IPB

Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )

Акцыя "Чытаем беларускую кнігу" 2011, Літаратурныя юбілеі
Admin
сообщение 18.7.2011, 15:23
Сообщение #1


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3624
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



”У панямонскім небе Цётчынай зорцы не згаснуць”.
3 (15) ліпеня спаўняецца 135 год з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (ЦЁТКІ),
беларускай паэтэсы-рэвалюцыянеркі


(псеўданімы Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Тымчасовы і інш.)
Нарадзілася 3(15).07.1876 у в.Пешчына Лідскага павета (зараз Шчучынскі раён) ў сям'і багатага селяніна, які меў дзвесце дзесяцін зямлі. Хрышчана ў васілішкаўскім касцёле. У сям'і Пашкевічаў было дванаццаць (па іншых звестках, сямнаццаць) дзяцей.
Пасля смерці маці будучая паэтэса гадавалася ў Старым Двары, на дзедавай гаспадарцы. Выхоўвала дзяўчынку пераважна бабка Югася, якая ведала шмат казак і песень. 3 малых гадоў Алаіза цягнулася да кнігі, марыла хутчэй вырвацца з вёскі ў вялікае жыццё.
Алаіза Пашкевіч скончыла прыватную гімназію Прозаравай у Вільні, атрымала пасведчанне хатняй настаўніцы і настаўнічала ў вёсцы. У 1902 г. у Пецярбургу яна экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі і паступіла на курсы П. Лесгафта, дзе рыхтавалі выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі.
Пасля вяртання ў Вільню працавала фельчаркай у псіхіятрычнай лячэбніцы і пад уплывам Ф. Багушэвіча пачала пісаць вершы, - вольналюбівыя, прасякнутыя ідэяй змагання за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць. Рамантычна-сімвалічнай вобразнасцю, алегарычнасцю малюнкаў, пераўвасабленнямі паэзія Цёткі сугучная з масавай рэвалюцыйнай рускай паэзіяй пачатку XX ст.
У маі 1905 была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з'ездзе жанчын у Маскве. З-за удзелу ў рэвалюцыйных маніфестацыях была вымушана эмігрыраваць у канцы 1905г. у Галіцыю, якая тады была часткай Аўстра-Венгерскай імперыі. Жыла спачатку ў Львове, дзе была вольнай слухачкай філасофскага факультэта Львоўскага універсітэта.
У 1906 у Жоўкве каля Львова, у друкарні базыльянскага манастыра, былі надрукаваны два зборнікі яе вершаў — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская».
Некалькі разоў Цётка нелегальна прыязджала ў Вільню і Пецярбург. У Вільні у першым нумары першай беларускай легальнай газеты «Наша доля» было надрукавана яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». У Пецярбургу ў 1906г. у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла яе «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Жывучы на Украіне, Цётка прапагандавала сярод украінскай інтэлігенцыі беларускую літаратуру і культуру.
У 1908-09гг. жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага універсітэта, была членам рэвалюцыйнай арганізацыі універсітэцкай моладзі «Спуйня» («Лучнасць»), дзеля атрымання навуковай ступені выканала навуковую працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польская драматычнай літаратурай». Нейкі час жыла ў Закапана, выязджала ў Германію, Італію, Швецыю.
I душна, i цесна, i сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...
Як птушка на скрыдлах, ляцець бы хацела,
Як хваля па моры, плыла бы да ix!
Ўзьнялася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары бы ветрам сказала я гнаць
Далека, далека, дзе сьняцца мне чары,
Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць,
Дзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе,
Дзе кожна дарога i крыж мяне знае,
Дзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!
Там я нарадзілася й вырасла уволю,
Там першыя словы вучылась казаць.
Затое сягоньня ляцела б стралою
Там зь імі з усімі год Новы спаткаць!
Ой, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім не забыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!
На чужыне. 1909
Змена прозвішча пасля замужжа дала магчымасць вярнуцца на радзіму. Цётка з тэатрам I. Буйніцкага ездзіла і выступала ў розных кутках Беларусі, удзельнічала ў спектаклях «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшка.
У 1912 у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе Цётка арганізавала некалькі тайных беларускіх школ. У 1914 стала заснавальніцай і рэдактарам першага беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» (Мінск), выдала 6 яго нумароў. Для часопіса напісала шэраг апавяданняў, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў.
Падчас Першай сусветнай вайны Цётка працавала ў Вільні сястрой міласэрнасці ў тыфозным салдацкім бараку, пасля аказвала медыцынскую дапамогу землякам, якія гінулі ад эпідэміі тыфу. Аднак, ратуючы іншых, не ўсцераглася сама, захварэла на тыф і ў ноч на 5 лютага 1916 памерла.
У творчай спадчыне Цёткі не толькі паэзія, але і прозы, і публіцыстыка. Яе апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі», «Лішняя», «Зялёнка», «Міхаська», «Асеннія лісты» і інш. вызначаюцца псіхалагізмам, экспрэсіўнасцю.
Для «Першага чытання...» Цётка напісала шэраг апавяданняў для дзяцей — «Сварба», «3 прыску ды ў агонь», «Журавель і Чапля», «Сірата».
Яе артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Да дзяўчатак», «Да школьнай моладзі» ўспрымаюцца як духоўны запавет пісьменніцы беларусам, яе заклік да стараннай і сур'ёзнай вучобы дзеля будучых спраў, карысных для Бацькаўшчыны, яе клопат аб павышэнні культуры сяла, аб паляпшэнні штодзённага побыту народа.
Асобную старонку ў яе публіцыстыцы складаюць дарожныя нататкі, нарысы, напісаныя пад уражаннем падарожжаў у Італію, Фінляндыю, Швецыю, Германію.
Аўтар навукова-папулярных артыкулаў «Газа», «Пералётныя птушкі», «Наша народная песня» і інш.
Яе творы перакладзены на нямецкую, польскую, рускую, украінскую і інш. мовы.


МОЙ САД
Стаіць мой сад пад белым цветам:
Нарцыс — стыдлівых поўны крас,
Звісае бэз ў акно букетам,
Тульпанаў куст расцвіў зараз.

Цвіце ляўкой, ў пуках рабіна;
Вішнёва дрэва ў малацэ;
А там парэчка, там маліна,
А там мой граб малы расце.

Люблю мой сад, як расцвітае,
Як салавей свой трэль вядзе,
Як цвет галінку прыгібае,
Як пчолка мёд адтуль нясе.

Люблю мой сад ў маёвым ранку,
Як тоне ён ў расістай мгле,
Як ліпа шэпчацца пры ганку
I як зязюлька «ку-ку» шле.

Люблю мой сад пад белым цветам,
Люблю, зялёным як стаіць;
Люблю, як грушы спеюць летам
I як работай ён кіпіць.

Люблю мой сад у позну восень,—
Як плод звісае да зямлі,
Як голкі сыплюцца ад сосен,
Як залацяцца сліў лісткі.

Люблю мой сад у крэпку зіму,—
Як у крышталах ўвесь дрыжыць,
Як дзяцел, сеўшы на галіну,
Зімову песню загудзіць.
1905—1906



Помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы) у Шчучыне
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
 
Начать новую тему
Ответов
Admin
сообщение 2.12.2011, 7:56
Сообщение #2


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3624
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



"Нязгаснаю зоркай ты ў небе Радзімы навекі”

9 снежня спаўняецца 120 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча, беларускага паэта, перакладчыка, літаратурнага крытыка, даследчыка і тэарэтыка літаратуры.

Сцюжны час, бязмежна суровы.
Спіць народ, нібы зерне ў раллі.

Ты прыйшоў
I гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
«Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як і ў іншых, святыня.
He давайце святыні псам!
He давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь».
Ты устаў на лютую сечу,
Бітву вечную сонца і хмар,
Узваліўшы на юныя плечы
Святагораў народны цяжар.
I не вынеслі жылы напругі:
Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,
Сплыў крывёю, загінуў «за другі»,
За мяне, за вас і за ўсіх.
I застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях,
Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся - і плачам.
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.

Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Смела крочу цяпер у пяскі я
Перад светлай заветнай гарой,
Бо як ёсць у народа такія -
He загіне давеку народ. /У.Караткевіч/
Максім Багдановіч – сонца беларускай паэзіі, гонар і сумленне нацыі, паэт незвычайнага лёсу і такога ж незвычайнага таленту, чые вершы не толькі ўзор класікі у яе сапраўдным азначэнні, яны - сцвярджэнне гуманізму, грамадзянскасці, патрыятычнага служэння Бацькаўшчыне.
Максіма Бадановіча не назавеш абраннікам лёсу. Ён жыў адарвана ад Беларусі, ад запаветнай роднай зямлі, свайго народа і памёр на чужыне, пакутна, адзінока.
Здавён ужо быў адзінокі ён.
Сам па сабе, сам па сабе ён быў:
Ад бацькоўскага краю далёка,
Адзінокі яго любіў.
Незайздроснасць пяснярскага лёсу:
Быў адзін, а любіў усіх:
Пагарджаных, пакрыўджаных,
босых,
Згаладнелых, сляпых, глухіх.
Так пражыў на зямлі, як бязродна,
Сам не засцячы людзям нідзе:
Жыў самотны, памёр самотны,
І хавалі амаль без людзей.
Нехта бег напрасткі да порта,
Нехта ставіў радні манумент...
Хто такі малады памёр там?..
Так... Якісьці прыезджы студэнт...
Усяго чвэртку веку пражыў паэт. Усяго дзесяць гадоў працягвалася яго творчая дзейнасць. Але яго духоўная спадчына можа найлепш упрыгожыць не толькі беларускую але і сусветную літаратуру.
Кніга лірыкі “Вянок” - адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча - гэта гарманічны, цэласны свет чалавека і прыроды, чалавека і красы, адухоўленасці, чалавека і Сусвету. І сталася гэта на дваццаць першым годзе жыцця маладога паэта.

Сонца ціха скацілася з горкі;
Месяц белы заплаканы свеціць,
Аглядае бахматыя зоркі,
Цягне з возера срэбныя сеці.
У іх русалкі заблуталі косы, -
Рвуць і блутаюць срэбныя ніці;
Ноч плыве над зямлёй, сее росы,
Ноч шапоча русалкам: “Засніце”.

Па-над белым пухам вiшняў,
Быццам сiнi аганёк,
Б'ецца, ўецца шпаркi, лёгкi
Сінякрылы матылёк.
Навакол ўсё паветра
Ў струнах сонца залатых, —
Ён дрыжачымi крыламi
Звонiць ледзьве чутна iх
I лiецца хваляй песня —
Цiхi, ясны гiмн вясне.
Цi не сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Цi не вецер гэта звонкi
Ў тонкiх зёлках шапацiць?
Або мо сухi, высокi
Ля ракi чарот шумiць?
Не паняць таго нiколi,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкi,
Што ляцяць, дрыжаць, звiняць.
Песня рвецца i лiецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа толькi сам паэт.

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
“Здароў будзь, зямляча!”
Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
“Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане”.

Шмат у нашым жыцці ёсць дарог,
А вядуць яны ўсе да магілы.
І без ясных надзей, без трывог,
Загубіўшы апошнія сілы,
Мы сайдзёмся, спаткаемся там
І спытаем сябе: для чаго мы
Па далёкіх і розных пуцях
Адзінока йшлі ў край невядомы?
І чаму паспяшаліся так,
Напружаючы ўсе свае сілы,
Калі ціха паўзушчы чарвяк
Ўсё ж дагнаў нас ля самай магілы?

Жывеш не вечна, чалавек,
Перажыві ж у момант век!
Каб хвалявалася жыццё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуццё
Не раз, не два пайшло.
Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.
І ў напружэнні паўнаты
Свайго шырокага жыцця
Без болю, ціха зайдзеш ты
У краіну забыцця.


Лірыка Максіма Багдановіча ў значнай меры біяграфічная. Аня Какуева – сястра таварыша Максіма, гімназістка, удзельніца вясёлых студэнцкіх вечарынак, на ўсё жыццё паланіла сэрца паэта. Гэта была вельмі прыгожая дзяўчына. Высокая стройная паненка з тонкімі рысамі твару, цёмна-карымі вачыма і доўгімі цёмнымі валасамі. Добра ведала некалькі замежных моў, цудоўна іграла на піяніна. Гэтая мілая, вясёлая дзяўчына прыцягнула ўвагу васемнаццацігадовага Багдановіча, які марыў пра чыстыя і светлыя пачуцці.

Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
І трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.

Учора шчасце толькі глянула нясмела, -
І развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела,
Радасць душу мне шчаміла, быццам сум.
Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея,
Кнігу разгарнуў – а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я, -
Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?

Iзноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усё ў пылу. I стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў... Усё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
I толькі надпіс “Вераніка”,
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як манумент жывы, ўставай
I к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы спева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкi з сабой прывяла...
Помнiш, калi я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное i зорку шукаў.
Цiхiм каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...

Маці Максіма – Марыя Апанасаўна Мякота – была дачкой наглядчыка павятовай бальніцы ў г. Ігумене (Чэрвені). Пазбаўленая сама многіх радасцей у дзяцінстве, Марыя Апанасаўна аддавала усю сваю цеплыню і пяшчоту дзецям. Яны сталі сэнсам яе жыцця, яе гонарам і надзеяй. Педагог па адукацыі, яна імкнулася у выхаванні дзяцей абапірацца на найноўшыя дасягненні педагагічнай навукі. Прыдумваліся адпаведныя гульні, набываліся ці рабіліся ўсялякія “разумныя” цацкі, якія павінны былі развіваць інтэлект, памяць, абуджаць фантазію.
Але Марыі Апанасаўне было адпушчана вельмі мала жыцця. Пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці яна амаль адразу злягла, хутка развілася цяжкая хвароба – сухоты (туберкулёз). На дваццаць восьмым годзе жыцця яна назаўсёды пакінула зямны свет. Максіму было тады ўсяго пяць гадоў.
Бацька Максіма - Адам Ягоравіч - паходзіў з сям’і прыгонных сялян. Але з дзяцінства выявіў выдатныя здольнасці да навукі і паспяхова скончыў пачатковую школу і Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Адам Ягоравіч цікавіўся этнаграфіяй, збіраў і вывучаў беларускі фальклор.
Напачатку сям’я жыла ў Мінску, дзе 9 снежня 1891г. і нарадзіўся Максім. Праз шэсць месяцаў Багдановічы пераехалі ў Гродна, а пасля смерці маці – у Ніжні Ноўгарад. Гэтае расстанне з радзімаю назаўсёды павязалася ў Максіма з адчуваннем сіроцтва. Ранейшай ласкі і ўтульнасці ён ужо не зазнае ніколі.
Сям’я жыла беднавата. Максім ніколі не меў добрай вопраткі і не звяртаў на гэта ўвагі. У Яраслаўскую гімназію прыехаў у форме, пашытай з мультану (гімназісты насілі форму з сукна). А да ўсяго ўжо з дванаццаці год да Максіма прылепіцца спадчынная хвароба – сухоты.
На шчасце Максіма ў Ніжнім Ноўгарадзе знайшлі прытулак і сем’і бацькавых сясцёр. І Максім любіў прападаць у цёткі Магдалены, дзе шанавалі беларускія звычаі і абрады: спраўляліся дзяды, каляды, гуканне вясны, вялікдзень, сёмуха. Тут чуў ён беларускія песні, казкі, прыказкі і прымаўкі, крылатыя словы. Гэта была першая школа “беларусікі” будучага паэта.
Вучыцца Максім пачаў з шасці гадоў, пад наглядам бацькі. Пасля скончыў Ніжагародскую гімназію і, пад націскам бацькі, - Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі, хаця сам не хацеў быць ні суддзёй, ні адвакатам, ні пракурорам.
Паэтычны дар у Багдановіча прарэзаўся рана, у 10 – 11 гадоў. У “Нашай ніве” ужо ў 1907 годзе быў надрукаваны першы твор 16-гадовага Максіма а, пазней ён стаў яе пастаянным аўтарам. Ледзь не ў кожным нумары з’яўляліся яго вершы, затым і артыкулы, літаратурныя агляды, пераклады. І гэта натхняла маладога паэта, давала яму новыя сілы: ён рос на вачах, гэты Богам даны Багдановіч.
Усе, хто ведаў паэта, не праміналі кожны раз падкрэсліць, што гэта быў вельмі прыгожы юнак, высокі, з каштанавымі валасамі, што хваліста пераліваліся, з карымі вачыма, адухоўленым тварам. Хто б, калі і дзе не сустракаў яго, Максім амаль заўсёды хадзіў з кнігай у руках і пад пахай. За гэта бацька і сябры называлі яго Максімам-кніжнікам.
Яго моцна цягнула на радзіму, так хацелася пабачыць сваіх землякоў, пачуць з іх вуснаў жывую беларускую мову, якая была ў яго ў крыві, у свядомасці і падсвядомасці адначасова, пра якую ён сніў начамі, якая гучала непаўторнаю мелодыяй, анёльскай музыкай і ў вушах, і ў сэрцы.
І, нарэшце, у чэрвені 1911г. Максіму выдаліся два шчаслівыя летнія месяцы, якія ён пасля заканчэння гімназіі правёў у Беларусі, пераважна ў Ракуцёўшчыне.
Вялікаю падзеяй стала паездка ў Вільню па запрашэнні “Нашай нівы”. Падняўшыся ўверх па Вастрабрамскай вуліцы, Багдановіч спыніў свой позірк на старажытнай сімволіцы, што засталася на старых мурах. Пазней паэт створыць верш “Пагоня” - выразны водгалас падарожжа менавіта таго лета.
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, -
Успомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні, -
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць …
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі – гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
У віленскай калекцыі збіральніка нацыянальных каштоўнасцей Максім Багдановіч упершыню ўбачыў не толькі рэдкія манускрыпты далёкіх часоў, але і залатыя слуцкія паясы. Тут паэт пачуў і захапляючую гісторыю іх ткацтва. Свае ўражанні і неадольнае зачараванне мастацкай вартасцю адмысловых паясоў слуцкіх ткачых паэт спрасаваў ва ўпругія радкі верша пад назвай “Слуцкія ткачыхі”.
У самым канцы верасня 1916 года, скончыўшы юрыдычны ліцэй, Максім зноў едзе ў Беларусь. У Мінску ён стаў актыўным сябрам “Беларускае хаткі”, якая з’яўлялася народным клубам, цэнтрам дзейнасці беларускай думкі. Ён ужо вядомы паэт, аўтар зборніка “Вянок”, адчуваў сябе сваім сярод сваіх, бо рабіў тое, да чаго ляжала душа.
У канцы зімы 1917 года сябрам удалося сабраць грошы каб адправіць Максіма ў Крым на лячэнне. Не дачакаўшыся на радзіме ні гракоў, ні пралесак, ён, ужо ў трэці раз, ехаў у Крым.
Але за Гомелем з-за моцных снежных завей цягнік спыніўся на маленькай бязлюднай станцыі. Тры дні холаду і голаду. Пасля таксама нялёгкая дарога. У краіне ўзвірылася рэвалюцыя. Тлум на станцыях. Чатыры перасадкі моцна даліся ў знакі.
Знясілены дарогаю, ён чатыры дні бясплённа будзе шукаць у Ялце кватэру і зняможаны пошукамі натрапіць на пакой, які здавалі на другім паверсе, ззаду дома, дзе ніколі не было сонца. Харчаваўся ў сталоўцы, а то купляў прадукты і еў сухама.
У красавіку Максіму стала зусім дрэнна, блізілася трагічная развязка. Паэт пра гэта ведаў і яшчэ больш настойліва працаваў: думкі і пачуцці, якімі ён жыў, так і прасіліся на паперу.
Ужо пара дадому збірацца, -
Вечар позны, а час не стаіць.
Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ўхадзіць.
Там, на вулцы, ні сівер, ні бура,
Там адно толькі – мрок, самата.
Але як я маркотна, панура
Да свайго пацягнуся кута.
Думкі нудныя зноў закружацца.
Сэрца чулае зноў забаліць…
Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ўхадзіць.
Вось як апісвае апошнія хвіліны жыцця Максіма Багдановіча Артур Вольскі. “У маі, калі на кожным скрыжаванні прадаўшчыцы кветак рады былі за пяць капеек падаць букецік пахкіх ружаў, паэт зусім абнямог. І у сваім лісце раптам мужна рашыўся адкрыцца бацьку: “Добрыдзень, стары верабей. Маладому вераб’ю блага… Макроты ў мяне шмат, тэмпературы высокія, два разы ішла кроў…, з гэтага крывапацёку з ложка ўжо не ўстаю – аслаб канчаткова. Хутка пачнуцца спёкі, трэба будзе ад’язджаць з Ялты, а як у такім стане паедзеш? …” Ліст адняў столькі сілаў, што Максім так і не дапісаў яго. Бяссільна апусціўся на абрыдлы ложак. Адзінае, што ён змог, - пацягнуцца рукой да кніжкі…Ліст так і астанецца неадасланым. Бацька прачытае яго, калі ўжо ў Ялце сына пахаваюць”.
Ты быў, як месяц, адзінокі:
Самотна жыў, самотна ўмёр.
Хоць свет і людны, і шырокі,-
Ты быў, як месяц, адзінокі.
Красу, і светласць, і прастор
Шукаў – і, ад усіх далёкі,
Ты быў, як месяц адзінокі:
Самотна жыў, самотна ўмёр.
25 мая 1917 года ўночы “у краіне светлай… у белым доме ля сіняй бухты” ён назаўсёды развітаецца з жыццём, пражыўшы няпоўныя дваццаць шэсць гадоў.
“Раніцай мора нарэшце супакоілася. Гаспадыня, падняўшыся на другі паверх, глянула на кватаранта і адразу зразумела: усё. Ён быў у яе не першы. Але гэты нечым адрозніваўся ад тых, іншых. Яна сама не ўсведамляла – чым. Вось і зараз ён ляжаў такі заспакоены, без слядоў пакуты на твары. Крыху нават усмешлівы. А рука прыціскала да грудзей кніжку з кароткай назваю – “Вянок”.
Ці на пахаванне вянок? Ці на славу? Мы ўжо ведаем на славу. На славу сабе. На славу свайму народу.”
Далёка ад роднага краю,
Чый вобраз па кроплі збіраў,
У трызненні белага маю
Самотны паэт паміраў.
Ён ведаў, што болей не ўстане,
Апошнія злічаны дні.
Чаму ж аніхто не загляне
З вялікай і мілай радні?
Нячасная доля – памерці
У смутку-тузе аднаму.
Дзвярыма на першым паверсе
Хтось грукнуў, здалося яму.
Во – крочыць па ўсходках рыпучых,
Во – клямкаю бразгае ўжо.
І стала ад шчасця балюча:
Няўжо гэта праўда? Няўжо?
О божа! Сама Вераніка!
Яго Вераніка стаіць!
Галоўкаю русай панікла,
Журботна, тужліва глядзіць.
Букет васількоў і рамонкаў
Сціскае ля сэрца рукой...
Праклятая богам старонка
Зайшла да паэта ў пакой!
- Ну што ж ты стаіш, Вераніка?
Не бойся! Бліжэй падыдзі!
Я столькі гадоў цябе клікаў-
І ўсё заставаўся адзін.
Я зведаў хвіліну адчаю
У гэтай чужой старане.
Цяпер адзінота, я знаю,
Навечна пакіне мяне...
За вокнамі пеніўся буйна
Захмелены ялцінскі май.
За вокнамі ўсплёснула бухта:
- Не плач; Вераніка! Бывай!
Яшчэ ты паспееш самотна
Наплакацца ў горкай журбе,
Яшчэ ты адчуеш, як моцна
Яго не хапае табе. /Н.Гілевіч. Апошняе спатканне з Веранікай/
Суцешым сябе, як звычайна суцяшаюць у такіх выпадках у народзе. Як ва ўсіх праведнікаў, можа, быў і ў Максіма лёгкі канец. Ціха ахінула сваёю наміткаю непрытомнасць. І прыйшла маці, такая як у маленстве, і паклікала. Ён хацеў спачатку ад яе адхінуцца рукой: памяць яшчэ як бы ў статні раз падказала – нядобра, калі да сябе кліча нябожчык... Але маці паклікала зноў. Голас ласкавы, пяшчотны, якога ён не чуў, але на які ўсё як бы спадзяваўся праз усе астатнія гэтыя дваццаць гадоў без яе. І ён, шчаслівы ўжо ўпершыню бесклапотны, падаўся насустрач ёй...

Паэтычная зорка Багдановіча зіхаціць над усім светам, і ўсё ў новых і новых сэрцах, сэрцах чуйных да сапраўднай паэзіі, загараецца яе святло. І ў паэтычны вянок прысвечаных яму вершаў уплятаюцца ўсё новыя і новыя радкі.
Вось валошкі, рамонкі, уюнок.
Ціха крочу сцяжынкаю вузкай.
Для цябе я збіраю вянок
З сціплых кветак зямлі
беларускай.
Я зрываю і ружы, і мак,
І, напэўна, зрываю не першай
Для цябе, беларускі юнак,
За твае незабыўныя вершы.
Мне балюча і горка зусім,
Што зрабіць мне, каб кветкі
не звялі?
Мог бы жыць і тварыць ты
і далей.
Ды каму гэты кінеш папрок?
Не паможаш ні смуткам, ні
плачам.
Ты прымі гэты сціплы вянок
Ад сучасных мадон, ад
зямлячак
Я не ўсё, што хацела, сказала,
У нашых сэрцах жывеш ты, павер.
І кахання, што знаў гэтак мала,
У цябе вельмі многа цяпер.
І твае чарадзейныя словы
Даказалі даўно ўсяму свету,
Як пяшчотна гучыць наша мова
У сапраўдных вялікіх паэтаў.
Беларусы табой ганарацца,
Тут імя тваё дорага ўсім,
І так хораша нам называцца
Землякамі тваімі, Максім. / Т. Дарошка/
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение

Сообщений в этой теме


Тема закрытаНачать новую тему
2 чел. читают эту тему (гостей: 2, скрытых пользователей: 0)
Пользователей: 0

 



Текстовая версия Сейчас: 16.4.2024, 16:48