Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Васько «Неабдымнае»
Уладзімір Васько, які нарадзіўся ў 1937 годзе на Шчучыншчыне, у вёсцы Ліпічанка, многія гады жыве і працуе на Лідчыне. Амаль тры дзесяцігоддзі жыцця аддаў працы ў «Лідскай газеце». Быў у газеце і намеснікам галоўнага рэдактара. Аўтар паэтычных кніг «Прасветленасць» (1981), «На схілах берагоў» (1997), «Кругазварот жыцця» (2011)… Піша Уладзімір Гаўрылавіч і прозу.
21 чэрвеня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя зборніка вершаў, баек, апавяданняў Уладзіміра Васько «Неабдымнае».
У першым раздзеле кнігі «Вершы» пісьменнік шукае яднання роднага, блізкага, часам даволі прыземленага, з зорным небам, касмічнай прасторай, невядомымі даляглядамі, дадае ў трывалае, зразумелае жыццё фантазій і летуценняў. На старонках кнігі У. Васько шукае таямніцу ўласнага паэтычнага лёсавызначэння, што з’яўляецца выразнай адметнасцю кнігі «Неабдымнае».
На старонках прозы пісьменнік занатоўвае тое, што сёння перад яго вачыма, зазірае ў далёкую памяць, узнаўляе эпізоды з жыцця пакалення папярэднікаў. Аўтар спрабуе паказаць чалавека, «імкнецца адлюстраваць асобу з паводзінамі, характарам, вылучае ў дачыненні да сваіх персанажаў, герояў маральныя ацэнкі.
У раздзеле «Байкі» Уладзімір Васько выяўляе сябе вартым вучнем беларускіх байкапісцаў Кандрата Крапівы, Уладзіміра Корбана, Эдуарда Валасевіча.