IPB

Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )

16 страниц V  « < 9 10 11 12 13 > »   
Ответить в данную темуНачать новую тему
Акцыя "Чытаем беларускую кнігу", Літаратурныя юбілеі
Admin
сообщение 1.2.2018, 7:28
Сообщение #71


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Паклон удзячных нашчадкаў


4 лютага – 210 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808 - 1884), паэта, драматурга, тэатральнага дзеяча, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.
Шмат яскравых старонак упісаў Дунін-Марцінкевіч у тэатральна-мастацкую спадчыну нашага народа. Самымі плённымі ў яго тэатральна-драматургічнай дзейнасці былі саракавыя – пяцідзесятыя гады. Раннія творы – лібрэта да аперэт “Чарадзейная вада”, “Спаборніцтва музыкаў”, “Рэкруцкі яўрэйскі набор” – да нас не дайшлі, засталіся толькі рэцэнзіі на пастаўленыя па іх спектаклі. Аперэта “Рэкруцкі яўрэйскі набор” была пастаўлена ў 1841 годзе ў гарадскім тэатры Мінска. В. Дунін-Марцінкевіч быў не толькі ініцыятарам пастаноўкі, але і выканаўцам адной з роляў. Музыку да аперэты напісаў С.Манюшка, які жыў тады ў Мінску. 9 лютага 1852 года адбылася прэм’ера камічнай оперы “Сялянка” (“Ідылія”), і на тэатральных падмостках адкрыта прагучала беларускае слова. У 1866 годзе В. Дунін-Марцінкевіч напісаў “Пінскую шляхту” – аднаактавую камедыю, у якой талент аўтара праявіўся яшчэ з большай і новай сілай. У жанравых адносінах яна блізкая да фарса-вадэвіля: тут многа сцэн камедыйна-бытавога плана, а дзеянне нярэдка суправаджаецца спевамі і танцамі. Камедыя “Пінская шляхта” ўвайшла ў залаты фонд айчыннай сатырычнай камедыяграфіі.
Намаганнямі Дуніна-Марцінкевіча быў створаны першы беларускі тэатральны калектыў. У гісторыю беларускай культуры ён ўвайшоў пад назвай “Драматургічны гурток Дуніна-Марцінкевіча”.
В. Дунін-Марцінкевіч напісаў вершаваныя апавяданні, аповесці, балады (“Гапон”, “Вечарніцы”, “Купала”, “Травіца брат-сястрыца” і інш.). Паэт шырока выкарыстоўваў фальклорныя вобразы і матывы, а таксама народныя песні, прыпеўкі, прыказкі, прымаўкі. Творы пісьменніка засведчылі пераход ад фальклорных і ананімных форм да сталай прафесіянальнай творчасці. В. Дунін-Марцінкевіч па праву носіць імя пачынальніка новай беларускай літаратуры, прафесіянальнай драматургіі, тэатра.
Бібліяграфія
1. Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт // Беларуская энцыклапедыя : у 18 . / рэдкал. Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1998. – Т. 6. – С. 260 - 261.
2. Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч : жыццё і творчаць / аўт-склад. Уладзімір Содаль; маст. Віктар Сташчанюк. – Мінск : Народная асвета, 1997. – 104 с.: іл.
3. Цвірка, К. Гладыята на арэне беларушчыны / Кастусь Цыірка // Камяні тых сядзібаў / Кастусь Цвірка. – Мінск, 2004. – С. 233 – 240.
4. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808 -1884) // Пачынальнікі : з гіст.-літ.матэрыялаў ХІХ ст. / НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я.Купалы; уклад Г. В. Кісялёў. – 2-е выд. – Мінск, 2003. - С. 109 – 172.
5. Янушкевіч, Я. Патрыярх з Малой Люцінкі / Язэп Янушкевіч // За архіўным парогам : беларус. літаратура ХІХ –ХХ стст. У святле архіўных пошукаў / Язэп Янушкевіч. – Мінск, 2002. – С. 3 – 60.
6. Карпук, Н. Жыццёвы і творчы шлях В. Дуніна-Марцінкевіча. Гісторыя камедыі "Пінская шляхта" / Н. Карпук // Беларуская мова i лiтаратура. - 2013. - № 1. - C. 30-34.
7. "Жыве паміж намі дудар наш..." [электронны каталог] : да 200-годдзя з дня нараджэння Віцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808-1884) ; Нац. б-ка Беларусі ; склад. В. А. Грынкевіч і інш. ; рэд. Л. В. Гарбачова //. - Мінск: Нац. б-ка Беларусі, 2008. - 1DVD-ROM.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 4.1.2018, 15:15
Сообщение #72


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Калі мы ўсе – адна радзіна

Калі мы ўсе – адна радзіна
І ў нашай любай старане
Шануюць маці і Радзіму,
Дык, значыць, хораша і мне.
Навум Гальпяровіч

14 студзеня – 70 гадоў з дня нараджэння Навума Гальпяровіча (1948, г. Полацк), паэта, публіцыста, радыёжурналіста, грамадскага дзеяча.
“Мне вось кажуць: “Не лятай у аблоках”. А я лётаю, у свае шэсцьдзесят з лішнім лётаю, лётаю і па сённяшні дзень. І на зямлі стаю нагамі даволі трывала, і адчуваю гэты свет як рэальнасць, але магу расчуліцца, расплакацца ад геніальнага радка, і шчасцю героя Караткевіча паверыць і пазайздросціціь…” так Навум Гальпяровіч надзвычай выразна акрэсліў свае адносіны да жыцця і характар свайго таленту.
Ён, даволі разважлівы і рэалістычны чалавек з лідарскімі якасцямі, дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё, выяўляе ў сваіх выступленнях шчырыя эмоцыі і перажыванні, піша глыбока лірычныя эсэ і замалёўкі, узнёслыя і рамантычныя вершы. Аднак кранае часам менавіта сваёй памежнай рэалістычнасцю, дакладнасцю яго проза, аналітыка. Кнігі вершаў і малой прозы Навума Гальпяровіча “Востраў душы”, “Струна”, “Шляхі і вяртанні”, “Святло ў акне”, “Голас і рэха”, “Гэта ўсё для цябе”, “На трапяткім агні” доказна паказалі наяўнасць цікавага сімбіёзу, а дакладней, балансу, сапраўдна-рэалістычнага і ўзнёслага ў яго творчай свядомасці. Сваеасаблівай квінтэсэнцыяй творчых набыткаў пісьменніка з’яўляецца яго кніга “Сюжэт для вечнасці”, што ўключае творы перыяду з пачатку 80-х гг. да цяперашняга часу.
У сваёй паэтычнай майстэрні Навум Гальпяровіч паўстае адмысловым мастаком, які ў межах асобнага твора здатны сказаць пра балючыя катаклізмы часу. Натуральна, што ў такой псіхалагічнай рэмінісцэнцыі вельмі цяжка звязваюцца ў вузел усе сэнсавыя лініі, але лірычны герой паэта, хоць у нечым і супярэчлівым сам сабе, мудра яднае этнічнае і грамадскае ў сутнасную выснову: прыстойным і сумленным чалавекам мае права называцца толькі той, хто за ўсё і за ўсіх адчувае сваю віну.


Бібліяграфія:
1. Навум Гальпяровіч: на шляху да сябе / [укладальнік Л. Анцух]. - Мінск : Чатыры чвэрці, 2012. — 164, [3] с. — (Асоба і час).
2. З росных сцяжын : аўтабіяграфіі пісьменнікаў Беларусі / уклад. М. Мінзер ; фота К. Л. Дробава. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. — 461с.
3. Алейчанка, Ю Сюжэт для вечнасці / Юлія Алейчанка // Полымя. — 2016. — № 4. — С. 189—191.
4. Гальпяровіч, Н. Я. Шчасце чытання : эсэ / Навум Гальпяровіч // Полымя. — 2015. — № 3. — С. 170—174.
5. Яскевіч, А. “Калі адчуе сэрца радасць…” : лірычны герой Навума Гальпяровіча / А. Яскевіч // Роднае слова. — 2000. — С. 18—21.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 29.11.2017, 13:48
Сообщение #73


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Святло хараства і дабрыні

22 снежня – 95 гадоў з дня нараджэння Алены Васілевіч (1922 ), беларускай пісьменніцы. Заслужаны работнік культуры БССР (1978). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за тэтралогію “Пачакай, затрымайся…”.
Алена Сямёнаўна Васілевіч увайшла ў гісторыю беларускай літаратуры ХХ стагоддзя як пісьменнік аўтабіяграфічнай прозы.
Нарадзілася ў в. Ліпнікі Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1946).
Пісаць А. Васілевіч пачала яшчэ студэнткай. У 1947 годзе на старонках часопіса “Беларусь” была апублікована невялічкая аповесць “У прастор жыцця” (пазнейшая назва “У прасторах жыцця”). З таго часу яе творы часта з’яўляліся ў газетах і часопісах, выходзілі асобнымі выданнямі. Асноўным жанрам пісьменніцы стала апавяданне. У цэнтры ўвагі - ваеннае і пасляваеннае жыццё людзей, праблемы іх асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей (аповесць “Шляхі-дарогі” (1950), зборнікі апавяданняў “Блізкія знаёмыя” (1954), “Падслухала сэрца” (1960) і інш.). Высока ацэнены крытыкай апавяданні і навелы “Горкі ліпавы мёд”, “Зімовая дарога”, “Падгор’е”.
Майстэрства А. Васілевіч праявілася ў апавяданнях для дзяцей, якія пачынаючы з 1950-х гг. друкаваліся ў перыядычных выданнях, а потым увайшлі ў зборнікі “Заўтра ў школу” (1956), “Сябры” (1958), “Апавяданні” (1959). Казка “Калінкавая рукавічка” (1963) увайшла ў беларускую дзіцячую класіку. У большасці твораў шмат гульняў, забаў, прыдумак, мілых дзіцячых спрэчак. Адной з першых у беларускай дзіцячай літаратуры А. Васілевіч узняла трывожную, актуальную праблему душэўнага сіроцтва дзяцей (апавяданне “Шурка Рэмзікаў”), дзе распавядаецца пра вельмі непросты лёс падлетка, бацька якога не вярнуўся з вайны. Пісьменніца псіхалагічна тонка паказвае, што свет дзіцячай душы надзвычай складаны, а таму патрабуе асаблівай увагі, цеплыні, ласкі, дабразычлівай патрабавальнасці.
Творчая індывідуальнасць А.Васілевіч асабліва ярка выявілася ў тэтралогіі “Пачакай, затрымайся..”, што асобным выданнем выйшла ў 1972 г. У яе ўвайшлі аповесці “Расці Ганька” (1966), “Доля знойдзе цябе” (1967), “Новы свет” (1968), “Пачакай, затрамайся…” (1970). У 1976 годзе тэтралогія была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР. Праз асабістае перадаюцца тут тыповыя рысы жыцця беларускай вёскі 1920-30-х гг. Па-мастацку ўзноўлены пейзажы, характэрныя асаблівасці побыту, працы, рытуалаў, беларускіх свят.
Алена Сямёнаўна вядома таксама як публіцыст, нарысіст, крытык, майстар літаратурных партрэтаў, эсэ, аўтар беларускай дзіцячай літаратуры. Шмат гадоў А.Васілевіч уваходзіла ў склад Усесаюзнага савета па дзіцячай і юнацкай літаратуры.

Бібліяграфія.
1. Васілевіч Алена Сямёнаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / гал. рэд. Г.П.Пашкоў [ і інш.]. – Мінск. – 1997. – Т. 4. – С. 22.
2. Алена Васілевіч // Беларуская дзіцячая літаратура: вучэб. дапам. для студэнтаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне выш. адукацыі па спец. “Пачатковая адукацыя”, “Пачатковая адукацыя. Дадатковая спецыяльнасць” / пад агул. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б. Яфімавай. – Мінск. – 2008. – С. 395 – 417.
3. Алена Васілевіч / Т. М. Дасаева // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: у 4 т. / НАН Беларусі, Аддз-не гуманіт. навук і мастацтваў, Ін-т літ. імя Я.Купалы; [рэдкал.: У.В.Гніламёдаў і інш.; навук. рэд. У.В.Гніламёдаў, С.С. Лаўшук]. – Мінск. – 2002. – Т. 4., Кн.1. – С. 270 – 294.
4. Войткус, В. А. Алена Васілевіч. "Пачакай, затрымайся..." : (урок дадатковага чытання ў 7 класе) / В. А. Войткус // Беларуская мова і літаратура. — 2017. — № 3. — С. 6—9.
5. Дамброўская, С. Вывучэнне апавядання А. Васілевіч "Сябры" / С. Дамброўская // Беларуская мова i лiтаратура. — 2012. — № 1. — C. 23 — 26.
6. Шупенька, Г. Не стамляйся быць чалавечнай! ..: да юбілею Алены Васілевіч / Генадзь Шупенька // Роднае слова. – 2002. – № 12. – С. 4 – 6.
7. Яфімава, М. З-пад Коласава крыла / Маргарыта Яфімава // Полымя. – 2002. - № 11/12. – С. 301 – 314.
8. Халопік, С. “Краіна Ідылія заўжды са мной” / С. Халопік // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 29 кастр. (43). – С. 14.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 31.10.2017, 11:07
Сообщение #74


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Вялікі дойлід нацыянальнай культуры

3 лістапада – 135 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа (1882 – 1956), народнага паэта Беларусі.
У сапраўднага пісьменніка ёсць дата нараджэння і няма даты смерці. Гэтыя словы з поўным правам можна аднесці да Якуба Коласа – вялікага беларускага паэта і празаіка, драматурга і перакладчыка, крытыка і публіцыста, буйнога вучонага, выдатнага лінгвіста, фалькларыста, настаўніка моладзі, арганізатара навукі і выдавецкай справы ў рэспубліцы. Аддаленасць часу не робіць яго творчасць менш значнай. Наадварот, яна набывае ўсё большую актуальнасць, а талент пісьменніка прадаўжае прыцягваць увагу чытачоў і сёння.
Пісаць Я. Колас пачаў на рускай мове. У друку дэбютаваў вершам, напісаным па-беларуску “Наш родны край” (газета “Наша доля”, 14 верасня 1906 г.) У 1910 г. у Вільні выйшаў першы зборнік вершаў “Песні-жальбы”, затым – кнігі прозы “Апавяданні” (1912), “Родныя з’явы” (1914). Асобнымі выданнямі былі надрукаваны ў Пецярбургу апавяданні “Нёманаў дар” і “Тоўстае палена” (абодва ў 1913 г.). 1920-я гг. былі надзвычай плённымі ў творчасці Я. Коласа. У гэты час ён стварыў паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, выдаў паэтычны зборнік “Водгулле”, кнігу апавяданняў “Казкі жыцця”, напісаў аповесці “У палесскай глушы” і “У глыбі Палесся”, якія склалі аснову трылогіі “На ростанях”. У неспрыяльных умовах 1930-х гг. Я. Колас рабіў усё магчымае для развіцця беларускай мовы, літаратуры і культуры. Пісьменнік выступаў з вершаванымі творамі, апублікаваў аповесці “Адшчапенец” і “Дрыгва”, п’есы “Вайна вайне” і “У пушчах Палесся”, працаваў над паэмай “На шляхах волі”. Перыяд Вялікай Айчыннай вайны – адметны і складаны этап у творчай дзейнасці Я.Коласа. Усенародная трагедыя выклікала пачуцці горычы, гневу, абурэння, гатоўнасці непасрэдна далучыцца да абаронцаў роднай зямлі. Зброяй у гэтай барацьбе стала палымянае мастацкае слова. За творы ваенных гадоў Я.Коласу была прысуджана ў 1946 г. Дзяржаўная прэмія СССР. У 1949 г. ён атрымаў другую Дзяржаўную прэмію СССР за паэму “Рыбакова хата” (пачата ў 1939 г., завершана ў 1947 г.). Нямала было зроблена Я. Коласам і як перакладчыкам твораў А.Пушкіна, М.Лермантава, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча. З 1948 па 1954г. працаваў над заключнай часткай трылогіі “На ростанях”. Дваццацігадовы перапынак не мог не адбіцца на змесце твора, характары асвятлення грамадскіх падзей і трактоўцы вобразаў герояў, бо ўсё асэнсоўвалася з вышыні вялікага жыццёвага вопыту пісьменніка, які на ўласныя вочы бачыў усе жахі грамадзянскай вайны, прымусовую калектывізацыю, перажыў масавыя рэпрэсіі. У апошнія гады жыцця Я. Колас працягваў працу над паэмай “На шляхах волі”. Меркавалася, што яна будзе складацца з 30 раздзелаў, але было напісана толькі 28 – не хапіла часу: 13 жніўня 1956 г. пісьменнік памёр. Пахаваны ён на Войскавых могілках у Мінску.
У Беларусі свята ўшаноўваецца памяць народнага песняра. За лепшыя празаічныя творы і літаратуразнаўчыя працы два разы ў год прысуджаецца Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь імя Я. Коласа. У 1959 г. у Мінску быў адкрыты Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа. На радзіме пісьменніка музеефікаваны мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Смольня, Альбуць, Ласток. Шмат гадоў праводзіцца навуковая канферэнцыя “Каласавіны”. Іменем народнага паэта названы многія ўстановы, вуліцы, скверы рэспублікі. У Мінску на плошчы, якая носіць яго імя, уведзены бронзавы манумент пісьменніка. Помнікі Я.Коласу пастаўлены таксама на яго магіле на Вайсковых могілках у Мінску, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у Навагрудку і в. Плоскае (Талачынскі раён). Па рашэнні ЮНЭСКА ў міжнародным маштабе адзначалася стагоддзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.
Бібліяграфія
1. Колас Якуб // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / пад рэд. Г.П. Пашкоў [і інш]. — Мінск, 1999. – Т. 8. – С. 382 – 384.
2. Багдановiч, I. Купалаўскі і коласаўскі канцэпты свабоды ; Ірына Бадановіч // Багдановiч, І. Авангард i традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння. — Мінск, 2001. — C. 194—203.
3. Александровiч, С. Х. Крыжавыя дарогi : аповесць пра Якуба Коласа / Сцяпан Хусейнавiч Александровiч. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1985. — 333 с.
4. Александровiч, С. Х. На шырокi прастор : аповесць пра Якуба Коласа / Сцяпан Александровiч ; маст. М. Купава. —2-е выд. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1979. — 352 с.
5. Васюковіч, Л. С. Жыццё дзеля Беларусі : (урок у 9-м класе, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа) / Ж.Л. Васюковіч // Беларуская мова і літаратура. Серыя "У дапамогу педагогу" . — 2017. — № 5. — С. 29—35.
6. Гаўрусёва, Н. С. Паклон вам, песняры!.. : літаратурная гасцёўня, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа (9-11 класы) / Н.С. Гаўрусёва // Беларуская мова і літаратура. Серыя "У дапамогу педагогу" . — 2017. — № 5. — С. 59—62.
7. Быстрыцкая, А. Сыны Беларусі назаўсёды : літаратурна-музычная кампазіцыя да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, падрыхтаваная Лідскай горадской бібліятэкай-філіялам № 6 імя В.Таўлая і бібліятэкарамі СШ № 16 / Алена Быстрыцкая // Наша слова. — 2012. — № 48. — 28 лістапада.
8. Абрагiмовiч, С. Заўсёды з намі Колас і Купала : урок-свята / С. Абрагімовіч // Беларуская мова i лiтаратура. — 2012. — №8. — C. 4—8.
9. Алесавец, Г. Літаратурная гасцёўня "І сёння з намі Колас і Купала" / Г. Алесавец // Народная асвета. — 2012. — №7. — C. 83—85.
10. Астранкова, В. Песняры Беларусі : сцэнарый свята да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа для вучняў V — Х класаў / В. Астранкова, Н. Чукава // Беларуская мова i лiтаратура. — 2012. — № 7. — C. 55—63.
11. Багдановiч, I. "Гэта — вобразы краіны Беларусі роднай..." : да 100-годдзя першага зборніка вершаў Якуба Коласа "Песні-жальбы"; І. Багдановіч // Роднае слова. — 2010. — №9. — C. 12—15.
12. Барсукова, I. Лісты Якуба Коласа 2-й паловы 1920-х гг.як панарамнае люстэрка гісторыі : Якуб Колас і органы ДПУ / Іна Барсукова // Роднае слова. — 2003. — № 11. — С. 95—96.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 2.10.2017, 13:12
Сообщение #75


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



“Паэт з планеты хараства”

10 кастрычніка – 60 год з дня нараджэння Леаніда Васільевіча Дранько-Майсюка, (нар. 1957), паэта.
Як пяснар хараства, прыхільнік лірыкі тонкай пачуццёвасці, уражлівай эмоцыі і вобразнасці прыйшоў у беларускую літаратуру паэт Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк. Прыйшоў, каб сказаць сваё слова пра непаўторнасць імгнення і непахісную красу вечнасці, пра прыгажосць і каханне.
Леанід Дранько-Майсюк – адзін з самых вядомых і папулярных беларускіх пісьменнікаў, чые вершы, паэмы, эсэ, апавяданні, крытычныя і літаратурныя артыкулы, пераклады, публічныя выступленні, тэксты песень, тэксты для тэатральных пастановак і музычных п’ес высока ацэненыя сучаснікамі. Статус выдатнага мастака, з плёнам якога звязваецца ўзровень развіцця ўсёй сучаснай беларускай літаратуры, Л. Дранько-Майсюк пацвердзіў сваімі кнігамі. Сярод іх – зборнікі вершаў “Вандроўнік” (1983; у 1984 г. з гэтай кнігай паэт быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР), “Тут” (вершы, паэмы, эсэ, 1990), “Цацачная крама” (“Кніжка для вялікіх і малых”, 2008), “Анёлак і я” (апавяданне, 2009), “Кніга для спадарыні Эл” (проза, вершы, п’еса, 2012) і іншыя. Пад вокладкамі ўсіх гэтых кніг, а таксама ў выдатных літаратурных партрэтах, напісаных Л. Дранько-Майсюком пра У. Дубоўку, Максіма Танка, М. Стральцова, Гіёма Апалінэра, іншых знакімітых асоб, чытач знойдзе цэлы свет, які варта назваць своеасаблівай семіясферай беларускай культуры.
На вершы Л. Дранько-Майсюка створана шмат песень: “Восень у Версалі”, “З табою навечна”, “Ружа белая” (музыка А. Ціхановіча), “Еўфрасіння” (А. Балотніка), “Прынц і ружа” (М. Сацуры), “Полька беларуская” (І. Лусанка) і інш.
Сам пісьменнік вылучыў пра сябе такія знакі : “ Мой лепшы твор – верш “Полька беларуская”, мая лепшая кніга – “Цацачная крама”, мой любы занятак – глядзець на кветкі…”

Бібліяграфія
1. Дранько-Майсюк Леанід Васільевіч / / Танк Максім // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1998. – Т. 6. – С. 199.
2. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т. Т. 4: [у 3 кн.], кн. 3 / [І. Л. Шаўлякова-Барзенка і інш. ; навуковыя рэдактары: У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук] ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Філіял "Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы". – 2-е выд. – Мінск : Беларуская навука, 2015. – С. 993 – 1018.
3. Базар, Н. Інтэртэкстуальныя элементы ў творах Леаніда Дранько-Майсюка / Наталля Базар // Роднае слова. - 2017. — № 3. — С. 18—20.
4. Грынкевіч, Я. Тры ўрокі сучаснай беларускай літаратуры на Лідчыне / Яраслаў Грынкевіч ; фота // Наша слова. – 2013. — 20 лістап. — С. 8.
5. Бадак, А. Паэт з планеты хараства / А. Бадак // Полымя. – 2007. – № 10. – С. 155 – 159 .
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 1.9.2017, 8:29
Сообщение #76


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



“Прайсці праз вернасць”

17 верасня – 105 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка (1912–1995), народнага паэта Беларусі, грамадскага дзеяча, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Захоўваць вернасць – гэта заслуга,
пазнаць вернасць – гэта гонар.

Мары Эбнер-Эшэнбах

Не кожны чалавек мае права на гэтыя словы. Максім Танк лічыў гэты паэтычны радок сваім жыццёвым крэда. Такім ён быў…
На працягу многіх гадоў Максім Танк вёў дзённікі, дзе занатоўваў найбольш яркія ўспаміны. Гэтыя запісы з’яўляюцца значным дадаткам да творчасці і грамадскай дзейнасці Максіма Танка. Яны – сведкі таго, што дапамагло паэту “прайсці праз вернасць” .

Голас незнаёмага можа здзівіць,
Голас друга – на хвіліну спыніць,
Голас любай – сагрэць сонцам лета,
Голас маці – вярнуць з таго света.
Максім Танк сваё жыццё асэнсоўваў з існаваннем самага роднага для яго чалавека – маці. Ён лічыў, што менавіта яна, сялянская жанчына Домна Іванаўна, дала яму магчымасць не толькі паявіцца на гэты свет, але і стаць асобай, якая, прыйшоўшы на Зямлю, набыла сэнс і веру. Таму ўпамінанне пра маці ў дзённіках паэта сустакаецца часта.
Лю – так ён пяшчотна называе сваю жонку, сваю каханую. Любоў Андрэеўна прайшла ўсё жыццё побач з ім. І паэт быў удзячны ёй. У сваіх дзённіках паэт выказваў надзею: “Хацелася б напісаць пра вялікае каханне… Баюся толькі, што не змагу…” Але ж хіба не з’яўляецца яго любоўная лірыка доказам таго, што гэта мара спраўдзілася?
…Я помню крылы вашых рук,
Сукенку з воблакаў лятучых
І басаножак гулкі стук
На лесвічнай бетоннай кручы….

…А час зямны наш праміне,
Згасіўшы сонца дыск на ўсходзе, -
Дамовімся: ты – да мяне,
Я – да цябе і ў снах прыходзіць.
Пісьменніка цікавіла ўсё, яго біяграфія – гэта пошук вернасці. Маладосць Танка прайшла ў заходнебеларускім падполлі, дзе былі і арышты, і забарона яго твораў. Сталыя гады звязаны з працай у франтавым друку. Прыйшла да яго і слава, вядомасць, дарэчы, якімі ён ніколі не фанабэрыўся, толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Але і тады Танка мучыла сумненне: “Відаць, усе нашы лозунгі – суцэльнае пустазвонства, хоць і працягваем яшчэ ў іх верыць”.
Незадоўга да адыходу Максім Танк прыгадаў усё лепшае, што ён зрабіў. У гэтым пераліку - і паэзія: такія думкі мог выказаць толькі вялікі філосаф:

Простае шчасце людское,
Так, як наша з табою,
Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба сабранага ў полі,
З поту, з дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,
З дружбы мацнейшай ад смерці,
З песні… І так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем?

Максім Танк праз усё жыццё пранёс Вернасць – сваёй маці, каханай, Радзіме, якую ніколі не губляў. Хада гэта была цяжкай. Таму, як вялікі Паэт і Грамадзянін, Максім Танк меў права на выдатныя радкі якія ён пакінуў нам:
Я спытаў чалавека,
Які прайшоў праз агонь,
І воды,
І медныя трубы:
- Што самае цяжкае
- На гэтым свеце?
- І ён адказаў:
- Прайсці праз вернасць.


Бібліяграфія:
1. Танк Максім // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1998. – Т. 15. – С. 423 – 424.
2. Танк Максім ( 4 (17).9.1912 г. – 7.8.1995 г.) // 250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур = 250 people from Belarus in the dialogue of cultures / [рэд.: Т.Л. Пісарэнка, Л.У. Языковіч; пер. на англ. мову Л.М. Серады]. – Мінск, 2008. – С. 238 – 239.
3. Арочка, М. М. Максім Танк, 1912 -1995 / М. М. Арочка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. / НАН Беларусі, Аддз-не гуманіт. навук і мастацтваў, Ін-т літ. імя Я. Купалы; [рэдкал.: У. В.Гніламёдаў і інш.; навук. рэд.: У.В. Гніламёдаў, В.П. Жураўлёў]. 2-е выд. – Мінск, 2002. – Т. 3. – С. 312 – 348.
4. Калядка, С. “Бо толькі час можа даць паэту аб’ектыўную ацэнку…”: М. Танк у перапісцы / Святлана Калядка // Роднае слова. – 2011. - № 10. – С. 13 – 16.
5. Гніламёдаў, У. Над старонкамі паэзіі Максіма Танка / У. Гніламёдаў// Полымя. – 2006. - № 1. – С. 210 -222.
6. Бугаёў, Д.Я. Паэзія Максіма Танка / Дзмітрый Бугаёў. – 2-е выд., выпр. і дап. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – 311 с.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение
Admin
сообщение 31.7.2017, 13:36
Сообщение #77


Активный участник
***

Группа: Главные администраторы
Сообщений: 3601
Регистрация: 15.7.2010
Из: славный горо Лида
Пользователь №: 3



Сапраўдны… Беларускі… Народны…


4 жніўня –100 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля (1917 –2006), пісьменніка, перакладчыка, публіцыста, Народнага пісьменніка Беларусі, ганаровага члена НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР.
Два найвышэшыя званні – пісьменнік і чалавек. Адно мне вельмі хочацца набыць, другое – яшчэ больш – не страціць.
Янка Брыль
Творчая дзейнасць пісьменніка пачалася з вершаў, якія асаблівага поспеху аўтару не прынеслі і з апавяданняў, у якіх талент пісьменніка праявіўся вельмі ярка і шматгранна. У 1946 годзе выйшла з друку першая кніга Я. Брыля пад сціплай назвай “Апавяданні”, у якую ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць “У сям’і”, прысвечаная жыццю заходнебеларускай вёскі. Мастацкі летапіс любага сэрцу Наднямоння працягваюць і наступныя зборнікі “Нёманскія казакі”, “Сірочы хлеб”, “У Забалоцці днее”, “На Быстранцы”. Ужо гэтыя першыя творы вылучылі Я. Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псіхалагічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы. Шмат разоў перакладалася ў розных краінах свету пранікнёна-лірычнае апавяданне Я. Брыля “Галя”, у якім на фоне жыцця заходнебеларускай вёскі раскрыты пачуццёвы свет галоўнай гераіні, яе глыбокая чалавечая драма.
Настойліва звяртаўся пісьменнік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, тэмы народнага подзвігу. Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне “Маці” – гімн беларускай жанчыне, маці, якая не пабаялася ў час Вялікай Айчыннай вайны даць прытулак знясіленным чырвонаармейцам. У пачатку 60-х гг. з’явіўся ў друку славуты раман Я. Брыля “Птушкі і гнёзды”. Гэты адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка быў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў “кнігай адной маладосці”. Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Я. Брылём разам з А.Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць “Я з вогненнай вёскі…” (1975) – жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм.
Яркай адметнасцю вылучаюцца і такія выдатныя аповесці Я. Брыля, як “Ніжнія Байдуны” і “Золак, убачаны здалёк” - творы глыбінна нацыянальныя, у якіх яскрава выяўляецца маральнае здароўе, высакароднасць і прыродная мудрасць беларусаў. Аповесць “Золак, убачаны здалёк” – пра дзяцінства ў заходнебеларускай вёсцы. Крытыка адзначае, што ў беларускай літаратуры гэты твор практычна не мае роўных.
Уся творчасць Я. Брыля прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця.

Бібліяграфія:
1. Нікіфарава, В.Б. Янка Брыль / В.Б. Нікіфарава // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. – Мінск, 2001. – Т. 3. – С. 479 – 520.
2. Калеснік, У.А. Янка Брыль : нарыс жыцця і творчасці / У. Калеснік. – Мінск : Народная асвета, 1990. – 256 с.
3. Канэ, Ю.М. Як паветра і хлеб: жыццёвы т ворчы шлях Я. Брыля / Юлія Канэ. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 320 с.
4. Данілішына, А Янка Брыль. Жыццё і творчасць / Алена Данілішына // Роднае слова. - 2016. - № 2. - С. 50-52.
5. Брыль, Я. Мой радавод / Я. Брыль // Роднае слова. – 2005. - № 6. – С. 85 – 90.
Перейти в начало страницы
 
+Цитировать сообщение

16 страниц V  « < 9 10 11 12 13 > » 
Ответить в данную темуНачать новую тему
5 чел. читают эту тему (гостей: 5, скрытых пользователей: 0)
Пользователей: 0

 



Текстовая версия Сейчас: 28.3.2024, 14:16