IPB

Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )

Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2011, Літаратурныя юбілеі
Admin
сообщение 18.7.2011, 15:23
Сообщение #1


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3631
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”У панямонскім небе Цётчынай зорцы не згаснуць”.
3 (15) ліпеня спаўняецца 135 год з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (ЦЁТКІ),
беларускай паэтэсы-рэвалюцыянеркі


(псеўданімы Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Тымчасовы і інш.)
Нарадзілася 3(15).07.1876 у в.Пешчына Лідскага павета (зараз Шчучынскі раён) ў сям'і багатага селяніна, які меў дзвесце дзесяцін зямлі. Хрышчана ў васілішкаўскім касцёле. У сям'і Пашкевічаў было дванаццаць (па іншых звестках, сямнаццаць) дзяцей.
Пасля смерці маці будучая паэтэса гадавалася ў Старым Двары, на дзедавай гаспадарцы. Выхоўвала дзяўчынку пераважна бабка Югася, якая ведала шмат казак і песень. 3 малых гадоў Алаіза цягнулася да кнігі, марыла хутчэй вырвацца з вёскі ў вялікае жыццё.
Алаіза Пашкевіч скончыла прыватную гімназію Прозаравай у Вільні, атрымала пасведчанне хатняй настаўніцы і настаўнічала ў вёсцы. У 1902 г. у Пецярбургу яна экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі і паступіла на курсы П. Лесгафта, дзе рыхтавалі выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі.
Пасля вяртання ў Вільню працавала фельчаркай у псіхіятрычнай лячэбніцы і пад уплывам Ф. Багушэвіча пачала пісаць вершы, - вольналюбівыя, прасякнутыя ідэяй змагання за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць. Рамантычна-сімвалічнай вобразнасцю, алегарычнасцю малюнкаў, пераўвасабленнямі паэзія Цёткі сугучная з масавай рэвалюцыйнай рускай паэзіяй пачатку XX ст.
У маі 1905 была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з'ездзе жанчын у Маскве. З-за удзелу ў рэвалюцыйных маніфестацыях была вымушана эмігрыраваць у канцы 1905г. у Галіцыю, якая тады была часткай Аўстра-Венгерскай імперыі. Жыла спачатку ў Львове, дзе была вольнай слухачкай філасофскага факультэта Львоўскага універсітэта.
У 1906 у Жоўкве каля Львова, у друкарні базыльянскага манастыра, былі надрукаваны два зборнікі яе вершаў — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская».
Некалькі разоў Цётка нелегальна прыязджала ў Вільню і Пецярбург. У Вільні у першым нумары першай беларускай легальнай газеты «Наша доля» было надрукавана яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». У Пецярбургу ў 1906г. у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла яе «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Жывучы на Украіне, Цётка прапагандавала сярод украінскай інтэлігенцыі беларускую літаратуру і культуру.
У 1908-09гг. жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага універсітэта, была членам рэвалюцыйнай арганізацыі універсітэцкай моладзі «Спуйня» («Лучнасць»), дзеля атрымання навуковай ступені выканала навуковую працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польская драматычнай літаратурай». Нейкі час жыла ў Закапана, выязджала ў Германію, Італію, Швецыю.
I душна, i цесна, i сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...
Як птушка на скрыдлах, ляцець бы хацела,
Як хваля па моры, плыла бы да ix!
Ўзьнялася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары бы ветрам сказала я гнаць
Далека, далека, дзе сьняцца мне чары,
Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць,
Дзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе,
Дзе кожна дарога i крыж мяне знае,
Дзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!
Там я нарадзілася й вырасла уволю,
Там першыя словы вучылась казаць.
Затое сягоньня ляцела б стралою
Там зь імі з усімі год Новы спаткаць!
Ой, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім не забыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!
На чужыне. 1909
Змена прозвішча пасля замужжа дала магчымасць вярнуцца на радзіму. Цётка з тэатрам I. Буйніцкага ездзіла і выступала ў розных кутках Беларусі, удзельнічала ў спектаклях «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшка.
У 1912 у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе Цётка арганізавала некалькі тайных беларускіх школ. У 1914 стала заснавальніцай і рэдактарам першага беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» (Мінск), выдала 6 яго нумароў. Для часопіса напісала шэраг апавяданняў, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў.
Падчас Першай сусветнай вайны Цётка працавала ў Вільні сястрой міласэрнасці ў тыфозным салдацкім бараку, пасля аказвала медыцынскую дапамогу землякам, якія гінулі ад эпідэміі тыфу. Аднак, ратуючы іншых, не ўсцераглася сама, захварэла на тыф і ў ноч на 5 лютага 1916 памерла.
У творчай спадчыне Цёткі не толькі паэзія, але і прозы, і публіцыстыка. Яе апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі», «Лішняя», «Зялёнка», «Міхаська», «Асеннія лісты» і інш. вызначаюцца псіхалагізмам, экспрэсіўнасцю.
Для «Першага чытання...» Цётка напісала шэраг апавяданняў для дзяцей — «Сварба», «3 прыску ды ў агонь», «Журавель і Чапля», «Сірата».
Яе артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Да дзяўчатак», «Да школьнай моладзі» ўспрымаюцца як духоўны запавет пісьменніцы беларусам, яе заклік да стараннай і сур'ёзнай вучобы дзеля будучых спраў, карысных для Бацькаўшчыны, яе клопат аб павышэнні культуры сяла, аб паляпшэнні штодзённага побыту народа.
Асобную старонку ў яе публіцыстыцы складаюць дарожныя нататкі, нарысы, напісаныя пад уражаннем падарожжаў у Італію, Фінляндыю, Швецыю, Германію.
Аўтар навукова-папулярных артыкулаў «Газа», «Пералётныя птушкі», «Наша народная песня» і інш.
Яе творы перакладзены на нямецкую, польскую, рускую, украінскую і інш. мовы.


МОЙ САД
Стаіць мой сад пад белым цветам:
Нарцыс — стыдлівых поўны крас,
Звісае бэз ў акно букетам,
Тульпанаў куст расцвіў зараз.

Цвіце ляўкой, ў пуках рабіна;
Вішнёва дрэва ў малацэ;
А там парэчка, там маліна,
А там мой граб малы расце.

Люблю мой сад, як расцвітае,
Як салавей свой трэль вядзе,
Як цвет галінку прыгібае,
Як пчолка мёд адтуль нясе.

Люблю мой сад ў маёвым ранку,
Як тоне ён ў расістай мгле,
Як ліпа шэпчацца пры ганку
I як зязюлька «ку-ку» шле.

Люблю мой сад пад белым цветам,
Люблю, зялёным як стаіць;
Люблю, як грушы спеюць летам
I як работай ён кіпіць.

Люблю мой сад у позну восень,—
Як плод звісае да зямлі,
Як голкі сыплюцца ад сосен,
Як залацяцца сліў лісткі.

Люблю мой сад у крэпку зіму,—
Як у крышталах ўвесь дрыжыць,
Як дзяцел, сеўшы на галіну,
Зімову песню загудзіць.
1905—1906



Помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы) у Шчучыне
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
 
Начать новую тему
Ответов
Admin
сообщение 9.11.2011, 9:16
Сообщение #2


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3631
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



“Вернік і прапаведнік “Светлай будучыні”.
7 лістапада спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарота, беларускага паэта, драматурга, празаіка, рэдактара, грамадскага дзеяча.



Сапраўднае імя: Міхаіл Сымонавіч Кудзелька. Псеўданімы: Максім Бяднейшы; Юрка Куртаты; В.Чарот; Крыптанімы: М.К.; М.К-ка; Ч.М.; М.Ч.; М.Ч-т; Ч-т.),

Міхась Чарот нарадзіўся 7 лістапада 1896г. у мястэчку Рудзенск Ігуменскага павету Мінскай губерніі, ў сялянскай сям'і. Пасільная праца на гаспадарцы ў гады дзяцінства спалучалася для будучага паэта з пачаткамі вучобы: першую адукацыю атрымаў у наёмнага так званага «дарэктара», потым скончыў двухкласную пачатковую школу, а ў 1913г. паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У гады першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск. Тут прайшлі два апошнія гады навучання М. Чарота, калі ён быў ужо не «сваекоштнікам», а за паспяховае навучанне пераведзены у лік стыпендыятаў.
Семінарыю М. Чарот закончыў у 1917г., але настаўнічаць яму не давялося: быў мабілізаваны ў армію. Служыў афіцэрам запаснога палка ў г. Кузнецку, там намагаўся разам з іншымі афіцэрамі-беларусамі стварыць беларускі гурток. Вясною 1918г. М. Чарот вярнуўся у Мінск, пачаў настаўнічаць у беларускай школе, паступіў на вучобу ў педагагічны інстытут. У гэты ж час ён далучыўся да культурна-нацыянальнага жыцця: маючы прыгожы барытон, спяваў у хоры В. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», стаў старшынёй тэатральнага гуртка «Маладзік». Бурныя палітычныя падзеі таго часу не далі магчымасці засяродзіцца на вучобе і настаўніцкай працы. Трэба было бараніць Бацькаўшчыну са зброяй у руках, і М. Чарот у 1919г. спрабуе ўступіць у Беларускае войска, якое стваралася пры Беларускім нацыянальным камітэце, што існаваў як выканаўчы орган Усебеларускага з'езда 1917г. Гэта быў час польскай акупацыі на Беларусі, і М. Чарот быў у шэрагах барацьбітоў за нацыянальнае вызваленне, што ў далейшым знойдзе водгук шмат у якіх яго паэтычных творах.
Друкавацца пачаў у 1918г. У 1919г. член Белнацкама і створанай пры ім Вайсковай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920г. утварылася з членаў "Маладой Беларусі". У 1920г. уступіў у ВКП(б). З 1920г. супрацоўнік, у 1925-1929гг. рэдактар газеты «Савецкая Беларусь». У 1923г. удзельнічаў у стварэнні літаб'яднання «Маладняк», з якога выйшаў у канцы 1927г.. Некаторы час быў членам літаб'яднання "Полымя", потым уступіў у БелАПП. У 1922-1924гг. кандыдат у члены, у 1924-1931гг. член ЦВК БССР. У 1924г. вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі. У 1930-я, да арышту, працаваў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР. Член СП СССР (з 1934г.).
Ягоная чарга сесьці ў “варанок” надышла ў студзені 1937-га. Арыштаваны 24.1.1937 у Мінску па адрасе: вул. Ленінская, д. 35, кв. 1, адначасова выключаны з ВКП(б). Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937г. як «агент польскай разведкі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці.
Разам з яшчэ 21 калегам Міхася Чарота вывелі на расстрэл у ноч з 28 на 29 кастрычніка таго самага чорнага году. Апошні свой твор “Прысяга”, дзе кляўся ў невінаватасці, ён напісаў на сцяне сумна і страшна вядомай “амэрыканкі”, мінскай унутранай турмы НКВД, дзе яго ўбачыў і захаваў у памяці М. Хведаровіч.
З успамінаў Міколы Хведаровіча: «У 1939 годзе я быў пераведзены ў адзіночную камеру. Уважліва аглядзеў сцены, шукаючы надпісаў, і вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкалупаны нечым вострым на сцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маім любімым паэтам і другам Міхасём Чаротам. Гадамі я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы:
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!»
Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8.12.1956г. Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.
Аўтар збонікаў паэзіі «Завіруха» (1922), «Босыя на вогнішчы» (паэма, 1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы, 1926), «Беларусь лапцюжная» (паэма, 1927), «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія, 1927), «Паэмы» (1928), «Сонечны паход» (1929), «У сонечным паходзе» (вершы і паэмы), «Выбраныя вершы і паэмы» (1935), Збору твораў у 3 тамах (1933-1936), у 2 тамах (1958), «Выбраныя вершы і паэма» (1967), «Выбранае» (1982). Выдаў зборнік апавяданняў «Веснаход» (1924) і «Выбраныя апавяданні» (1926).
Апублікаваў п'есы «Мікітаў лапаць» (апублікавана і пастаўлена ў 1923), «Дажынкі» і аднаактоўку «Сон на балоце» (1924), дзіцячыя п'есы «Пастушкі. Данілка і Алеська» (Клімавічы, 1925). Напісаў музычную драму «На Купалле» (адноўлены тэкст апублікаваны ў 1982, пастаўлена ў 1921, кампазітар А. Туранкоў стварыў на тэкст п'есы оперу «Кветка шчасця»).
Па аповесці «Свінапас» стварыў з Ю.Тарычам сцэнарый першага мастацкага фільма «Лясная быль» (пастаўлены ў 1926).

Жывыя акорды
Спакойна спі, пясняр, далёка на чужыне...
Нашто пакінуў край, які быў сэрцу міл?
Ці, можа, ты хацеў, каб на палях краіны
Стаяла менш крыжоў і менш было магіл?
Кахаў ты родны край, дзе цемра, здзек пануе;
З народам плакаў ты, як лепшы яго сын...
Цяпер ты замаўчаў... А ўсё ж акорды чуе
Гаротны люд... Не змоўк іх дзіўны гімн.
Ў акордах чуюцца ўсё сумныя напевы;
Адбітак тваіх дум - у іх можна ўгадаць,
Шмат жальбы ў іх чуваць, і радасці, і гневу.
І звоны ланцугоў нявольніка чуваць.
Ты спевам разбудзіў народ свой напрадвесні,
Якому на алтар свой дыямент прынёс...
Яшчэ акорд не змоўк тваёй прыгожай песні,
Хоць струны абарваў жыцця паганы лёс.
Лье слёзы па табе народ, і гай, і поле
І вераць у прамень, які ты ўсім паслаў...
Акорды будуць жыць - твой дар, паэт, - на волі,
А з імі будзе жыць, хто плакаў і стагнаў...
1920
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение

Сообщений в этой теме


Тема закрытаНачать новую тему
2 чел. читают эту тему (гостей: 2, скрытых пользователей: 0)
Пользователей: 0

 



Текстовая версия Сейчас: 25.4.2024, 21:01