“Х ЛІДСКІЯ ЧЫТАННІ”
19 красавіка 2023 года Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы ў дзясяты раз запрасіла да сябе навукоўцаў, краязнаўцаў і ўсіх зацікаўленых гісторыяй людзей на навукова-практычную канферэнцыю “Лідчына праз сем стагоддзяў” у рамках “Х Лідскіх чытанняў”.
Распачатыя яшчэ ў 2013 годзе “Лідскія чытанні” сталі штуршком ва ўдасканаленні ведаў пра свой родны край, у назапашванні краязнаўчай інфармацыі і фарміраванні краязнаўчых рэсурсаў, ушанаванні імёнаў вядомых землякоў; вывучэнні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Лідскага края.
Шырокі спектр тэм – “Ліда ў гады Першай Сусветнай вайны”, “Папулярнасць творчасці Францішка Багушэвіча ў Лідзе”, “100 год афіцыйнай беларускай школе на Лідчыне”, “500-годдзе беларускага кнігадрукавання”, “Лідчына: учора, сёння і заўтра”, “Гродзеншчына: летапіс працягваецца”, “Вайна і памяць старонкі гісторыі Лідскага краю”, “Лідчына ў мастацкай літаратуры” – падымаўся падчас штогадовых канферэнцый.
У 2023 годзе навукова-практычная канферэнцыя “Лідчына праз сем стагоддзяў” з’яўляецца адной з важнейшых падзей сярод бібліятэчных мерапрыемстваў года, прымеркаваных да 700-годдзя з часу заснавання г. Ліды.
У канферэнц-зале разганулася кніжная выстава “Горад мой, ты песня і легенда”, якая прадставіла гістарычныя матэрыялы аб г. Лідзе, знаёміла з яго сучасным станам, дасягненнямі і перспектывамі развіцця. На выставе былі прадстаўлены кнігі пра знакамітых людзей Лідчыны, якія ўнеслі пэўны ўклад у развіццё роднага краю. Тут жа можна было пазнаёміцца з гісторыяй правядзення “Лідскіх чытанняў”.
Пачаліся чытанні тэатралізаваным пралогам, які падрыхтавала Ангеліна Іванаўна Тучкоўская, студэнтка 3 курса гуманітарнага аддзялення Лідскага каледжа УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. У вобразе прыгожай князёўны яна распавяла легенду аб паходжанні назвы горада.
Першы даклад “Старажытная Ліда на Каменцы” падрыхтаваў Леанід Лявонцьевіч Лаўрэш, які сваімі краязнаўчымі даследаваннямі робіць значны ўклад у пашырэнні ведаў пра гісторыю Лідчыны. Прадставіў дадзены даклад лідскі краязнаўца Станіслаў Вацлававіч Суднік, па ініцыятыве якога некалі і сталі праводзіцца “Лідскія чытанні”.
Літаральна нядаўна, з’явілася цікавае даследаванне на тэму “Герб горада Ліды, як гісторыка-геральдычны помнік Беларусі”, якое здзейсніла Анашкевіч Наталля Мікалаеўна, выкладчык рускай мовы і літаратуры ДУА “СШ № 11 г. Ліды”, кіраўнік метадычнага аб’яднання па духоўна-маральнаму выхаванню. Прысутным вельмі цікава распавялі пра гісторыю і значэнне сімвалаў герба Ліды.
Краязнаўца Суднік Станіслаў Вацлававіч у сваім дакладзе звярнуў увагу прысутных да “Пытання існавання і месца знаходжання Дайнаўскага княства”.
Вельмі змястоўнымі атрымаліся выступленні студэнтаў Лідскага каледжа УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. Адметна тое, што іх работы другі год займаюць дастойнае месца сярод прац сталых навукоўцаў у зборніках матэрыялаў, што рыхтуюцца раённай бібліятэкай.
Ус Анастасія Аляксандраўна, студэнтка 2 курса гуманітарнага аддзялення, пазнаёміла з адной са старэйшых вуліц нашага горада падчас даклада “Ад Віленскай да Савецкай: гісторыя вуліцы Савецкай”.
Жэбянёва Паліна Іванаўна, студэнтка 1 курса будаўнічага аддзялення, узгадала гісторыю выдатнага помніка абарончага мастацтва ХІV стагоддзя – Лідскага замка.
Пра “Гісторыю завода “Лідскае піва””, які з’яўляецца найстарэйшай з дзеючых піваварных вытворчасцей Беларусі, паведаміла Ярэц Анастасія Сяргееўна, студэнтка 1 курса будаўнічага аддзялення. Удзельнікі чытанняў з захапленнем слухалі гісторыю лідскага бровара, які зрабіў горад піўной сталіцай Беларусі.
Выступленне Дудзевіч Валерыі Станіславаўны, студэнткі 2 курса гуманітарнага аддзялення, дапамогло здзейсніць віртуальнае падарожжа па галоўных святынях горада Ліды.
Смаляк Іван Аляксандравіч, вучань 11 класа ДУА “Ліцэй № 1 г. Ліды”, прадставіў даклад “Цяпло школьных сцен: побыт выхаванцаў і настаўнікаў ліцэя ўчора і сёння”.
Галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Курбыка Галіна Раманаўна пазнаёміла прысутных з гістарычнымі творамі, якія паказваюць шырокую панараму жыцця лідчан з традыцыямі, укладам жыцця, гістарычнымі падзеямі.
Жыццё звязала з Лідскім краем імёны многіх вядомых у Беларусі майстроў слова, мастакоў, музыкантаў, артыстаў, спартсменаў, навукоўцаў з розных сфер. Даклад Хітруна Аляксандра Часлававіча, навуковага супрацоўніка ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”, дазволіў пазнаёміцца са знакамітай ураджэнкай Лідчыны, заслужанай артысткай Беларусі – Ганнай Радзько.
Да месца было і пранікнёнае выступленне Кір’янавай Алесі Сяргееўны, афіцэра па арганізацыі вольнага часу і тэхнічных сродках выхавання, начальніка клуба 116-й Лідскай гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы. Удзельнікі чытанняў з вялікай увагай слухалі пра мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку лётчыкамі Андрэем Нічыпорчыкам і Мікітай Куканенка, героямі нашага часу...
Важна адзначыць, што па выніках канферэнцыі супрацоўнікамі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы будзе выдадзены друкаваны зборнік дакладаў “Х Лідскія чытанні”, а потым прапанаваны карыстальнікам і ў электронным варыянце на сайце галоўнага кнігасховішча Лідчыны. Папаўненне краязнаўчай скарбонкі стане здабыткам шырокай аўдыторыі аматараў мясцовай даўніны. Публікацыя матэрыялаў папярэдніх канферэнцый “Лідскія чытанні” выклікае цікавасць з боку спецыялістаў-гісторыкаў і шматлікіх чытачоў розных пакаленняў.