150 гадоў таму пабудавана і асвечана ў імя Святога Георгія царква на Лідскіх праваслаўных могілках.
У 1875 годзе клопатам благачыннага пратаіерэя Іосіфа Каяловіча на праваслаўных могілках пабудаваны драўляны храм. І быў асвечаны ў імя Святога вялікапакутніка Георгія Пераможца.
З 1919 па 1996 гады гэта быў адзіны праваслаўны храм у горадзе, які ніколі не зачыняўся. У найстарэйшай царкве г. Ліды ёсць нямала даўнейшых абразоў. Найбольш шаноўныя з іх — абраз “Всех скорбящих радость”, абраз Боскай Маткі Вострабрамскай, шэсць абразоў апосталаў і некаторыя іншыя.
Пры храме арганізавана моладзевае братэрства, прыходскае сястрыцтва, бібліятэка, нядзельная школа, два хоры.
На могілках поруч з храмам пахаваны заснавальнікі храма протаіерэй Іосіф Каяловіч і Антоні Васнеўскі, протаіерэй Міхаіл Голенкевіч і яшчэ шэсць святароў, звязаных лёсам з Лідчынай. На гэтых жа могілках знаходзяцца пахаванні 145 чырвонаармейцаў і партызан-падпольшчыкаў, а таксама брацкая магіла 42 савецкіх салдатаў. Ушанаваць памяць абаронцаў у 70-ую гадавіну вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў было вырашана не толькі добраўпарадкаваннем месцаў пахавання, але і будаваннем капліцы-помніка. Яе асвячэнне адбылося 8 ліпеня 2014 года з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.