“ІХ ЛІДСКІЯ ЧЫТАННІ”
Cвоеасаблівым брэндам Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы стала правядзенне штогадовых Лідскіх чытанняў. Выступленні ўдзельнікаў канферэнцый заўсёды адзначаюцца навізной узнятых тэм, глыбінёй і шырынёй аўтарскага светапогляду. Прыемна, што сярод дакладчыкаў прысутнічаюць не толькі краязнаўцы, пісьменнікі, журналісты Лідчыны, супрацоўнікі гісторыка-мастацкага музея, выкладчыкі і бібліятэкары, але і навучэнцы школ, ліцэяў, гімназій і каледжаў Лідскага раёна. Лідскія чытанні даюць ім магчымасць прадставіць уласныя даследчыя працы.
22 красавіка 2022 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыліся “ІХ Лідскія чытанні”, у рамках якіх прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Лідчына ў мастацкай літаратуры”.
З прывітальным словам звярнуўся намеснік дырэктара дзяржаўнай установы культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” Алена Адамаўна Быстрыцкая, каб пажадаць удзельнікам канферэнцыі плённай і творчай працы.
У рамках мерапрыемства прагучала 11 дакладаў. Перш за ўсё прысутныя пазнаёміліся з дакладам “Лідскія пісьменніцы XVIIІ – XIX стагоддзяў”, які прадставіў краязнаўца, гісторык Леанід Лявонцьевіч Лаўрэш.
Пра вобраз Лідчыны ў зборніках лідскіх паэтаў распавяла настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА “СШ № 11 г. Ліды” Наталля Мікалаеўна Анашкевіч. У якасці падарунка раённая бібліятэка атрымала ад Наталлі Мікалаеўны кнігу “Праваслаўныя храмы Лідчыны: гісторыя і сучаснасць”.
Галоўны бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Галіна Раманаўна Курбыка правяла агляд кніг пра Лідчыну ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Адметнай асаблівасцю гэтай канферэнцыі стала вялікая колькасць дакладаў, якія прадставілі студэнты 1 курса (спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”) гуманітарнага аддзялення Лідскага каледжа УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. Так, Ус Анастасія распавяла аб сапраўдным майстры мастацкага слова – Дануце Бічэль. Асаблівую цікавасць у прысутных выклікала знаёмства з творчым і жыццёвым шляхам беларускіх пісьменніц Ірыны Багдановіч, Хрысціны Лялько і Ганны Серахан, пра якіх паведалі Дудзевіч Валерыя, Сафрановіч Анжаліка і Яневіч Анастасія. Для некаторых навучэнцаў гэта быў першы вопыт выступлення на канферэнцыі, але яны не згубіліся і вельмі годна данеслі аўдыторыі свой матэрыял.
У час канферэнцыі былі агучаны такія тэмы як: “Чарговая разгадка загадкавай асобы Валянціна Таўлая ў творах мастацкай літаратуры” навуковым супрацоўнікам ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей” Алесем Хітруном; “Віктар Гамуліцкі і яго кніга “Сёмы аман егамосці пана Макрэцкага”. Аповесць з часоў Сасаў” пісьменнікам і краязнаўцам Станіславам Вацлававічам Суднікам; “Шляхамі творчасці Смарагда Сліўко” паэтэсай Ірэнай Нікадзімаўнай Сліўко; “Паяднаныя словам: літаратурнае аб’яднанне “Суквецце”” паэтам і журналістам Алесем Мацулевічам.
Канферэнцыя атрымалася насычанай і цікавай. Важна адзначыць, што па выніках канферэнцыі супрацоўнікамі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы будзе выдадзены зборнік дакладаў “IХ Лідскія чытанні”.