19-я агульнанацыянальная дыктоўка
Міжнародны дзень роднай мовы штогод выступае нагодай для таго, каб пазнаць нешта новае пра беларускую культуру і мову, паглядзець на сябе збоку, адкрыць сваю краіну іншай і ўбачыць у сваёй культуры сапраўдныя каштоўнасці. Мова – гэта душа народа. І пакуль жыве беларускае слова, існуем і мы, беларусы. Сёння, 20 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла 19-я агульнанацыянальная дыктоўка. Удзел у ёй прынялі першы сакратар Лідскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Міхаловіч Вольга Уладзіміраўна, члены БРСМ, бібліятэкары, краязнаўцы, а таксама чытачы. У Год беларускай жанчыны невыпадкова тэкстам для напісання быў адраны “Вяртанне на Радзіму”, прысвечаны Рагнедзе – адной з найбольш значных жанчын у гісторыі Беларусі, князёўне Полацка, дачцэ князя Рагвалода, і жонцы Уладзіміра Вялікага, князя кіеўскага. Па выніках дыктоўкі ўсе справіліся выдатна і добра, як прысутныя госці, так і супрацоўнікі бібліятэкі. Сёння яшчэ раз атрымалася пераканацца, што родная мова – бясцэнны скарб, якім усе павінны ганарыцца і які павінны шанаваць. Нам у спадчыну засталася мова продкаў-беларусаў, жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Выкарыстоўвайце яе, вывучайце яе і няхай на беларускай зямлі гучыць заўсёды родная мова.