Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2012, Літаратурныя юбілеі |
Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )
Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2012, Літаратурныя юбілеі |
5.12.2012, 7:41
Сообщение
#1
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3884 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
"Слова кліча - сэнс адгукаецца..." 5 снежня спаўняецца 65 год з дня нараджэння Алеся Разанава, беларускага пісьменніка і перакладчыка. Алесь Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і служачых. Бацька — Сцяпан Раазанаў паходзіць з Тамбоўскай вобласці, прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе і застаўся. У 1966 годзе Алесь Разанаў паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. Пасля выключэння з БДУ працягнуў вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, які закончыў у 1970 годзе. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна, з 1972 года ў Мінску — літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» часопіса “Родная прырода”, з 1974 года — рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура», з 1994 года - у часопісе «Крыніца». Пачаў друкавацца ў 1961 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі: «Адраджэньне» (1970) (першапачатковая назва — «Адрачэньне») «Назаўжды» (1974) «Каардынаты быцьця» (1976) «Шлях — 360» (1981) «Вастрыё стралы» (1988) «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992) «Паляванне ў райскай даліне» (1994) «Гліна. Камень. Жалеза» (2000) «Wortdichte» (2003) (па-нямецку) «Кніга ўзнаўленняў» (2005) «Лясная дарога: версэты» (2005) «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць: паэмы» (2006) «Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры» (2007) «Пчала пачала паломнічаць: вершаказы» (2009) «Сума немагчымасцяў: зномы» (2009) «Воплескі даланёю адною: пункціры» (2010) «З апокрыфа ў канон: гутаркі, выступленні, нататкі» (2010) «З: Вяліміра Хлебнікава» (2011) «І потым нанава пачаць: квантэмы, злёсы, вершы» (2011) Творы Алеся Разанава перакладзены больш чым на 20 моў, асобнымi выданнямi выйшлi кнiгi ў Грузii, Германii, Балгарыi, Польшчы. Робіць пераклады з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Сярод іх пераклад п’есы Ўільяма Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (аўт. «Сон у Іванаву ноч» у зборніку «Тры камедыі», Пераклаў на беларускую мову раман Ё. Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы», хоку Мацуа Басё. Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1990) за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы». Алесь Разанаў – паэт-філосаф і словатворца. Ён наватар у галіне вершаскладання: заснаваў і ўвёў новыя формы – квантэмы, пункціры, версэты, вершаказы, зномы. Алесь Разааў не проста гуляе са словамі, зя яго эксперыментам – пэўная філасофія і метафізічны падтэкст. Самая адметная якасць яго паэзіі – інтэлектуалізм. Мастак слова імкнецца акрэсліць “каардынаты быцця”, месца Чалавека ў Сусвеце, знайсці адказы на самыя важныя філасофскія пытанні. З усіх дрэў дуб самы дужы, самы векавечны, самы даўні і самы будучы – ён увасабляе сабою трыяду часу: даўніну, цяпершчыну і будучыню і сваім існаваннем сцвярджае: быў, ёсць, буду. Аб дубе бытуюць паданні, але сам ён не дбае аб тым, каб каму-небудзь падабацца: уся яго турбота – каб і ўлетку, і ўзімку быць сабою самім – дубам. Усё, што робіцца з дуба, усё, што з яго будуецца, мае адменны характар: яно трывалае, яно добрае – яго не паточыць шашаль і ў ім не наробіць гёздаў цвіль. Дуб і падобны да ўсіх іншых дрэў, і адрозніваецца ад іх менавіта сваёй большай драўлянасцю, дрэвавасцю: ён дрэва ў дзве кроці, у два разы, у “дубль”. Дуб – тутэйшае дрэва ведаў: на ім сядзіць вешчая птушка бусел, пад ім – сівы дзед: вясковы буда. /Дуб/ Жалеза ляжыць у зямлі, у залежы, у глыжы, калі ж яго дастаюць на паверхню зямлі, яго ліжа агонь і хрысціць молат, вылуджваючы і выштурхоўваючы яго са стану золаку у стан дня. Жалеза мае мноства характараў, мноства кшталтаў: яно і лязо, яно і лыжка, яно і плуг, яно і жазло, але які кшталт яно мусіць займець, у які характар ужыцца, чый бок узяць – зла ці дабра – залежыць не ад яго. З кім жалеза варагуе, таго яно джаліць, з кім прыязніцца, да таго мае жаль. Джалячы, жалеза цэліцца ў жылу, лечачы, уздзейнічае на кроў і залозы і набліжае чалавека да адказнасці за самога сябе і за ўсіх, і робіць чалавека заложнікам яго ж учынкаў. Калі жалеза разважае пра сваё месца ў жыцці, яго залоціць іржа, калі знаходзіць яго – спаборнічае з бліскавіцай. /Жалеза/ Літаратура: 1. Ярац, В. Беларускі хлеб: [творчасць Алеся Разанава] /В.Ярац // Роднае слова. - 2012. - №4. - C.32-34. 2. Рагатоўская, Н. Тэма бацькаўшчыны ў лірыцы Алеся Разанава / Н.Рагатоўская // Беларуская мова i лiтаратура. - 2012. - №2. - C.42-46. 3. Штейнер, И. Вольные рассуждения по поводу выхода сборника А.Рязанова "З Вяліміра Хлебнікава" И. Штейнер // Неман. - 2011. - №11. - C.203-211. 4. Мяжэвiч, В. Вывучэнне творчасці Алеся Разанава ў школе / В.Мяжэвіч // Беларуская мова i лiтаратура. - 2011. - №7. - C.28-31. 5. Штейнер, И. Криница, из которой пил святой: философская лирика Алеся Рязанова / И.Штейнер // Неман. - 2010. - №8. - C.209-221. 6. Аляшкевiч, Т. Гук і сэнс у паэтычным космасе Алеся Разанава / Т. Аляшкевіч // Роднае слова. - 2010. - №2. - C.122-129. 7. Чарнякевiч, Ц. Воін хавае меч: [творчасць Алеся Разанава] / Ц.Чарнякевіч // Лiтаратура i мастацтва. - 2010. - №4. - 29 студзеня. - C.12. 8. Поўх, I. Тэма паэта і паэзіі ў цыкле "Зномы" Алеся Разанава / І.Поўх // Роднае слова. - 2009. - №9. - C.25-28. 9. Бельскi, А. Беларуская літаратура на сучасным этапе: [у т.л. пра творчасць А.Разанава] / А.Бельскі // Беларуская мова i лiтаратура. - 2009. - №3. - C.6-19 10. Шчур, М. Некласіфікавальны класік: [паэт Алесь Разанаў] / М.Шчур // Лiтаратура i мастацтва. - 2007. - №47. - 7 снежня. - C.1,14 11. Джундова, I. Жыцьцё – вандроўніцтва: [творчасць Алеся Разанава] /І.Джундова // Дзеяслоў. - 2006. - №6(25). - C.295-299. 12. Цiхановiч, Т. "Сцежкі, якія ўва мне...": [пра творчасць Алеся Разанава]/ Т.Ціхановіч // Лiтаратура i мастацтва. - 2006. - №30. - C.6. 13. Лявонава, Е. "Слова кліча - сэнс адгукаецца...": [пра нямецкую кнігу вершасловаў Алеся Разанава] Е.Лявонава // Лiтаратура i мастацтва. - 2004. - 9 красавіка. - C.6 14. Ламека, Н. Зямлі вяртаючы нябёсы...: творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сусветнай культуры / Н.Ламека // Роднае слова. - 2004. - №2. - С.28-31 |
|
|
6.11.2012, 14:38
Сообщение
#2
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3884 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
”Я – акіяну жытняга Колас” 3 лістапада спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа Ад роднае зямлі, ад гоману бароў, Ад казак вечароў, Ад песень дудароў, Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей, Ад шолаху начэй, Ад тысячы ніцей, 3 якіх аснована і выткана жыццё I злучана быццё і небыццё,— Збіраўся скарб, струменіўся няспынна, Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў, I выхаду шукаў Адбітак родных з’яў У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных. I гэты скарб, пазычаны, адбіты, У сэрцы перажыты I росамі абмыты Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых, Для вас, душою чулых, Як доўг, як дар, Дае пясняр. Сымон-музыка Сябра і паплечнік Янкі Купалы – Якуб Колас – паэт, празаік, драматург, крытык, дзіцячы пісьменнік, вучоны, публіцыст – няма, здаецца, у беларускай літаратуры такога жанру, дзе не заззяла б якая-небудзь грань яго шчодрага таленту. Ён больш эпічны, больш зямны, чым Купала. Ён выдатны майстар апавядання, аўтар празрыстых па мове і стылю аповесцей. Якуб Колас заклаў асновы беларускага рамана. Кнігі Якуба Коласа – удумлівы летапіс настрояў і імкненняў людзей, гістарычных падзей. Жыццё ж так казачна-імкліва, Паспець за ім так цяжка мне, Каб на шырокім палатне Нарысаваць яго завівы, Адбіць і хвалі пералівы На самай страшнай вышыне. Жыццё Якуба Коласа – гэта адна з найцікавейшых старонак у жыцці ўсяго народа, бо лёс песняра неад’емная частка лёсу роднай зямлі. "Нарадзіўся я ў 1882 годзе 22 кастрычніка (старога стылю) ва ўрочышчы Акінчыцы. Бацькі мае былі малазямельныя сяляне. У Акінчыцах бацька служыў лесніком у князя Радзівіла. Часта прыходзілася бацьку перабірацца з месца на месца – такая была панская воля ляснічага", - пісаў Якуб Колас у Аўтабіяграфіі. Многія мясціны на Стаўбцоўшчыне служаць добрым правадніком да біяграфіі Якуба Коласа і яго твораў. З даўніх часоў гэты край славіўся маляўнічымі краявідамі, квяцістымі духмянымі лугамі. Чулая душа хлапчука прагна ўбірала жывыя галасы зямлі, пераплаўляючы шолахі і гукі ў радкі першых вучнёўскіх вершаў. Свой першы верш ”Вясна” Кастусь Міцкевіч напісаў калі яму было 12 гадоў. "Бацька паслухаў мяне ўважліва, - успамінаў Якуб Колас, - потым запытаў, ці праўда, што напісаў я, і даў рубель гасцінцу…" Альбуць – гэта не толькі свет дзяцінства і юнацтва. Гэта і творчая калыска паэта. Альбуцкія ўражанні мы знаходзім найперш у паэме "Новая зямля" – шэдэўры Коласавай творчасці. З трыццаці раздзелаў паэмы 24 напоўнены, насычаны альбуцкай сядзібай, яе наваколлем, людзьмі, падзеямі. Жыццёвыя шляхі-дарогі, сцежкі-пуцявіны прывялі будучага народнага паэта ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. А пасля яе заканчэння мужным змаганне была педагагічная праца ў глухіх палескіх школах, барацьба за навучанне на роднай мове. Пераадольваючы цяжкасці, ён кідаў зярняты народнай праўды ў чулыя душы сялянскіх дзяцей, абуджаў у іх чалавечую годнасць, прадказваў ім вялікую будучыню. Паэзія Коласа з першых радкоў ішла ад народнага жыцця, ад родных былінак у полі, ад хуткаплыннага Нёмана, ад нізкіх сялянскіх хат, ад нястачы: гора сялянскага. Таму ў радках яго вершаў шапталіся былінкі, грозна ракатаў Нёман. Лес радаваў, цешыў паэта і ў маленстве, і ў сталыя гады… О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! Што мілей ў свеце божым Гэтых светлых берагоў, Дзе бруяцца срэбрам рэчкі, Дзе бары-лясы гудуць, Дзе мядамі пахнуць грэчкі, Нівы гутаркі вядуць… Ва ўрочышчы Смольня ў пачатку жніўня 1912 года адбылася першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэта быў пачатак іх вялікага творчага і чалавечага сяброўства. Нягледзячы на рознае сацыяльнае паходжанне і веравызнанне, іх галасы зліліся ў адну песню-гімн свайму народу, узвышаліся над рэчаіснасцю, як промні святла, прабіваючыся праз цемру і нягоды. Яны разам адпачывалі, гулялі ў шахматы, радаваліся і хваляваліся. Скарыстоўвалі любую магчымасць, каб падзяліцца ўражаннямі ад перажытага, ад прачытаных твораў, каб дапамагчы добрай парадай. Яны нават прысвячалі адзін аднаму вершы. У лірычнай спадчыне Якуба Коласа значнае месца займае тэма кахання, хоць твораў на гэтую тэму аўтар напісаў не вельмі багата. Але перш чым перайсці да іх, трэба паказаць, як сам Якуб Колас ацэньваў сваю любоўную лірыку - у прыватнасці вершы пра каханне. «У 1912 годзе я пазнаёміўся з маладою настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы. Прозвішча яе было Каменская. Так у маё жыццё ўвайшла Марыя Дзмітраўна. Добра было б зірнуць на ўсё, што пісаў у той час ёй і пра яе. Я саромеўся тых вершаў. Завёў нават на іх запісную кніжку і навідавоку не пакідаў, насіў у пільчаку. У друк, вядома, нічога не падаваў, няёмка адбіраць месца ў газеце і час у людзей на сваё, што толькі мне належала. Я дзівіўся, не дабіраў ладу, як гэта можна адважыцца друкаваць вершы пра каханне? Калі ты яго выдумляеш, дык не варта публікаваць няпраўду. А калі пішаш аб тым, што ёсць ці было, - як тады, вывернуўшы наверх усё вядомае аднаму табе і твайму дарагому чалавеку, паглядзець яму ў вочы? Табе давераны сакрэт, ты ўвайшоў як быццам з кімсьці ў змову і раптам распляскаў патайнае ды яшчэ і падпісаўся. Адным словам, нават Марусі трапілі на вока мае вершы значна пазней, калі мы ўжо жылі разам”. Ці помніш ты, Ганна, Шчаслівы мамэнт, Як граў раз на дудцы Нябожчык Вінцэнт? А Нёман спакойна, Спакойна дрыжаў, I месячык ясны На нас пазіраў. На жэрдзе мы селі У мроку маўчком, I я прытуліўся К табе плечуком. Язык мне адняўся, Я сліну глытаў, А потым нясмела Цябе запытаў: Скажы мне, Ганулька, Ці любіш мяне? — Люблю,— ты сказала, — Аж сэрца мне схне! I лапці з-за спіны Мае ты зняла, Анучы у Нёман Ты мыць панясла. Каханне. 1907 Помню, помню тую ночку! Не забуду я той час. Пеў салоўка у садочку, Зор цягнуўся ў небе пас. Выплыў месяц круглы, поўны, Падрумянены, як блін. Церушыўся мрок бязмоўны, I п'яніў мяне язмін. I прыйшла ты нечакана, Сама, строгая, прыйшла! I са мною аж да рана Тую ночку правяла. Загадала першым дзелам «Рукі ўгору» мне падняць Ды кішэні аглядзела, Нават кіцель мусіў зняць. Распарола мой сяннік ты, Развярнула мой бярлог, I лісты мае ад Вікты Паляцелі за парог. Праз увесь час з твайго твару Не знікала строгасць, злосць, I, сказаўшы мне слоў пару, Запытала: «Пашпарт ёсць?» Ты набрала маіх кніжак Два партфелі і прыпол. А каб быць знаёмай бліжай, Напісала пратакол. Першае спатканне. 1909 Я пайду да яе, да каханай маёй, Каб ізноў яе голас пачуць. Няхай думкі мае пабягуць чарадой, Як чародкамі хмаркі плывуць. I я волю ім дам, дзе ім люба ляцець, Як ляталі, бывала, даўней. Палячу з імі сам, буду песні там пець, Каб адчуць сваё шчасце паўней. Не скажу толькі я, што мне люба яна I як добра мне з ёю пабыць, Бо каханка мая, мая радасць—сасна, Што пры лесе, як панна, стаіць. Маёй каханцы. 1922 У гады Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас быў адарваны ад Беларусі. Ён жыў і працаваў у Ташкенце. Але горача і прызыўна гучала яго слова: Паўстань, народ, злучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды… А, калі паэт пісаў пра родную Беларусь, акупіраваную ворагам, то голас змагара змяняўся на шчымліва балючы. Яму так хацелася абараніць, абняць, сцішыць боль роднай зямлі: … О, каб меў такія рукі Зямля, абняў бы я цябе, Каб сцішыць гора тваё, мукі І сілу даць у барацьбе… Вайна адабрала ў Якуба Коласа сына Юрку, які загінуў на фронце. Па сутнасці, яна адабрала і адзіную жанчыну, якая ўсё жыццё была ягонай зоркай, натхненнем, спадзяваннем і шчасцем, жонку Марыю Дзмітрыеўну. Яна балюча перажывала страту сына, цяжка захварэла і амаль праз два тыдні пасля заканчэння вайны памерла. Але для народнага паэта яна засталася самай дарагой, любімай і незабыўнай. Дзе б ні быў пясняр, яна заўсёды была ў яго памяці. Ты без мяне, а я далёка. Над стэпам звіс нябёсаў тын, А снег стэповы слепіць вока, І сумна мне, бо я адзін. За час наш доўгі я нямала Быў у разлуцы і журбе. Рука мая не ўсё спісала З таго, што думаў аб табе. Я знаю – шмат ты мела гора І горыч дум піла да дна. І шмат было тваіх дакораў, Хоць ты ў душы маёй адна. - Даруй жа мне! – скажу я толькі, Схіліўшы нізка галаву.- Забудзь пакуты, гора, болькі – Табой я жыў, табой жыву. І блізка ты, і ты далёка. Над стэпам звіс нябёсаў тын. Змярцвелы стэп не цешыць вока, І сумна мне, бо я адзін. У пасляваенны час Колас заняты плённай творчай працай, выконвае абавязкі віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, шмат увагі ўдзяляе дзецям, моладзі, маладым літаратарам. Многія беларускія паэты лічылі і лічаць сябе вучнямі Янкі Купалы і Якуба Коласа, выказваюць удзячнасць за песні, што натхнілі іх, за дапамогу. Мы выляталі з-пад твайго крыла, Як птушаняты, у палёт свой першы. І праз гады нас вабіла, вяла Пявучая і поўная святла Паэзія і праўда тваіх вершаў. Няхай нам тых не дасягнуць высот, Дзе ты лунаў, нібы арол свабодны, Ты навучыў нас, як любіць народ, Як з ім ісці плячо ў плячо ўпярод І як адданым быць краіне роднай! Э. Валасевіч ”Якубу Коласу” Памёр Якуб Колас 13 жніўня 1956 г. Было жніво… Смерць зрэзала гэты найдаражэйшы Колас роднае зямлі. Ён з імем нівы нашай паўстае – Нястомны сейбіт, ад каго пачуты, І боль, і гнеў, і радасці яе На свеце ўсюды. Яго заўжды край родны будзе сніць – У подзвігу яго натхнёнай музы Ёсць вера наша горда гаворыць: - Мы - беларусы!... А. Русецкі Імкліва бягуць гады. Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці людзей Купала і Колас – выдатныя народныя паэты, без якіх немагчыма ўявіць сабе беларускую літаратуру. Праз іх творы беларускі народ расказаў свету пра сваё жыццё, звычаі, гісторыю, прыроднае багацце, раскрыў свой светапогляд і норавы, прад’явіў неабвержанае мастацка-паэтычнае сведчанне аб сваім існаванні на зямлі. Янка Купала і Якуб Колас вечна будуць жыць у сэрцы нарадзіўшага іх народа. Жыве і будзе жыць сонечная песня Купалы і Коласа. |
|
|
10.10.2012, 8:15
Сообщение
#3
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3884 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
”З глыбінь мастацкага слова....” 7 кастрычніка спаўняецца 80 год з дня нараджэння Івана Пташнікава, беларускага пісьменніка. Нарадзіўся 7 кастрычніка 1032 года ў в. Задроздзе Плешчаніцкага р-на (цяпер у Лагойскім р-не) у сялянскай сям'і. Да вайны скончыў 3 класы Задроздзенскай пачатковай школы. Пасля вайны — Крайскую сямігодку (1948), Плешчаніцкую беларускую сярэднюю школу (1951). Працаваў у рэдакцыі плешчаніцкай раённай газеты «Ленінец», настаўнікам Лонваўскай пачатковай школы. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1957). Рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957—1958), рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958—1962), з 1962 — рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». Член СП БССР (з 1959). Дэбютаваў з вершам «На полі родным» у 1952. Першы празаічны твор — аповесць «Чачык» апублікаваў у 1957 (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Зерне падае не на камень» (1959) і «Сцяпан Жыхар са Сцешыц» (1966), аповесцей «Лонва» (1965, 1982), «Тартак» (1968, паводле сцэнарыя аўтара пастаўлены ў 1973 г. аднайменны тэлефільм), «Найдорф» (1976), раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1972), «Алімпіяда» (1985, пастаўлены аднайменны тэлеспектакль, 1989). У 1980 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1990—1992 - Збор твораў у 4 тамах. Многія творы пісьменніка перакладзены на замежныя мовы. Па аповесці «Тартак» на беларускім тэлебачанні ў 1974 пастаўлены аднайменны тэлефільм (сцэнарый аўтара), а ў 1989 па раману «Алімпіяда» — аднайменны тэлеспектакль. Творчая прыхільнасць Івана Пташнікава-празаіка — вясковая тэматыка, веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін. У яго апавяданнях («Алёшка», «Алені», «Бежанка»), аповесці «Лонва» упершыню пачала праяўляцца асаблівая ўвага да ўнутранага стану чалавека, загучаў матыў вайны ў лёсах людзей. Тэма вайны займае ў творчасці пісьменніка значнае месца. Трагедыі спаленых разам з людзьмі вёсак, такіх, як Дальва (аповесць «Тартак», 1968), барацьба партызан і жыхароў акупіраванай Беларусі супраць акупантаў (аповесць «Найдорф», 1976), антываенны пафас многіх апавяданняў сведчаць пра тое, што вайна ў І. Пташнікава свая, перажытая ў дзяцінстве. Яна пакінула ў душы пісьменніка балючы незагоены след. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1984). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф». Літаратура: 1. Андраюк, С. Чалавек на зямлі: нарыс творчасці Івана Пташнікава / С. Андраюк // А жыццё – вышэй за ўсё/ Серафім Андраюк.- Мн., 1992.- С.267-489. 2. Андраюк, С. Чалавек абжывае зямлю: [творчасць І.Пташнікава] /С.Андраюк // Вывяраючы жыццём / Серафім Андраюк.-Мн., 1976.-С.66-107. 3. Андраюк, С. Чалавек абжывае зямлю: [творчасць І.Пташнікава] /С.Андраюк // Пісьменнікі. Кнігі / Серафім Андраюк.-Мн., 1997.-С.154-177. 4. Бярозкін, Р. Выпрабаванне на еднасць з зямлёй: [творчасць І.Пташнікава] / Р.Бярокін // Паэзія – маё жыццё /Рыгор Бярозкін.-Мн., 1989.-С.389-397. 5. Иващенко, В.. Большой мир Мстижей: [роман И.Пташникова] / В. Иващенко // Круги надежды и добра / В. Иващенко.-Мн., 1983.-С.4-32. 6. Марціновіч, А. З Мсціжаў бачны свет: [творчасць І.Пташнікава] / А.Марціновіч // Шляхам праўды / А.Марціновіч.- Мн., 1994.-С.229-251. 7. Мішчанчук, М. Чалавек і прырода: [творчасць І.Пташнікава]/ М,Мішчанчук // Беларуская літаратура на сучасным этапе / Мікола Мішчанчук.-Мн., 1983.-С.42-55. 8. Нуждзіна, Т. Дарога ў сталасць: [творчасць І.Пташнікава] / Т.Нуждзіна // На высокай хвалі.-Мн., 1980.-С.105-135. 9. Шамякіна, Т. Пафас жыццесцвярджэння: [творчасць І.Пташнікава] / Т.Шамякіна // На лініі перасячэння / Т.Шамякіна.- Мн., 1981.-С.33-92. 10. Шупенька, Г. Голасам народа: [творчасць І.Пташнікава] /Г. Шупенька // Галоўнае - талент /Генадзь Шупенька.-Мн., 1987.-С.64-79. 11. Шупенька, Г. Голасам народа: [творчасць І.Пташнікава] /Г. Шупенька // Прага мастацкасці /Генадзь Шупенька.-Мн., 1996.-С.146-158. 12. Андраюк, С. Его судьба и время: [творчество И.Пташникова] С.Андраюк // Неман. - 2009. - №4. - C.162- 173. 13. Бельскi, А. Сучасная беларуская проза: [у т.л. творчасць І.Пташнікава] | А.Бельскі // Беларуская мова i лiтаратура. - 2009. - №4. - C.20-27 14. Жардзецкая, А. Экалагічныя праблемы ў сучаснай беларускай прозе: [на прыкладзе твораў І.Пташнікава, В.Казько і В. Карамазава] / А.Жардзецкая // Роднае слова. - 2008. - №12. - C.28-31 15. Дубоўскi, М. Прастора і шырыня думкі: [творчасць І.Пташнікава] / М.Дубоўскі // Лiтаратура i мастацтва. - 2008. - №18. - 2 мая. - C.12. 16. Андраюк, С. Біяграфія ў трагічным гістарычным кантэксце: [творчасць І.Пташнікава] / С.Андраюк // Полымя. - 2007. - №10. - C.142-154. 17. Прохар, М. Черный круг Чернобыля: [в белорусской литературе, в т.ч. ”Львы” И.Пташникова] / М.Прохар // Неман. - 2007. - №11. - C.164-168. 18. Карпава, Л. Канцэпцыя асобы і часу ў ваеннай прозе Івана Пташнікава: [аповесці ”Тартак” і ”Найдорф”] / Л.Карпава // Роднае слова. - 2007. - №10. - C.4-6. 19. Дудзiнская, Д. Жывая стыхія творчасці / Д.Дудзінская: [творчасць І.Пташнікава] / Д.Дудзінская // Лiтаратура i мастацтва. - 2007. - №41. - C.13. 20. Прохар, М. Экалогія прыроды і экалогія душы: Чарнобыль у творчасці Віктара Казько, Івана Пташнікава і Віктара Карамазава / М. Прохар // Полымя. - 2007. - №4. - C.194-216. 21. Прохар, М. З глыбінь мастацкага слова: [асаблівасці паэтыкі Івана Пташнікава] / М.Прохар // Полымя. - 2006. - №1. - C.223-230. 22. Прохар, М. Мастацтва пейзажу ў творах Івана Пташнікава / М. Прохар // Роднае слова. - 2004. - №4. - С.22-24. 23. Воюш, І. Зварот да гераіні (воблакі васьмідзесятых): Жаночыя вобразы ў творах Васіля Быкава і Івана Пташнікава / І. Воюш // Роднае слова.-2002.-№10.-С.10-11. 24. Грамадчанка, Т. След мудрай чалавечнасці: Вялікая эпічная форма ў творчасці Івана Пташнікава / Т. Грамадчанка // Роднае слова.- 2002.- №10.- С.4-9. 25. Грамадчанка, Т. З любові выспелае слова: Штрыхі да партрэта Івана Пташнікава /Т. Грамадчанка // Роднае слова.-2002.-№9.-С.15-18. |
|
|
4.9.2012, 13:41
Сообщение
#4
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3884 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
”Я сэрцам пісаў сваю кожную песню” 17 верасня спаўняецца 100 год з дня нараджэння Максіма Танка, народнага паэта Беларусі, грамадскага дзеяча, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Я не прашу сабе спагады, Ні ўзнагароды і ні ўлады. Дай толькі ты маёй краіне Мір і спакой пад небам сінім, На бацькоўскай страсе – буслянку, Шыпшынавы куст – каля ганку, Калоссе шчодрае – на ніве, Напеваў родных пералівы, А ў засені дубровы недзе, Дзе спяць мае бацькі, суседзі, - Хоць непрыкметную мясціну Свайму тулягу, адпачынак. За што, гатоў я свой аўтограф Паставіць пад любы цырограф. Яго паэзія – не толькі наша гісторыя. Яна актыўна прысутнічае і будзе прысутнічаць у нацыянальным літаратурным працэсе. ”І кожнае наступнае пакаленне будзе знаходзіць, будзе браць з Яе нешта новае, адкрываць сваю старонку любові да Яе. Гэта ўжо як дотык вечнасці…”/Р.Баравікова/. Сын Яна і Дамінікі з Хвалькоў Яўгеній Скурко – такое сапраўднае прозвішча Максіма Танка – нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына, на Мядзельшчыне, - у цудоўным азёрным Нарачанскім краі. Першая сусветная вайна прымусіла пакінуць ”родны кут”. Калі фронт прыйшоў на Мядзельшчыну маці падалася ў бежанства. У Маскве ”служыла прыбіральшчыцай у сям’і нейкага палкоўніка, пазней – у ”папа”, а затым пайшла працаваць на ваенны завод. Тут працаваў і бацька паэта, якога перавялі ў Маскву як ”майстравога”. Жыць прыйшлося недзе ”у Ціхвінскім завулку, у нейкім падвале, з вакна якога, - гаворыць Максім Танк, - я мог бачыць толькі ногі прахожых. Помню, аднойчы разбудзіў мяне грукат грузавікоў. Я выбег на вуліцу і ўпершыню пачуў слова: ”рэвалюцыя”. У школу хлапчука аддалі на год раней тэрміну, каб ён ”не перашкаджаў суседзям і дома”. Тут будучы паэт пазнаёміўся з творамі выдатных рускіх пісьменнікаў. ”Першая кніга, якая зрабіла на мяне незабыўнае уражанне, - прыгадвае ён, - была кніга М. Гогаля ”Вечары на хутары ля Дзіканькі” і яго аповесць ”Тарас Бульба”. Потым - Пушкін, Лермантаў, Някрасаў. На радзіму бацькі паэта вярнуліся ў 1922 годзе, калі Беларусь ужо была падзелена на Усходнюю і Заходнюю. Першую зіму хлопец сядзеў дома, вучыў польскую грамату, каб потым паступіць у школу. Скончыўшы польскую пачатковую школу, Яўгеній Скурко з 1926 года працягваў вучобу ў рускай гімназіі у Вілейцы, затым - у Радашковіцкай беларускай гімназіі. З апошняй яго выключылі за ўдзел у школьнай забастоўцы, накіраванай супраць ліквідацыі беларускіх школ польскім урадам. Адказваючы на пытанне, чаму выбраў такі незвычайны псеўданім, паэт месцамі не без жартоўнай усмешкі гаварыў: ”Ну, Максім – гэта ад Горкага, пад уплывам якога мы ўсе тады знаходзіліся. А Танк… Як многім пачынаючым паэтам, мне здавалася, што літаратурны поспех залежыць і ад гучнага псеўданіма. Свет ”раслінных” псеўданімаў быў ужо, што называецца, разабраны: Колас, Чарот, Пушча, Васілёк… Мне нічога не заставалася, як пашукаць што-небудзь ”жалезнае”, вось я і спыніўся на Танку”. Найбольш раннія з вядомых нам твораў Макіма Танка адносяцца да 1931-1933 гадоў. У 1936 годзе выйшла у літаратурны свет першая кніга Максіма Танка пад назвай ”На этапах”. Яе шчырым, захопленым словам вітаў выдатны знаўца, збіральнік і ахоўнік роднай песні Рыгор Раманавіч Шырма: ”… гэтая маладая паэзія такая блізкая і зразумелая нам … ад яе вее свежым пахам чорных скібаў паднятай зямлі, сталёвымі адгалоскамі звонкай касы, свежым подыхам ветру з Нарачы, які спрадвеку ”палошчыць кашулю-дзяругу” нашай этапнай Беларусі”. Вялікая Айчынная вайна застала пісьменніка ў Беластоку. Апошнім цягніком яму з сям’ёй удалося выехаць на Усход, у Саратаўскую вобласць. Адсюль паэт пайшоў на працу ў франтавую газету ”За Савецкую Беларусь”, якая прызначалася для беларускага насельніцтва і закідвалася ў нямецкі тыл на самалётах. У зборніках ”Вастрыце зброю” і ”Праз вогненны небасхіл” галоўнае месца займаюць ваенныя матывы, вобразы паланёнай роднай зямлі і Беларусі-змагаркі. / Клубамі чорнымі дым віўся, Угрызаўся ў вочы і ў раллю. Мы адступалі, падпаліўшы Свае сядзібы і зямлю. Каб там, дзе завітае вораг Або праскача яго конь,- Бурлілі рэкі і азёры І помсты палымнеў агонь. Каб на шляхах, палях, ў акопах Пакою вораг не зазнаў, Каб жвір сыры, гарачы попел Яго магілы засыпаў. Настане дзень, баёў апошніх! Мы адступілі, каб было Дзе легчы ворагу на пожнях, Парослых сіняй гавылой. А мы шляхі вярнуцца знойдзем, Як вырай іх знаходзіць век, Па сонцу, што над намі ўзойдзе, Па звону беларускіх рэк. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе пабачылі свет зборнікі Максіма Танка ”Каб ведалі”, ”На камні, жалезе і золаце”, ”У дарозе”. Трэба адзначыць, што ў пасляваенныя гады і наступныя дзесяцігоддзі паэт аддаў даніну камуністычнай ідэалогіі, ідэйна-палітычнай тэматыцы. Пад яго пяром, на жаль, часам нараджаліся вершы-аднадзёнкі на патрэбу дня. Тэматычна-вобразны дыяпазон паэзіі Максіма Танка надзвычай шматгранны. Яго хвалюе ўсё, што звязана з лёсам чалавека, роднай зямлі, мінулым нашага народа, балючымі праблемамі грамадства і чалавецтва. Пра што б ні пісаў Максім Танк, ён застаецца паэтам філасофскага погляду на свет... Зямля трымаецца на трох сланах, Сланы – на велізарнай чарапасе, Чарапаха – на голубе, Голуб – на хлебным коласе, Колас – на калысцы, А калыска – на песні матчынай… І пакуль песня будзе гучаць, Калыска будзе калыхацца, Зерне прарастаць, Голуб – віць гняздо пад страхой, Чарапаха – ісці Млечным Шляхам, Сланы пераступаць з нагі на нагу, - Зямля будзе век Зелянець, зелянець, зелянець… Калі закончыў Бог Сваю работу Збіраўся ўжо на адпачынак, Да яго прыйшоў Адам са скаргай, Што сонца зусім не грэе, Вада - не ўталяе смагі, Хлеб - горкі, Птушкі - безгалосыя , Травы - чэрствыя, Кветкі – недухмяныя, Дні – сумныя, Ночы – бяссонныя. І Бог Стварыў жанчыну. І толькі дзякуючы ёй Стала можна жыць На зямлі. Асаблівае месца ў лірыцы Максіма Танка займае тэма кахання. Вершы пра каханне, напісаныя цягам усяго жыцця, сталі каштоўным набыткам беларускай паэзіі. Нашто ты косы заплятаеш, У танцы кружыш агнявым, Нашто каралі прымяраеш Перад люстэркам нежывым? Яно маўчыць, яно не можа І сотай долі перадаць, Як выгляаеш ты прыгожа, Як вочы зорамі гараць. Ты лепш пакліч мяне, красуня, Хоць на хвіліну да сябе, І мне не будзе гэтак сумна, І я дапамагу табе Прымерыць стужкі, завушнічкі, І плечы хусткай ахінуць, І лакавыя чаравічкі Перад ”Лявоніхай” абуць. Ты ўсё мне дараваць не можаш, Што, першы раз як памагаў, Караляў шнур неасцярожна Рукой няўмелаю парваў. Паэт дакладна перадае душэўна-псіхалагічны стан закаханых, нярэдка піша пра іх паводзіны з цёплым гумарам: Ты не ўгаворвай лепш мяне! Няма сягоння часу мне Глядзець, як лёд рака ўзрывае, А то вось раззлуюся я. Яшчэ не жонка я твая,- Шмат вёсен у запасе маю! Ды невядома, што і як Лепш апрануць у гэткі вечар. А мне не трэба твой пінжак, Сабе яго накінь на плечы! А гразь якая! І няма Дзе абысці разоры, лужы. Пусці! Я перайду сама, Не клапаціся, мілы дружа! І не нясі, і не мілуй, А то з дарогі лёгка збіцца. І асцярожна! Не цалуй!.. Ну, як з табою не сварыцца! Максім Танк пражыў вялікае жыццё, прымусіўшы за дзесяцігоддзі сумленнай і плённай працы паважаць сябе і старых і маладых, і левых і правых. Яго нельга не паважаць, ім не магчыма не захапляцца. Чалавечы і творчы дар яго ад Бога, ён усеабдымны, чысты і светлы, дасканалы. Калі ў хлебе
Больш сілы, як хлеба, Калі ў віне Больш хмелю, як віна, Калі ў агні Больш цяпла, як агню, А ў застоллі Больш сяброў, як застолля, - Пара пачынаць песню. Калі ў хлебе Больш хлеба, як сілы, Калі ў віне Больш віна, як хмелю, Калі ў агні Больш агню, як цяпла, А ў застоллі Больш застолля, як сяброў,- Пара канчаць песню. |
|
|
6.8.2012, 11:47
Сообщение
#5
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3884 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
“Паэзія – маё жыццё” 23 жніўня спаўняецца 95 год з дня нараджэння Пімена Панчанкі, народнага паэта Беларусі. Я сябе адчуваю скарбонкаю. Пацяшайцеся, хто ахвоч, Я не грошы збіраю, а звонкія Галасы салаўёў усю ноч. I дзяцей галасы, і ветру, Кроплі сонечныя капяжоў. Глянь на лес: ён зялёна-светлы, Паглядзі ізноў: ён пажоўк. Мудрасць кніг і радасць людскую, Гнеў і гора — усё лічу. Я збіраю, пішу, святкую, Сто разоў у бездань лячу. Ах, як многа імгненне важыць! Над сталом мяне, праца, гні. Калі выйдзе, дык гэта і ваша, А не выйдзе — спалю на агні. То знаходкі, то непаладкі, То ярчэй мой дзень, то цямней. Не разгадваюцца загадкі, Што жыццё падкідвае мне. Бо жыццё — акіян, не задачнік, Дзе падгледзіць можна адказ. Што там значна і што нязначна У табе, наш напорысты час? Я на ідалаў не малюся I з няпраўдаю не міруся, Дык, удача, хоць раз мне падзьмі! Зноў збіраю і зноў дзялюся Сваім скарбам малым з людзьмі. Паэт і публіцыст, крытык і перакладчык П. Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго творчай спадчыне — яго вершы, якія былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, вершы, у якіх ніколі не было фальшы, але заўсёды адлюстроўвалася багатая гама чалавечых пачуццяў. Адметная, непаўторная і глыбока нацыянальная яго паэзія назаўсёды ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры. Пімен Емяльянавіч Панчанка 23 жніўня 1917 у горадзе Рэвель (цяпер Таллінн, сталіца Эстонія). Бацькі - бедныя сяляне, у пошуках заробку выехалі ў Прыбалтыку. Ваенныя цяжкасці, адсутнасць у хаце гаспадара, які быў у войску, ускладнілі і без таго нялёгкае жыццё салдаткі Дар'і Факееўны Панчанка. З двума дзецьмі на руках ёй было цяжка ў чужым горадзе, і жанчына ў 1920 г. падалася да сваёй маці на Ашмяншчыну. Тут, у Бягомлі, прайшлі дзіцячыя і раннія юнацкія гады паэта. У 1933 г. сям'я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, і Пімен пачаў працаваць на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце рабочым, а затым паступіў на настаўніцкія курсы. Пасля іх заканчэння працаваў у пачатковай, сямігадовай, сярэдняй школах у Бабруйскім і Кіраўскім раёнах (1934—1939). Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута, які скончыў у 1939 годзе. Пісаць Пімен Панчанка пачаў яшчэ ў юнацтве. Упершыню апублікаваў свае вершы ў 1934 г. у альманаху «Ударнікі». Паэтычную сталасць П. Панчанку прынеслі вершы, напісаныя ім у час вайны. З верасня 1939 г. да студзеня 1946 г. у Савецкай Арміі — спецыяльны карэспандэнт, пісьменнік у армейскіх і франтавых газетах. На франтавых дарогах ён бачыў кроў, смерць, балюча перажываў трагедыю беларускага народа. Яго ваенныя радкі прасякнуты верай у перамогу над ворагам, суперажываннем, спагадай да чужога гора. У 1944 г. штаб, дзе служыў Пімен Панчанка, перакінулі ў Іран. Яшчэ два доўгія гады паэт быў адарваны ад Радзімы. Думкамі, пачуццямі, клопатамі, аднак, знаходзіўся на Беларусі, якая была ўжо вызвалена ад фашыстаў. У Іране быў створаны Піменам Панчанкам вядомы цыкл вершаў «Іранскі дзённік». Адным з лепшых твораў таго часу не толькі ў беларускай, але і ўсёй савецкай паэзіі стаў верш П. Панчанкі «Сінія касачы». Ваенныя ўражанні паэта склалі зборнікі «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947). Ваенная тэма не пакідала паэта на працягу ўсяго яго творчага лёсу. У 1946 г. паэт дэмабілізаваўся. Ён вяртаецца ў Мінск і пачынае працаваць у часопісе «Вожык», пазней перайшоў у газету «Літаратура і мастацтва». Пяць гадоў (1953—1958) рэдагаваў альманах «Советская Отчизна» (цяпер «Нёман»). Адзін за другім выходзяць зборнікі паэта «За шчасце, за мір» (1950), «Шырокі свет» (1955), «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія малюнкі» (1960), «Тысяча небасхілаў» (1962). Напісаная ў гэтыя гады лірыка-публіцыстычная паэма «Патрыятычная песня», у якой паэт выказваў шчырае прызнанне ў любві да Радзімы, да людзей, была ў 1959 г. узнагароджана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы. З 1966 г. паэт пачынае працаваць сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Прыкметнай з'явай у літаратурным жыцці Беларусі стала і кніга вершаў Панчанкі «Пры святле маланак» (1966, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1968). Пачынаючы з гэтай кнігі, светаразуменне паэта становіцца больш заглыбленым, па-філасофску засяроджаным, разважлівым. Паэтычныя зборнікі П. Панчанкі «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977) насычаны непакоем, роздумам над глабальнымі праблемамі сучаснасці, над будучыняй чалавецтва. У іх гучыць гарачая любоў да роднай зямлі, да чалавека працы. З 1972 г. цалкам аддаецца творчай дзейнасці, спалучаючы яе з абавязкамі дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. У 1973 г. Пімену Панчанка было нададзена ганаровае званне народнага паэта Беларусі. У сваіх творах Пімен Панчанка — шчыры патрыёт Беларусі, нястомны змагар за захаванне прыроды, за культываванне ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, выкрывальнік бюракратыі. Вершы грамадзянскага гучання склалі зборнікі «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Прылучэнне» (1987), «Горкі жолуд» (1988), «Неспакой» (1988), «Высокі бераг» (1993). Вялікі грамадзянскі рэзананс выклікала ў свой час «Паэма сораму і гневу». Пасля смерці паэта (2 красавіка 1995 г.) з друку выйшлі яго кнігі «Зямля ў мяне адна» (1996) і «Жытнёвы звон» (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў. П. Панчанку належаць шматлікія публіцыстычныя артыкулы і эсэ, успаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і падзеі літаратурнага жыцця. Перакладаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча, М. Нагнібеды, Я. Райніса, Ф. Шылера і інш. У 1981 г. за зборнік «Дзе начуе жаваранак?» Пімену Панчанку была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. Імя Пімена Панчанкі носіць вуліца ў Мінску. Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара. Гэта ластавак шчабятанне, Звон світальны палескіх крыніц, Сінь чабору, і барвы зарніц, І буслінае клекатанне. Калі ж хто загадае: "Не трэба!" — Адрачэцца ад мовы народ, — Папрашу я і сонца, і неба: Мне не трэба ні славы, ні хлеба, Асудзіце на безліч нягод. Толькі месяцаў назвы пакіньце, Назвы родныя роднай зямлі, Пра якія з маленства ў блакіце Бор шуміць і пяюць жураўлі: Студзень — з казкамі снежных аблокаў, Люты — шчодры на сіні мароз, Сакавік — з сакатаннем і сокам Непаўторных вясновых бяроз, Красавік — час маланак і ліўняў, Травень — з першым каханнем, сяўбой, Чэрвень — з ягаднаю зарой, Ліпень — з мёдам, З пшаніцаю — жнівень, Спелы яблычны верасень, Светлы кастрычнік У празрыстасці чыстай, крынічнай, Лістапад — залаты лістапад, Снежань — першы густы снегапад... Ці плачу я, ці пяю, Ці размаўляю з матуляю — Песню сваю, мову сваю Я да грудзей прытульваю. Літаратура: 1. Панчанка Пімен Емяльянавіч // Бел. энцыкл.: у 18 т. - Мн, 1996. - Т. 12. - С. 56. 2. Панчанка Пімен Емяльянавіч // Энцыкл. гісторыі Беларусі: у 6 т. - Мн, 1999. - Т. 5. - С. 401. 3. Панчанка Пімен Емяльянавіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя. - Мн, 2006. - Т. 2. - С. 288-290. 4. Панчанка Пімен Емяльянавіч // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. - Мн, 1994. - С. 406-408. 5. Панчанка Пімен // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн.: у 6 т. / [рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш.]. - Мн, 1994. - Т. 4. - С. 455-473. 6. Пімен Панчанка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990):даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі]. - Мн, 1994. - С. 419--421. 7. Бярозкін, Р. Пімен Панчанка: крытыка-біяграфічны нарыс /Рыгор Бярозкін.-Мн., 1968.-230с. 8. Літаратурная спадчына Беларусі, ХІ - сярэдзіна ХХ стст. (з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) =Литературное наследие Беларуси, ХІ - середина ХХ вв.= The Literary of Belarus, ХІ - middle ХХ century.- Мн.: Нац. б-ка Беларусі, 2004. - 1 электрон. апт. дыск (CD-ROM) 9. Арочка, М. Маланка на ростанях / М.Арочка // Абнавіцца духам: старонкі сучаснай беларускай літ.крытыкі.-Мн., 1992.-С.243-254. 10. Бечык, В. Хвалявацца за ўсіх і за ўсё / Варлен Бечык // Выбранае /Варлен Бечык.-Мн., 1989.-С.211-238. 11. Бечык, В. Хвалявацца за ўсіх і за ўсё / Варлен Бечык // Прад высокаю красою /Варлен Бечык.-Мн., 1984.-С.39-66. 12. Бечык, В. Ад сэрца ў сэрца / Варлен Бечык // Свет жывы і блізкі /Варлен Бечык.-Мн., 1974.-С.67-73. 13. Бугаёў, Дз. З няпраўдаю бой... / Дз.Бугаёў // Арганічнасць таленту / Дз. Бугаёў.-Мн., 1989.-С.235-255 14. Бугаёў, Дз. Пра чалавечнасць Пімена Панчанкі / Дз.Бугаёў // Служэнне Беларусі / Дз. Бугаёў.-Мн., 2003.-С.181-190. 15. Бугаёў, Дз. Сейбіт праўды і чалавечнасці / Дз.Бугаёў // Таленты і праца / Дз. Бугаёў.-Мн., 1979.-С.109-186. 16. Бур’ян, Б. Каб пачулі і адгукнуліся: [лірыка П.Панчанкі] / Б. Бур’ян // “і толькі надпіс...”/ Б. Бур’ян.- Мн., 1987.-С.11-46 17. Бярозкін, Г. Пімен Панчанка. Паэзія ваенных год / Г.Бярозкін // Кніга пра аэзію / Г.Бярозкін .-Мн., 1971.-С.368-415. 18. Бярозкін, Г. Паэт сучаснасці. Лірыка, пафас, іронія... / Г.Бярозкін // Паэзія – маё жыццё / Г.Бярозкін .-Мн., 1989.-С.64- 77, 85-92. 19. Вярцінскі, А. Як ты чытаеш, чытач? [“Пры святле маланак” П.Панчанкі] /А.Вярцінскі // Высокае неба ідэала / А.Вярцінскі.-М., 1979.-С.85-90. 20. Гілевіч, Н. У імя чалавечнасці / Н.Гілевіч // У гэта веру /Н.Гілевіч.-Мн., 1978.-С.42-54. 21. Гілевіч, Н. Душа і сэрца майстра / Н.Гілевіч // дзячнасць і абавязак /Н.Гілевіч.-Мн., 1982.-С.141-148. 22. Глебка, П. Пімен Панчанка – “Далёкія станцыі!. Зборнік вершаў Пімена Панчанкі / П.Глебка // Паэзія барацьбы і перамогі / П.Глебка.-Мн., 1973.-С.122-129. 23. Гніламёдаў, У. Дыялог з жыццём і часам / У.Гніламёдаў // Класікі і сучаснікі / У.Гніламёдаў .- Мн., 1987.-С.116-129. 24. Лазарук, М. Часу непадуладнае / М.Лазарук // Часу непадуладнае/ М.Лазарук.-Мн., 1981.-С.20-26. 25. Мішчанчук, М.І. “Праўда веку! Зрабі нас дужымі!..” /М.І.Мішчанчук // Беларуская літаратура на сучасным этапе / М.І. Мішчанчук.-Мн., 1983.-С.140-150. 26. Мяснікоў, А. Пімен Панчанка (1917-1995) / Мяснiкоў, А. // Сто асоб беларускай гiсторыi: гiстарычныя партрэты / А.Мяснікоў. - Мн., 2008. - C.279-282. 27. Бугаёў, Д. Шлях паэта / Д.Бугаёў // На высокай хвалі.- Мн., 1973.-С.26-76. 28. Іменем чалавечнасці // Пра таварышаў па пяру.-Мн., 1976.-С.142-155. 29. Рагуля, А. Жыцця ўладаром стань на планеце / А.Рагуля // Імгненні /А.Рагуля.-Мн., 1990.-С.75-89. 30. Садоўская, Л. Аб жыцці, аб людзях, аб сабе / Л.Садоўская // Бiблiятэка прапануе. - 2012. - №3. - C.6-8. 31. Садоўская, Л. Каб кожны Панчанку пачуў / Л.Садоўская // Бiблiятэка прапануе. - 2012. - №2. - C.2-5. 32. Мiшчанчук, М. "Людзей ратуе толькі чалавецнасць..." М.Мішчанчук // Полымя. - 2009. - №12. - C.127-135. 33. Стасюк, Т. Экалагічная тэма ў паэзіі Пімена Панчанкі /Т.Стасюк // Беларуская мова i лiтаратура. - 2009. - №12. - C.20-21. 34. Алейнiк, Л "Пакуль сонца не згасне, пакуль свецяцца зоры..." Л.Алейнік // Полымя. - 2007. - №8. - C.172-176. 35. Галубовiч, Л. "Пры святле маланак" / Л.Галубовіч // Лiтаратура i мастацтва. - 2007. - №34. - 24 жніўня. - C.15. 36. Скiбарка, Г. Памяці Пімена Панчанкі, народнага паэта Беларусі (1917-1995) Г.Скібарка // Бiблiятэка прапануе. - 2007. - №3. - C.13-14. 37. Ляшук, В. Вывучэнне творчасці Пімена Панчанкі /В.Ляшук // Роднае слова. - 2007. - №1. - C.46-53. 38. Куляшова, В. Адчуць сябе плыўцом... : сустрэчы з Піменам Панчанка / В.Куляшова // Роднае слова. - 2005. - №1. - С.89-90. 39. Дарняк, Ю. "Не дай нам божа стаць ілжывымі...":матывы паэзіі Пімена Панчанкі / Ю.Дарняк // Роднае слова. - 2003. - №12. - с.18-20. 40. Гарэлік, Л. Кантрасты і парадоксы жыцця: духоўныя арыенціры ў паэзіі Пімена Панчанкі / Л.Грэлік // Роднае слова.-2002.-№7.-С.22-26. 41. Бельскі, А. “Каб... навек засталіся людзьмі: творчасць Пімена Панчанкі / А. Бельскі // Роднае слова.- 2000.-№10.-С.44-48. 42. Бураўкін, Г. З жаўранкам у душы: лірычныя ўспаміны [пра Пімена Панчанку] / Генадзь Бураўкін // Роднае слова.-1997.-№8.-С.177-185. 43. Шавыркін, М. Тапаліны звон: [пра супрацоўніцтва кампазітара В.Іванова з паэтам П.Панчанкам] / М.авыркін // Роднае слова.-1997.-№8.-С.112-117. |
|
|
3.8.2012, 13:20
Сообщение
#6
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3884 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
"...Вышэй за ўсё і перш за ўсё -- чалавечнасць" 4 жніўня спаўняецца 95 год з дня нараджэння Янкі Брыля, народнага пісьменніка Беларусі, перакладчыка, публіцыста. «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!» Янка (Іван Антонавіч) Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917г. у Адэсе. Яго бацька Антон Данілвіч працаваў тады правадніком класных вагонаў, не блага зарабляў. Самы меншы ў сям’і Янка, мабыць, сатў бы шаляніцаю, пестуном у старэйшых сясцёр, братоў і падстарэлых бацткў, але час не любіў тады песціць наватдзяцей. За кастрычнікам 1917 прыйшлі трывожныя гады грамадзянскай вайны і галодныя гады разрухі. У 1922г. разам з бацькамі вярнуўся на іх радзіму, у вёску Загора (Польшча, цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Бацька марыў пакрысе абжыцца на гаспадарцы, але хутка памёр. У 1931г. Я. Брыль скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцей. У 1939г. быў прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пасля пачатку II Cусветнай вайны, у верасні таго ж году трапіў пад Гдыняй ў нямецкі палон, у 1941г. уцёк, вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызанаў. У 1942г. Я. Брыль стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а ў 1944 — разведчыкам партызанскай брыгады «Камсамолец». Рэдагаваў газету «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкома партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыга́ла». Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам раённай газеты ў г.п. Мір, літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык». У розныя гады Янка Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. “Нялёгка стаць пісьменнікам сялянскаму сыну, якому трэба да сёмага поту працаваць, жывучы ў глухамані. Але ў сапраўднага таленту патрэба тварыць, адкрываць новае і дзяліцца з людзьмі запаветнымі думкамі, імкненнямі – неадольная. Янка Брыль пайшоў за сваім прызваннем. Хоць і давялося яму працаваць звыш сіл, не мог ён паступіць інакш, бо адчуваў сябе адкрывальнікам такіх вялікіх ісцін, без якіх не толькі блізкія яму людзі,але і ўсё чалавецтва не знойдзе дарогі да шчасця” /У.Калеснік/. Пісаць Янка Брыль пачаў з чатырнаццаці год, але дэбютаваў у друку толькі ў 1938г.. Пачалася творчая дзейнасць пісьменніка з вершаў, якія асаблівага поспеху аўтару не прынеслі, і з апавяданняў, у якіх талент пісьменніка праявіўся вельмі ярка і шматгранна. У 1946г. выйшла з друку першая кніга пад назвай «Апавяданні», куды ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць «У сям'і», прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі. Мастацкі летапіс улюблёнага пісьменнікам Наднямоння працягваюць яго другі зборнік «Нёманскія казакі» (1947), а таксама аповесці «Сірочы хлеб», працу над якой ён пачаў яшчэ да вайны, «У Забалоцці днее» (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1952) і «На Быстранцы» (1955). Ужо першыя творы вылучылі Янку Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псіхалагічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы. Шмат разоў перакладалася ў розных краінах свету яго лірычнае апавяданне «Галя» (1953), дзе на тле жыцця заходнебеларускай вёскі раскрыты пачуццёвы свет галоўнай гераіні, яе глыбокая чалавечая драма. Звяртаўся пісьменнік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне «Маці». У пачатку 1960-х з'явіўся ў друку вядомы раман Я. Брыля «Птушкі і гнёзды». Гэты адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка быў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў «кнігай адной маладосці». Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Янкам Брылём разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…» (1975) — жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм. Яркай адметнасцю вылучаюцца такія выдатныя аповесці «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа 1982) — творы глыбінна нацыянальныя, у якіх яскрава выяўляецца маральнае здароўе, высакароднасць і прыродная мудрасць беларусаў. Трывалае месца ў творчасці Я. Брыля займаюць лірычныя мініяцюры, якія ён пачаў друкаваць з сярэдзіны 1960-х і якія склалі кнігі «Жменя сонечных промняў» (1965), «Вітраж» (1972), «Акраец хлеба» (1977), «Сёння і памяць» (1985), «Пішу як жыву» (1994), «Вячэрняе» (1994), «Дзе скарб ваш» (1997), «Сцежкі, дарогі, прастор» (2001), «Блакітны зніч» (2004), «Парастак» (2006). Мініяцюры Я. Брыля грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах, якія пісьменнік не проста ўзнаўляе, а перадае свае ўражанні ад іх, сваё глыбокае, заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае іх разуменне. Менавіта ў жанры лірычнай мініяцюры адчуваў сябе пісьменнік найбольш раскаваным. Мініяцюры былі своеасаблівай кнігай яго жыцця, лірычнай споведдзю прызнанага майстра пра сябе і свет, пра самых блізкіх людзей, пра светлыя і сумна трагічныя праявы быцця. Уся творчасць Я. Брыля прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця. Памёр Янка Брыль 25 ліпеня 2006г. У 2007 г. яго імя атрымала вуліца ў мінскім мікрараёне Міхалова, а ў 2009г. імя Янкі Брыля было нададзена адной з вуліц Гдыні. Прызнанне заслуг Янкі Брыля: • Два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга • Ордэн Айчыннай вайны II ступені • Ордэн Дружбы народаў • Ордэн «Знак Пашаны» • Савецкія і польскія медалі • Народны пісьменнік БССР (1981) Літаратура 1. Брыль Янка // Бел. энцыкл.: у 18 т. - Мн, 1996. - Т. 3. - С. 275-276. 2. Брыль Янка // Энцыкл. гісторыі Беларусі: у 6 т. - Мн, 1994. - Т. 2. - С. 83. 3. Брыль Янка // Беларускі фальклор : энцыклапедыя. - Мн, 2005. - Т. 1. - С. 189-190. 4. Брыль Янка // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. - Мн, 1994. - С. 96-99. 5. Брыль Янка // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн.: у 6 т. / [рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш.]. - Мн, 1992. - Т. 1. - С. 351-368. 6. Янка Брыль // Беларускія пісьменнікі (1917—1990):даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі]. - Мн, 1994. - С. 65-67. 7. Аляхновіч, Р.В. Янка Брыль ушколе: (дапаможнік для настаўніка) / Р.В.Аляхновіч.- Мн: Народная асвета, 1979.- 120с. 8. Калеснік, У. А. Янка Брыль : нарыс жыцця і творчасці / Уладзімір Калеснік. - Мн: Народная асвета, 1990. - 256 с.: фат. - (Народныя пісьменнікі БССР). 9. Канэ, Ю. М. Як паветра і хлеб: жыццёвы і творчы шлях Я. Брыля / Юлія Канэ. - Мн: Маст.літ., 1988.- 320 с., 1 л. партр. 10. Ляшук, В.Я. Вывучэнне творчасці Янкі Брыля ў школе: дапаможнік для настаўнікаў /В.Я.Ляшук.- Мн.: Аверсэв, 2004.-220с. 11. Майхровіч, С. Янка Брыль: жыццё і творчасць /Сцяпан Майхровіч.-Мн.: Дзярж. выд. БССР, 1961.- 214с. 12. Нікіфарава, В. Б. Янка Брыль / Нікіфарава В. Б. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: у 4 т. / [навук. рэд. У. В. Гніламёдаў, В. П. Жураўлёў]. -Мн, 2001. - Т. 3. - С. 479-520. 13. Адамовіч, А. Свет далёкі і блізкі: [творчасць нкі Брыля] / Алесь Адамовіч // Здалёк і зблізку / Алесь Адамовіч.-Мн., 1976.-С.559-597. 14. Андраюк, С. А. Талент шчыры, чалавечны: Я. Брыль. Сучасны… Беларускі… Народны: Я. Брыль / Серафім Андраюк // Пісьменнікі. Кнігі : літ.-крыт. арт. / Серафім Андраюк. - Мн, 1997. - С. 96-115. 15. Бугаёў, Дз. Я. Служэнне Беларусі: (Я. Брыль). Спавядальнае слова майстра: (яшчэ раз пра Я. Брыля) / Дзмітрый Бугаёў // Спавядальнае слова: літ. крытыка, успаміны / Дзмітрый Бугаёў. - Мн, 2001. - С. 28-57. 16. Бугаёў, Дз. Шматгранны паэтычны свет: [“Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля] /Дзмітрый Бугаёў // Шматграннасць / Дзмітрый Бугаёў.-Мн., 170.-С.186-220. 17. Калеснік, У. Здымак у жыце: [жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля] /Уладзімір Калеснік // Лёсам пазнанае: выбр.літ. партрэты і нарысы /Уладзімір Калеснк.-Мн., 1982.-С.377-441. 18. Калеснік, У. Усё чалавечае: [жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля] /Уладзімір Калеснік // Усё чалавечае: літ. партрэты, артыкулы, нарысы /Уладзімір Калеснк.-Мн., 1993160-208.-С.377-441. 19. Локун, В.І. Праблема гуманізму і маральны выбар героя: [“Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля] / В.І. Локун // Маральна-філасофскія пошукі беларускай ванай і гістарчнай позы 1950-1960-я гады /В.І.Локун.- Мн., 1995.-С.29-35. 20. Каваленка, В. Абавязак перад часам: [творчасць Янкі Брыля / В.Каваленка // На высокай хвалі.-Мн., 1968.-С.87-117.] 21. Людзі і Радзіма: [“Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля] // Пра таварышаў па пяру.-Мн., 1976.-С.198-208. 22. Рагуля, А. Куды вядуць дарогі: [у т.л. пра творы Янкі Брыля] / А.Рагуля // Імгненні /А.Рагуля.-Мн., 1990.-С.95-103. 23. Шкраба, Р. Дэталь і характар: [ у т.л. пра творчасць Янкі Брыля] /Рыгор Шкраба // Моваю вобразаў: выбранае / Рыгор Шкраба.-Мн., 1989.-С.278-286. 24. Шупенька, Г. Вечнае не старэе: [аповесць Янкі Брыля “Ніжнія Байдуны”]/Генадзь Шупенька // Галоўнае – талент: літ.-крыт.артыкулы /Генадзь Шупенька.-Мн., 1987.-С.42-63. 25. Шупенька, Г. Паэзія прозы. Вечнае не старэе: [творчасць Янкі Брыля]/Генадзь Шупенька // Прага мастацкасці: выбранае /Генадзь Шупенька.-Мн., 1996.-С.82-124. 26. Юрэвіч, У. Адысея пакут і змагання: [“Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля]/ У.Юрэвіч // Абрысы /У. Юрэвіч.-Мн., 1976.-С.95-134. 27. Юрэвіч, У. Адысея пакут і змагання: [“Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля]/ У.Юрэвіч // Выбранае /У. Юрэвіч.-Мн., 1987.-С.330-368. 28. Літаратурная спадчына Беларусі, ХІ - сярэдзіна ХХ стст. (з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) =Литературное наследие Беларуси, ХІ - середина ХХ вв.= The Literary of Belarus, ХІ - middle ХХ century - Мн.: Нац. б-ка Беларусі, 2004. - 1 электрон. апт. дыск (CD-ROM). 29. Лугоўскi, А. "...Вышэй за ўсё і перш за ўсё -- чалавечнасць" /А.Лугоўскі // Роднае слова. - 2012. - №7. - C.59-62. 30. Бажок, I. Запаветная эсэістыка Янкі Брыля / І.Бажок // Полымя. - 2012. - №3. - C.123-127. 31. Лазарчык, Н. Трагедыя і подзвіг у апвяданні Янкі Брыля "Memento mori" / Н.Лазарчык // Беларуская мова i лiтаратура. - 2011. - №2. - C.12-15. 32. Андраюк, С. Творчасць як працяг біяграфіі / С.Андраюк // Полымя. - 2009. - №4.- C.133-144. 33. Шарапа, А. Беларуская навела пра вайну / А Шарапа // Роднае слова. - 2008. - №12. - C.19-21. 34. Бугаёў, Д. Мастак, адкрыты свету /Д. Бугаёў // Полымя. - 2007. - №8. - C.177-180. 35. Андраюк, С. Маці і дзеці С.Андраюк // Роднае слова. - 2007. - №8. - C.3-5. 36. Сянкевiч, М. Абарона дзяцінства ў творчасці Янкі Брыля М. Сянкевіч // Пачатковая школа. - 2007. - №6. - C.15. 37. Кудравец, А. І сонечнае цяпло, і радасьць А. Кудравец // Дзеяслоў. - 2007. - №4(29). - C.242-251. 38. Тычына, М. З даверам да існага / М.Тычына // Наша вера. - 2007. - №3. - C.42-46. 39. Бiчэль, Д. Светлай памяці Янкі Брыля / Д.Бічэль // Наша вера. - 2006. - №3. - C.37. 40. Брыль, Я. Мой радавод / Янка Брыль // Роднае слова. - 2005. - № 6. - С. 85-90. 41. Андраюк, С. Трагічныя старонкі сямейнай сагі / С.Андраюк // Роднае слова. - 2005. - №1. - с.41-43. 42. Андраюк, С. Літаратура на мяжы стагоддзяў. Колькі разважанняў пра творчасць Янкі Брыля і Васіля Быкава / Серафім Андраюк // Роднае слова.-2003.-№3.-С.15-17. 43. Украінка, С. “Быць самім сабою...”: да пытання “асоба аўтара” і “вобраз аўтара” ў мініяцюрах Янкі Брыля / С.Ураінка // Роднае слова.-2002.-№8.-С.3-6. 44. Данільчык, А. Шлях да зямлі запаветнай: героі Янкі Брыля, Кастуся акулы, Прыма Леві у пошуках волі: [“Птушкі і гнёзды”, “Змагарныя дарогі”]/ А. Данільчык // Роднае слова.-1999.-№1.-С.21-27. 45. Бугаёў, Дз. Служэнне Беларусі: развагі пра творчасць Янкі Брыля / Дзмітрый Бугаёў // Роднае слова.-1997.-С.9-24. 46. Скібіцкая, Л. “Чэхаву я абавязаны вельмі многім...”: Янка Брыль пра жыццё і творчасць Антона Чэхава /Л. Скібіцкая // Роднае слова.-1997.-№10.-С.121-128. |
|
|
30.6.2012, 8:01
Сообщение
#7
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3884 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
“Купала – гэта наша ўсё...” 7 ліпеня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы. Купалу мы ведаем, як паэта і драматурга, аўтара цудоўных п’ес "Паўлінка", "Раскіданае гняздо". Паэт ён лірычна-ўзнёслы і рамантычны, парывісты, эмацыянальны і драматычны па прыродзе свайго таленту. Песні Купалы – гэта люстэрка, у якім свеціцца сэрца беларуса, яго жыццё, яго родны край; гэта праўдзівы, непадробны голас, што выходзіць з самое глыбіні народнай душы, гэта – "крык, што жыве Беларусь!" Купала, Купалле і купал нябёс, Куванне зязюлі ля струн лозаў ніцых… Купала – Шлях Млечны птушыных бяроз, Жывыя званы беларускіх крынічак. Ул. Карызна. Пакуль ёсць Купала Купала – гэта наша ўсё… Ён паэт, лірык, пясняр… Але ён жа і містык, і прарок, і філосаф. Ён жа гісторыя нашай краіны, і сучаснасць, і будучыня. Усё адразу. І псеўданім свой – Янка Купала – выдатны пясняр наш выбраў невыпадкова: падкрэсліў гэтым прозвішчам сваё імкненне жыццём і песняй дапамагчы народу знайсці папараць-кветку - кветку шчасця. У ноч на Купалле 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882 г. у фальварку Вязынка нарадзіўся ладны хлопчык, ды яшчэ ў кашульцы. Мясцовы святар пазней успамінаў, што з нагоды Янкавага нараджэння шчаслівы бацька Дамінік падараваў капліцы вялікі абраз Маці Боскай Чэнстахоўскай – такія абразы звычайна дарылі, калі нараджаліся вельмі чаканыя дзеці. "Вязынка… Тут прыгожа, і міжволі пачынаеш разумець, што толькі на гэтай зямлі мог нарадзіцца чалавек з прыгожай душой", - пісаў Уладзімір Караткевіч. Вось тут, у хаце простай, як сляза, І нарадзіўся некалі Купала. Ён нарадзіўся, каб пасля сказаць, Што Беларусь у свеце не прапала. Павел Марціновіч. Вязынка У высокім небе, дзе зіхацяць зоркі розных велічынь, Янка Купала вылучыў чатыры: Першая – бацькава зорка яснела, Маткі – другая глядзела ў свет горка, Трэцяя мне мільгацела нясмела, Роднай зямелькі – чацвёртая зорка… Сваім паходжаннем і па бацькоўскай лініі (Луцэвічы), і па мацярынскай (Валасевічы) ён належыў да шляхетнага роду. Іншая справа, што ўжо дзед Янкі Купалы, Ануфрый Дамінікавіч Луцэвіч, патрапіў пад так званы “разбор шляхты” і мусіў судзіцца з уладамі, даказваючы сваё старажытнае шляхецтва (дарэчы, у Вільні прызналі яго шляхетнае паходжанне, а ў Пецярбургу – не). Дзед Купалы аднавіў свой род да ХУІІ стагоддзя (а наогул карані Луцэвічаў сягаюць ажно ў Х – ХІ стагоддзі, узыходзячы да старажытнага герба “Навіна”), і пра гэта Янка Купала пісаў свайму дарадцу і біёграфу Льву Клейнбарту, маўляў, яго продкі атрымалі зямлю ад Радзівілаў у ХУІІ стагоддзі за нейкія заслугі. А што гэта маглі быць за заслугі? Найперш – ваенныя. Калі нават прыгонны селянін ішоў бараніць сваю зямлю, яму давалі вольную грамату, шляхецкае званне і надзел зямлі: калі загіне, будзе за што зачапіцца яго сям’і, калі выжыве, значыць, ён заваяваў права на гэтую зямлю… Беларускае слова “шляхта” мае нямецкае паходжанне і адсылае найперш да паняцця рыцарства. Інакш кажучы, беларускі шляхціц – гэта рыцар, ваяр, абаронца свайго краю. І менавіта такімі шляхціцамі, відавочна, былі продкі Янкі Купалы. Калі бацькі пазнаёміліся, Дамініку было 33 гады, Боні (Бянігне, яшчэ адно яе імя – Багуміла) – 22 гады. Іх каханне і жаніцьба, няйначай, апісаны ў камедыі “Паўлінка”. Справа ў тым, што маці Боні была багатай, валявой, рашучай гаспадыняй і забараняла маладым сустракацца. “Аднаго разу палеглі ўсе спаць, а Боня сабрала свае сукенкі, яшчэ нешта сваё і праз акно выскачыла ў сад. Там яе ўжо Луцэвіч чакаў…” / з успамінаў пляменніцы Бянігны Ядвігі Антонаўны Дзяўго/ Але ў рэшце маці змірылася. Маладыя павянчаліся. Адукацыю будучы паэт атрымаў такую, што сёння можна толькі пазайздросціць. "Вучылі мяне спачатку па-польску, па-руску я навучыўся ад нянькі. Палову адной зімы вучыўся ў народнай школе ў Сенніцы недалёка ад Мінска, а пасля гэтага вучыўся крыху ў Мінску ў прыватнай падрыхтоўчай школе". Пасля былі: народнае вучылішча, чатырохгадовыя курсы Чарняева ў Санкт-Пецярбурзе, прыватны універсітэт Шаняўскага ў Маскве. Як вядома, Купала пачынаў пісаць па-польску, Колас – па-руску. Але чаму? Чаму той жа Купала напіша свой першы верш па-беларуску толькі ў 1904 годзе (“Мая доля”), а надрукуе толькі ў 1905–м (“Мужык”)? Неяк на адной вечарыне такое пытанне аўдыторыі задаў сын Якуба Коласа Канстанцін Міхайлавіч – нават студэнты не адказалі. Адказ жа навідавоку. Проста трэба ведаць гісторыю: менавіта ў 1904 годзе, калі пачаўся эканамічны крызіс, выйшла пастанова Мікалая ІІ аб тым, што цяпер “все национальные меньшинства Российской империи могут пользоваться своими наречиями”. 5 мая 1905 г. гэтая пастанова набывае сілу закона, а ўжо 15 мая, літаральна праз дзесяць дзён, у мінскай газеце “Северо-Западный край” з’яўляецца першы друкаваны верш Янкі Купалы “Мужык”. Усе ў школе вучаць на памяць праграмны верш “А хто там ідзе?”, упершыню надрукаваны ў зборніку “Жалейка” (1908 год). Але, напэўна, нямногія ведаюць, колькі ўсяго звязана і з гэтым вершам, і з гэтым зборнікам у лёсе Купалы. Спачатку зборнік думалі выдаць у Мінску, але нешта перашкодзіла, напэўна, проста не хапіла грошай. І зборнік перадаюць у Пецярбург у выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”. Кнізе пашанцавала – яе ўзяў у рукі прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Пры ўсёй павазе да таленту самога Купалы Браніслаў Ігнатавіч настолькі бліскуча адрэдагаваў зборнік, што літаральна праз нейкі час ён прыносіць еўрапейскую вядомасць Купалу. Яго адразу бяруцца перакладаць палякі, украінцы, чэшскі славіст, прафесар Адольф Чэрны, а немец Рудольф Абіхт перакладае творы Купалы і захапляецца так, што вывучае беларускую мову і неўзабаве пачынае выкладаць яе ў Вроцлаўскім універсітэце. Як вядома, зборнік трапляе і ў рукі Горкага, які за ўсё сваё жыццё пераклаў усяго два вершы. Адзін з іх – “А хто там ідзе?” Купалы. Вярнуў аўтару з прыпіскай, маўляў, прашу прабачэння, што твая суровая песня ў маім перакладзе атрымалася горшай. Асабліва вялікае ўздзеянне верш "А хто там ідзе?" рабіў на слухачоў пасля таго, як ён стаў песняю. Гэта першы Купалаў твор, які быў пакладзены на музыку ў 1910 годзе польскім кампазітарам Людамірам Рагоўскім. Песні было наканавана ганаровае і доўгае жыццё. Па колькасці твораў, перакладзеных кампазітарамі на музыку, Купалу належыць першае месца сярод беларускіх паэтаў: на яго словы напісана больш за 200 музычных твораў. Мастацкі кіраўнік “Песняроў” Уладзімір Мулявін часта гаварыў, што Янка Купала стаў яго любімым паэтам. Разам з ім артыст адкрываў Беларусь. Таму і песень на яго вершы створана ансамблем больш трох дзесяткаў, а яшчэ былі опера-прытча “Песня пра долю” і рок-опера “Гусляр”. Жадаў ён быць і песенным, і дзейным, гучаў, як покліч, ранішні гудок, упэўнены, журботны, веснавейны, пранізлівы купалаўскі радок. Як зверху хто паклікаў быццам… На нейкай маладзечанскай вярсце ён змог крыніцай да людзей прабіцца, каб слёзы ўмыць краіне-сіраце. Лугоў, палеткаў увабраўшы водар, напоўнены красою і бядой, ён акрапіў наш беларускі гонар любоўю слоў, нібы жывой вадой. Сваёй найбольшаю узнагародай лічыў паветра роднага глыток. Бяссрэбнікам быў і ёсць заўсёды, адкрыты ўсім купалаўскі радок. Як журавель, ён праплывае плаўна над нашай мовай, пахкай і густой, свабодны ад складанасці уяўнай і вольны ад манернасці пустой. Мар’ян Дукса. Купалаўскі радок Янка Купала стаў таксама прызнаным нацыянальным драматургам. Яго камедыя "Паўлінка", напісаная ў 1912 г., як твор класічнай беларускай драматургіі не сыходзіць са сцэны да гэтага часу і з’яўляецца візітнай карткай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя самога класіка. Ён аўтар драмы "Раскіданае гняздо" (1913 г.), сцэнічнага жарту "Прымакі" (1913 г.), трагікамедыі "Тутэйшыя" (1922 г.). Пісаць аб народзе, па-народнаму і для народа – такі дэвіз Купалы на ўсіх этапах творчасці. Здаецца, і ведаеш творы паэта, а ўсё роўна кожны раз, калі разгортваеш яго кнігу і пачынаеш чытаць, - адкрываеш для сябе штосьці новае, нязведанае. Купала як і ўсе творчыя людзі, быў крыху ленаваты, любіў асабістую свабоду і, дарэчы, ніколі не імкнуўся лезці ў палітыку. Ён быў чалавекам натхнення, паэтам неба і божага голасу. Але пайшоў у нябыт трагічна і драматычна Што ж датычыцца яго смерці 28 чэрвеня 1942 года, то тут, як бы ні замоўчвалася яе недарэчнасць і нейкая таямнічасць, многія схіляюцца да думкі, што яна была арганізавана тымі, хто ненавідзеў Купалу ўсё жыццё. 28 чэрвеня на лесвічнай пляцоўцы ці дзевятага, ці то дзесятага паверха гасцініцы "Масква" ў самой Маскве і адбылася непапраўная трагедыя: Купала зваліўся ў пралёт… Ягоная смерць была і застаецца загадкай усяго двадцатага стагоддзя. “Цяжкім і складаным было яго жыццё. Многа гора ён зазнаў у жыцці! З маладых гадоў ён біўся за кавалак хлеба для сябе і сваёй сям’і. Сам сабою навучыўся чытаць, сваімі сіламі авалодаў навукай у маладосці. Купала быў чалавекам выключнага аптымізму. Ён цвёрда верыў у лепшую будучыню свайго краю, верыў у вялікую сілу беларускага народа. Гэта быў чалавек вялікай волі, крыштальнага сумлення. Ён ніколі не крывіў душою. У сваім грамадскім жыцці і творчасці ён смела выказваў думкі і пачуцці, якія яму падказвала яго сумленне, яго вялікая пяснярская душа. Ён ніколі не пакідаў свайго народа, не адыходзіў ад яго. У самыя цяжкія і адказныя дні жыцця беларускага народа ён быў заўсёды з ім. Лёс беларускага народа – гэта яго лёс”. /У.Луцэвіч/ Не веру ідалам паганым. Што выразаюць разьбяры, Бажкам не веру маляваным, Што мажуць фарбай маляры. Не веру купленым прарокам, Што з казальніц за грошы лгуць І сочаць прагавітым вокам, Скуль больш чырвонцаў ім нясуць. Не веру ў фокуснікаў цуды Усіх народаў і вякоў, Што ў ход пускаюць хітра ўсюды Туман на цёмных слепакоў. Не веру ў каменны багоўні, Ў людской асвечаны крыві, Дзе толькі вяжуць, Бы ў прыгоне, Жывому духу ланцугі. Ні за якую плату, меру Не дамся гэтай варажбе… Ў народ і край свой толькі веру І веру ў самаго сябе. |
|
|
Текстовая версия | Сейчас: 14.11.2024, 8:41 |