Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы рэалізуе выставачны праект “Жыццё ў стылі “ЭКА””, дзе дэманструюцца выданні на экалагічную тэматыку з фондаў галоўнай бібліятэкі горада.
Экалогія непарыўна звязана з чалавекам на працягу ўсёй гісторыі яго існавання. Але ў апошнія дзесяцігоддзі гэта тэма стала найбольш актуальная. Калі пры зараджэнні экалагічнага руху адказнасць за будучыню планеты ўскладалася ў асноўным на дзяржаву, то ў апошні час усё гучней гучыць упэўненасць у тым, што захаваць Зямлю магчыма толькі пры ўдзеле кожнага чалавека.
Экспазіцыю складаюць навуковыя працы і артыкулы, навучальныя выданні, артыкулы з перыядычных выданняў, матэрыялы навукова-практычных канферэнцый розных гадоў, а таксама практычныя дапаможнікі.
Выстава падзяляецца на некалькі блокаў. Так, раздзел “Экапланета” прысвечаны свету жывой прыроды планеты Зямля, ахове навакольнага асяроддзя, экалагічным праблемам, якія ўзнікаюць у выніку імклівай індустрыялізацыі: забруджванне вадаёмаў, высечка лясоў, бурнае развіццё прамысловасці.
“Экагорад” – гэты раздзел выставы раскажа, што такое “зялёныя гарады” і экадружалюбнасць.
У раздзеле “Экаасвета” прадстаўлены кнігі, якія дапамогуць новаму пакаленню сфармаваць больш адказнае стаўленне да навакольнага асяроддзя, а таксама раскажуць аб заканадаўстве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.
Вельмі цікавым з’яўляецца раздзел “Экажыццё”, дзе прадстаўлены кнігі і артыкулы, якія ўтрымліваюць карысныя парады для паўсядзённага жыцця – як правільна выбраць электрычную лямпачку, што рабіць, калі вы ўбачылі бяздомных жывёл, якія расліны забаронена вырошчваць у Беларусі, як экалагічна правільна прыбраць дома і многае іншае.
“Экатворчасць” – у гэтым раздзеле прадстаўлены прыгожыя і незвычайныя вырабы з прыроднага матэрыялу, якія даказваюць, што смецце можна ператварыць у сапраўдны твор мастацтва або карысную рэч.
Выставачны праект накіраваны на радавых наведвальнікаў бібліятэкі, школьнікаў, студэнтаў, але ён будзе цікавы таксама экалагічным актывістам і спецыялістам.
Выстава будзе працаваць у чытальнай зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы па 11 лістапада 2022 года.