Акцыя "Чытаем беларускую кнігу", Літаратурныя юбілеі |
Здравствуйте, гость ( Вход | Регистрация )
Акцыя "Чытаем беларускую кнігу", Літаратурныя юбілеі |
1.7.2019, 8:07
Сообщение
#50
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3873 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
Адзін з нашчадкаў шляхетнага роду 15 ліпеня – 410 гадоў з дня нараджэння Казіміра Льва Сапегі (1609, Вільня—1656), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча ВКЛ, удзельніка вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667гг. Каралеўскі сакратар і пісар вялікі літоўскі (1631—1637), маршалак дворны літоўскі (1637—1645), падканцлер літоўскі (з 1645), адміністратар Берасцейскай эканоміі, староста рагачоўскі. Выбіраўся паслом на сеймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Сын канцлера літоўскага Л. І. Сапегі, брат Яна Станіслава і Крыштафа Міхала Сапегаў. Пачатковую адукацыю атрымаў дома і ў Віленскай акадэміі, з 1621 года разам з братам Крыштафам Міхалам вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Мюнхене і Інгальштацкім універсітэце. У 1624 годзе Крыштаф Міхал захварэў насухоты, што вымусіла абодвух Сапегаў вярнуцца ў ВКЛ. Праз некаторы час браты зноў вучыліся ў Еўропе, гэтым разам у Лёвенскім універсітэце, які скончылі ў 1627 годзе. Далей вучыліся ў Бруселі, адкуль браты пераехалі ў Італію дзе вучыліся ва ўніверсітэтах Балоньі (1628) і Падуі (1629). Хвароба Крыштафа Міхала вымусіла ў 1629 братоў зноў вярнуцца ў ВКЛ. Пісар ВКЛ з верасня 1631 года. Займаўся ўпарадкаваннем архіву Кароны. Браў удзел у канвакацыйным сойме (1632). Удзельнічаў у заключэнні выгаднага для Рэчы Паспалітай Палянаўскага мірнага дагавора (1634), меў вялікі давер караляУладзіслава Вазы. У маі 1637 года атрымаў урад маршалка дворнага літоўскага. Быў паслом на сойм у 1637 і 1647 гадах. годзе. У 1645 г. атрымаў урад падканцлера літоўскага. Пасля смерці караля Уладзіслава Вазы (1648) быў адным з чатырох яго душапрыказчыкаў. Падчас элекцыі быў прыхільнікам Яна Казіміра Вазы, хоць перад гэтым падтрымліваў Карла Фердынанда Вазу, які лічыў К. Л. Сапегу сваёй апорай у ВКЛ у час безкаралеўя. Браў удзел у вайне з казакамі на Украіне (1648—1653), заключэнні Збораўскага пагаднення, бітве пад Берастэчкам. Канфліктаваў з Янушам Радзівілам, бо сам хацеў заняць урад вялікага гетмана. Удзельнічаў у большасці соймаў 1652—1654 гадоў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) выставіў уласны полк. Выступіў супраць пагаднення Януша Радзівіла з Карлам X Густавам. Восенню 1655 года пад Берасцем каардынаваў баявыя дзеянні супраць маскоўскіх і шведскіх войскаў, аднак стан яго здароўя ў той час пагоршыўся. У лістападзе 1655 года, пасля паражэння пад Вярховічамі, фармальна прызнаў шведскі пратэктарат над ВКЛ. На пачатку 1656 года атрымаў ад Яна Казіміра Вазы даручэнне весці перамовы пра мір з царом Аляксеем Міхайлавічам, але даручэння таго не выканаў, бо памёр. Валодаў латыфундыяй з цэнтрам у Ружанах, дамогся ад караля прывілеяў на магдэбургскае права і кірмашы для сваіх мястэчак Бялынічы, Талачын, Бешанковічы, Ружаны. Бібліяграфія 1. Авакян, Г. С. Палітычныя мысліцелі і гуманісты Беларусі / Г.С.Авакян, М.В.Кузняцоў, М.П.Сінькевіч ; Мін-ва адукацыі РБ, Беларускі дзярж. эканамічны ун-т. — Мінск. : Элайда, 2002. — 96 с. 2. Из тьмы веков светлеющие лики / сост.: Ю.Я.Гуртовенко, Т.И.Улевич; худож. М.С.Басалыга. — Минск : Беларусь, 1994. — 192 с. 3. Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / Анатоль Фёдаровіч Мяснікоў. — Мінск : Литература и искусство, 2009. —343 с. 4. Сапегі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : Т. 6. Кн. 1. – Мінск, 2001. – С. 222 – 228. 5. Чаропка, В. Лёсы ў гiсторыi / Вiтаўт Чаропка. — Мн. : Беларусь, 2005. — 559 с. 6. Шнэйдар, А. Талачынскі след Льва Сапегі : канцлер Вялікага Княства Літоўскага / А. Шнэйдар // Культура. — 2007. — №14. — C.14 |
|
|
3.6.2019, 8:15
Сообщение
#51
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3873 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
Ён абараняў ісціну 19 чэрвеня – 95 гадоў з дня нараджэння В.У.Быкава (1924—2003), народнага пісьменніка Беларусі. Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Шляхамі Вялікай Айчыннай вайны прайшоў праз Украіну, Венгрыю Румынію, Аўстрыю, быў двойчы паранены. Пасля вайны працаваў у газеце “Гродзенская праўда”. З 1978 года знаходзіўся на літаратурнай рабоце. Ваенныя падзеі сталі лёсавызначальнымі для жыццёвага і творчага шляху Васіля Быкава. Імкненне перадаць суровую праўду вайны, абвостраная чалавечнасць, высокая патрабавальнасць у сцвярджэнні маральных прнцыпаў – вось адметныя якасці Быкава-пісьменніка. Сапраўдная літаратурная біяграфія пісьменніка пачалася з аповесцяў “Жураўліны крык”, якая выйшла ў 1960 годзе. Звярнуўшыся ў ранніх творах да ваеннай тэмы, Васіль Уладзіміравіч працаваў над ёй на працягу амаль уяго свайго жыцця. Аповесці В.Быкава “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”, “Абеліск”, “Сотнікаў”, “Знак бяды” і іншыя належаць да лепшых узораў сучаснай беларускай прозы. Кнігі Васіля Быкава – гэта падручнікі сумлення. Яго з’яўленне ў літаратуры не было нечаканасцю. У літаратуру ён прыйшоў не для красавання, не для заробкаў. Прыйшоў, каб быць даверанай асобай у суровай праўды, у бязлітаснай ісціны. Зусім непрыкметна праз усю творчасць пісьменніка праходзіць вобраз жанчыны. У аповесці “Трэцяя ракета” створаны вельмі прывабны вобраз Люсі-Сінявочкі, якая гіне разам з артылерыйскім разлікам супраць танкавай гарматы-саракапяткі. З выгляду Люся амаль дзяўчо. Але ў яе вельмі выразная спагадлівасць і такое глыбокае разуменне людзей, што вопытныя ў жыццёвых справах артылерысты ўспрымаюць яе не толькі роўняй, але ў нечым і больш праніклівай, здольнай спасцігаць тое, што ім недаступна. Хораша напісана і пра Янінку, усмешлівую гродзенскую дзяўчынку, якая стала першым і адзіным каханем лейтэнанта Ігара Іваноўскага (аповесць “Дажыць да світання”). Яму выпадае вельмі пакутная доля на вайне – сплываючы крывёю, дачакацца ў паўсмяротным стане фрыца-абозніка і апошняй гранатай падарваць яго разам з сабою. А з Янінкай лёс звёў лейтэнанта яшчэ тады, калі хлопец толькі ехаў на вайсковую службу. Янінка проста зачаравала яго “сваёй юнай пекнасцю”, натуральнасцю паводзінаў, у якіх жаночая прывабнасць праяўляецца нязмушала, нібы сама сабою. Вядома, гэта была годнасць здагадлівай жанчыны, якая і ў юнацкім узросте інтуітыўна адчувала сваё вялікае прадвызначэнне – працягваць род чалавечы. Напісана пра Янінку не без любавання яе прыгажосцю, нават з лёгкім налётам рамантызацыі, у Быкава даволі рэдкай, а тут такой прыкметнай. Чытацкую сімпатыю выклікаюць і многія іншыя жаночыя вобразы з твораў пісьменніка. Сярод іх і экзатычная Джулія Навелі (аповесць “Альпійская балада”), вельмі прыгожая дзяўчына Франя з твора “Пакахай мяне, салдацік”. У аповесці “Мертвым не баліць” захапляе непрыгожая знешне, але вельмі прывабная сваёй чалавечай сутнасцю “агонь-дзяўчына” Каця Шчарбенка, якая першая кідаецца туды, куды не адважваюцца ступаць мужчыны, баючыся трапіць у мінную пастку. Там яна і гіне. Многія сапраўдныя, высакародныя, далікатныя і пяшчотныя жанчыны ў творах пісьменніка гінуць у ваеннай віхуры. Так было і ў рэальным жыцці. У ім жанчыны гінулі найчасцей, бо былі найменш падрыхтаваны да таго пекла, якім з’яўляецца вайна. Шчырыя быкаўскія творы паказваюць сапраўдную вайну: не толькі подзвігі, але і бруд, гвалт, здзек, подласць, здраду, якімі поўніцца аж цераз край любая, нават нібыта і праведная, крывавая калатнеча. Яго не стала ў 2003 годзе. 22 чэрвеня – чорная дата пачатку Вялікай Айчыннай вайны – чорны цень дня яго смерці. Вайна, ад якой ён ніколі не ўцякаў, нарэшце дагнала яго. Але яго творам наканавана неўміручасць. Бібліяграфія Быкаў Васіль // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2002. – Т. 3. – С. 371. Адамовіч, А. М. Васіль Быкаў : фотанарыс / аўтар тэкста А. М. Адамовіч. — Мінск : Беларусь, 1986. — 71 с. Бугаёў, Д. Я. Васіль Быкаў : нарыс жыцця i творчасцi / Д. Я. Бугаёў. — Мінск : Народная асвета, 1987. — 207 с. Бугаёў, Д. Я. Праўда i мужнасць таленту : выбранае / Д. Я. Бугаёў ; прадм. I. Чыгрынава. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1995. — 413, [2] с. Шапран, С. Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах / Сяргей Шапран. – Мінск—Гародня, 2009. — 734 с. Еўсіевіч, Т. Гонар і сумленне Беларусі / Т. Еўсіевіч // Роднае слова. – 2017. – № 6. – С. 66—71. Адамовіч, Г. Васіль Быкаў – вялікае сэрца народа / Г. Адамовіч // Роднае слова. – 2013. – № 6. – С.3—5. |
|
|
30.4.2019, 14:05
Сообщение
#52
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3873 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
Яго называлі беларускім Ясеніным Сярод прадстаўнікоў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. вылучаўся непадобны на іншых, са сваім уласным голасам малады паэт Паўлюк (Павел Адамавіч) Трус. Ураджэнец вёскі Нізок Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён), Паўлюк Трус адным з першых, калі не першым, у беларускай паэзіі спалучыў у лірыцы паэтыку з унутраным перажываннем. Яго паэмы вызначаюцца лірычным ладам, задушэўнай узрушанасцю. Павел Адамавіч Трус пражыў усяго толькі чвэрць стагоддзя, але след, пакінуты ім у беларускай літаратуры, значны і адметны. У чым сакрэт прывабнасці вершаў паэта? Музыкальнасць, рамантычная квяцістасць, песенна-народны каларыт – усім гэтым найперш заварожвае, кранае Паўлюк Трус. Але, гэтае пачуццёвае і квяцістае наўрад ці настолькі б кранала, калі б у паэзіі Паўлюка Труса не было чалавечага, чалавеказнаўчага. Пры жыцці П.Труса многія чытачы, асабліва юнакі і дзяўчаты, называлі беларускім Ясеніным. І гэта невыпадкова, таму што ясенінскія матывы адчуваюцца ў многіх яго паэтычных творах. Яго шматлікія вершы прасякнуты шчырым, сакавітым, блізкім да народных песень лірызмам: Ой, пайду ў далячынь за сяло. Там, дзе жыта шуміць на паўзмежку. Там, дзе ў вішнях сяло расцвіло, Завіваюцца кветкамі сцежкі. Істотнае месца ў творчасці П. Труса займаюць інтымна-лірычныя вершы (“Я спаткаўся з табой”, “Пажлўклы клен”, “Навошта сэрца я параніў” і іншыя). Любоўная лірыка П. Труса – усхваляваная аповесць пра каханне, якое запаўняе ўсю істоту героя, пераўтварае яго, узвялічвае. Як пажоўкнуць лісты, Адцвітуць за акном, Як пагаснуць халодныя зоры, - Тады прыйдзе Яна, Што пакляўся даўно, І са мной ад душы пагавроыць. Паўлюк Трус разумеў сілу і папулярнасць рыфмаванага слова ў народзе, і жывучы тымі вялікімі зменамі, што ішлі ў паслякастрычніцкую вёску, будучы іх шчырым і натхнёным прапагандыстам, на пачатку свае творчасці нямала напісаў на патрэбу дня вершаваных прапагандысцкіх матэрыялаў, карэспандэнцый. Сёння даволі толькі прагледзець назвы (асобныя з іх, дарэчы, узняты на вышыню афарыстычнага выслоўя, крылатага лозунга), каб адчуць, чым жыла беларуская вёска, чым жыў паэт: “За каго мы ў Саветы галасуем”, “Камітэты дапамогі ставяць беднага на ногі”, “Ты спявай, іграй, музыка, пра сялянскую пазыку”, “Каб знаць навіны ўсяго свету – чытай газету” і іншыя. Тут і высокая палітыка, і антырэлігійная прапаганда. І такі, здавалася б, звычайны, але патрэбны клопат пра газету ў сялянскай хаце… Паэта не стала 30 жніўня 1929 года. Ён паехаў у вандроўку па Магілёўшчыне, дзе захварэў на брушны тыф. Выратаваць юнака ўрачам не ўдалося. Паўлюку Трусу было наканавана кароткае жыццё, на літаратурную дзейнасць адпушчана толькі сем гадоў. Аднак ён паспеў пакінуць адметны след у беларусай літаратуры. Дакументальная спадчына П.Труса захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Імем паэта названы бібліятэка на яго радзіме, вуліца ў Гомелі. Бібліяграфія: Трус Паўлюк // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2002. – Т. 15. – С. 538. Бельскі, А. І. Песня ў жыцці і творчасці Паўлюка Труса / Алесь Бельскі // Галасы і вобразы : літ.-крыт артыкулы / А. І. Бельскі. – Мінск, 2008. — С. 100—108. Клышка, А. “Золата дум падарыць на карысць Беларусі…” / А. Клышка // Вершы. Паэмы / П. Трус. – Мінск, 1977. – С. 3–11. Лойка, А. Пясняр вясковага рання / А. Лойка // Вершы. Паэмы / П. Трус. – Мінск, 1967. – С. 5–9. 6 мая - 110 гадоў з дня нараджэння П.Труса (1904-1929), паэта // Новыя кнiгi (дадатак). – 2014. – № 2. –C.8–9 Агейка, У. "З шыпшын аснежаных, калючых табе вянок звіла вясна" : Паўлюк Трус "Сірата Алеся" / Уладзімір Агейка // Роднае слова. – 2004. – №5. – С.3–5. Запартыка, Г. "На сцежках светлае вясны..." : Жыццё і творчасць Паўлюка Труса / Г. Запартыка // Роднае слова. – 2004. – № 5. – С.68–75. |
|
|
22.3.2019, 14:12
Сообщение
#53
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3873 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
Праца красіць і славіць 26 красавіка – 120 гадоў з дня нараджэння Ільі Данілавіча Гурскага (1899 -1972), пісьменніка, драматурга. Літаратурная і грамадская дзейнасць Ільі Данілавіча была вельмі плённай. Творы пісьменніка з’яўляюцца значным укладам у развіццё беларускай літаратуры. У час Вялікай Айчыннай вайны ён з’яўляўся адказным сакратаром франтавой газеты “За Савецкую Беларусь”, рэдактарам газеты “За свабодную Беларусь” і сатырычнага часопіса “Партызанская дубінка”. Пасля вайны доўгі час рэдагаваў часопіс “Беларусь”. У 1969 годзе атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры БССР. У пачатку творчай дзейнасці І.Гурскі пісаў у асноўным драматургічныя творы. Ён — аўтар п’ес “Дрыгва” (1928), “Качагары” (1930), “Сваты” (1935), “Маці” (1934), “Свае людзі” (1950) і іншых. Многія з п’ес аўтара былі пастаўлены як Беларускім дзяржаўным тэатрам, так і аматарскімі драматычнымі гурткамі. Апавяданні І. Гурскі пачаў пісаць з 1934 года. Для іх, як і для п’ес, характэрна актуальная для таго часу тэматыка: індустрыялізацыя, калектывізацыя, калгаснае жыццё. Аўтар нярэдка выкарыстоўваў фальклор: казкі, прыказкі, прымаўкі, што надавала тэкстам большую метафарычнасць. Ён часта падпісваў свае творы псеўданімамі Л.Бумша, Лявон Бумша, І. Даніловіч, а таксама крыптонімам, І. Г-кі. У 1951 годзе выйшлі “Выбраныя творы” І. Гурскага. Пісьменнік з’яўляецца аўтарам кніг апавяданняў “Над Нёманам”, “На родных гонях”, “Зары насустрач”; рамана “У агні”, рамана-хронікі “Вецер веку” і інш. Асноўная тэма пасляваеннай творчасці пісьменніка – барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ёй прысвечаны многія творы, у тым ліку аповесць “Лясныя салдаты” і раман “У агні”. Пра падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі расказваецца ў рамане-хроніцы “Вецер веку” (складаецца з чатырох кніг). У кнігах аўтара вельмі часта сюжэт пабудаваны на фактычным матэрыяле. Яго імем названы вуліца ў Мінску і Нёманская сярэдняя школа (в.Магільна, Уздзенскі р-н). На доме дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. Бібліяграфія Гурскі Ілья Данілавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1997. – Т. 5. – С. 537—538. Гурскі Ілья Данілавіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / пад агул. рэд. А.В. Сабалеўскага. – мінск, 2002. – Т. 1. – С. 324. Гурский Илья Данилович // Их именами названы… Улицы Минска : энцыкл. справ. / редкол. : В. В. Андриевич (гл.ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – С. 110. Успаміны пра Ілью Гурскага / [склад. М. Я. Гурская]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1985. – 189 с. Гурскі, Л. Успаміны пра бацьку : да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка І. Гурскага / Леанід Гурскі // Беларуская думка. – 1999. - № 4. – С. 158 – 163. Шырко, В. А. Праз агонь / Васіль Шырко // Дарагія мае землякі : кн. Для вучняў / Васіль Шырко. – Мінск, 1991. – С. 105 – 111. |
|
|
28.2.2019, 10:18
Сообщение
#54
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3873 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
Кастусь Цвірка і “Беларускі кнігазбор” 28 сакавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Кастуся Цвіркі (1934, в. Зялёная Дуброва, Старадарожскі раён), беларускага паэта, перакладчыка, фалькларыста, этнографа, выдаўца. Кастусь Цвірка – постаць неардынарная, шматгранная. У яго асобе сумяшчаюцца іпастасі паэта і кнігавыдаўца, перакладчыка і літаратуразнаўцы. І гэта невыпадкова, бо Кастусь Цвірка належыць да слаўнага пакалення шасцідзесятнікаў, ці, як яго яшчэ называюць, - філалагічнага пакалення. Выбар жыццёвай дарогі не быў для яго выпадковым. Літаратура, гісторыя і культура роднага краю захаплялі Кастуся Цвірку з дзяцінства. Яшчэ падчас вучобы школе ў рэспубліканскім друку з’явіліся яго артыкулы і вершы. Неўзабаве выйшаў першы зборнік “Такія сэрцы ў нас” (1959), які адразу заўважыла тагачасная крытыка. Прайшоў час і з’явіліся новыя вершаваныя зборнікі: “Бягуць раўчукі” (1962), “Чарназём” (1967), “Каласы” (1975), “Зялёная Дуброва” (1987) і іншыя. У паэтычных творах Кастусь Цвірка апісвае знаёмы і родны яму з дзяцінства свет. Гэта беларуская прырода, родная вёска і яе жыхары, у абліччы якіх за знешняй несамавітасцю хаваюцца і воля да жыцця, і чалавечая годнасць – усе найвышэйшыя і найлепшыя чалавечыя пачаткі. Адначасова з гэтым Кастусь Цвірка натхнёна працуе над перакладамі твораў, якія хоць і напісаны на польскай мове, але адлюстроўваюць тагачаснае беларускае жыццё, нацыянальную гісторыю, культуру, народныя тыпы. Ён перакладае на беларускую мову вершы і балады, публіцыстыку і лісты Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Уладзіслава Сыракомлі. Адна з апошніх яго грунтоўных прац – пераклад цудоўнай паэмы А. Міцкевіча “Дзяды”. Пачуццё адказнасці за лёс роднай зямлі стала перадумовай не толькі яго творчай захопленасці забытай нацыянальнай спадчыны, але і вялікага жадання сабраць і зберагчы духоўныя скарбы нацыі. Вынікам таго стаў унікальны выдавецкі праект “Беларускі кнігазбор”, заснаваны ў 1996 годзе. Дзякуючы арганізацыйным і творчым здольнасцям Кастуся Цвіркі праект паспяхова ажыццяўляецца ў трох серыях “Мастацкая літаратура”, “Гісторыка-літаратурныя помнікі” і “Замежная ліаратура”. У прадмове да праекта “Беларускі кнігазбор” справядліва гаворыцца, што “гэта залатая бібліятэка Беларусі, шматтомнае сістэматызаванае выданне ўсяго самага важнага з нашай вялікай, яшчэ вельмі мала вядомай чытачу літаратурнай спадчыны… Той, хто пачне збіраць серыі, стане з часам уладальнікам самага каштоўнага скарбу, які будзе невычэрпнай крыніцай ведаў і духоўнага ўзбагачэння для кожнай сям’і, для кожнага чалавека”. Звяратаючыся да ціснёных золатам тамоў серый “Беларускага кнігазбору”, заўсёды згадваецца Кастусь Аляксеевіч Цвірка, збіральнік гэтых неацэнных скарбаў, бо толькі дзякуючы яго нястомнай руплівасці яны сталі нашым агульнанацыянальным набыткам. Бібліяграфія 1. Цвірка Кастусь // Беларуская энцыклапедыя ў 18 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск : “Бел. энцыклапедыя”, 2003. — С. 94. 2. Песня ў сэрцы ляжала // Высокае неба ідэала / А. Вярцінскі. —Мінск : “Мастацкая літаратура”, 1980. — С. 135—141. 3. Тычка, Г. “Зямлі патрэбны паэты…”. І выдаўцы : Штрыхі да творчага партрэта Кастуся Цвіркі / Г. Тычка // Роднае слова. – 2004. - № 3. – С. 10—13. 4. Ліс, А. Кастусь Цвірка — этнограф, фалькларыст, даследчык.../ А. Ліс // Роднае слова. — 2004. — № 10. — C. 104—105. 5. Барадулін, Р. Каб араллёю пахлі аблокі… / Р. Барадулін // Маладосць. — 1994. — № 12. — С. 189—197. |
|
|
31.1.2019, 6:55
Сообщение
#55
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3873 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
Голас душы і сэрца 3 лютага - 75 гадоў з дня нараджэння Івана Капыловіча (1944, в. Забалацце, Мазырскі раён), беларускага пісьменніка. У 1967 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў літаратурным супрацоўнікам газеты “Чырвоная змена”. У час адной са службовых камандзіровак трапіў у аўтакатастрофу, стаў інвалідам. Літаратурную работу Іван Капыловіч пачаў у 1970 годзе. Ён аўтар некалькіх кніг аповесцей і апавяданняў, сярод якіх “Сонца садзіцца ў травы”, “Два дні ў лютым”, “Сны не вяртаюцца” і іншыя. Паспяхова выступае ў жанры рамана, пра што засведчылі такія яго творы, як “Пасынак”, “Крумкач”, “Калі трэба жыць”, “Правінцыялка”, “Ураган” і іншыя. Творы пабудаваны на сучасным матэрыяле, хоць у якасці рэтраспекцый у асобных з іх прысутнічаюць і падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Яны адгукаюцца ў лёсах як саміх персанажаў, так і блізкіх ім людзей. Адметна тое, что аўтар выпісвае цікавыя характэры вяскоўцаў. Гэта і не дзіўна, бо сам пісьменік родам з вёскі. Вёска і не адпускае яго ад сябе. Больш за тое, часам і падказвае, пра што пісаць і як пісаць. Асабліва, калі матэрыял унутрана вынашаны, шмат у чым перажыты. Творчасць Івана Капыловіча не пакіне чытача абыякавым. Яна выклікае на роздум. Роздум гэты часам няпросты, пакутлівы, але без яго нельга, бо тое, пра што расказвае пісьменнік, закранае чуллівыя струны чытацкай душы. Іван Капыловіч не згладжвае ў творах вострыя вуглы паўсядзённасці. Тым больш, часам заўважаеш, што ён сёе-тое бярэ і з уласнага жыцця. Гэта сведчыць на карысць таго, што яго проза – па-сапраўднаму жыццёвая. У ёй чуцен голас душы і сэрца нашага сучасніка. Бібліяграфія 1. Смыкоўская, В. І. Капыловіч Іван / В. І. Смыкоўская // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск, 1994. – Т. 3. - С. 146 – 147. 2. Капыловіч Іван Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя ў 18 т. / рэдкал. Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1999. – Т. 8. – С. 33-34. 3. Капыловіч Іван Іванавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, 1985. – Т. 2. – С. 677. 4. Вярсоцкі, Ю. Голас душы і сэрца / Юрась Вярсоцкі // Полымя. – 2016. - № 2. – С. 181 – 182. |
|
|
2.1.2019, 8:41
Сообщение
#56
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3873 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
Летуценнік з Карпілаўкі Ядвігін Ш. – адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы. Пісьменнік-рэаліст, ён у сваіх творах праўдзіва адлюстраваў пэўны перыяд гістарычнага жыцця беларускага народа, узбагаціў беларускую прозу новымі жанрамі. Нарадзіўся Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі) у маёнтку Добасня Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні ў сям’і ўпраўляючага маёнткам. Жыў і вучыўся ў Люцынцы ў прыватнай школе В. Дуніна-Марцінкевіча, асоба і творчасць якога зрабіла ўплыў на фарміраванне светапогляду, схільнасцей і літаратурнага густу будучага пісьменніка. Ён закончыў Мінскую гімназію і вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага універсітэта. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у 1890 годзе Ядвігін Ш. быў выключаны, арыштаваны і некалькі месяцаў правёў у турме. Пасля вяртання на Беларусь працаваў памочнікам правізара ў мястэчку Радашковічы. Асноўную частку свайго жыцця ён правёў у фальварку Карпілаўка (каля Радашковіч) – займаўся гаспадаркай, тут ён напісаў свае асноўныя творы. З першым уласным апавяданнем “Суд”, напісаным на беларускай мове, Ядвігін Ш. выступіў у 1906 годзе у газеце “Наша доля”. Гэтым творам пісьменнік сцвердзіў сябе як адзін з пачынальнікаў новай беларускай прозы. Як толькі з’явіліся апавяданні Ядвігіна Ш. (“Пазыка”, “Вучоны бык”, “Мілка” і інш.), аб ім загаварылі як аб арыгінальным пісьменніку, таленавітым сатырыку і гумарысту. У 1910 годзе Ядвігін Ш. здзейсніў сваю даўнюю мару – зрабіў вандроўку пяшком па Беларусі. Прайшоў больш за паўтысячы кіламетраў, наведаў шмат вёсак, мястэчак, хутароў. Ён цікавіўся побытам сялян, іх мовай, культурай, вывучаў эканамічнае становішча сялян, сістэму адукацыі. Уражаннямі ад вандроўкі пісьменнік падзяліўся з чытачамі “Нашай нівы” ў сваіх “Лістах з дарогі”. “Лісты з дарогі” – асваенне Ядвігіным Ш. новага для беларускай літаратуры жанру – падарожнай белетрыстыкі. Плённым у яго творчай біяграфіі стаў перыяд з 1910 па 1914 гады. Зборнік “Васількі” (1914 г.) прынёс аўтару прызнанне сталага майстра мастацкага беларускага слова. На працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці Ядвігін Ш. знаходзіўся пад уплывам народнай творчасці. Алегарычныя апавяданні складаюць лепшую частку мастацкай спадчыны Ядвігіна Ш. Для яго баек “Сакатушка”, “Павук”, “Падласенькі” і іншых характэрны то лёгкі гумар, то з’едлівая сатыра, то пранікнёны лірызм. У 1915 годзе пісьменнік выдаў зборнік “Беларускія жарты”. Ядвігіну Ш. належыць першы беларускі раман “Золата” (1920), які вылучаецца напруджаным драматычным сюжэтам, спробай стварыць цікавыя характары. Раман застаўся незакончаным. Празмерная праца, дрэнныя матэрыяльныя і кватэрныя ўмовы выклікалі ў пісьменніка цяжкую хваробу, і ў 1920 годзе зусім хворы Ядвігін Ш. выехаў у Вільню. Тут ён выдаў у 1921 годзе свае “Успаміны”, якія таксама засталіся незакончанымі. Памёр Ядвігін Ш. у Вільні ад сухотаў у 1922 годзе. Бібліяграфія Голубева, Л. С. Ядвігін Ш., 1868-1922 / Л. С. Голубева // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. / НАН Беларусі, Аддз-не гуманіт. навук і мастацтваў, Ін-т літ. імя Я. Купалы ; [рэдкал.: У. В. Гніламёдаў і інш.; навук. рэд. : І. Я. Навуменка, В. А. Каваленка]. – Мінск, 2001. – Т. 1. – . 86 – 102. Чыгрын, І. Ядвігін Ш. (1868 – 1922) / Іван Чыгрын // Слова пра літаратуру і літаратараў : літ.-крыт. арт. па беларус. літ. : у 2 кн. / уклад. В. В. Ашмян. – Мінск, 2001. – Кн. 1. – С. 374 – 380. Содаль, У. Вугельчыкі з попелу / Уладзімір Содаль // Роднае слова. –2000. - № 2. – С. 94 – 97. Ткачова, П. Байка ці апавяданне? : творчасць Ядвігіна Ш. 1911 – 1913 гг. / Паўліна Ткачова // Роднае слова. – 2006. - № 9. – С. 98 – 99. Дасаева, Т. Лірызм Ядвігіна Ш. / Таццяна Дасаева // Полымя. – 2003. - № 10. – С. 209 – 215 Содаль, У. І. Карпілаўка : краязн. нарыс. – Мінск : Пейто, 2001. – 80 с. : іл. – (Ведаць свой край Беларусь). |
|
|
5.1.2015, 9:47
Сообщение
#1
|
|
Активный участник Группа: Главные администраторы Сообщений: 3873 Регистрация: 15.7.2010 Из: славный горо Лида Пользователь №: 3 |
Беларусь! Твая дачка я 1 студзеня – 70 гадоў з дня нараджэння Вольгі Іпатавай (1945), беларускай пісьменніцы Ці не сама Еўфрасіння кіравала яе дарогу ў тую букіністычную кнігарню, куды выпадкова (?) зайшла маладзенькая супрацоўніца Гродзенскага тэлебачання, якая прыехала ў Каўнас па новы прыстойны абутак, а замест яго павезла дадому тоўстую кнігу Вацлава Ластоўскага “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, што разгарнулася якраз на выяве Еўфрасінні Полацкай? А наперадзе яшчэ чакалі архівы, старыя фаліянты, пакутлівы творчы пошук – і кнігі, са старонак якіх самыя лепшыя людзі, народжаныя на беларускай зямлі, колішнія героі, узіраюцца ў нашы твары, пазнаючы ў нас свае рысы, з пачуццём роспачы, часам нават расчаравання, але заўсёды з надзеяй... Вольга Міхайлаўна Іпатава – аўтарка выбітнай прозы пра беларускую мінуўшчыну: цыкла апавяданняў “Гул далёкіх стагоддзяў” (змешчаны у кнізе “Перакат”), аповесцяў “Прадыслава”(1971), “За морам Хвалынскім”, “Чорная княгіня”,”Агонь у жылах крэменю” (усе 1969), “Ліпенскія навальніцы”(1973) і “Парасткі” (1976). Проза, насычаная яркімі вобразамі, кожны з якіх застаецца ў памяці, склала зборнікі “Вецер над стромай”(1977), “Дваццаць хвілін з Немезідай” (1981), “Перакат” (1984). У 1996 годзе выдадзена кніга «Паміж Масквой і Варшавай», у 2002 годзе выйшла трылогія «Альгердава дзіда» («Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедыміна», «Альгердава дзіда») і інш. Імкненне зрабіць веды пра беларускую гісторыю максімальна пашыранымі сярод самых розных чытацкіх катэгорый уплывае на сюжэты раманаў Вольгі Іпатавай. Інтрыга, неверагодныя прыгоды, яркія характары, моцныя пачуцці, экзатычнасць язычніцкай веры нашых продкаў, нечаканыя сюжэтныя хады – усё гэта пашырае кола чытачоў. Мова Іпатаўскіх раманаў настолькі дасканалая, што стварае падманнае адчуванне лёгкасці, уласцівае толькі сапраўднай прозе. Бібліяграфія: 1. Ипатова Ольга Михайловна // Республика Беларусь: энцикл. в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. - Минск, 2006. – Т. 3. - С. 796 2. Іпатава Вольга Іпатава // Беларуская энцыклапедыя у 18 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1998. – Т. 7. – С. 300 3. Іпатава Вольга Іпатава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацства Беларусі у 5 т. / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, 1985. – Т. 2. – С. 593 4. Знакамітыя людзі Карэліччыны : [камплект з 4 паштовак] / Карэліцкая цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел бібліятэчнага маркетынгу. - Карэлічы, 2012. - 1 вокладка (4 асобных ліста) 5. Макмілін, А. Пісьменства ў халодным клімаце : беларуская літаратура ад 70-х гг. XX ст. да нашых дзён / Арнольд Макмілін. - Беласток : Orthdruk, 2011. - 910 с. 6. Савік, Лідзія Сымонаўна. Адна між замкаў : лiтаратурны партрэт Вольгi Iпатавай / Л. С. Савiк. – Мінск, 2003. – 165 с. 7. Шынкарэнка, Вольга Карпаўна. Нястомных пошукаў дарога : праблемы паэтыкi сучаснай беларускай гiстарычнай прозы / В. К. Шынкарэнка. - Мінск, 2002. – 207 c. 8. Якавенка, Н. В. Аўтарскі пераклад беларускай мастацкай прозы XX - пачатку XXI стагоддзя / Н. В. Якавенка // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук = Известия Национальной академии наук Беларуси. Серия гуманитарных наук = Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus. Humanitarian Series. - 2013.- № 2. - С. 99 - 103. 9. Кірушкіна, М. Мастацкія адметнасці гістарычнай прозы Вольгі Іпатавай / Марыя Кірушкіна // Роднае слова. - 2013.- № 7. - С. 26 - 28. 10. Лясун, Л. Мастацкая літаратура і гісторыя / Л. Лясун // Роднае слова. - 2007. - № 8. - C. 46 - 48 11. Дамарад, I. У пошуках нацыянальнага героя / І. Дамарад // Роднае слова. - 2005. - № 3. - C. 12 - 16 12. Лаўрык, Т. Апошняя з роду крывічоў / Т. Лаўрык // Роднае слова. - 2004. - № 12. – С. 72 - 79 13. Дамарад, I. "Князёўнаю полацкую пачаты..." / І. Дамарад // Роднае слова. - 2004. - № 8. - C. 8 - 11 14. Несцяровіч, Л. Жыць паводле свайго прызначэння / Л. Несцяровіч // Бібліятэка прапануе. - 2004. - № 6. - С. 18 - 21 15. Шынкарэнка, В. Прасцяг бясконцы ў дзіды часу / В. Шынкарэнка // ЛіМ. - 2002. - 12 крас.(№ 15 - 16). - C. 6 - 7 16. Шынкарэнка, В. У кожнага свой шлях / В. Шынкарэнка // Маладосць. - 2001. - № 11. - С. 230 - 236 17. Якімец, I. I. Паэтыка экзотыкi / І. Якімец // Весн. БДУ. Сер. 4. - 2001. - № 1. - C. 41 - 44 18. Шынкарэнка, В. Нам адраджацца - праз вяртанне / В. Шынкарэнка // Беларусь. - 2000. - № 9. - C. 40 - 42 19. Савік, Л. Дрэва надзеi / Л. Савік // Полымя. - 1999. - № 12. - С. 204 - 212 |
|
|
Текстовая версия | Сейчас: 5.11.2024, 4:53 |