15 снежня 2022 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылося літаратурнае свята – урачыстае падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў юбілейнага V адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”.
Конкурс носіць імя найбуйнейшай лідскай дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай, якая ўзначальвала “Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф.Л. і В.С. Навіцкіх” напачатку ХХ-га стагоддзя і напісала шэраг кніг для дзяцей, у тым ліку тэтралогію пра Мусю Старабельскую.
Дадзены конкурс ладзіцца ў пяты раз, упершыню ён прайшоў у 2014 годзе і па-ранейшаму прыцягвае ўвагу аматараў літаратурнай творчасці, садзейнічае раскрыццю новых талентаў, падтрымлівае і заахвочвае паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей.
У гэтым годзе на конкурс, які складаўся з намінацый “Паэзія” і “Проза”, прынята на разгляд больш за 120 работ. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу ўлічваліся паўната раскрыцця тэмы, стыль выкладання, адлюстраванне асабістых адносін да тэмы і пісьменнасць.
Пераможцамі V адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям” сталі:
• I месца – Канстанцін Якубчык (намінацыя “Паэзія”);
• II месца – Тэрэза Смольская (намінацыя “Проза”);
• III месца – Сяргей Чыгрын (намінацыя “Паэзія”).
Падзячнымі лістамі ўзнагароджаны Ала Юшко, Валянціна Троцкая, Ларыса Лайкевіч, Станіслава Белагаловая, Людміла Шот, Таццяна Сямёнава, Людміла Грышко.
Падчас узнагароджвання сапраўдным падарункам для прысутных сталі музычныя выступленні навучэнцаў Лідскай дзіцячай школы мастацтваў.
Па добрай традыцыі пасля падвядзення вынікаў пісьменнік, журналіст, рэдактар часопіса “Лідскі летапісец” Станіслаў Вацлававіч Суднік прэзентаваў перад прысутнымі рэдкую кнігу. У 2016 годзе гэта была першая кніга тэтралогіі Веры Навіцкай на беларускай мове “Добра жыць на свеце”, у 2018 годзе – дзіцячая кніга Марыі Канапніцкай “Ад вясны да зімы”, у 2020 годзе – “Я сумавала па вучобе. Дзіцячыя і школьныя гады Альжбеты Табенскай з-пад Васілішак. Успаміны”. У гэтым годзе свет пабачыла кніга “Вясёлыя будні”.
Дасланыя на конкурс творы ўвайшлі ў выдадзены бібліятэкай зборнік “Дарослыя – дзецям”.
Дзяржаўная ўстанова культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” выказвае Станіславу Вацлававічу Судніку глыбокую падзяку за падтрымку ў арганізацыі і правядзенні адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”.