IPB

Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )

Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2011, Літаратурныя юбілеі
Admin
сообщение 18.7.2011, 15:23
Сообщение #1


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3627
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”У панямонскім небе Цётчынай зорцы не згаснуць”.
3 (15) ліпеня спаўняецца 135 год з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (ЦЁТКІ),
беларускай паэтэсы-рэвалюцыянеркі


(псеўданімы Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Тымчасовы і інш.)
Нарадзілася 3(15).07.1876 у в.Пешчына Лідскага павета (зараз Шчучынскі раён) ў сям'і багатага селяніна, які меў дзвесце дзесяцін зямлі. Хрышчана ў васілішкаўскім касцёле. У сям'і Пашкевічаў было дванаццаць (па іншых звестках, сямнаццаць) дзяцей.
Пасля смерці маці будучая паэтэса гадавалася ў Старым Двары, на дзедавай гаспадарцы. Выхоўвала дзяўчынку пераважна бабка Югася, якая ведала шмат казак і песень. 3 малых гадоў Алаіза цягнулася да кнігі, марыла хутчэй вырвацца з вёскі ў вялікае жыццё.
Алаіза Пашкевіч скончыла прыватную гімназію Прозаравай у Вільні, атрымала пасведчанне хатняй настаўніцы і настаўнічала ў вёсцы. У 1902 г. у Пецярбургу яна экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі і паступіла на курсы П. Лесгафта, дзе рыхтавалі выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі.
Пасля вяртання ў Вільню працавала фельчаркай у псіхіятрычнай лячэбніцы і пад уплывам Ф. Багушэвіча пачала пісаць вершы, - вольналюбівыя, прасякнутыя ідэяй змагання за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць. Рамантычна-сімвалічнай вобразнасцю, алегарычнасцю малюнкаў, пераўвасабленнямі паэзія Цёткі сугучная з масавай рэвалюцыйнай рускай паэзіяй пачатку XX ст.
У маі 1905 была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з'ездзе жанчын у Маскве. З-за удзелу ў рэвалюцыйных маніфестацыях была вымушана эмігрыраваць у канцы 1905г. у Галіцыю, якая тады была часткай Аўстра-Венгерскай імперыі. Жыла спачатку ў Львове, дзе была вольнай слухачкай філасофскага факультэта Львоўскага універсітэта.
У 1906 у Жоўкве каля Львова, у друкарні базыльянскага манастыра, былі надрукаваны два зборнікі яе вершаў — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская».
Некалькі разоў Цётка нелегальна прыязджала ў Вільню і Пецярбург. У Вільні у першым нумары першай беларускай легальнай газеты «Наша доля» было надрукавана яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». У Пецярбургу ў 1906г. у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла яе «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Жывучы на Украіне, Цётка прапагандавала сярод украінскай інтэлігенцыі беларускую літаратуру і культуру.
У 1908-09гг. жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага універсітэта, была членам рэвалюцыйнай арганізацыі універсітэцкай моладзі «Спуйня» («Лучнасць»), дзеля атрымання навуковай ступені выканала навуковую працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польская драматычнай літаратурай». Нейкі час жыла ў Закапана, выязджала ў Германію, Італію, Швецыю.
I душна, i цесна, i сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...
Як птушка на скрыдлах, ляцець бы хацела,
Як хваля па моры, плыла бы да ix!
Ўзьнялася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары бы ветрам сказала я гнаць
Далека, далека, дзе сьняцца мне чары,
Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць,
Дзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе,
Дзе кожна дарога i крыж мяне знае,
Дзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!
Там я нарадзілася й вырасла уволю,
Там першыя словы вучылась казаць.
Затое сягоньня ляцела б стралою
Там зь імі з усімі год Новы спаткаць!
Ой, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім не забыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!
На чужыне. 1909
Змена прозвішча пасля замужжа дала магчымасць вярнуцца на радзіму. Цётка з тэатрам I. Буйніцкага ездзіла і выступала ў розных кутках Беларусі, удзельнічала ў спектаклях «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшка.
У 1912 у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе Цётка арганізавала некалькі тайных беларускіх школ. У 1914 стала заснавальніцай і рэдактарам першага беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» (Мінск), выдала 6 яго нумароў. Для часопіса напісала шэраг апавяданняў, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў.
Падчас Першай сусветнай вайны Цётка працавала ў Вільні сястрой міласэрнасці ў тыфозным салдацкім бараку, пасля аказвала медыцынскую дапамогу землякам, якія гінулі ад эпідэміі тыфу. Аднак, ратуючы іншых, не ўсцераглася сама, захварэла на тыф і ў ноч на 5 лютага 1916 памерла.
У творчай спадчыне Цёткі не толькі паэзія, але і прозы, і публіцыстыка. Яе апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі», «Лішняя», «Зялёнка», «Міхаська», «Асеннія лісты» і інш. вызначаюцца псіхалагізмам, экспрэсіўнасцю.
Для «Першага чытання...» Цётка напісала шэраг апавяданняў для дзяцей — «Сварба», «3 прыску ды ў агонь», «Журавель і Чапля», «Сірата».
Яе артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Да дзяўчатак», «Да школьнай моладзі» ўспрымаюцца як духоўны запавет пісьменніцы беларусам, яе заклік да стараннай і сур'ёзнай вучобы дзеля будучых спраў, карысных для Бацькаўшчыны, яе клопат аб павышэнні культуры сяла, аб паляпшэнні штодзённага побыту народа.
Асобную старонку ў яе публіцыстыцы складаюць дарожныя нататкі, нарысы, напісаныя пад уражаннем падарожжаў у Італію, Фінляндыю, Швецыю, Германію.
Аўтар навукова-папулярных артыкулаў «Газа», «Пералётныя птушкі», «Наша народная песня» і інш.
Яе творы перакладзены на нямецкую, польскую, рускую, украінскую і інш. мовы.


МОЙ САД
Стаіць мой сад пад белым цветам:
Нарцыс — стыдлівых поўны крас,
Звісае бэз ў акно букетам,
Тульпанаў куст расцвіў зараз.

Цвіце ляўкой, ў пуках рабіна;
Вішнёва дрэва ў малацэ;
А там парэчка, там маліна,
А там мой граб малы расце.

Люблю мой сад, як расцвітае,
Як салавей свой трэль вядзе,
Як цвет галінку прыгібае,
Як пчолка мёд адтуль нясе.

Люблю мой сад ў маёвым ранку,
Як тоне ён ў расістай мгле,
Як ліпа шэпчацца пры ганку
I як зязюлька «ку-ку» шле.

Люблю мой сад пад белым цветам,
Люблю, зялёным як стаіць;
Люблю, як грушы спеюць летам
I як работай ён кіпіць.

Люблю мой сад у позну восень,—
Як плод звісае да зямлі,
Як голкі сыплюцца ад сосен,
Як залацяцца сліў лісткі.

Люблю мой сад у крэпку зіму,—
Як у крышталах ўвесь дрыжыць,
Як дзяцел, сеўшы на галіну,
Зімову песню загудзіць.
1905—1906



Помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы) у Шчучыне
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
 
Начать новую тему
Ответов
Admin
сообщение 9.11.2011, 9:14
Сообщение #2


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3627
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Пісьменнік – наватар”
20 лістапада спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Міхася Зарэцкага, пісьменніка, дараматурга, перакладчыка, крытыка.
Сапраўднае прозвішча Касянкоў Міхаіл.



“Нарадзіўся я 20 лістапада 1901 года ў с. Высокі Гарадзец, Сенненскага павета, Магілёўскай губерні. Мой бацька — вясковы дзяк, родам з Чавускага павета той жа губерні. Яго жыццё ўяўляе, на мой погляд, даволі цікавую і яркую (для таго часу, праўда, звычайную) карціну. Магчыма, што мой літаратурны шлях у значнай меры вызначан тым уплывам, які з дзяцінства аказаў на мяне бацька — чалавек з глыбока крытычным стаўленнем да жыцця, з вялікім запасам уражанняў і перажыванняў, з характарам, які дзіўна спалучыў у сабе шчырую цягу да людзей і разам з тым — панурасць, хваравітую падазронасць у адносінах да іх.
У дзесяць год я паступіў у Аршанскае духоўнае вучылішча. «Бурса», у якой я вучыўся шэсць гадоў (чатыры — у духоўным вучылішчы і два — у семінарыі), нягледзячы на свой суровы клерыкальны рэжым, а можа і дзякуючы яму, дала мне многа добрых і карысных урокаў. Яна прывучыла мяне да самастойнага крытычнага мыслення (вучоба і афіцыйна сухі ўплыў большасці педагогаў не маглі кіраваць напрамкам маіх дзіцячых «шуканняў»), яна развіла ў мяне інстынкт таварыскасці, імкненне да грамадскасці (агульнажыццё «бурсакоў» да апошняга часу вызначалася сваёй традыцыйнай згуртаванасцю).
Калі пачалася рэвалюцыя, я кінуў семінарыю і паспрабаваў знайсці сабе самастойны занятак. Мне ўдалося ўладкавацца на пасаду перапісчыка ў адну паўвайсковую часць, разам з якой я выехаў у Арлоўскую губерню і пражыў там каля паўгода, пасля чаго мяне скарацілі са службы і я вярнуўся да родных пенатаў. Наступнае маё выступленне на сцэне самастойнага жыцця было ў ролі царкоўнага вартаўніка. Трэба сказаць, што гэта роля мне не вельмі спадабалася, таму што выклікала даволі пагардлівыя, хоць і сяброўскія, адносіны да мяне з боку вакольнага насельніцтва. Царкоўны вартаўнік, як і пастух, самыя неганаровыя асобы ў вёсцы. Аднак выбіраць мне не выпадала, бо не было нічога лепшага, а трэба было жыць. Сям'я мая ў гэты час была ў вельмі благім матэрыяльным становішчы. Абавязкі свае я спаўняў акуратна і заваяваў, мне здаецца, прыхільнасць усіх багамолак прыходу тым, што добра ўдасканаліў сваё майстэрства званіць.
Гзты час не прайшоў для мяне марна, у сэнсе майго развіцця. Доўгія зімнія вечары і ночы, седзячы ў старожцы — мізэрнай чорнай кануры,— я чытаў пры святле лампадкі (газы тады не было) усялякія кнігі, якія толькі ўдавалася знайсці, пачынаючы ад цяжкай мудрагелістасці Шарля Жыда і канчаючы невядома адкуль трапіўшымі абрыўкамі твораў Пшыбышэўскага.
У лютым 1919 года я атрымаў пасаду настаўніка ў адной з вёсак Магілёўшчыны. З гэтага часу пачаўся ў маім жыцці перыяд свядомай грамадскай работы, перыяд паступовага ўрастання ў глыбіню новай савецкай грамадскасці. Праз некаторы час мяне сталі выбіраць на розныя нязначныя савецкія і прафесійныя пасады. Я быў старшынёй валаснога аб'яднання настаўнікаў, загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы і г. д. У 1920 годзе працаваў некаторы час у Магілёве ў якасці пастаяннага члена праўлення работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры (я быў прадстаўніком настаўніцтва павета, абаронцам яго інтарэсаў ад замашак «горада»). У гэтым жа годзе ўдзельнічаў у 2-м Усерасійскім з'ездзе работнікаў асветы, і мяне выбралі там кандыдатам у члены ЦК Саюза, пасля чаго мабілізавалі, і я пачаў новы перыяд свайго жыцця — службу ў Чырвонай Арміі, якая прадаўжалася на працягу шасці год.
Служба ў Чырвонай Арміі адыграла, мне здаецца, рашаючую ролю ў канчатковым фармаванні маёй псіхалогіі. Бясконцыя блуканнi з месца на месца, безліч назіранняў і ўражанняў, блізкае знаёмства з дзесяткамі і сотнямі самых разнастайных чалавечых тыпаў — усё гэта ўзбагаціла мяне невычэрпным запасам матэрыялу, які я выкарыстаў пасля ў цэлым шэрагу сваiх апавяданняў. З другога боку, тая надзвычайная выразнасць сацыяльна-класавых імкненняў, якая ва ўмовах жыцця Чырвонай Арміі даходзіла да рэальна адчувальнай прастаты і канкрэтнасці, садзейнічала канчатковаму засваенню мною ідэй камуністычнай рэвалюцыі і, урэшце, зрабіла мяне камуністам.
Першае апавяданне сваё я напісаў зімой у канцы 1921 года. Мы стаялі ў той час за Полацкам у нейкай беднай глухой вёсачцы. Гэта выйшла даволі нечакана і дзіўна. Праўда, я, будучы ў школе, умеў пісаць добрыя класныя «сачыненні», але думкі стаць пісьменнікам у мяне ніколі не было. Справа пачалася з таго, што я аднойчы ўбачыў вельмі яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала мяне на працягу цэлага месяца. Мне захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і я стаў пісаць. Пісаў я доўга і вельмі старанна, абдумваючы кожную фразу, кожнае слова, закрэсліваючы, перакрэсліваючы і г. д. Працэс пісання мяне дужа хваляваў і ў той жа час падтрымліваў свежасць уражання, якое штурхнула мяне на гэту працу.
Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданне я паслаў у рэдакцыю «Савецкая Беларусь», аднак без усякай сур'ёзнай надзеі на яго надрукаванне. Я вельмі здзівіўся, калі праз некалькі меся цаў выпадкова прыехаў у Мінск і мне ў рэдакцыі прапанавалі атрымаць ганарар за гэтае апавяданне. З той пары я сур'ёзна ўзяўся за гэту справу і пачаў пасылаць адно за другім свае апавяданні ў рэдакцыю названай газеты. Яны друкаваліся ўсе без выключэння. Трэба прызнацца, што ў хуткім часе да чыстых творчых імкненняў прымяшалася і матэрыяльная зацікаўленасць. Тыя капейкі, якія я атрымліваў з рэдакцыі, былі мне амаль неабходны, бо к гэтаму часу я ажаніўся і жыў з жонкай на адным чырвонаармейскім пайку.
З самага пачатку, як я стаў пісаць наогул, я пісаў па-беларуску. Захапленне літаратурнай творчасцю было ў мяне часткай рамантычнага захаплення «беларускасцю», якое заўладала мною, захаплення ідэяй адраджэння нацыянальнай беларускай культуры. Пазней я спрабаваў пісаць і па-руску спецыяльныя, па заказу, «кааператыўныя» апавяданні для віцебскага часопіса «Вестник кооперации», але пісаў іх, прызнаюся, з выключнай мэтаю зарабіць, таму што плаціў гэты часопісік нечувана дорага ў параўнанні з беларускай газетай — дзве капейкі золатам за радок (гэта ў пачатку 1923 года)”.
Адначасова Міхась Зарэцкі вучыўся ў БДУ. З'яўляўся актыўным удзельнікам літаратурна-грамадскага руху. 3 1924г.- член літаратурна-мастацкага аб'яднання «Маладняк». Член КПСС з 1925г. У 1926—27г. рэдагаваў часопіс «Маладняк». 3 1927г. - член літаратурна-мастацкага аб'яднання «Полымя».
У жніўні - кастрычніку 1927г. разам з Ц. Гартным і М. Чаротам наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. Сябраваў з Я. Коласам, Я. Купалам. У 1929г. выключаны з партыі “за праяўленне нацыянал-дэмакратызму”
У 1934г. прымаў удзел у працы Першага Усебеларускага з'езда пісьменнікаў, актыўна выступаў на пленумах, сходах пісьменнікаў. Член СП Беларусі з 1934г. На рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным 15-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі, раман М. Зарэцкага «Вязьмо» быў адзначаны прэміяй як адзін з лепшых твораў на тэму калектывізацыі. Да лістапада 1936г. працаваў у АН БССР.
03.10.1936г. арыштаваны. Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 у 18.30 (пасяджэнне працягвалася 15 хвілін) як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29.10.1937 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1922г. у газеце «Савецкая Беларусь». У 1925г. выйшлі з друку два зборнікі апавяданняў «У віры жыцця» і «Пела вясна». Услед за імі - «Пад сонцам» (1926), «42 дакументы» і «Двое Жвіроўскіх» (1926), «На чыгунцы» (1928), «Ракавыя жаронцы» (1930, уключаны і п'есы «Віхор на балоце» і «Белыя ружы», апавяданне «Бацькаў сын» (1932), аповесць «Голы звер» (1926), раманы «Сцежкі-дарожкі» (1928), «Вязьмо» (1932), кніжкі нарысаў «Падарожжа на новую зямлю» (1929), «Лісты ад знаёмага» (1931). Аўтар п'ес «Сымон Карызна» (1935), «Ная» (1936) і інш., а таксама кінасцэнарыя «Пачатак шчасця». Многія рукапісы Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».
У 1975 г. выдадзены зборнік выбраных апавяданняў «Пачатак шчасця», у 1989-1991гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах. Выступаў і як крытык.
Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Ф.Гладкова (1930), «Прыгода ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака (ч. 1, 1931).
Міхась Зарэцкі адносіцца да ліку той вялікай плеяды беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць доўгія гады знаходзілася пад забаронай або папросту замоўчвалася. І хоць асобныя творы друкаваліся і ў савецкі час, большасць з таго, што складае стрыжань творчай манеры пісьменніка, не было вядома шырокаму колу чытачоў. А між тым пяру Зарэцкага належаць такія выдатныя аповесці і раманы, як "Голы звер", "Вязьмо", "Сцежкі-дарожкі", незакончаны раман "Крывічы". Росквіт таленту празаіка прыйшоўся на часы так званай беларусізацыі і пачатку сталінскага тэрору.

• Два дакументы з асабовай справы Міхася Зарэцкага:
• Секретно
• Справка
• Приговор о расстреле Косенкова-Зарецкого Михаила Ефимовича приведен в исполнение в Минске 29/X–1937. Акт о приведении приговора в исполнение хранится в Особом архиве в спецотделе НКВД СССР, т. 8, лист 155.
Нач. отд. спец. отд. НКВД СССР лейтенант госбезопасности Шевелев.

• 22 октября 1956. Секретно.
• Начальнику Главного управления милиции МВД СССР,
• Начальнику 1 спецотдела МВД СССР,
• Главному военному прокурору.
• «Зарецкий Михаил Ефимович, 1901 г. рождения, был осужден Военной Коллегией Верховного Суда СССР 28 октября 1937 г. и, отбывая наказание, умер 13 июня 1941 г.»
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение

Сообщений в этой теме


Тема закрытаНачать новую тему
2 чел. читают эту тему (гостей: 2, скрытых пользователей: 0)
Пользователей: 0

 



Текстовая версия Сейчас: 20.4.2024, 2:15