багародзіцы Дзевы.
Людзі гавораць аб незвычайнай энергетыцы царквы. Кажуць, у гэтым намоленым за пяць стагоддзяў месцы – благадаць Божая.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 3.12.2018, 7:07
Сообщение #2


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 1206
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Снежань

10 – 105 год з дня нараджэння Гебельта Вацлава Яўгенавіча (1913, Гродзенскі р-н - 1999), беларускага шахматыста, пераможца 1-га чэмпіяната Міжнароднай шахматнай кампазіцыі. Працаваў у Лідзе.
Вацлаў Яўгенавіч апублікаваў каля 600 шахматных задач, 120 з якіх атрымалі прызы на конкурсах, у т. л. 52 першыя. Чэмпіён СССР па шахматнай кампазіцыі ў камандным першынстве ў 1969, 1971 гадах. Шэсць разоў выступаў на міжнародных спаборніцтвах у складзе зборнай каманды СССР. Адзін з аўтараў кнігі “Шахматная кампазіцыя ў Беларусі” (1981).
(1843) - 145 гадоў з дня нараджэння Веры Навіцкай, начальніцы Лідскай жаночай гімназіі, дзіцячай пісьменніцы.
У 1906 годзе яна выпусціла дзве кнігі “Добра жыць на свеце! З успамінаў шчаслівай дзяўчынкі” і “Вясёлыя будні. З успамінаў гімназісткі”. Кнігі атрымалі прызнанне і хутка разышліся. Гэтыя кнігі былі напісаны Верай Сяргееўнай яшчэ да другога замужжа і былі падпісаны “Вера Махцэвіч”. У 1909-м годзе Вера Сяргееўна выходзіць замуж за ўдаўца Фёдара Навіцкага і бярэ яго прозвішча. З тых часоў яе прозвішча на кнігах пішацца як Вера Навіцкая (Махцэвіч). На працягу 1912 -14 гадоў яна выдала яшчэ 5 кніг для дзяўчынак: “Запаветныя куткі”(1911), “Ціхамірныя гады” (1912), “Басурманка” (1914), “Наташа Славіна” (1914) і “Галя” (1914). У гэтыя гады яна была начальніцай Лідскай жаночай прыватнай гімназіі і ніхто не можа засумнявацца, што гэтыя 5 твораў напісаны ў Лідзе.
1598- 410 гадоў таму назад Лідскі стараста Ян Станіслававіч Абрамовіч выдаў у Вільні евангелічны “Катэхізіс”.
Ян Абрамовіч (Ян Абрагамовіч) (? – 19.04.1602). Стараста лідскі, ваявода мінскі (1593) і смаленскі (1596), пісьменнік. Паходзіў са старажытнага роду Абрагамовічаў, якія славіліся багаццем і адукаванасцю. Удзельнічаў у кальвінісцкіх дыспутах з езуітамі, у Торунскім сінодзе (1595), у нарадах з праваслаўнымі ў Вільні (1599). У Варнянах (Гродзенская вобл.) заснаваў кальвінісцкі сабор, бальніцу, школу, якія існавалі да сярэдзіны XVII стагоддзя.
Выдаў ў Вільні (1598) евангелічны “Катэхізіс”, які змяшчаў да 300 рэлігійных песень. Яму таксама прыпісваюць аўтарства твора “Погляды літвіна на танную куплю і даражэйшы продаж збожжа” (1595, на польскай мове), дзе аўтар выступае асветным тлумачальнікам і абаронцам свабоды гандлю.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 31.10.2018, 9:11
Сообщение #3


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 1206
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Лістапад

30 год з часу стварэння народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік”.
Створаны ў 1988 годзе у вёсцы Гуды Лідскага раёна пры сельскім Доме культуры. У 1994 годзе прысвоена “народны аматарскі калектыў”. Кіраўнік Андрэй Колышка.
Сучасны калектыў мае сваё індывідуальнае аблічча, непаўторную манеру выканання і рэпертуар, які ў асноўным складаюць беларускія, польскія, рускія народныя песні і мелодыі, а таксама апрацаваныя творы, запісаныя ад старэйшых жыхароў Лідскага раёна ў час фальклорных экспедыцый. Частку рэпертуару “Гудскага гармоніка” складаюць аўтарскія творы Андрэя Колышкі на словы экс-салісткі Ганны Баборык і творы напісаныя ўдзельнікам ансамбля – Аляксандрам Пучылам на ўласныя вершы і вершы лідскага паэта Станіслава Судніка.
Народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік” на высокім прафесійным узроўні прадстаўляе беларускае музычнае і песеннае мастацтва як у нашай краіне, так і за яе межамі. За гады існавання калектыў даў больш за шэсцьсот канцэртаў. “Гудскі гармонік” – удзельнік і неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх, абласных і раённых святаў, фестываляў і конкурсаў. З 2007 года звесткі пра ансамбль “Гудскі гармонік” уключаны ў энцыклапедыю “Беларускі фальклор”, а ў 2017 годзе – у энцыклапедычны даведнік “Беларускія народныя музычныя інструменты”.

8 лістапада – 115 гадоў з дня нараджэння Брыкеля Паўла Парфір’евіча (1903 – 1983), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Ліды.
У 1925 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Вялікую Айчынную вайну пачаў камандзірам палка 22 чэрвеня 1941 года ў раёне Рава-Руская, а скончыў камандзірам дэвізіі 9 мая 1945 года на Эльбе. Быў два разы паранены і кантужаны. За вызваленне Ліды і Гродна яго дывізія палучыла назву “Гродзенская”, а яе 23-ці полк стаў называцца “Лідскі”. Аўтар кнігі “Повесть о последнем рейде”. Герой Савецкага Саюза (1945).
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 1.10.2018, 6:27
Сообщение #4


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 1206
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Кастрычнік

605 год таму назад стала пісьмова вядома паселішча Ваверка (1413 год), калі Міхаіл Галігінавіч заснаваў касцёл Святога Францішка.

Ваверка знаходзіцца ў дваццаці сямі кіламетрах ад Ліды, на паўночна-заходнім накірунку. Населены пункт быў уключаны ў спіс аграгарадкоў, якія будаваліся ў Гродзенскай вобласці ў 2006 годзе.
Верагодна, што горад Вевярэск, які згадваецца ў “Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх” у “Першым Наўгародскім летапісе”, - папярэднік Ваверкі. Дакладнае месцазнаходжанне Вевярэска невядомае, але лічыцца, што ён знаходзіўся на беразе рэчкі Ваверкі. Ёсць меркаванне, што горад і яго жыхары загінулі ў 1257-1259 гадах пры першым наездзе хана Бурундая. Уцалелыя гараджане заснавалі новае паселішча ( магчыма, якраз на месцы Вевярэска) і назвалі яго Ваверка.
Назва паселішча – ад назвы рэчкі, а назва рэчкі ад слова вавёрка, якое гучыць падобна і на беларускай, і на літоўскай мовах (vavere, vaveraite, veveryte). Ці то вавёрак у ваколіцах было шмат, ці то рэчка, як вавёрачка, хуценька збягала да свайго вусця?

9 кастрычніка спаўняецца 80 год з дня нараджэння Мельнікава Уладзіміра Сяргеевіча.
Нарадзіўся ў 1938 годзе у Полацку. Жыў у Літве і Эстоніі, вучыўся ў Талінскім мастацкім інстытуце на аддзяленні станкавага жывапісу. Працаваў майстрам на заводзе, інструктарам у райвыканкаме, настаўнікам у Лідскім індустрыяльным тэхнікуме, літаратурным супрацоўнікам у газеце “Уперад” (зараз “Лідская газета”). Партрэт- асноўны жанр У. Мельнікава. Ім напісаны партрэты Ніла Гілевіча, Анатоля Ярмоленкі, Аляксандра Лукашэнкі, Мітрапаліта Філарэта, Маргарэт Тэтчэр і іншыя.
Уладзімір Мельнікаў адным з першых творчых людзей горада ўзняў пытанне аб стварэнні ў Лідзе школы мастацтваў. Яго праблемны артыкул “Бляск і галеча Лідскага замка”, які быў надрукаваны ў 2004 годзе спачатку ў “Гродзенскай праўдзе”, а потым і ў рэспубліканскай газеце “Культура”, паклаў канец разбурэнню каштоўнага гістарычнага помніка.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 3.9.2018, 8:19
Сообщение #5


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 1206
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Верасень


695 год таму назад па загаду князя Вялікага Княства Літоўскага Гедыміна пачалося будаўніцтва Лідскага замка і заснаванне горада Ліды.

У 1323 годзе князь Гедымін аддаў загад пабудаваць у Лідзе каменную крэпасць, якая была б перашкодай на шляху рыцараў-крыжакаў у глыб земляў Вялікага Княства Літоўскага. Пяць гадоў спатрэбілася, каб узвесці Лідскі замак, які стаў першым каменным замкам на тэрыторыі дзяржавы. За аснову быў узяты тып рацарскага кастэля – абарончага збудавання ў выглядзе чатырохвугольніка з высокімі каменнымі сценамі.
Адначасова са сценамі ў паўднёва-заходнім куце замка была пабудавана вежа. Другая вежа, размешчаная па дыяганалі ад першай, у паўночна-усходнім куце замкавага двара, была пабудавана пазней. Вядома, што на ўсіх паверхах Лідскага замка былі пакоі і залы. Таксама тут размяшчаліся праваслаўная царква, турма, суд і архіў.
У 1953 годзе Лідскі замак увайшоў у спіс помнікаў архітэктуры, узятых пад ахову дзяржавы. Сёння галоўная славутасць горада знаходзіцца на рэканструкцыі, але нягледзячы на гэта, замак застаецца адкрытым для турыстаў круглы год.

24 верасня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Земавіта Фядэцкага (1923 г., в. Лебяда Лідскага павета – 2009 г.), польскага пісьменніка, перакладчыка, крытыка. Складальнік зборніка беларускіх народных песень “Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі…”, запісаных у в. Феліксава ў 1942 – 1943 гг.
Земавіт Фядэцкі наразіўся 22 жніўня 1923 г. у маёнтку Лебяда, непадалёк Мажэйкава.У цяжкія часіны вайны жыў у вёсцы Феліксава, у сям’і свайго сябра Уладзіміра Мальца. Ён працаваў з ім у полі, дапамагаў будаваць новую хату, хадзіў на вячоркі, на вяселлі, на талокі, на хрысціны, дужаўся з хлопцамі на ігрышчах, танцаваў з паненкамі на вечарынах, а потым запісваў песні феліксаўскіх сялян, не ведаючы, ці будзе з гэтага запісу нейкі спажытак і ці здолее ў будучым надрукаваць свій зборнік.
Зборнік гэтых песень пад назвай “Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі, czyli co spiewano w Feliksowie” выйшаў у 1992 годзе і дайшоў да Новай Зеландыі, а ў Італіі яго назвалі “Песні Атлантыды”.
Земавіт Фядэцкі хаваў рукапіс гэтых песень амаль 50 гадоў у ваенны час, у час працы ў амбасадзе Польшчы, ў Маскве, потым на розных кватэрах у Варшаве, як быццам не было нічога больш каштоўнага, што варта было б схаваць ці вазіць з сабой і праз вайну, і праз пасляваенную разруху, і праз варшаўскі побыт, такі далёкі ад страчанай, як падавалася, навек Беларусі, у якую ён прыехаць ужо не спадзяваўся. За ўсім гэтым відна вялікая любоў Земавіта Фядэцкага да малой радзімы, і радзіма адказала яму такой жа любоўю. У 2017 годзе на Лідчыне быў заснаваны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі”.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 31.7.2018, 8:05
Сообщение #6


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 1206
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Жнівень

17 жніўня – 95 гадоў з дня нараджэння Наказных Матроны Канстанцінаўны (1923 г., с. Чарнігаўка Амурсай вобл. – 1944), удзельніцы Лідскага падполля, пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.
Нашэсце немцаў моладзь успрымала як страшэнную згубу. Па сваім жаданні яны ішлі на смерць, абы нанесці ворагу адчувальныя страты.
Жылі яны амаль побач. Саша Клімко, Моця Наказных, Маша Кастраміна… на вуліцах К. Маркса, Дзяржынскага. Падлеткі мелі магчымасць збірацца па вечарах, калі з-за каменданскага часу хадзіць па горадзе забаранялася. Так у доме № 18 па вуліцы Польнай (цяпер К. Маркса), дзе жыў Саша Клімко, захоўвалася зброя, лістоўкі. Ужо некалькі пазней, пасля вайны, стала вядома, што ў хату Клімко часта наведваліся партызаны з атрадаў “Іскра” і “Балтыец”. Ад хлопцаў яны даведаліся аб руху на чыгунцы. Падлеткі перадавалі звесткі аб паяздах, што ішлі на ўсход. Яны ляцелі пад адхон каля станцыі Гаўя ці Юрацішкі.
Немцы здагадваліся, што ў горадзе хтосьці дапамагае партызанам, перадае тым інфармацыю аб руху на чыгунцы. Але амаль чатыры гады яны не маглі выйсці на след падпольшчыкаў. І толькі ў 1944 годзе вясной накрылі яўкі партызан па вуліцы Польнай.
3 ліпеня 1944 года ў лесе, які сёння падступае да вуліцы Рыбіноўскага, былі растрэляны Моця Наказных, Саша Клімко, Толя Качан, Зоя і Лёня Кудачовы і іх сябры. Гэта адбылося за чатыры дні да вызвалення нашага горада.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 4.7.2018, 7:26
Сообщение #7


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 1206
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Ліпень

27 ліпеня – 55 гадоў з дня нараджэння Грушы Рычарда Баляслававіча (в. Сцеркава Лідскага раёна), мастака, скульптара, паэта.
У сівых валунах, што шчодра раскіданы па нашых бяскрайніх абшарах, ён бачыць і таямніцу, і паэзію, і шэдэўр прыроды. “Кажуць, Вялікі ледавік прынёс на зямлі Беларусі болей як 80 відаў граніту, - распавядае Рычард Груша. – Ужо самі па сабе яны – мастацтва. Варта толькі заўважыць іх манументальную прыгажосць, быць па сапраўднаму чуйным да навакольнага свету, і ён удзячна абудзіць у табе высокія пачуцці і задумы. Мая мара – зрабіць так, каб маўклівыя камяні красамоўна і гучна “загаварылі” па ўсёй Беларусі, расказваючы пра багатую гісторыю нашай Бацькаўшчыны”.
Незвычайная мара мастака ўжо збылася. Камяні-знакі Рычарда Грушы ўстаноўлены ў Полацку і Брэсце, Нясвіжы і Навагрудку, Лідзе і Смаргоні, Міры і Шчучыне… Ды хіба пералічыш усе мясціны? У кожнага такога помніка – сваё святое прызначэнне. Скажам, на міленіум ля аднаго з лідскіх храмаў “вырас” валун з нагоды 2000-годдзя Ражства Хрыстова, а ў Баранавічах – памятны знак, бы прызнанне ў любові: “Я кропля ў тваіх крыніцах, мама”.
Большасць сваіх работ Рычард Груша проста прыносіць у дар – гораду, людзям, гісторыі. Як кажуць, напісанае застаецца, а напісанае на камяні – тым больш.
Але не толькі камень запальвае натхненнем сэрца творцы. У калекцыі майстра – больш за тысячу работ, у асноўным – беларускі пейзаж. Карціны Рычарда Грушы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Японіі, Кітая, Ізраіля, Францыі, Італіі, Іспаніі, Польшчы, Аўстрыі і інш.
Не меней вабіць мастака і магія дрэва. Шматлікія скульптурныя формы з дрэва Рычарда Грушы ўпрыгожваюць інтэр’ер дзіцячых садкоў, ствараюць утульную атмасферу народнай казкі ва ўтульных дворыках. Асабліва кранае кампазіцыя “Сымон-музыка”. Для кагосці гэта – першая сустрэча з коласаўскімі героямі.
А ён жа яшчэ і паэт... “Пішу вершы па начах, пад настрой. Часцей за ўсё гэта песенныя тэксты пра жыццё, каханне, прыгажосць роднага краю”, — прызнаецца ён. Дарэчы, у 2010-м ужо пабачыў свет зборнік яго твораў “Беларуская зорка”: гэта “песні для голаса ў суправаджэнні фартэпіяна”. 37 песень на беларускай і рускай мовах, напісаных у розныя гады ў суаўтарстве з 8-мю кампазітарамі.
У 2002-м годзе Нацыянальная камісія па справах ЮНЭСКА адзначыла лідчаніна дыпломам за дзейнасць па ўвекавечанні культурнай спадчыны Беларусі. Падобныя ўзнагароды, заўважым, у Беларусі атрымалі нямногія.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение

6 страниц V   1 2 3 > » 
Ответить в данную темуНачать новую тему
1 чел. читают эту тему (гостей: 1, скрытых пользователей: 0)
Пользователей: 0

 



Текстовая версия Сейчас: 20.1.2019, 23:46