IPB

Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )

Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2011, Літаратурныя юбілеі
Admin
сообщение 18.7.2011, 15:23
Сообщение #1


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3627
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”У панямонскім небе Цётчынай зорцы не згаснуць”.
3 (15) ліпеня спаўняецца 135 год з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (ЦЁТКІ),
беларускай паэтэсы-рэвалюцыянеркі


(псеўданімы Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Тымчасовы і інш.)
Нарадзілася 3(15).07.1876 у в.Пешчына Лідскага павета (зараз Шчучынскі раён) ў сям'і багатага селяніна, які меў дзвесце дзесяцін зямлі. Хрышчана ў васілішкаўскім касцёле. У сям'і Пашкевічаў было дванаццаць (па іншых звестках, сямнаццаць) дзяцей.
Пасля смерці маці будучая паэтэса гадавалася ў Старым Двары, на дзедавай гаспадарцы. Выхоўвала дзяўчынку пераважна бабка Югася, якая ведала шмат казак і песень. 3 малых гадоў Алаіза цягнулася да кнігі, марыла хутчэй вырвацца з вёскі ў вялікае жыццё.
Алаіза Пашкевіч скончыла прыватную гімназію Прозаравай у Вільні, атрымала пасведчанне хатняй настаўніцы і настаўнічала ў вёсцы. У 1902 г. у Пецярбургу яна экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі і паступіла на курсы П. Лесгафта, дзе рыхтавалі выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі.
Пасля вяртання ў Вільню працавала фельчаркай у псіхіятрычнай лячэбніцы і пад уплывам Ф. Багушэвіча пачала пісаць вершы, - вольналюбівыя, прасякнутыя ідэяй змагання за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць. Рамантычна-сімвалічнай вобразнасцю, алегарычнасцю малюнкаў, пераўвасабленнямі паэзія Цёткі сугучная з масавай рэвалюцыйнай рускай паэзіяй пачатку XX ст.
У маі 1905 была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з'ездзе жанчын у Маскве. З-за удзелу ў рэвалюцыйных маніфестацыях была вымушана эмігрыраваць у канцы 1905г. у Галіцыю, якая тады была часткай Аўстра-Венгерскай імперыі. Жыла спачатку ў Львове, дзе была вольнай слухачкай філасофскага факультэта Львоўскага універсітэта.
У 1906 у Жоўкве каля Львова, у друкарні базыльянскага манастыра, былі надрукаваны два зборнікі яе вершаў — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская».
Некалькі разоў Цётка нелегальна прыязджала ў Вільню і Пецярбург. У Вільні у першым нумары першай беларускай легальнай газеты «Наша доля» было надрукавана яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». У Пецярбургу ў 1906г. у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла яе «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Жывучы на Украіне, Цётка прапагандавала сярод украінскай інтэлігенцыі беларускую літаратуру і культуру.
У 1908-09гг. жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага універсітэта, была членам рэвалюцыйнай арганізацыі універсітэцкай моладзі «Спуйня» («Лучнасць»), дзеля атрымання навуковай ступені выканала навуковую працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польская драматычнай літаратурай». Нейкі час жыла ў Закапана, выязджала ў Германію, Італію, Швецыю.
I душна, i цесна, i сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...
Як птушка на скрыдлах, ляцець бы хацела,
Як хваля па моры, плыла бы да ix!
Ўзьнялася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары бы ветрам сказала я гнаць
Далека, далека, дзе сьняцца мне чары,
Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць,
Дзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе,
Дзе кожна дарога i крыж мяне знае,
Дзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!
Там я нарадзілася й вырасла уволю,
Там першыя словы вучылась казаць.
Затое сягоньня ляцела б стралою
Там зь імі з усімі год Новы спаткаць!
Ой, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім не забыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!
На чужыне. 1909
Змена прозвішча пасля замужжа дала магчымасць вярнуцца на радзіму. Цётка з тэатрам I. Буйніцкага ездзіла і выступала ў розных кутках Беларусі, удзельнічала ў спектаклях «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшка.
У 1912 у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе Цётка арганізавала некалькі тайных беларускіх школ. У 1914 стала заснавальніцай і рэдактарам першага беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» (Мінск), выдала 6 яго нумароў. Для часопіса напісала шэраг апавяданняў, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў.
Падчас Першай сусветнай вайны Цётка працавала ў Вільні сястрой міласэрнасці ў тыфозным салдацкім бараку, пасля аказвала медыцынскую дапамогу землякам, якія гінулі ад эпідэміі тыфу. Аднак, ратуючы іншых, не ўсцераглася сама, захварэла на тыф і ў ноч на 5 лютага 1916 памерла.
У творчай спадчыне Цёткі не толькі паэзія, але і прозы, і публіцыстыка. Яе апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі», «Лішняя», «Зялёнка», «Міхаська», «Асеннія лісты» і інш. вызначаюцца псіхалагізмам, экспрэсіўнасцю.
Для «Першага чытання...» Цётка напісала шэраг апавяданняў для дзяцей — «Сварба», «3 прыску ды ў агонь», «Журавель і Чапля», «Сірата».
Яе артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Да дзяўчатак», «Да школьнай моладзі» ўспрымаюцца як духоўны запавет пісьменніцы беларусам, яе заклік да стараннай і сур'ёзнай вучобы дзеля будучых спраў, карысных для Бацькаўшчыны, яе клопат аб павышэнні культуры сяла, аб паляпшэнні штодзённага побыту народа.
Асобную старонку ў яе публіцыстыцы складаюць дарожныя нататкі, нарысы, напісаныя пад уражаннем падарожжаў у Італію, Фінляндыю, Швецыю, Германію.
Аўтар навукова-папулярных артыкулаў «Газа», «Пералётныя птушкі», «Наша народная песня» і інш.
Яе творы перакладзены на нямецкую, польскую, рускую, украінскую і інш. мовы.


МОЙ САД
Стаіць мой сад пад белым цветам:
Нарцыс — стыдлівых поўны крас,
Звісае бэз ў акно букетам,
Тульпанаў куст расцвіў зараз.

Цвіце ляўкой, ў пуках рабіна;
Вішнёва дрэва ў малацэ;
А там парэчка, там маліна,
А там мой граб малы расце.

Люблю мой сад, як расцвітае,
Як салавей свой трэль вядзе,
Як цвет галінку прыгібае,
Як пчолка мёд адтуль нясе.

Люблю мой сад ў маёвым ранку,
Як тоне ён ў расістай мгле,
Як ліпа шэпчацца пры ганку
I як зязюлька «ку-ку» шле.

Люблю мой сад пад белым цветам,
Люблю, зялёным як стаіць;
Люблю, як грушы спеюць летам
I як работай ён кіпіць.

Люблю мой сад у позну восень,—
Як плод звісае да зямлі,
Як голкі сыплюцца ад сосен,
Як залацяцца сліў лісткі.

Люблю мой сад у крэпку зіму,—
Як у крышталах ўвесь дрыжыць,
Як дзяцел, сеўшы на галіну,
Зімову песню загудзіць.
1905—1906



Помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы) у Шчучыне
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
 
Начать новую тему
Ответов
Admin
сообщение 10.11.2011, 16:18
Сообщение #2


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3627
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”Шчыры, як на духу”


18 лістапада спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Анатоля Вярцінскага, беларускага паэта, драматурга, публіцыста, крытыка, перакладчыка.


Спачуваю чалавеку,
калі ў яго праразаюцца зубы.
У мяне самога праразаліся зубы,
і хоць я гэта не помню,
але ведаю: балюча было тады.
Спачуваю чалавеку,
калі ён б'ецца над пытаннямі,
калі да яго прыходзяць сумненні,
калі яго спасцігаюць расчараванні.
Я зведаў на ўласным вопыце
і тое, і другое, і трэцяе.
Спачуваю чалавеку,
калі яму крыўдна,
калі гняце яго несправядлівасць.
Несправядлівасць! Я знаю, што гэта такое.
Самая большая рана на маім сэрцы —
гэта тая, якую пакінула несправядлівасць.
Спачуваю чалавеку,
калі ў яго памірае маці,
калі ў яго гора.
У мяне самога памірала маці,
я сам глядзеў у чорную бездань гора.
Спачуваю чалавеку,
калі ён баіцца смерці,
калі ён паміраць не хоча.
Я ж сам смяротны і ведаю:
не так гэта лёгка памерці,
калі над табой такое сіняе-сіняе неба,
калі вакол такая зялёная-зялёная трава.
Спачуваю чалавеку,
і гэта, відаць, натуральна.
Бо хто ж яму паспачувае,
калі не я — такі ж, як ён, чалавек!

На думку самога паэта, асноўнае прызначэнне мастацтва, і ў тым ліку паэзіі, заключаецца ў тым, каб спачуваць, спагадаць чалавеку, быць яго духоўнай апорай.
Анатоль Вярцінскі – паэт на ўсе густы і ўсе настроі. Ён для ўсіх чытачоў разам і для кожнага з нас паасобку. Ён – майстар вельмі далікатнай у лірычнай паэзіі тэмы – жанчына і мужчына.
Твая воля — як воля лёсу.
Ты сустрэла мяне вясной,
павяла мяне за сабой,
павяла,
узвяла да нябёсаў.
Была лёгкасць такая ў кроках,
мае рухі такімі былі,
што не знаў я: іду па аблоках
ці імкліва лячу па зямлі.
Мне шчаслівая зорка міргала,
хітравата падміргвала мне...
А затым ты мяне звяргала,
павяла на зямлю па вясне.
Пазбаўляла крылаў шырокіх:
«Хопіць, мілы, лунаць у аблоках,
пахадзі па зямных шляхах,
пахадзі на ўласных нагах».
I пайшоў я з надзеяй і страхам
тым зямным, тым цярністым шляхам,
мне нялёгка ісці было,
я ў адчаі хмурыў чало.
Сустракаліся лужыны, смецце,
былі ўхабіны і карчы.
Мне хацелася уцячы,
мне хацелася часам смерці.
Ды хацеў я, відаць, замнога.
Ты казала мне строга: «Жыві!
Была воля тваёй любві —
нібы воля лёсу зямнога.
I я не мог пярэчыць...

А вось верш пра каханне і пра жыццё - на ўсе часы:
Мужчына. Жанчына. Чаканне.
Шуканне. Блуканне. Час.
Жанчына. Мужчына. Спатканне.
Вітанне. Пытанне. Адказ.
Мужчына. Жанчына. Дыханне.
Сэрцабіццё. Забыццё.
Жанчына. Мужчына. Каханне.
Мужчына. Жанчына. Жыццё.

Нарадзіўся Анатоль Вярцінскі 18 лістапада 1931г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, у сялянскай сям'і. Рана прыахвоціўся да чытання і перачытаў усе выданні, якія меліся ў вёсцы ў пасляваеннай хаце-чытальні.У вёсцы Камень на Лепельшчыне скончыў сярэднюю школу, а ў 1956г. - аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў у рэдакцыях раённых газет. У 1962 пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь».
Член СП СССР з 1964г. У 1967 - 1982гг. - літкансультант, адказны сакратар праўлення СП БССР. У складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у 1977г. у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1986 – 1990гг. - галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Член Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989г. У 1990 – 1995гг. - дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, член Канстытуцыйнай камісіі ВС БССР.
Дэбютаваў з вершамі ў 1950-я (студэнцкая газета «Беларускі універсітэт», газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг вершаў і паэм «Песня пра хлеб» (1962), «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «Выбранае» (1973), «З'яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979), «Святло зямное» (1981). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980).
Аўтар зборніка літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Высокае неба ідэала» (1980) і кнігі публіцыстычных нататак «Нью-Йоркская сірэна» (1987).
Напісаў п'есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй» (1978, пастаўлена ў 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (1977, пастаўлена ў 1975), «Гефест — друг Праметэя» (1983, пастаўлена ў 1984). У 1983 г. выйшаў зборнік п'ес пад назвай «Дзякуй, вялікі дзякуй».
Пераклаў на беларускую мову п'есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М. Себасцьяна «Безыменная зорка», В. Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам», якія пастаўлены ў тэатрах рэспублікі, а таксама асобныя вершы з класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай, кубінскай паэзіі.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за кнігу «Нью-Йоркская сірэна».
Кружыцца ў скверы кляновае лісце.
Як быццам шукае яно сабе выйсце,
як быццам не можа ніяк змірыцца,
што будзе мець справу яно з зямліцай, -
на сонцы не будзе больш красавацца,
на ветры не будзе больш хвалявацца.
Кружыцца першае лісце кляновае.
Стаіць у скверы ціш вераснёвая.
А ўверсе - воблачка, над скверам сінь...
Вітаю цябе, мой слаўны верасень!
Ты той жа ясны, ледзь-ледзь засмужаны,
ты той жа вясёлы, ледзь-ледзь засмучаны.
Цябе з тваёй кожнаю прыкметаю
я добра помню, добра ведаю.
Дзяцінства ніхто не забудзе ніколі.
А ты быў мне лепшым сябрам па школе.
Хіба не ты, прыветны і сонечны,
ранкам якраз такім, як сённяшні,
для нас адчыняў усе дзверы школьныя,
будзіў званкамі ціш навакольную.
І нечым яшчэ ты запомніўся, верасень.
Ці то цішынёй на азёрным беразе,
ці спелай антонаўкай ды аскомінай,
ці, можа, водарам хлебным з коміна?
Такую прыкмету не забудзеш,
як школьны званок, яе помніць будзеш.
Ціш вераснёвая як нельга лепей
напомніць аб тым, аб бацькоўскім, хлебе.
Напомніць лісце вось гэта кляновае,
Што кружыць, шукае месца новае.
Яно не можа не напомніць,
сэрца ўспамінам не напоўніць. /урывак з паэмы ”Песня пра хлеб”/
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение

Сообщений в этой теме


Тема закрытаНачать новую тему
2 чел. читают эту тему (гостей: 2, скрытых пользователей: 0)
Пользователей: 0

 



Текстовая версия Сейчас: 25.4.2024, 11:51